Вы тут

Ірына Шаўлякова-Барзенка. Паэзія рэча(ў)існасці


На фоне найбольш заўважных трэндаў (канцэптуальна-каштоўнасных) і брэндаў (жанрава-стылявых) сусветнай мастацкай славеснасці беларуская літаратура пачатку ХХІ стагоддзя бачыцца феноменам парадаксальным. У тым сэнсе, што вектары аксіялагічнага, эстэтычнага, уласна мастацкага руху аказваюцца скіраванымі як бы супраць агульнай плыні. Напрыклад, пошукі канстытутыўных асноў асобаснага быцця як неад’емнай часткі нацыянальнай анталогіі — насуперак агульнай тэндэнцыі да індывідуацыі (тут: як агрэсіі індывідуальнага, маніфестацыі яго каштоўнаснай і экзістэнцыйнай самадастатковасці). У якасці адной з адметных асаблівасцей беларускай літаратуры можна вылучыць увагу да «пазатрэндавых» жанраў: філасофска- і сацыяльна-псіхалагічнага рамана, гісторыяцэнтрычнага рамана як узору «вялікага эпасу», да лірычнай прозы, сацыяльнай сатыры, філасофска-медытатыўнага ліраэпасу і інш. І гэта пры абыякавасці да літаратурнага хорару, трылера (у тым ліку — мастацтвазнаўчага), фэнтэзі, кіберпанка і да т.п. У беларускім літаратурна-мастацкім дыскурсе апошніх двух дзесяцігоддзяў пачынае складвацца паэтыка сімфанічнага тыпу. Для беларускага прыгожага пісьменства, дзе дамінуе класічны тып творчасці [1], гэта азначае, што так званая ўнутраная форма словатворчасці задаецца рэалістычным спосабам мастацкага аднаўлення быцця. А вось мастацкі тэкст як плён вобразнага аднаўлення свету можа ўяўляць плён складанага (сімфанічнага) суладдзя розных мастацкіх сістэм, сярод якіх могуць быць (у розных варыяцыях) пострамантызм, постсентыменталізм, неасімвалізм, неабарока, поставангардызм.

Згаданы вышэй парадаксалізм характарызуе не толькі быццё беларускай літаратуры ў агульнасусветным літаратурным кантэксце, але і некаторыя з’явы ўнутрылітаратурнага развіцця. Напрыклад, так званае сярэдзіннае пакаленне беларускіх пісьменнікаў.

У першай палове 2000-х гадоў гэтак зручна было пазначаць тагачасных саракагадовых (плюс/мінус колькі год) літаратараў, якіх у полі прыцягнення адно аднаго трымала ўжо не маніфестацыя еднасці (канцэптуальнай ці эстэтычнай), а супольная гісторыя фарміравання творчых індывідуальнасцей, што прыпала на другую палову 1980-х — 1990-я гады. Парадокс у тым, што час ідзе, з’яўляюцца новыя аўтары (не без маніфестаў і праектаў), але літаратурнае пакаленне, якое (у алфавітна-бесстаронным парадку) персаніфікуецца ў творчых асобах Алеся Аркуша, Эдуарда Акуліна, Ігара Бабкова, Алены Брава, Алеся Бадака, Сяргея Верацілы, Адама Глобуса, Сяргея Дубаўца, Анатоля Казлова, Барыса Пятровіча, Сяргея Рублеўскага, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Сцяпана, Анатоля Сыса, Андрэя Федарэнкі, Віктара Шніпа і інш., застаецца сярэдзінным. Гэта значыць, што і ў другой палове 2010-х яно застаецца адным з канстытутыўных чыннікаў літаратурнага працэсу, як бы аргументуючы невыпадковасць з’яў і сюжэтаў бягучага літаратурнага жыцця.

