Вы тут

Прыдарожнаму сэрвiсу недастаткова забяспечыць начлег i харчаванне


Для краiны, якая валодае транзiтным патэнцыялам, вельмi важныя якасць дарог i паслуг для тых, хто па iх ездзiць. Гэта дазваляе прыцягнуць у эканомiку дадатковыя сродкi. Аднак калi кiроўца выбiрае памiж двума роўнымi па суме ўсiх «за» i «супраць» маршрутамi, вызначальную ролю можа сыграць не толькi зручнасць прыпынкаў для адпачынку i запраўкi палiвам, але i ўражанне, якое пакiдае прыдарожная кавярня або гасцiнiца. Вось чаму на Мiншчыне ўладальнiкi такiх аб'ектаў змагаюцца не проста за клiентаў, але за iх настрой.


Нядаўна тыя, хто ехаў па трасе М1 — Е30 у 50 кiламетрах ад расiйскай мяжы, што ў бок Смаленска, мог назiраць незвычайную карцiну. На прыступках кафэ «Плiса» ў Крупскiм раёне жанчыны i мужчыны ў нацыянальных строях спявалi песнi i запрашалi пакаштаваць беларускiя стравы, а заадно i пазнаёмiцца з выстаўкай, што размешчана тут жа.

— Гэта работы нашых умельцаў, — тлумачыла дырэктар раённага Дома рамёстваў горада Крупкi Таццяна Сухаплюева журналiстам. — З нядаўняга часу мы пачалi выстаўляць тут невялiкую частку сваiх твораў. Такiм чынам хочам паказаць гасцям, наколькi багаты на таленты наш край. Гэта дазваляе не толькi рэкламаваць сваю прадукцыю, але i знаёмiць турыстаў з культурай, традыцыямi як Крупшчыны, так i Беларусi. Для нас важна прадбачыць жаданне турыста, якi праязджае па дарозе. I даць яму тое, што ён жадае. Напрыклад, хтосьцi не паспеў купiць падарунак цi сувенiр для сваiх блiзкiх. Калi ласка, iх прапануюць аб'екты прыдарожнага сэрвiсу нашага раёна. У кагосьцi дрэнны настрой, паколькi не можа звязацца са сваякамi — скончылася зарадка мабiльнiка. Мы дапаможам яму вырашыць праблему: не толькi зарадзiць тэлефон, але i звязацца па iнтэрнэце з неабходным адрасатам, — падтрымлiвае размову намеснiк старшынi Крупскага райвыканкама па эканомiцы Юлiя Камарова.

У раёне налiчваецца 10 аб'ектаў прыдарожнага сэрвiсу, у тым лiку дзве аўтазаправачныя станцыi з магазiнам i кафетэрыем, а таксама некалькі кавярняў.

— Па колькасцi аб'ектаў харчавання на рэспублiканскiх дарогах мы дасягнулi нарматыву. Аптымальныя суадносiны: адзiн пункт на 30 кiламетраў. У нас жа на адрэзку аўтамагiстралi М1 — Е30 Брэст — Мiнск — мяжа Расiйскай Федэрацыi, што праходзiць праз раён, на працягу 37 кiламетраў знаходзяцца тры аб'екты грамадскага харчавання. Акрамя таго, на гэтым участку дарогi размешчаны дзве аўтамабiльныя стаянкi. Яны абсталяваны летнiмi альтанкамi, бясплатнымi прыбiральнямi, дзiцячымi пляцоўкамi, — канстатуе Юлiя Мiкалаеўна.

У пунктах грамадскага харчавання можна не толькi падсiлкавацца, але i адпачыць у гасцiнiчных нумарах, набыць сувенiры. Тут устаноўлены тэрмiналы для безнаяўнага разлiку за паслугi i тавары, праведзены iнтэрнэт, падключаны тэлебачанне, тэлефонная сувязь, ёсць магчымасць зарадзiць мабiльны тэлефон i iншыя гаджэты. Каля кожнага аб'екта грамадскага харчавання ёсць месцы для паркоўкi аўтатранспарту, у тым лiку для людзей з абмежаванымi магчымасцямi.

— Сёлета плануецца здаць у дзеянне яшчэ адну прыдарожную кавярню на 40 пасадачных месцаў. Разам з тым падабрана больш як 20 зямельных участкаў, якiя будуць выстаўляцца на аўкцыён на права заключэння дагавораў арэнды для будаўнiцтва аб'ектаў прыдарожнага сэрвiсу, — падкрэслiла спецыялiст.

У тэму

Таццяна Шаўцова, начальнiк упраўлення гандлю Мiнаблвыканкама:

— Усяго на тэрыторыi Мiнскай вобласцi налiчваецца 173 аб'екты грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвiсу, сярод iх 43, або 25% ад агульнай колькасцi, належаць «Белнафтахiму», 23 (13%) — «Белкаапсаюзу», 104 (60%) — iндывiдуальным прадпрымальнiкам.

Толькi ў мiнулым годзе адкрыта 10 такiх пунктаў на 275 пасадачных месцаў у Нясвiжскiм, Дзяржынскiм, Уздзенскiм, Мiнскiм, Вiлейскiм раёнах, у тым лiку чатыры — пры аўтазаправачных станцыях.

У кавярнях, мiнi-кафэ, рэстаранах, што месцяцца на аўтадарогах, пастаянна прымаюцца захады па паляпшэннi якасцi абслугоўвання. У 172 пунктах устаноўлена тэрмiнальнае абсталявання для безнаяўнага разлiку за тавары i паслугi, распрацавана меню на адной з замежных моў, прапануюцца слоўнiкi-размоўнiкi для замежных гасцей. 133 аб'екты грамадскага харчавання (76,8%) забяспечаны падключэннем да бяспроваднай сеткi Wi-Fi, 159 (92%) абсталяваны сродкамi вiдэаназiрання.

Асаблiвую ўвагу надаём стварэнню безбар'ернага асяроддзя i ўмоў бесперашкоднага перасоўвання i доступу ў аб'екты прыдарожнага сэрвiсу людзей з абмежаванымi магчымасцямi. У прыватнасцi, 128 з iх (74%) забяспечаны пандусамi, поручнямi. На аўтастаянках у 116 (67%) пунктах грамадскага харчавання абазначаны спецыяльныя месцы для паркоўкi аўтамабiляў для iнвалiдаў.

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Больш за ложак i сняданак

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.