Вы тут

Мікола Маляўка. Павуцінкі сонечная ніць


Маляўка Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся 13 снежня 1941 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1965). Настаўнічаў у вясковых школах. Працаваў на рэспубліканскім радыё і тэлебачанні, у часопісе «Вясёлка».

Аўтар паэтычных зборнікаў «Едуць маразы» (1966), «Лотаць» (1973),  «Эстакада» (1982), «Аднавяскоўцы» (1988), «Зімні дождж» (1991), «Ручнічок на крыжы» (1995), «Покуць» (2001), «Сядзіба, або Хата з матчынай душой» (2002), «Старая зямля» (2005), «Ой, бярозы і сосны…» (2006), «Дзічка ў полі» (2007), «Крыштальная галінка снегападу» (2011), «Беражыце шыпшыну» (2013) і інш., кніг вершаў і казак для дзяцей «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987), «Дзе жывуць казкі» (1994), «Запрашаем на калядкі» (1998), «Папялушка» (2000), «Пачынайце дзень з усмешкі» (2013) і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1992), прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2002).


Заінелая галінка

Іскрыцца на галінцы іней —

Блакітна-белы дар нябёс,

Нібыта ў срэбра фарбы сіняй

Дабавіў крышачку мароз.

 

Ён на галінцы тонкай хутка,

Як нейкі казачны гравёр,

Стварыў з крышталікаў драбнюткіх

Адзіны, непаўторны ўзор.

 

На сонцы ўспыхнула барвяна

Галінка — незямной красы,

Хоць падары яе каханай,

Як дыядэму ў валасы.


Цвіце на падаконніку герань

Цвіце на падаконніку герань

У хаце той, дзе я бываю зрэдку.

Не перайшлі ў мінулым неўпрыкметку

Паміж сяброўствам і каханнем грань.

Прыгожая і стройная, як лань,

Казала ты, вясёлая суседка:

«Герань — мяшчан правінцыяльных кветка!

Ты мне адну, купальскую, дастань».

 

Я не дастаў… Прыносяць іншым госці

Вясёлкавыя кветкі маладосці.

Жыццёвы век заснежыла зіма,

Краса твая не слепіць, як маланка, —

І ты герані пестуеш сама,

Любоў мая — самотная мяшчанка.


* * *

Павуцінкі сонечная ніць

У паветры і ўваччу трымціць,

Заплывае мройна ў душу —

За туману і дажджоў мяжу.

І ніякай аблачынкай быт

Не зацьміць жыцця майго блакіт,

Покуль у душы яна трымціць

Павуцінкі сонечная ніць.


А можа, ты прыснілася ў жыцці

А можа, ты прыснілася ў жыцці,

Зямная, стала марай неадлётнай —

З прыгожым тварам і душой пяшчотнай.

У круг тваіх абдымкаў не зайсці,

І толькі так, у сне-паўзабыцці,

Прыходзіш на імгненне ты, употай,

Асвечаная ўсмешкі пазалотай,

Каб зноў назад, у свет чужы, сысці.

 

На лініі трывожнага маўчання,

Здаецца, чую я тваё дыханне.

Далёка ты, а ў памяці жывой

Збліжае душы і такая ўцеха:

Гучыць з другога веку голас твой,

Як дзён шчаслівых маладое рэха.


Затока, раскаю затканая

Затока, раскаю затканая,

Як вобраз твой, жыцця застой.

Трымцяць стракозкі закаханыя

Ці, можа, толькі сняцца ёй?

 

Даўно закінутая, ціхая,

Была ракою і яна:

Глыбока плынь жывая дыхала,

Віркі закручвала да дна.

 

Вось так, святла і руху казкаю,

Бадзёрыць, радуе спярша,

А потым заплывае раскаю

І чалавечая душа.

 

Застой істоту ўсю захліствае,

І толькі згадкі аж да слёз,

Нібы стракозкі серабрыстыя

Трымцяць, высвечваючы лёс.


Любоў

У жыцці любоў як скрыпка,

Струны мае і смычок.

То гучыць шчымліва, зыбка,

То ўздымае да аблок.

 

На зямлі натхняе неба,

Ды замова ёсць адна:

Так іграць умела трэба,

Каб не лопнула струна.


Трыялет

Шчаслівыя не думаюць пра смерць,

Глядзяць на свет вясёлымі вачыма.

Спрыяйце, людзі ім! Спрыяй, Радзіма!

Шчаслівыя не думаюць пра смерць.

Нядоўгай будзе радасць іх, магчыма,

І цешацца няхай, каб зразумець:

Шчаслівыя не думаюць пра смерць —

Глядзяць на свет вясёлымі вачыма.


Ёсць свет, схаваны ад чужых вачэй

Ёсць свет, схаваны ад чужых вачэй,

Ён у душы — куточак запаветны:

Там не сцюдзёна ад дажджу і ветру,

Там боль не джаліць, крыўда не пячэ,

Там не вянкі жалобныя яшчэ

Ляжаць на плітах, а жывыя кветкі

Цвітуць пад вокнамі, як шчасця сведкі, —

Пра будучае марыць там лягчэй.

 

Туды, у паралельны свет былога,

Я не ўцякаю ад жыцця зямнога.

Я кожным днём пражытым даражу —

І перад сном, за клопатаў парогам,

Малюся і заглядваю ў душу,

Каб свет рэальны ўранку не палохаў.


Я не ўяўляю свету без бяроз

Я не ўяўляю свету без бяроз.

Сярод ялін і хвой — святла палосы,

Яны не гаснуць і ўначы, бярозы.

Яны заўжды, у спёку і ў мароз,

Высвечваюць і наш жыццёвы лёс:

Расой змываюць з твару сум і слёзы,

Пяшчотным шумам будзяць мары-крозы, —

Нібыта на зямлю сышлі з нябёс.

 

І людзі ёсць у кожным пакаленні

Такія ж светлыя, без хмаркі ценю.

На плошчы шумнай і ў лясной глушы

Яны нясуць, не цьмеючы ў знямозе,

Святло ў вачах, святло ў сваёй душы,

Каб весялей сучаснікам жылося.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.