Вы тут

Унесены змены і дапаўненні ў Закон «Аб абароне раслін»


Хімічныя сродкі для апрацоўкі раслін не павінны шкодзіць экалогіі. У той жа час пакуль не вынайдзена панацэі, якая абараняла б расліны і была на ўсе 100% бясшкоднай для чалавека. Ужо падчас першага пасяджэння вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты прынялі ў першым чытанні праект закона, што ўносіць змены і дапаўненні ў Закон «Аб абароне раслін». Чаму ён не прадугледжвае ніякіх палажэнняў для вядзення экалагічнай сельскай гаспадаркі? Якім чынам законапраект абароніць інтарэсы спажыўцоў? Ці змяшчае ён механізмы супраць увозу да нас такіх шкодных раслін, як баршчэўнік? На ўсе гэтыя пытанні «Звяздзе» адказаў Міхаіл Волкаў, член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы.


— Закон прымаецца для сельскагаспадарчых культур, — заўважае дэпутат у пачатку нашай размовы. — Але мы не можам размяжоўваць сельскагаспадарчыя і іншыя культуры, калі гаворка ідзе пра тое, каб да нас не ўвезлі нейкія шкодныя расліны. У гэтым выпадку, натуральна, закон ахоплівае ўсе расліны.

Каларадскі жук — не самае горшае

У новай рэдакцыі закона ёсць такое паняцце, як «эканамічны парог шкоднасці».

— Гэта вельмі важны тэрмін, — звяртае ўвагу куратар законапраекта. — Трэба ўстанавіць мяжу, пасля якой гаспадарцы наносіцца эканамічная шкода з-за пэўнага арганізма.

На пытанне, ці можна да самых небяспечных для сельскай гаспадаркі шкоднікаў аднесці легендарнага каларадскага жука, дэпутат адказвае адмоўна:

— Каларадскі жук сёння ўжо не самая вялікая праблема. Цяпер ёсць эфектыўныя сродкі абароны раслін ад яго.

На жаль, значна горшы стан спраў з баршчэўнікам Сасноўскага. Яго радзіма — Закаўказзе, а да нас яго прывезлі яшчэ ў савецкія часы прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны — для вывучэння.

— Гэтая расліна дае вялікую зялёную масу, і яе завезлі з мэтай атрымання корму для жывёл, — узгадвае Міхаіл Волкаў. — У інстытуце была невялікая дзяляначка гэтага баршчэўніка. З развалам Савецкага Саюза пра яго, відаць, забыліся. У выніку баршчэўнік стаў прычынай своеасаблівага прыроднага катаклізму. Гэта прыклад неабдуманага ўмяшання чалавека ў прыроду. Калі такая расліна расце ў сваім «месцы жыхарства», у яе ёсць натуральныя «ворагі». Але калі яна трапляе ў больш спрыяльныя ўмовы, атрымліваецца якраз тое, што выйшла ў нас.

Баршчэўнік самы вядомы сярод шкодных раслін, што растуць у Беларусі. У Віцебскай вобласці, дзе ён стаў сапраўднай эпідэміяй, прынята цэлая праграма барацьбы з ім. Расліна гэтая вельмі цікавая ў тым плане, што пакуль яна не дасць насення, будзе ўвесь час адрастаць, якой бы атрутай яе ні травілі. Калі ж насенне выспявае, баршчэўнік гіне сам па сабе.

Абараніць спажыўца

У новай рэдакцыі значная ўвага надаецца правам спажыўца. Па словах майго суразмоўцы, трэба разумець, што сёння асноўныя сродкі абароны раслін — хімічныя. А гэта небяспечныя прэпараты.

— Уводзяцца пэўныя ўмовы, пры якіх дазваляецца продаж сродкаў абароны раслін юрыдычным і фізічным асобам, — адзначае Міхаіл Волкаў. — На этыкетцы павінна быць змешчана інфармацыя, як прымяняць той ці іншы хімікат, у якіх дозах. Павінны быць суправаджальныя дакументы. Трэба, каб спажыўцу прадастаўлялася поўная інфармацыя.

Увоз сродкаў абароны раслін на тэрыторыю нашай краіны будзе здзяйсняцца толькі па ліцэнзіі, выдадзенай упаўнаважаным дзяржаўным органам.

— Такім чынам мы хочам адсеяць фірмы-аднадзёнкі, якія распаўсюджваюць небяспечныя сродкі абароны прадукцыі, якую мы потым ужываем у ежу, — тлумачыць парламентарый. — Ліцэнзаванне ўводзіцца і для аптовага гандлю сродкамі абароны раслін. На нашу думку, гэта будзе садзейнічаць развіццю здаровай канкурэнцыі. Каб атрымаць ліцэнзію, трэба добрасумленна працаваць.

Дэпутат адзначае, што пакуль ліцэнзія патрэбна для распаўсюджання медыцынскіх і ветэрынарных прэпаратаў. Продаж сельскагаспадарчай прадукцыі не ліцэнзуецца.

— Але сродкі абароны раслін часам бываюць нашмат больш атрутныя, чым медыцынскія або ветэрынарныя прэпараты, — заўважае ён. — У праекце закона мы абараняем і насельніцтва, і прыроду.

Вядома, што некаторыя сродкі для апрацоўкі сельскагаспадарчых раслін шкодныя для жывёл. Мыш жыве на кукурузным полі, што апрацавана хімікатам, і харчуецца там жа. Ліса з'ядае атрутную мыш — і памірае. Гэта, многія лічаць, адна з асноўных прычын, чаму папуляцыя ліс у нашых лясах зменшылася.

— Такое адбываецца з-за парушэння тэхналогіі, — тлумачыць дэпутат. — Калі ўсё робіцца па правілах, то прэпараты бяспечныя для ўсіх, акрамя тых, супраць каго яны распрацаваныя. Хімікаты апрабоўваюцца падчас лабараторных даследаванняў, якія даказваюць, што таксічнасць прэпарата не пагражае цеплакроўным.

Пра арганічную гаспадарку гаварыць рана

У апошнія гады шмат гавораць пра так званую арганічную сельскую гаспадарку. Пры выкарыстанні якіх бы то ні было хімікатаў яе вядзенне ўвогуле немагчымае. Аднак праект закона не прадугледжвае нейкіх адмысловых сродкаў абароны раслін, якія можна было б выкарыстоўваць для экалагічнай сельскай гаспадаркі.

— У нашай краіне вельмі інтэнсіўная сельская гаспадарка, і без хімічных і бактэрыялагічных сродкаў немагчыма абысціся. Арганічнае земляробства ў нас прысутнічае ў невялікіх маштабах — ім займаюцца, як правіла, фермеры. Таму няма неабходнасці распрацоўваць спецыяльныя заканадаўчыя нарматывы, — лічыць дэпутат.

Увогуле ж, на думку парламентарыя, арганічная сельская гаспадарка — добрая і цікавая ідэя, якая мае права на развіццё.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: І людзям, і прыродзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?