Паводле логікі сучаснага культурнага маркетынгу ўплывовасць (= «інфармацыйная вага») літаратара наўпрост звязваецца са ступенню яго (сама)прамоўленасці. Маецца на ўвазе яго прысутнасць, сцверджанасць у інфармацыйнай прасторы, прычым  нават не столькі як аўтара тэкстаў, колькі як медыйнага персанажа — удзельніка інтэрв’ю, дыскусій, форумаў, акцый, імпрэз, іншых мерапрыемстваў, якія абавязкова гучна анансуюцца і шчодра асвятляюцца. У кантэксце разваг пра спецыфіку новай інфармацыйнай рэальнасці цікава звярнуць увагу на тое, што сярэдзіннае пакаленне беларускіх пісьменнікаў з аднолькавым поспехам практыкуе дзве рознаскіраваныя стратэгіі літаратурна-творчай самаактуалізацыі. Адны з іх (умоўныя «літ-экстраверты») упадабалі стратэгію рэгулярнага самапрамаўлення. Іншыя (умоўныя «літ-інтраверты») прытрымліваюцца традыцый мінімальнага публічнага маўлення (часам нават публічнага маўчання).

На гэтым парадоксы айчыннага літаратурнага быцця не заканчваюцца, бо пры ўсёй размаітасці згаданых стратэгічных суплётаў ёсць пісьменнікі, чыя літаратурная творчасць і жыццё ў літаратуры застаюцца па-за матрыцамі. Адметнай увагі ў кантэксце асэнсавання феномена сярэдзіннага пакалення вымагае асоба Алеся Бадака — з прычыны вынаходніцтва ім яшчэ адной жыццятворчай стратэгіі.

Алесь Бадак нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1983 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучоба перапынялася з-за службы ў арміі (1984—1986) і завяршылася ў 1990 годзе. Першыя вершы з’явіліся ў газеце «Піянер Беларусі» ў 1979 годзе. У мінулым стагоддзі першым у спісе набыткаў пісьменніка, занатаваных у шматлікіх біяграфічных звестках, было званне «паэт-песеннік». Між тым, ужо ў другой палове 1990-х яно перастала быць першачарговым. Да сярэдзіны 2010-х А. Бадак стаў аўтарам паўтара дзясятка кніг, з іх тры — паэтычныя зборнікі. Зборнік «дарослай» прозы, як абмовіўся ў адным з рэдкіх інтэрв’ю аўтар, на падыходзе. Пісьменнік апублікаваў шэраг кніг для дзяцей («Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995), «Верабей з рагаткай» (1999), «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (2001) і інш.) і аповесць для падлеткаў «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» (2007); аўтар кніг папулярнай серыі «Усім пра ўсё»: «Расліны» (2008), «Жывёлы» (2009), «Птушкі» (2010), «Насякомыя» (2011), «Водны свет» (2012). Выступаў у друку з артыкуламі, эсэ, рэцэнзіямі. Вершаваныя і празаічныя творы А. Бадака «змяшчаліся ў перыёдыцы і анталогіях у Сербіі, Чарнагорыі, Венгрыі, Расіі, Казахстане, Азербайджане» [2].

Першая кніга вершаў А. Бадака «Будзень» была выдадзена ў дэбютнай серыі «Мастацкай літаратуры» ў 1989 годзе; яе рэдактарам стаў вядомы пісьменнік, літаратуразнаўца, легендарны «дэкан-паэт» філалагічнага факультэта БДУ Алег Антонавіч Лойка.

Зборнік «Будзень» народжаны паэзіяй рэальнасці:  у будзённасці рэчаў і падзей утрымліваецца не толькі прадчуванне невытлумачальнай складанасці быцця, але і магчымасць яе вытлумачэння. Творы ўтрымліваюць падкрэслена пазнавальныя вобразы рэчаіснасці. Аўтар не ахвяраваў мастацкасцю вобразнага аднаўлення жыцця на карысць своеасаблівай фотадакументалістыкі, але імкнуўся па-свойму аднавіць тэмпарытм паўсядзённасці як звычайнага цуду:

 

Цэлы дзень кастрычнік сеяў

дождж,

і вось зараз,

пад вечар,

на голых галінах дрэў,

на апалым лісці,

на дахах дамоў

паволі

узыходзіць

смутак.

«***Цэлы дзень кастрычнік сеяў...»

 

У вершах А. Бадака не знойдзеш стылёвага арнаменталізму, гэткай вобразна-выяўленчай збыткоўнасці. Але іх нельга назваць і ўзорамі аўталагічнага стылю, мастацкай аскезы. У «Будні» запачаткоўваецца тая апісальнасць, своеасаблівая эпічнасць паэтычнага маўлення, якая бачыцца адной з ключавых адзнак пазнейшага вершавання творцы.

