Вы тут

Адкуль гэта неверагодная «катаманія» і чаму мы так лёгка ёй паддаемся?


У сеціве з'явіўся новы трэнд — каціны фас як элемент жаночай прычоскі. Нейкая аматарка вусатых-паласатых пафарбавала валасы ў блакітны колер, на патыліцы зрабіла іх ружовымі і нейкім адмысловым цырульніцкім прыёмам выстрыгла там — зноў жа блакітную — галаву ката. Мяркуючы па ўсім, аддала за гэткі «дызайн» немалыя грошы ў салоне. Цяпер размясціла фота на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы і збірае тысячы «лайкаў». Не здзіўлюся, калі ідэю падхопяць і нашы цырульні і ўжо гэтай вясной з патыліц нашых дзяўчат будуць пазіраць рознакаляровыя каціныя пыскі.

Калі і як гэта адбылося, што ці не ўвесь свет нібыта захварэў на катоў? Гэтыя пухнатыя звяркі сталі неад'емнай часткай існавання кожнага, незалежна ад таго, падабаюцца яны табе ці не. «Музей ката» ў сталіцы запрашае на новы сезон; каціныя кавярні, дзе можна не толькі выпіць кавы ці гарбаты, але і пагладзіць коціка, раскіданыя па ўсім свеце, на нават вельмі сур'ёзных інтэрнэт-парталах і то з'явіліся раздзелы кшталту «міленькія коцікі»...

Што ўжо казаць пра парталы не вельмі сур'ёзныя ды пра сацыяльныя сеткі! Там гэтыя жывёлкі ўвогуле на галоўных ролях. Тысячы гісторый цудоўных выратаванняў, мільёны фота, свае сусветна вядомыя героі. Спачатку «сярдзіты коцік» з нейкага амерыканскага штата — яго вечна незадаволеная пыска на фота стала папулярнай ва ўсім свеце і ў выніку дазволіла гаспадыні разбагацець, бо сувеніры з яго выявай людзі купляюць з вялікай ахвотай. Пасля быў «кот з самымі прыгожымі вачыма» (пакуль невядома, ці скарысталіся гаспадары яго вядомасцю дзеля якога камерцыйнага праекта ці проста ціха радуюцца ашаламляльнаму планетарнаму поспеху свайго гадаванца). Цяпер у сеціве новая гераіня — кошка з расійскага Белгарада, якая сядзіць на вуліцы і чакае гаспадароў ужо год. Яны, пераязджаючы ў іншы горад, пакінулі яе на вакзале, і з таго часу жывёлка сядзіць на адным месцы, нікуды не адыходзячы. Яе ўжо назвалі Хаціка (як таго японскага сабаку, што чакаў памерлага гаспадара дзевяць гадоў), гісторыю пра яе пераклала і надрукавала брытанская газета... Зноў замілаванне, зноў ледзь не слёзы (хоць некаторыя «цынікі» заўважылі, што кошка сядзіць на каналізацыйным люку, які нават зімой цёплы, і проста грэецца, але «цынікаў» вельмі хутка «заткнулі»).

Вы толькі не падумайце, што я не люблю кошак. Вельмі нават наадварот — вось якраз цяпер мая Клавіятура Кексаўна (яна ж — Клава), надзвычай раздуранае і нахабнае стварэнне, спрабуе дапамагчы мне пісаць, ловячы лапай курсор на экране.

Зрэшты, менавіта таму, што ў мяне кошка жыве, усе гэтыя каціныя «мі-мі-мі» ўжо, мякка кажучы, раздражняюць. А яшчэ я, здаецца, ведаю, адкуль такая неверагодная «катаманія» і чаму мы так лёгка ёй паддаемся.

Нам проста не хапае пяшчоты і цеплыні ад іншых людзей, а сваёй мы не маем з кім падзяліцца. Мы прызвычаіліся суіснаваць у шалёным сучасным тэмпе, прывыклі і прывучылі тых, хто побач з намі, да зносін халодных і рацыянальных. А тут уключаеш камп'ютар (у лепшым выпадку — прыходзіш у музей ці кавярню) — і вось табе прыгожае, пухнатае. Прыгорнеш яго (няхай сабе і ў думках) да сябе, пачухаеш за вушкам, пачуеш, як задаволена муркае, адчуеш замілаванне — місія выканана. Адчуваеш сябе «чалавечным чалавекам», здольным на праявы нямодных сёння пачуццяў. Можна сабой ганарыцца. І, галоўнае, — ніякай адказнасці. Не трэба нават і ведаць, што «коцік» — жывая істота, прычым істота абсалютна свойская, чалавекам калісьці прыручаная і прывучаная жыць побач. Яе трэба даглядаць, карміць, лячыць, калі захварэе, і толькі пасля ўжо браць на рукі і гладзіць. Не кажучы ўжо пра кінутых, бяздомных жывёлак — навошта глядзець ім у вочы, можна спакойна прайсці міма, бо ты ўжо сёння пашкадаваў кошку, якая чакае гаспадароў, на старонцы інтэрнэту.

Палата прадстаўнікоў нядаўна вынесла на грамадскае абмеркаванне праект закона «Аб абыходжанні з жывёламі». Напісаць сваю думку на сайце можа кожны ахвотны. Шчыра кажучы, я была вельмі здзіўлена, калі ўбачыла, як шмат людзей пакінулі свае водгукі.

Прычым думкі абсалютна розныя — ад абмеркавання, ці можна забараніць сабакам брахаць ноччу, да кранальных вершаў пра бяздомную кошку, якой патрэбен дом... Калі закон будзе прыняты, мы ўпершыню атрымаем нейкія правілы абыходжання з братамі нашымі меншымі. І адказнасць за іх будзе прапісана там абавязкова.

«Людзі, давайце будзем людзьмі! Кошкі і сабакі жывуць з намі не адну тысячу гадоў, яны нам заўсёды дапамагалі: ахоўвалі, ратавалі, супакойвалі, лячылі. Яны адданымі вачанятамі глядзяць на нас. Іх жыццё кароткае, давайце не будзем рабіць яго яшчэ карацейшым. Мы адказваем за тых, каго прыручылі. Сям'я, дзе з дзіцем гадуецца жывёлка, зможа выхаваць гуманнага, адказнага чалавека»... Закон — дакумент афіцыйны. У яго, зразумела, не ўключаць гэтыя крыху наіўныя, але такія правільныя радкі, якія напісала адна з удзельніц грамадскага абмеркавання.

Зрэшты, справа тут не ў тым, што і як будзе напісана ў законе. А ў тым, каб рэальна — не віртуальна, не ў аддаленым доступе — клапаціцца і шкадаваць. Узамен, скажу я вам, атрымліваеш нечакана шмат. Безумоўную любоў і адданасць. Самыя дэфіцытныя і каштоўныя сярод нас, людзей, паняцці.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кошчын дом

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.