Вы тут

Ахова здароўя: сем задач на пяць гадоў


Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2016—2020 гады», адказным заказчыкам якой упершыню выступае Міністэрства аховы здароўя, мае на мэце захаваць стабільную колькасць насельніцтва і дабіцца большай працягласці жыцця.


Да гэтага ў краіне ўжо рэалізаваныя дзве Нацыянальныя праграмы дэмаграфічнай бяспекі — 2005—2010 і 2011—2015 гадоў. Асноўныя задачы, якія ў іх ставіліся, удалося выканаць. Гэта зніжэнне паказчыка смяротнасці і стабілізацыя каэфіцыента нараджальнасці на ўзроўні 12,6 на 1000 насельніцтва. Пра планы на наступныя гады расказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Таццяна МІГАЛЬ:

— У аснову новай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» мы закладвалі Еўрапейскую стратэгію прафілактыкі і барацьбы з неінфекцыйнымі захворваннямі, Глабальны план дзеянняў па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў і барацьбе з імі да 2020 года, еўрапейскую палітыку «Здароўе-2020» і мінскую дэкларацыю па выніках міжнароднай міністэрскай канферэнцыі «Ахопліванне ўсіх этапаў жыцця ў кантэксце палажэнняў палітыкі «Здароўе-2020». Асноўная мэта праграмы — далейшае ўтрыманне стабільнай колькасці насельніцтва, павелічэнне чаканай працягласці жыцця да 74,6 года, умацаванне здароўя з моманту нараджэння да пажылога ўзросту. Дабівацца такіх мэт будзем праз рэалізацыю сямі падпраграм — «Сям'я і дзяцінства», «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў», «Папярэджванне і пераадоленне п'янства і алкагалізму», «Туберкулёз», «Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі», «Знешняя міграцыя», «Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». Дакладна прапісаныя задачы дазволяць сканцэнтраваць рэсурсы — і кадравыя, і матэрыяльныя — на рашэнні самых важных праблем...

Такім чынам, праграма прадугледжвае матывацыю моладзі на больш ранняе стварэнне сям'і з большай колькасцю дзяцей. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці павінен скласці ў 2020-м 1,75 дзіцяці на адну жанчыну (сёння — 1,68).

Наогул універсальнага рэцэпта палітыкі павышэння нараджальнасці не існуе. Тое, што спрацавала ў адной краіне, не спрацуе ў другой.

Меры, якія прымаліся ў нас дагэтуль, аказаліся эфектыўнымі: удалося павялічыць нараджальнасць цягам апошніх дзесяці гадоў. А таму мы працягнем тлумачыць моладзі, што арыентацыя на позні шлюб, адкладанне нараджэння дзіцяці, няправільная кантрацэпцыя — гэта шлях да бясплоднасці. Сёння трэба больш настойліва казаць і аб тым, што здароўе будучага дзіцяці — гэта не толькі здароўе маці. Тут і здароўе мужчынскае, і сексуальнае, і псіхалагічны клімат у сям'і, і актыўнае даўгалецце.

Плануецца заахвочваць роўны ўдзел бацькоў у выхаванні і доглядзе дзяцей, распрацаваць прапановы па ўдасканаленні сістэмы дзіцячых дапамог, увесці абавязковы «бацькоўскі» адпачынак пры нараджэнні дзіцяці (пытанне абмяркоўваецца ў Мінпрацы). Трэба арыентавацца на поўныя сем'і, падтрымліваць моду на шматдзетнасць, фарміраваць устаноўкі на больш раннюю рэалізацыю рэпрадуктыўнай функцыі, прафілактыку і лячэнне захворванняў, якія гэтаму перашкаджаюць. Усе ўмовы для нараджэння здаровых дзяцей, для лячэння і рэабілітацыі ў нас ёсць.

Будуць развівацца новыя паслугі для падлеткаў і моладзі ў галіне рэпрадуктыўнага здароўя, пашырыцца сетка цэнтраў, дружалюбных да палеткаў, якія працуюць сёння ўжо ва ўсіх рэгіёнах. Сёння такіх цэнтраў 50, і цягам наступных пяці гадоў плануецца адкрыць яшчэ 6.