Стан лірычнага героя гэтага зборніка — натуральная жыццярадаснасць, яна пануе і ў свеце навакольным; яго паэт імкнецца аднавіць як штосьці рэчыўнае — і шматаблічна-рухомае:

 

Мулка на цені сваім пастушку.

Жмурыць блакітныя вочы і сумна

Ў неба глядзіць і чакае, пакуль

Воблака

Сонца ў кішэню засуне.

«На пашы»

 

Другі зборнік вершаў і песень — «За ценем самотнага сонца» — быў выдадзены «Мастацкай літаратурай» у 1995 годзе. Непадробная ўвага да рэчаіснага свету спрыяла «эпічнай дэталізацыі» жыццёвай панарамы ў творах гэтай кнігі А. Бадака. «Самотна-сонечныя» вершы набліжаюцца да ліра-эпасу; паэта па-ранейшаму вабіць не столькі метафізіка жарсці, колькі хроніка расстанняў. Такім чынам, і ў змястоўным плане другая кніга сталася лагічным працягам першай, з лагічным жа заглыбленнем паэта ў нетры самоты.

Самотны — стрыжнявы эпітэт другога зборніка (вершы «Казка без канца», «Сляпы», «Чорт» і інш.). Настрой, танальнасць яго можна вельмі прыблізна вызначыць як медытатыўна-элегічную, што ўбірае ўсю палітру самотнасці:

 

Сустракаемся рэдка зусім,

А ўсё больш расстаёмся з табою.

Наша шчасце — аранжавы дым,

Ціхі шлях ад самоты да болю.

«***Мы ніколі не станем радней...»

 

Я выпадковы і позні тут госць.

Я не прыеду сюды, мабыць, болей.

Не пасябруюць твая весялосць

З ціхай маёю журбою

«***Я выпадковы і позні тут госць...»

 

Дарэчы, варта заўважыць, што лірычны герой А. Бадака спакойна нясе вырак анталагічнай самотнасці, разлітай у самім рытме айчынных будняў.

Хаця ў сярэдзіне 1990-х паэт па-ранейшаму аддае перавагу вершу і песні, у другой кнізе можна ўжо адшукаць парасткі будучых паэм («Чарга», «Праклён»). Насенне было кінутае яшчэ ў «Будні» (верш «Цень»), але спатрэбіліся паўтара дзесяцігоддзя, каб жыццё і быццё (фізіка і метафізіка) сустрэліся ў паэмах «Маланкавага посаху».

Кніга лірыкі «Маланкавы посах» выйшла ў 2004 годзе, таксама ў «Мастацкай літаратуры». Яе склалі раздзелы «Таемны сад», «Смутак апалага лісця», «Цень», «Пурпуровае сонца», «Вяртанне на Млечны шлях».

Эпіграфам да першага зборніка А. Бадак абраў уласнае  чатырохрадкоўе з верша «Госць» (раздзел «Сястра мая маланка»), тым самым пацвердзіўшы топавыя матывы ды вобразы сваёй паэтычнай творчасці:

 

Жывуць у небе змалку

На лецішчы вятроў —

Сястра мая маланка

І сумны брат мой гром.

 

Верш, аднайменны назве зборніка, адкрывае кнігу — і становіцца своеасаблівай брамай у двухсусветнасць мастакоўскай анталогіі, дзе вонкавая рэчаіснасць ёсць іншаўказаннем на свет сутнасцей.

Менавіта паэмы вызначаюць канцэптавую «тапаграфію» гэтай кнігі. Першы раздзел «Таемны сад», настраёвасць якога мусіць задавацца вершам «Сумую» і ўзмацняцца «Самотай», падсумоўваецца паэмай «Эміграцыя». Лірычны герой асуджаецца на дваістасць існавання і ўнутраную няпэўнасць як бы самой логікай быцця. «Эмігрант» тут — не ахвяра абставін альбо чужой волі; «душой у эміграцыі» — гэта волевыяўленне:

 

Я не хацеў вяртацца больш назад,

Да лёсам неацэненае працы,

Да векам напрыдуманых пасад.

