Вы тут

Як прайшлі Дні Батумі ў Беларусі


Карэспандэнты “Звязды” гатавалі хачапуры па-аджарску пад “Купалінку” па-беларуску.

У Грузіі кожны госць лічыцца пасланнікам нябёсаў. У славутай гасціннасці грузінаў мы пераканаліся на Днях Батумі, што прайшлі ўчора ў Мінску. Народныя песні і танцы, грузінскае віно і традыцыйныя стравы аджарскай кухні... Апошнімі можна было не толькі частавацца, але і навучыцца гатаваць.


Я, у прыватнасці, прыняла ўдзел у майстар-класе па прыгатаванні хачапуры па-аджарскі. Пад кіраўніцтвам грузінскага шэф-кухара Зураба мы раскатвалі дражджавое цеста, фармавалі з яго “лодачкі”, начынялі іх імерэцінскім сырам і пасыпалі сулугуні. Потым ставілі ў духоўку. Праз хвілін 15 даставалі, вылівалі ў паглыбленне “лодачкі” жаўток яйка, клалі кавалачак масла. І зноў на хвіліну-дзве - у духоўку. Жаўток павінен быць усмятку!  “Прыгатаваць аджарскі хачапуры зможа кожны беларус, - усміхаецца Зураб. - Гэта не складана, галоўнае, каб было жаданне. І, вядома, не варта забывацца, што самы галоўны інгрэдыент грузінскага хачапуры – душа. Без гэтага ніяк. Ці можна замяніць грузінскі сыр беларускім? Можна, але будзьце гатовы да таго, што не зусім той смак атрымаецца”.

Грузінская кухня славіцца разнастайнасцю рэцэптаў хачапуры. Аджарскі ж адрозніваецца як арыгінальнай формай, так і непаўторным смакам. “Калі іншыя віды хачапуры  падаюць разам з чымсьці яшчэ, то гэты заўсёды ядуць асобна, - кажа шэф-кухар. - Лазы, якія жывуць на пабярэжжы Чорнага мора, надалі страве форму лодкі, а жаўток адлюстроўвае заход, сонца, якое апускаецца ў мора”. 

Зураб родам з Тбілісі. Вось ужо 4,5 года ён жыве ў Мінску і працуе ў рэстаране грузінскай кухні “Ціфліс”. “Ва ўсе грузінскія стравы ў Беларусі мы дабаўляем выключна грузінскія спецыі:  хмелі-сунелі, сванскую соль, імерэцінскі шафран... Гэта неад’емная  “разыначка”. Прывозім іх з Грузіі. Сыр жа тут робім самі з беларускага малака. Першую страву,  якую я пакаштаваў, калі прыехаў у вашу краіну,  былі беларускія дранікі. Смачна! (гэтае слова Зураб сказаў па-беларуску. – Н.Д.). Але найбольш мне па душы прыйшліся беларускія калдуны ды мачанка”.

 Дні Батумі прайшлі ў надзвычай нязмушанай атмасферы. Пакуль запякаліся хачапуры ўсе ахвотныя змаглі  паўдзельнічаць у  майстар-класе па грузінскіх танцах, падзівіцца на  “мціулуры” (славуты танец горцаў), пачуць “Сулеко”... Прыемна здзівіў грузінскі хор, калі пачаў спяваць беларускую “Купалінку” практычна без акцэнту. 

 - Колькасць беларускіх турыстаў з кожным годам павялічваецца, - не хавае сваёй радасці старшыня дэпатрамента турызму і курортаў Аджарыі Мамука БЕРДЗЕНІШВІЛІ.  - Летась Грузію наведалі 30 тысяч беларусаў, што на 5 % больш, чым у 2014 годзе. У планах - павялічыць турпаток з Беларусі больш як у тры разы. Вялікай папулярнасцю сярод вашых турыстаў карыстаецца не толькі марскі курорт з пляжным адпачынкам, але і  вёскі ў гарах, дзе можна адведаць грузінскую кухню, віны. Зімой прапаноўваем горналыжны адпачынак.  Сёлета адкрылі новы курорт “Годэрдзі”, які месціцца непадалёку ад Батумі. Грузія – гэта краіна двух мораў: Чорнага і мора эмоцый. Менавіта эмоцыі – наша турыстычны фішка і патэнцыял.

З 6 па 9 красавіка ў сталічным выставачным цэнтры "БелЭкспа" праходзіць турыстычная выстава "Адпачынак-2016". Найбольшы ажыятаж - ля грузінскага стэнда. І не дзіўна. Штодзень у абедзенны перапынак там для гасцей выставы гатуюць аджарскі хачапуры, частуюць ім і расказваюць пра гісторыю стравы і традыцыі яе спажывання. Калі вы яшчэ не вызначыліся, дзе правесці свой адпачынак, то абавязкова завітайце ў “БелЭскпа”. Што тычыцца мяне, то я пра Грузію мару ўжо даўно. Чаго не скажаш пра нашага фатографа. Перад тым, як пайсці на Дні Батумі, Сяргей Ніканоновіч, казаў, што летам збіраецца паехаць у Кітай і В’етнам. Але пасля таго, як акунуўся ў атмасферу сонечнага Батумі, змяніў свае планы. Таму да сустрэчы,  Грузія!

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.