Вы тут

Шлях у віртуальны свет?


Варта толькі надзець акуляры.

Чалавецтва на парозе новай віртуальнай рэвалюцыі. Відэагульні, фільмы, сацыяльныя сеткі ды і ўвесь інтэрнэт з плоскасці манітора ў хуткім часе перавандруе ў аб'ёмную віртуальную праекцыю. Убачыць лічбавае асяроддзе па-новаму дапамогуць акуляры віртуальнай рэальнасці, якія ўжо сёлета павінны стаць даступнымі для шырокай аўдыторыі. Улічваючы, што ўзровень графікі штогод становіцца ўсё больш рэалістычным, неўзабаве стане важным умець адрозніваць сапраўдны свет ад уяўнага.


Новая ніша для канкурэнцыі

Цалкам лагічна, што на Сусветным мабільным кангрэсе, які адбыўся 22-25 лютага ў Барселоне, найбольшую ўвагу павінны былі надаць новым смартфонам. Але, як аказалася, гэта было не самае дзіўнае для тых, каму пашчасціла там пабываць. Па звестках розных крыніц у глабальным сеціве, позіркі многіх відавочцаў былі прыкаваныя менавіта да новага трэнда гэтага года — віртуальнай рэальнасці (VR). Ужо цяпер яна ўсё больш інтэгруецца ў смартфоны і інтэрнэт. І калі яшчэ не так даўно віртуальны свет быў толькі атрыбутам камп'ютарных гульняў, то цяпер ён усё часцей выкарыстоўваецца для іншых, больш практычных мэт. Сюды варта аднесці і новыя прыкладныя праграмы для VR у сферы адукацыі, навучання і нават у гандлі, якія з'явіліся не так даўно.

Шэраг кампаній знаходзіцца ў актыўнай стадыі працы над платформамі, якія дазваляюць атрымаць досвед знаходжання ў віртуальным свеце. Напрыклад, тайваньскі вытворца тэлефонаў HTС распрацаваў платформу Vіvе. Гэта ж дазволяць зрабіць і акуляры Осulus rіft кампаніі Осоlus, якую нядаўна набыла Fасеbооk.

Заснавальнік апошняй Марк Цукерберг пры гэтым абвясціў, што бачыць у Осulus Rіft і прыладах VR аснову для новага пакалення камп'ютарных тэхналогій, якое ідзе на змену смартфонам. Не варта выпускаць з-пад увагі і нядаўна анансаваныя акуляры віртуальнай рэальнасці ад Sоnу. Калі на рынку ўзнікае ўсё больш кампаній, здольных даць новы прадукт, то гэта можа азначаць толькі адно — у звычайных карыстальнікаў з'явіцца магчымасць выкарыстоўваць акуляры віртуальнай рэальнасці ўжо сёлета. Акрамя ўсяго іншага, у хуткім часе распрацоўшчыкі павінны знайсці цікавыя для шырокай публікі спосабы ўжывання віртуальнай рэальнасці. Многія кампаніі ўжо падрыхтаваліся да барацьбы за новы сектар, які абяцае сур'ёзныя прыбыткі. Рыначныя аналітыкі сцвярджаюць, што да канца гэтага года будзе прададзена 13 мільёнаў гарнітур віртуальнай рэальнасці, а да 2020 года іх колькасць вырасце да 97 мільёнаў.

Сацыяльная сеткаіншай рэальнасці

Падчас прэзентацыі сваіх новых мабільных прылад на Сусветным мабільным кангрэсе 2016 года, прадстаўнікі кампаніі Sаmsung запрасілі на сцэну заснавальніка Fасеbооk Марка ЦУКЕРБЕРГА. Гэта сведчыць пра тое, што кампаніі прадоўжаць сумесную працу па развіццю прылад віртуальнай рэальнасці. Падчас прэзентацыі Марк Цукерберг расказаў, што бачыць будучыню сацыяльных сетак шмат у чым звязанай з тэхналогіямі VR, і яго кампанія збіраецца выкарыстоўваць напрацоўкі Sаmsung у гэтай вобласці для развіцця так званага відэа кругавой панарамы, ці відэа-360. На яго думку, панарамныя відэа дазваляюць палепшыць успрыманне: карыстальнік зможа не проста глядзець на малюнак, а цалкам пераносіцца ў іншы свет, як быццам ён серфер на Таіці або падарожнік па паверхні Марса.

У найбліжэйшы час нямала кампаній прапануюць пакупнікам камеры кругавой панарамы для стварэння відэа-360 пад праграмы і прылады VR. Таксама плануецца наладзіць і смартфоны, каб яны мелі магчымасць працаваць з прыладамі спрошчанага стварэння і прайгравання відэа кругавой панарамы і віртуальнай рэальнасці.