Хто я цяпер? Звычайны эмігрант —

Не плоццю, а душой у эміграцыі.

«Эміграцыя»

 

У другім раздзеле — «Смутак апалага лісця» — лірычны герой ахвяруе заўсёднаю сваёю самотнасцю на карысць… смутку («...незнаёмы, бяздонны, // стомлены смутак апалага лісця»). Раздзел завяршаецца паэмай «Ра» — адным з тых нешматлікіх у найноўшай беларускай літаратуры твораў, дзе «важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасць у творы сюжэта, характараў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, шматлікія лірычныя адступленні) сродкамі» [3, с. 233]. Сарцавінай паэмы ёсць міфалагема вяртання, што ўрэчаўляецца ў сімвалах, якія нібыта без цяжкасцей тлумачацца — і могуць бясконца расшыфроўвацца.

 

Я пехатой назад пайшоў — наўсцяж

Нямых вякоў, дзе засталіся продкі.

Шлях да Айчыны адусюль кароткі,

Калі твая Айчына не міраж.

«Ра»

 

У трэцім раздзеле — «Цень» — увагу прыцягвае аднайменная паэма, прычым якраз у своеасаблівым эпілогу да яе («На палях паэмы «Цень») найбольш выразна адчуваецца пульс адмысловага неасімвалізму, што ўлучае і рамантычныя парыванні, і ўласна сімвалісцкія вышукванні, і нават уварванні будзённых рэчаў у свет сутнасцей. У паэмах «Маланкавага посаху» ўсюдыісная ў А. Бадака самота як бы траціць сваю рэчыўнасць: тут пануюць, хутчэй, сузіральнасць, медытатыўнасць. Вершы ў зборніку ёсць плёнам паэтызацыі рэчаіснасці, яны ўтрымліваюць такія важныя для індывідуальна-творчага стылю А. Бадака рысы, як дакладнасць паэтычнага малюнка («***Ідуць халодныя дажджы...»), безуважнасць, абыякавасць да стылявых раскошаў («Восеньскі эцюд»), размераны рытміка-інтанацыйны малюнак («***Прамовіць «падабаешся» лягчэй...»). Усё гэта робіць ўражанне надзвычай удалай сустрэчы важнага для паэта зместу з адзіна магчымай формай:

 

Вогнішча вецер раздзьмуць паспрабуе —

Дым страпянецца і шлях загародзіць.

Ціха ў яго я ўвайду і адчую:

Лісця душа

У мяне

Уваходзіць.

«Смутак апалага лісця»

 

З пачаткам 2000-х гадоў цэнтр увагі А. Бадака перамяшчаецца ад лірыкі і ліраэпасу да прозы. У якасці празаіка ён аддае перавагу жанрам апавядання («Баптыстка», «Па той бок адлюстравання»), аповесці («Не глядзіце ў снах на поўню»); у стасунках з дзіцячай аўдыторыяй улюбёным жанрам А. Бадака застаецца аповесць-казка («Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў, «У цёмным лесе за сіняй рэчкай», «Пра Малпачку Чыту і яе сяброў» і інш.).

У 2007 годзе ў часопісе «Маладосць» была апублікавана аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца». Калі верыць калялітаратурнай міфалогіі, твор з’явіўся ў выніку пісьменніцкай змовы. Нібыта ў 2000-х гадах Раіса Баравікова, Алесь Бадак, Алесь Наварыч і Андрэй Федарэнка змовіліся напісаць некалькі празаічных твораў для падлеткаў, каб паспрыяць ператварэнню беларускай падлеткавай літаратуры ў сапраўдны брэнд нацыянальнага мастацтва слова. Зараз можна ўпэўнена гаварыць, што менавіта проза для падлеткаў як мэтаскіраваны літаратурны праект у межах першага дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя сталася надзвычай плённай рэакцыяй айчыннай літаратуры на выклікі сучаснай інфармацыйнай рэальнасці.