Далейшае развіццё атрымае ўдасканаленне меддапамогі жанчынам рэпрадуктыўнага ўзросту, цяжарным і парадзіхам, ажыццяўленне своечасовай эфектыўнай дыягностыкі прыроджаных і спадчынных захворванняў, аказанне меддапамогі нованароджаным.

Прадугледжана далейшае ўкараненне сучасных метадаў лячэння мужчынскай і жаночай бясплоднасці. Здароўе моцнага полу — наогул асобнае пытанне. Беларускія мужчыны ў большай ступені занятыя шкоднымі прафесіямі, вядуць больш рызыкоўны, нездаровы лад жыцця.

У нас па-ранейшаму не надаюць належнай увагі здароваму ладу жыцця хлопчыкаў, нашы мужчыны ўпускаюць час для своечасовай дыягностыкі, і гэта адна з прычын іх высокай смяротнасці.

Таму прадугледжаны план прафілактычных і дыспансерных аглядаў. Падрыхтаваны новыя нарматыўна-прававыя акты па дыспансерызацыі, упор будзе зроблены на захаванне здароўя здаровых, фактары рызыкі, наогул зменіцца сутнасць работы па здаровым ладзе жыцця.

Важным складнікам становіцца стварэнне адзінай прафілактычнай прасторы для паляпшэння якасці жыцця ўсяго грамадства. Пры гэтым упершыню ў рэалізацыі мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне здароўя ад нараджэння да старасці, возьме ўдзел шырокі круг міністэрстваў, ведамстваў і грамадскіх арганізацый.

Вялікая работа будзе праводзіцца па прафілактыцы курэння, рацыянальным харчаванні са зніжэннем солі і транстлушчаў, развіцці фізічнай актыўнасці, стварэнні спрыяльнага навакольнага асяроддзя, барацьбе з сацыяльна значнымі захворваннямі — туберкулёзам, ВІЧ і алкагалізмам. Паводле даных сацыялагічных даследаванняў, у нас зніжаецца колькасць курцоў, і сёння гэта не больш за 28 працэнтаў дарослага насельніцтва. У грамадстве паступова фарміруецца непрыняцце гэтай звычкі. Комплексная, агрэсіўная работа патрабуецца для зніжэння спажывання алкаголю. Пакуль у нас захоўваецца вельмі высокі ўзровень яго спажывання. Па выніках мінулага года ў нас на душу насельніцтва прыпадала больш за 9 л! Стаўка робіцца на прафілактыку п'янства і алкагалізму, пошук новых эфектыўных метадаў ранняга выяўлення і аказання медыцынскай дапамогі.

Што датычыцца інфекцыйных захворванняў, то акцэнт у дзяржпраграме зроблены на ВІЧ-інфекцыю і туберкулёз. Прынцыпова новым з'яўляецца ўзмацненне работы па выяўленні, папярэджванні туберкулёзу і выпадкаў множнай лекавай устойлівасці.

Калі мы гаворым пра неінфекцыйную паталогію, то маем на ўвазе ў першую чаргу хваробы сістэмы кровазвароту, цукровы дыябет, захворванні органаў дыхання і анкалагічныя, якія з'яўляюцца асноўнай прычынай непрацаздольнасці і заўчаснай гібелі ва ўсім свеце. Рэалізацыя скрынінгавых праграм па раннім выяўленні анкалагічнай паталогіі (раку шыйкі маткі, прастаты, малочнай залозы і каларэктальнага раку) дапаможа дыягнаставаць анкалагічную паталогію на ранніх стадыях, а значыць, зніжаць смяротнасць, паляпшаць якасць аказання меддапамогі і рэабілітацыі. Ранняя дыягностыка анкалагічнага захворвання сёння ўжо не прысуд, а магчымасць ранняга вылечвання. Акрамя таго, будзе ўмацавана «вертыкаль», наладжана цесная сувязь міжраённых і абласных анкалагічных цэнтраў з установамі аховы здароўя агульналячэбнай сеткі.

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.