Гаворачы аб цэнах, варта пачаць з самых танных на сёння прылад Sоnу, якія гэтая кампанія анансавала на канферэнцыі распрацоўшчыкаў гульняў 2016 (GDС), што праходзіла з 14 па 16 сакавіка ў Сан-Францыска. Свой шлем віртуальнай рэальнасці РlауStаtіоn VR яны плануюць прадаваць за 400 долараў. У продажы ён з'явіцца ўжо ў кастрычніку гэтага года. За прыладу Осulus Rіft неабходна будзе заплаціць на 200 долараў больш, а HTС Vіvе ацэньваецца на пачатковым этапе ў 800 долараў. У прылад будзе кінематаграфічны рэжым, які будзе адлюстроўваць віртуальны кінатэатр прама ў вашы вочы. Такім чынам, можна будзе глядзець фільмы і праходзіць гульні.

Глядзець відэа... знутры

У пачатку 2015 года кампанія Gооglе запусціла на YоuTubе новую магчымасць — праглядаць відэа-ролікі з прасторай агляду ў 360 градусаў. Гэта так званае панарамнае відэа — крок у бок віртуальнай рэальнасці. Эксперт па брэндах кампаніі Gооglе/Yоutubе Даніэль ПЯТРОЎСКІ (на фота) падчас прэзентацыі ў Мінску ў рамках канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» расказаў пра тое, што панарамнае відэа сёння з'яўляецца ключавым трэндам развіцця вэб-відэа. Глядач, такім чынам, ужо сёння здольны паглыбіцца ў падзею. Каб змяняць пункт агляду на камп'ютары, можна выкарыстоўваць мыш. Таксама можна ўжываць і некаторыя смартфоны. Каб перамяшчаць прастору агляду ў роліку на Yоutubе, дастаткова паварочваць гаджэт так, нібы вы трымаеце камеру і самі здымаеце відэа. На больш ранніх «слабых» прыладах перамяшчаць ракурс можна толькі пальцам, праводзячы ім па экране. З развіццём шлемаў VR з'явіцца магчымасць «залезці ўсярэдзіну відэа», дзе ракурс будзе мяняцца ўжо паваротам галавы. А гэта перспектыва ўжо найбліжэйшай будучыні.

Паводле інфармацыі ў блогу YоuTubе, каб здымаць панарамныя відэа, патрэбна камера, якая падтрымлівае гэты фармат. Сёння на рынку ўжо ёсць даступныя прыборы: 360саm ад Gіrорtіс, SР360 ад Kоdаk, Аllіе ад ІС Rеаl Tесh і Thеtа ад Rісоh. Тым не менш прылады далёка не танныя, і яны з'яўляюцца толькі першым пакаленнем такога віду дэвайсаў. У будучыні Gооglе абяцае максімальна спрасціць і аўтаматызаваць працэс выкарыстання панарамных відэа. Пэўна, што ў будучыні і сам фармат падачы навін будзе развівацца ў гэтым кірунку. Глядач, такім чынам, становіцца відавочцам падзеі, якая будзе адбывацца ўжо не ў плоскасці экрана, а вакол чалавека.

Новая залежнасць?

З дапамогай віртуальнай рэальнасці ўжо сёння лечаць псіхічныя расстройствы.

У Бельгійскім медыцынскім цэнтры горада Шарлеруа спецыялісты выкарыстоўваюць «віртуальны шлем» для таго, каб даць магчымасць пацыентам адчуць упэўненасць у самых небяспечных сітуацыях. Гэта зводзіць да мінімуму фобіі. Чалавек, які надзявае шлем віртуальнай рэальнасці, ведае, што на самой справе ён у бяспецы, але мозг рэагуе на малюнак перад вачыма, нібы дзеянне сапраўды адбываецца з ім.

Спачатку гэтая методыка ўжывалася для лячэння хваравітай прыхільнасці да відэагульняў. Цяпер віртуальныя дэкарацыі выкарыстоўваюць для лячэння акрафобіі і посттраўматычных стрэсаў. Паколькі існуе шмат розных фобій, то ў ідэале методыку неабходна падладжваць пад кожнага пацыента. Для развіцця гэтай тэхналогіі швейцарскія спецыялісты з політэхнічнай школы Лазаны працуюць над стварэннем цэлай віртуальнай кабіны.

Спецыялісты адзначаюць, што методыка лячэння з дапамогай віртуальнай рэальнасці ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Аднак сёлета шлем VR стане даступным масаваму спажыўцу, а гэта азначае, што яго будуць выкарыстоўваць без нагляду спецыялістаў. Многія маладыя людзі, у асноўным тыя, хто не дасягнуў паўналецця, пакутуюць ад залежнасці, звязанай з камп'ютарнымі гульнямі. Гэта пры тым, што ў такія гульні сёння гуляюць на плоскім экране і яны толькі ствараюць невялікі эфект прысутнасці гульца ў віртуальным свеце.

Што ж адбудзецца, калі гулец зможа сапраўды перанесціся ў віртуальную рэальнасць? У гульні ўсе пажаданні рэалізуюцца за мінімальны прамежак часу. Чалавек можа быць кім заўгодна і колькі заўгодна. Рэальнасць можа ў гэтым выпадку аддаліцца яшчэ далей. Ці не прывядзе гэта яшчэ да большай залежнасці ад камп'ютарных гульняў? На гэтае пытанне мы атрымаем адказы ўжо вельмі хутка.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».