Вы тут

Зробім гэта па-хуткаму?


Ну вы, напэўна, чулі. Здаецца, звычайная такая навіна, але гэта толькі на першы погляд. Брытанскі кінарэжысёр Энтані Уілкакс -- той, які прыклаў руку да  стварэння фільмаў «Пэрл Харбар» і «Тыпа крутыя лягавыя», -- прадставіў у Instagram серыял Shield 5. Самае галоўнае -- цяпер: паводле рэгламенту сацсеткі, кожны эпізод доўжыцца па 15... секунд. Праект гучна называюць "новым словам у "найважнейшых з мастацтваў".


Трылер -- гісторыя пра інкасатара, якога абвінавачваюць у рабаванні і забойстве калегі. Сітуацыя тыповая для такога тыпу карцін. Герой адначасова хаваецца ад паліцыі і ад тых, хто яго падставіў. І ў выніку, амаль як у дзіцячай казцы "Калабок", --  "я ад бабулі збег, я ад дзядулі збег", -- даказвае сваю невінаватасць. Агульны хронаметраж усяго серыяла -- толькі сем хвілін. Сам Энтані Уілкакс лічыць, што абмежаванне ў 15 секундаў —  выклік. «Я ў захапленні ад абмежавання Instagram на даўжыню роліка ў 15 секунд, — кажа рэжысёр. — Я адчуваю сябе не абмежаваным, а, наадварот, больш вольным у творчасці. Гэта эксперымент, але я ўпэўнены, што аўдыторыі ён спадабаецца».

Працэс разгортваецца ўжо даволі працяглы час. Найбуйнейшыя інтэрнэт-сэрвісы сталі задумвацца пра патрэбу уласнага відэакантэнту яшчэ з 2012 года. Так, Twitter запусціў сэрвіс жывых трансляцый Periscope і актыўна прасоўваў яго з дапамогай зорак, паказваючы простыя ўключэнні з жывых канцэртаў. Да яго вялікую папулярнасць хутка набраў Vine, дзе звычайныя карыстальнікі спрабавалі сябе ў ролі комікаў, б'юці-гуру і спрабавалі стварыць уласныя шоу ў фармаце 6 секунд. Крыху пазней Instagram укараніў 15-секундныя відэа, Facebook запусціў свой уласны відэахостынг і сканцэнтраваўся на відэарэкламе.

Пазалетась адбылася гучная здзелка па куплі сэрвісу анлайн-трансляцый камп'ютарных гульняў і кіберспартыўных імпрэз Twitch інтэрнэт-крамай Amazon амаль за мільярд "зялёных" -- за $970 млн. І вядучыя гульцы на гэтым полі ўсур'ёз зацікавіліся карыстальніцкім відэакантэнтам.

Наступная прыступка -- практычна ўсё найбуйныя канкурэнты ў сферы відэа сфакусаваліся на прыцягненні ў свой фармат навін. YouTube, Facebook і Twitter запусцілі сэрвісы, якія дазволілі карыстачам з дапамогай геатэгаў і хэштэгаў стаць удзельнікамі гучных падзей і назіраць за імі праз анлайн-відэа.
Апроч гэтага, сэрвісы актыўна пасоўваюць забаўляльны кантэнт. Як вядома, той жа YouTube спрабаваў здымаць уласныя фільмы яшчэ ў 2012 годзе. Тады найбуйнейшы відэахостынг запусціў навукова-фантастычны вэб-серыял «H+» ад прадзюсара Браяна Сінгера, які зняў культавыя «Людзі Ікс», а таксама  «Вяртанне супермэна». Сюжэт зусім не "замылены". Серыял расказвае пра грамадства, у якім людзі падключаны да інтэрнэту 24 гадзіны ў суткі праз імплантаваны ў іх цела камп'ютар (нічога не нагадвае? -- аўт.). Ад розных герояў глядач даведваецца пра камп'ютарны вірус, які раптам паражае падключаных да інтэрнэту людзей. Серыял набыў папулярнасць дзякуючы незвычайнаму фармату — эпізоды доўжацца ўсяго некалькі хвілін, што робіць сюжэт яшчэ больш заблытаным і прыўносіць саспенс.

Не так даўно няўрымслівы YouTube запусціў платную падпіску на ўнікальны кантэнт (Red) і запрасіў зорак, такіх як Мадонна і Эштан Кутчар. Разам са славутасцямі да стварэння новага фармату відэа далучыліся і топавыя блогеры. Так, шведскі гульнявы блогер Фелікс Кьеллберг (PewDiePie), чый канал налічвае больш 40 млн. падпісчыкаў, здымае гульнявы серыял «Scare PewDiePie». А блогер Лілі Сінгх, які мае 8 мільёнаў падпісчыкаў, рыхтуе да прэм'еры дакументальнае шоу «Падарожжа на востраў адзінарогаў».

Працуе жалезнае правіла: попыт вызначае прапанову. Новыя фарматы -- тое ж "кіно" ў Instagram ці платны канал на YouTube, маюць усе шанцы на поспех: яны разлятаюцца па сетцы з неверагоднай хуткасцю і не патрабуюць велізарных бюджэтаў для здымак. Таму калі карыстальнікі сацыяльных сетак упадабаюць новы фармат кароткіх ролікаў, то гігантам індустрыі забаўляльных відэа давядзецца гуляць па новых правілах. І рабіць гэта "па-хуткаму". 

...Калі пісаў гэты тэкст, у сетцы з'явілася цікавая навіна -- на шатландскім востраве Б'ют спецыялісты Оксфардскага ўніверсітэта адшукалі экземпляр першага зборніка п'ес Уільяма Шэкспіра (Першае фоліа), выдадзенага ў 1623 годзе. У ім сабраны 36 твораў, 18 з якіх дагэтуль не былі апублікаваны. Тыраж Першага фоліа не перавышаў тысячы асобнікаў. Сімвалічна, што зборнік знайшлі напярэдадні 400-годдзя з дня смерці драматурга, якое будзе адзначацца напрыканцы красавіка. Цікава, а Шэкспіра магчыма ўціснуць у "звышхуткае відэа" (прабачце, але кіно такія ролікі назваць язык проста не паварочваецца) ці ўсё ж застаюцца пэўныя абмежаванні? Я зусім не супраць эксперыментаў, але нешта зусім не жадаю быць залежным і "імплантавацца" ў камп'ютар. Лепш "кіньце дурное" (у сэнсе: віртуальны свет) і -- на паветра, тым больш, што надвор'е спрыяе.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.