Вы тут

На парадку дня — занятасць насельніцтва


Мікалай ШУМ узначаліў Маларыцкі райвыканкам у снежні мінулага года. У пачатку красавіка якраз мінулі знакамітыя сто дзён, але ж кіраўнік раёна — не тая пасада, каб было шмат часу на вывучэнне, высновы і назіранні. Усё гэта даводзіцца рабіць у працэсе работы. А можа і правільна? Менавіта ў стасунках з людзьмі магчыма найлепш убачыць праблемы ды намеціць падыходы да іх вырашэння. У сакавіку Мікалай Мікалаевіч правёў сустрэчу з калектывам сельгаспрадпрыемства «Дарапеевічы». Яшчэ раней старшыня праводзіў і прыёмы грамадзян, і «прамыя лініі». Адсюль і першае пытанне:


— З чым цяпер найчасцей звяртаюцца людзі ў райвыканкам, якія просьбы і праблемы агучваюць на прыёмах і ў пісьмах?

— Апошнім часам значна абвастрылася праблема занятасці. На нядаўнім асабістым прыёме было некалькі просьбаў дапамагчы з працаўладкаваннем. За два-тры месяцы ў пошуках работы ў раённую службу занятасці звярнулася 123 чалавекі. Людзі ў асноўным застаюцца без работы ў выніку скарачэнняў. Так, напрыклад, наша знакамітае прадпрыемства «КварцМелПрам» праводзіла аптымізацыю: 16 чалавек трапілі пад скарачэнне. Многія жыхары горада і раёна, што працавалі ў Брэсце, пазбавіліся працоўнага месца ў выніку аптымізацыі на прыватных прадпрыемствах. У іх ліку 8 былых работнікаў «Санта Брэмар», 9 работніц прыватных швейных прадпрыемстваў, на іншых прыватных фірмах скарацілі яшчэ 19 жыхароў Маларыцкага раёна, сямёра раней працавалі на аб'ектах «Палессежылбуда»... Вось так і складваецца названая лічба.

Што можна прапанаваць людзям узамен? Да Вялікадня ў райцэнтры павінна адкрыцца гандлёвае прадпрыемства «Санта». Там створана каля 40 працоўных месцаў. Яшчэ восем чалавек будуць занятыя на прыватным гандлёвым аб'екце «Міла», які запланавана адкрыць у маі.

Вельмі асцярожна праяўляюць ініцыятыву гараджане і жыхары раёна ў справе адкрыцця ўласнай справы. З апошніх прыкладаў можна згадаць толькі новую вытворчасць паліўных пелет у памяшканні райаграсэрвісу, якое ўзяў у арэнду брастаўчанін. Цяпер там ідзе наладка абсталявання. З уводам у строй работу атрымаюць прыкладна паўтара дзясятка чалавек. Падобныя вытворчасці найбольш перспектыўныя. Таму зноў праводзім аналіз колькасці і якасці свабодных памяшканняў, каб прадаваць іх на аўкцыёне ці іншым спосабам і заахвочваць прадпрымальнікаў да новай справы.

— Ведаю, што раней Маларыцкі раён актыўна супрацоўнічаў з украінскімі суседзямі. Цяпер шмат што мяняецца, як мы ведаем, праводзіцца дэмаркацыя мяжы. А як справа з суседскімі стасункамі?

— Сапраўды, за апошнія два гады, як расказалі мне калегі, ранейшыя супрацоўніцтва, культурныя сувязі сталі амаль што згасаць. Але літаральна нядаўна нас наведалі дэлегацыі двух памежных суседніх раёнаў з настойлівай прапановай аднавіць былыя традыцыі. Нягледзячы на ўсе складанасці, якія перажывае Украіна, рэгіёны клапоцяцца пра сваю эканоміку, пра паляпшэнне жыцця. Іх прапанова наконт сумеснай работы ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва па паляпшэнні экалогіі, добраўпарадкаванні тэрыторый знайшла ў нас паразуменне.

Славутыя Шацкія азёры знаходзяцца зусім побач, многія нашы людзі ездзяць туды адпачываць. Таму мы гатовыя разглядаць сумесныя праекты па тэме экалогіі. Гэта выгадна як нам, так і суседзям. Тым больш што мы жывём побач спакон веку, грамадзяне нашых краін маюць сваякоў па абодва бакі мяжы, сем'і перамяшаныя. Гэта варта ўлічваць і ў плане аднаўлення культурных сувязяў. Пра ранейшыя сумесныя канцэрты, святы, фестывалі нават ад вясковых людзей паспеў ужо пачуць.

— Параўнальна нядаўна вы прыехалі з вёскі Дарапеевічы, сустракаліся з працоўным калектывам сельгаспрадпрыемства. Якія пытанні задавалі людзі, які ў іх настрой на працу і жыццё?

— Пытанні задавалі жыццёвыя, звязаныя са штодзённым побытам. Там сёння ідзе будаўніцтва дарогі, дык пыталіся, ці можна паскорыць работу, прасілі крыху памяняць графік рэйсавага аўтобуса, выказвалі думкі па пенсійнай рэформе. Уражанні ад сустрэчы і клімату ў калектыве ў мяне найлепшыя, бо СВК «Дарапеевічы» эканамічна моцнае прадпрыемства, якое ўстойліва развіваецца. А калі казаць прасцей... Ва ўсіх летась была засуха, палеткі цярпелі ад спёкі. У многіх кармы скончыліся, а ў Дарапеевічах і сабе хапае, і суседзям дапамагаюць. І калі ў сярэднім па раёне арганіку ўнеслі пад палову плошчаў яравой сяўбы, у Дарапеевічах гэту работу закончылі. Тут умеюць цаніць кожны спрыяльны для сельгасработ дзень на карысць захавання тэхналогіі. Адсюль — паказчыкі, зарплата. Так і людзі настроены, што галоўная задача цяпер як след правесці вясновыя работы. І яшчэ адно назіранне, звязанае з адносінамі да чалавека ў названай гаспадарцы. Мне расказалі, што СВК нават сваім ветэранам працы газеты выпісвае. І гэта не дробязь, а маленькія і важныя знакі ўвагі да людзей.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.