Вы тут

Што захапляе дзяўчат у боксе


Кацярына Каранец вучыцца на ІV курсе БДУІР на спецыяльнасці «Штучны інтэлект», але сярод знаёмых больш вядомая як... дзяўчына-баксёр. Яна цалкам разбурае стэрэатып пра мужчынападобнасць прадстаўніц прыгожага полу, якія займаюцца гэтым відам спорту. Кацярына стала фіналісткай адкрытага Кубка Беларусі па боксе — 2015 і чэмпіянату Рэспублікі Беларусь — 2015. Аб тым, як у яе атрымліваецца заставацца дзяўчынай у «нежаночым» спорце, яна расказала нашаму карэспандэнту.


Бокс як ру­кой зды­мае ўвесь не­га­тыў.

— Палова людзей, калі даведваюцца, што я займаюся боксам, рэагуюць прыкладна так: «Навошта табе гэта?» і «Які жах!» А іншыя, наадварот, кажуць: «Ваў, дзяўчына-баксёр!» Некаторыя пачынаюць жартаваць, маўляў, я іх зараз паб'ю, — кажа Кацярына. — Насамрэч, калі пачынала займацца і яшчэ не было сапраўдных баёў, многія мяне падтрымлівалі. Але як толькі пачала прыходзіць дадому з раздзёртымі костачкамі ці злёгку пабітая, зразумела, сям'я выступіла супраць. Калі сказала, што паеду на свой першы чэмпіянат, усе захваляваліся. Самым цяжкім было ісці да ўрача на медагляд перад спаборніцтвам. Ён проста сказаў «не». У мене не было ніякіх супрацьпаказанняў, але ўрач быў упэўнены, што бой — гэта не для дзяўчат. Потым я ўсё роўна прайшла медкамісію і дамовілася, каб мне выдалі даведку.

У бокс Кацярына патрапіла выпадкова, а на сёння ў гэтым відзе спорту — ужо трэці год. Неяк аднагрупніца прапанавала пайсці ў трэнажорку, а ў суседняй зале вёў заняткі трэнер па боксе. І вось аднойчы ён кажа: «Не жадаеце паспрабаваць?» А яна заўсёды хацела. Раз ёсць шанц, натуральна, згадзілася. А далей пачаліся трэніроўкі. Кацярына расказвае, што першы час яны вельмі доўга вучыліся размінацца, бо ў боксе гэта ці не галоўнае. Потым адпрацоўвалі элементы перад люстэркам і ў выніку былі дапушчаны да сапраўдных баёў.

— Мы павінны быць падобныя на лягушку, якая скача. У нас кажуць: добрага баксёра ногі кормяць. Але, калі выконваем удары перад люстэркам, трэнер жартуе: што вы, як фотамадэлі, паварочваецеся?! Трэніруемся са снарадамі і адпрацоўваем навыкі ў парах, але адзін з адным б'ёмся няшмат. Трэнер, магчыма, шкадуе нас. Практыкуем вольны бой толькі ўжо бліжэй да спаборніцтваў, каб праверыць сябе на трываласць у рэальных умовах, — працягвае Кацярына.

Трэ­нер Рус­лан Ля­віц­кі і яго вы­ха­ван­кі.

У жаночым боксе бой праходзіць у чатыры раўнды па дзве хвіліны. У Беларусі няшмат прадстаўніц прыгожага полу займаюцца гэтым відам спорту. Таму на спаборніцтвах здараецца, што табе супрацьстаяць толькі дзве-тры саперніцы. Асабліва ў дзіцячых групах, дзе фарміраванне пар робіцца з улікам не толькі вагі, але і ўзросту. Бываюць нават сітуацыі, калі перамога прысуджаецца аўтаматычна, таму што няма канкурэнтаў. Як гаворыць Кацярына, «у бокс трэба толькі прыйсці — і ты ўжо пераможца».