Зрэшты, аповесць А. Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» наўрад ці варта лічыць выключна творам для падлеткаў: «…дзве сюжэтныя лініі, аб’яднаныя тэмай першага кахання: адна з іх пераносіць чытача ў школу пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя, другая разгортваецца на фоне сённяшняга дня» (паводле анатацыі да першага кніжнага выдання аповесці) [4] насамрэч ахопліваюць праблемна-тэматычны абсяг, незраўнана шырэйшы за школьныя стасункі падлеткаў і дарослых, узаемаадносіны вучняў і настаўнікаў.

Асноўным прынцыпам кампазіцыйнай будовы аповесці з’яўляецца двухпланаваць (у якой нам чуецца рэха двухсусветавасці, водгулле якога злучае вершы «Будня» з паэмамі «Маланкавага посаху»). Адзін з сюжэтных планаў разгортваецца ў 1985 годзе як гісторыя закаханасці васьмікласніка Сяргея Васілевіча ў дваццацігадовую настаўніцу біялогіі Таццяну Антонаўну Высоцкую (Танечку, як звалі яе між сабой вучні). Праз дваццаць год апавядальнік аказваецца ў школе ў якасці запрошанага госця, куды яго запрасіў сябра-настаўнік. Запрасіў з непрыхаванай мэтай: каб госць-пісьменнік выступіў у якасці арбітра ў адным надзвычайным школьным здарэнні («Тут адзін васьмікласнік хацей настаўніцу з дапамогай інтэрнэта шантажыраваць» [5, с. 124]. «Спецыфічная дыскрэтнасць аповеда (чаргаванне былога і сучаснага, устаўныя эсэ і інш.)», на думку Л. Алейнік, «ніякім чынам не перашкаджае выяўленню логікі падзей. На працягу аповеда аўтар захоўвае меру кампазіцыйнай паслядоўнасці, паступова падводзячы да сутнасці даўняга канфлікту; заглыбляючыся ва ўспаміны маленства, па драбніцы ўзнаўляе колішні дзіцячы свет, прыгадвае амаль забытыя думкі, эмоцыі, уражанні…» [6, с. 98].

Шматпланавасць сюжэтна-кампазіцыйнай будовы (акрамя асноўных, маюцца яшчэ і пабочныя сюжэтныя лініі, лірычныя адступленні, устаўныя міні-навелы), узаемапранікненне і ўзаемаперапляценне розных часавых пластоў, адсутнасць рэзкіх пераходаў паміж імі стварае адчуванне нейкай няўлоўнай і разам з тым відавочнай містыфікацыі, у якую аўтар уцягвае чытача. Падкрэслена рэалістычныя і нібыта прыдуманыя аўтарам персанажы падаюцца аднолькава сапраўднымі, жывымі. Настолькі, што пачынаеш наўпрост атаясамліваць аўтара і юнага Сяргея Васілевіча, дарослага апавядальніка.

Для аўтара аповесці «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» сталенне — гэта працэс, «межы» якога супадаюць з чалавечым жыццём. Назіраючы за сабою, пільна ў сябе ўглядаючыся, апавядальнік фармулюе сваё бачанне агульнага закона сталення: «Мы расстаёмся з дзяцінствам не тады, калі становімся паўналеткамі, а тады, калі перастаём разумець сэнс учынкаў, якія рабілі ў дзяцінстве. У трыццаць гадоў цягаць дзяўчынак за косы не тое што брыдка (у трыццаць мы часта робім рэчы куды больш брыдкія), проста перастаеш бачыць у гэтым дзеянні ўсялякі сэнс» [5, с. 140].

Па версіі А. Бадака, працэс сталення доўжыцца праз дзяцінства, юнацтва, маладосць, уласна сталасць; ён проста не можа закончыцца, як не заканчваецца асоба таго ці іншага чалавека нават пасля яго сыходу ў нябыт, працягваючыся ў памяці пра яго… Адкрытыя фіналы (менавіта так, у множным ліку) гэтага, а таксама іншых твораў А. Бадака могуць быць «дапісаныя» кожным чытачом па-свойму; яны бачацца запрашэннем да напісання гісторыі ўласнага сталення. Здаецца, што сам А. Бадак менавіта гэтым і займаецца. Па ўласным прызнанні, ён піша марудна: на невялікую аповесць аддаў каля пяці год. Вядома, можна толькі меркаваць, што ёсць прычынай гэтай няспешнасці — пакуты ці асалода ад словатворчасці. Магчыма, гэтыя складнікі роўнавялікія і аднолькава неабходныя для з’яўлення твораў, што будуць важныя чытачу рознаўзроставаму і розначасаваму.