— Некалькі разоў, каб не прапускаць трэніроўкі, я хадзіла ў групу для юнакоў. У боксе ўсе роўныя. І там ніхто цябе шкадаваць не будзе. У групе восем-дзевяць хлопцаў і з кожным па чарзе трэба адпрацаваць удары. І толькі адзін з іх падумае, што ты дзяўчына. І тое, калі ты яму скажаш: я забыла капу, не бі, калі ласка, па зубах. Але праз хвіліну і ён ужо можа не памятаць аб гэтым. І ты толькі молішся, каб у цябе зубы не выпалі. На адпрацоўках няма розніцы, якія ў цябе рост, вага ці пол. Аднойчы мы з хлопцам толькі сталі (я яшчэ не скончыла размінацца), а ён ужо «прапісвае» мне адзін удар. Я не паспяваю паставіць руку і атрымліваю проста ў нос. У мене галава так і адляцела назад. А ён і сам засмуціўся, што не ўтрымаў сябе пад кантролем. Але да такіх сітуацый у боксе трэба быць гатовым, — расказвае мая суразмоўца.

У жыцці Кацярыне, на шчасце, не даводзілася карыстацца сваімі байцоўскімі навыкамі. На рынгу яна «самы ветлівы баксёр». Нават можа папрасіць прабачэння ў сваёй саперніцы за моцныя ўдары.

— Ёсць стэрэатып, што жанчыны, якія займаюцца боксам, становяцца падобнымі да мужчын. Насамрэч, да нас прыходзяць вельмі розныя людзі. Часам нават здагадацца нельга, што вось гэтай дзяўчыне падабаецца баксіраваць. Але, з іншага боку, сапраўды, у боксе вельмі шмат спартсменак з кароткімі стрыжкамі і грубаватымі манерамі. Калі глядзіш на іх, згаджаешся, што стэрэатып узнік не на роўным месцы.

Некаторыя лічаць, што дзяўчаты ідуць у баявыя віды спорту, каб мець магчымасць за сябе заступіцца. Кацярына гаворыць, што бокс у канфліктнай сітуацыі не памочнік:

— Я сказала б, што ў такім выпадку ў дзяўчат больш шанцаў збегчы ад хулігана. Бокс вельмі добра трэніруе трываласць, нагрузка ідзе на ўсе цягліцы. Ёсць, напрыклад, аздараўленчы бокс, дзе працуюць толькі са снарадамі. І для дзяўчат, каб пахудзець і прывесці сябе ў форму, — гэта адзін з найлепшых спосабаў. Найвялікшая нагрузка ідзе на ногі. На іх мы ўхіляемся, моц удару таксама ідзе ад ніжняй часткі цела. Ногі лічацца важнейшымі за рукі спартсмена.

Для таго, каб мець перавагу перад чэмпіянатам Беларусі мінулай вясной, Кацярына скінула чатыры кілаграмы за два тыдні. Баксёру лепш важыць менш, таму перад спаборніцтвамі ўсе імкнуцца прывесці сябе ў патрэбную форму. Тады больш шанцаў, што сапернік будзе ніжэй за цябе. А ў боксе гэта азначае, што ў яго будуць больш кароткія рукі, і перавага будзе на тваім баку.

Гэ­ты від спор­ту раз­ві­вае ўсе гру­пы цяг­ліц. А вы так мо­жа­це?

— Гэты від спорту робіць мяне больш спакойнай. Ён здымае ўсю негатыўную энергію, сысці з трэніроўкі ў дрэнным настроі амаль што нерэальна. У якой бы дэпрэсіі я ні прыйшла, заўсёды сыходжу шчаслівая, — канстатуе Кацярына. — Па-першае, таму, што я нешта зрабіла для сябе. Адразу адчуваеш, што добра папрацавала. Па-другое, заўсёды шмат гумару: жартуем, смяёмся, кожны раз абавязкова хтосьці што-небудзь учыніць! Нягледзячы на тое, што мы б'ёмся, атмасфера заўсёды вельмі сяброўская. Па вялікім рахунку, гэта заслуга нашага трэнера Руслана Лявіцкага. Ён заўсёды нас падтрымлівае, шмат укладвае і ў нас, і ў спорт. А гэта для мяне вельмі важна.

Надзея Анісовіч, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Кацярыны Варвашэні

Загаловак у газеце: Самы ветлівы баксёр на рынгу, ці Што захапляе дзяўчат у гэтым відзе спорту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».