«Пра што пісаць? // Высока нашы зоры, // Што ім да нашай цьмянай мітусні…», — скрушна разважаў лірычны герой аднаго з вершаў Л. Рублеўскай. Каб А. Бадаку не траціць час на падобныя роздумы, можна ўжо сёння агучыць кароткі спіс чытацкіх чаканняў: новых паэм — тузін, аповесцей (памеру еўрапейскага рамана) — паўтузіна (не менш). І яшчэ што-небудзь — на яго густ, які дагэтуль не падманваў чаканняў аматараў паэзіі, прозы, крытыкі… і нават інструкцый.

 

Спіс літаратуры:

1. Шаўлякова-Барзенка, І. Л. «Утылітарная аксіялогія»: беларуская літаратура канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў у рэтраперспектыве тыпаў літаратурнай творчасці / І. Л. Шаўлякова-Барзенка // Науковий вісник Волинського національного універсітету імені Лесі Украïнки. Філологічні наукі. Літературознавство. — Луцьк, 2010. — № 11. — С. 280—284.

2. Пяць «Пра…» Алеся Бадака [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://news.21.by/other-news/2013/04/10/747270.html. — Дата доступу: 28.01.2016.

3. Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах : Дапам. / В. Рагойша. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с.

4. Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца : аповесці / укладальнік М. Н. Мінзер. — Мінск : Литература и Искусство, 2008. — 176 с.

5. Бадак, А. Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца / А. Бадак // Дзікі голуб : зб. сучас. беларус. прозы і крытыкі / уклад. Мікола Мінзер. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. — 232 с.

6. Алейнік, Л. «Рамантыкі» і «рэалісты» / Л. Алейнік // Вандроўкі вакол самотнага сонца: беларуская літаратура пачатку ХХІ стагоддзя ў літаратуразнаўчых аглядах і эскізах : зб. артыкулаў / уклад. І. Л. Шаўлякова-Барзенка. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2011. — С. 76—100.

 

Артыкул паступіў у рэдакцыю 1 лютага 2016 года.

 

Рэзюмэ:

 

Ірына Шаўлякова-Барзенка

 

Паэзія рэча(ў)існасці

(Творчая індывідуальнасць Алеся Бадака)

Артыкул прысвечаны аналізу творчай індывідуальнасці Алеся Бадака ў кантэксце феномена сярэдзіннага пакалення беларускіх пісьменнікаў, а таксама ў суадносінах з ключавымі тэндэнцыямі развіцця найноўшай беларускай літаратуры. Даследчык акцэнтуе ўвагу на фарміраванні ў сучаснай беларускай літаратурна-мастацкай прасторы паэтыкі сімфанічнага тыпу. Эвалюцыя паэтычнага светаўспрымання Алеся Бадака разглядаецца як уключэнне паэтыкі рэальнасці ў мастацкую канцэпцыю «двухсусветавасці». Таксама на аснове аналізу аповесці «Адзінокі васьміласнік хоча пазнаёміцца» акрэслены асноўныя адзнакі прозы пісьменніка.

Ключавыя словы: сярэдзіннае літаратурнае пакаленне, Бадак, паэтыка сімфанічнага тыпу, паэтыка рэальнасці, лірыка, проза.

 

 

Summary

 

Iryna Shauliakova-Barzenka

 

The poetry of reality: creative identity of Ales Badak

 

The article is devoted to the analysis of creative identity of Ales Badak. His literary creativity is considered both in the context of a phenomenon of median literary generation and in connection with the main tendencies of development of the newest Belarusian literature. The author of this article focuses on the formation of poetics of symphonic type in the modern Belarusian literary. Evolution of Badak’s poetic worldview is regarded as inclusion the poetry of reality into the art conception of «two worlds». The main features of writer’s prose revealed on the basis of the story «The Lonely Eighth-grader Wants to Get Acquainted».

Kew words: median literary generation, Badak, poetics of symphonic type, poetry of reality, lyrics, prose.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».