Вы тут

«Вынiкае, што за паслугi мы плацiм, але ж цi маем?»


Апошнiм часам шмат гаворкi пра ЖКГ. Вось i я туды ж...


Неяк ля нашага пад'езда прыпынiлiся жанчыны i сталi гаварыць пра тое, што пасля капрамонту здараюцца непаладкi з каналiзацыяй, што ў лiфце (мякка кажучы) дрэнны пах, што ў антысанiтарным стане смеццеправод, якi, на добры толк, зусiм не патрэбен, бо пакеты са смеццем людзi выносяць у кантэйнеры.

Якраз тут я i кажу, што смеццеправод трэба было б «заварыць». Суседкi са мною згодныя, але ж нiхто не ведае, як гэта робiцца, i ў жанчын, вiдавочна, часу няма, каб гэта высвятляць, бо яны працуюць.

А я на пенсii, i ў мяне час ёсць. Вось я i падрадзiлася наведаць ЖЭС.

Кiраўнiк гэтага прадпрыемства Аляксандр Вiктаравiч Тылiчэнка патлумачыў, што са смеццеправодам праблем нiякiх, што дастаткова будзе сабраць подпiсы: калi ў большасцi кватэр людзi згодныя заварыць клапаны ствала смеццеправода, то застанецца толькi падаць заяву.

Такiм чынам, я пайшла па кватэрах (iх у пад'ездзе 54). Хадзiла разоў мо 5 цi 6. Арыфметыка атрымалася такая: «за» тое, каб заварыць клапаны, жыльцы 40 кватэр, «супраць» — 10, у 4-х я так нiкога i не заспела.

Заяву з подпiсамi падала ў ЖЭС-47, i толькi тады раптам высветлiлася, што гэтага недастаткова, што пытанне яшчэ трэба абмеркаваць на правамоцным агульным сходзе жыльцоў...

Трэба дык трэба. Ля пад'езда павесiлi аб'яву, што, маўляў, у 17.00 сход адбудзецца. Кажу, што час выбраны вельмi няўдалы, што людзей прыйдзе мала, бо многiя на працы. А мне адказваюць, што ў работнiкаў ЖЭС таксама працоўны дзень да 18 i затрымлiвацца яны не могуць.

У вынiку на той сход прыйшло чалавек, можа, 10-12: некалькi жанчын з тых, што «супраць», астатнiя — «за». I тут кiраўнiк ЖЭСа аб'яўляе, што работу па заварваннi клапанаў давядзецца аплачваць нам, жыльцам пад'езда, i што кошт гэтай працы складзе ад 5 да 8 мiльёнаў рублёў...

На шчасце, тут бярэ слова адна жанчына i прапануе, так бы мовiць, выступiць спонсарам — арганiзаваць гэтую «заварку».

Але ж зноў не ўсё проста: высвятляецца, што перад гэтымi работамi трэба правесцi санапрацоўку ствала смеццеправода.

Людзi сталi пярэчыць, што такая апрацоўка павiнна праводзiцца рэгулярна, бо абслугоўванне смеццеправода, дэзынсекцыя, дэратызацыя ды iншае ўваходзiць у так званае «тэхнiчнае абслугоўванне»... Вынiкае, што мы ўсё аплачваем, але... не маем?

Карацей, пытанне са смеццеправодам павiсла ў паветры. Тады людзi прапанавалi кiраўнiку ЖЭСа падняцца на паверхi i паглядзець, што робiцца на пляцоўках. Сказалi, што так званую сухую прыборку жыльцы па сваёй iнiцыятыве робяць самi, а вось вiльготную, вiдавочна, нiхто, бо ва ўсiх кутках, асаблiва там, дзе знаходзяцца гэтыя клапаны смеццеправода, брудна...

Кiраўнiк ЖЭСа згадзiўся, што прыбiраюць сапраўды дрэнна, але што далей?

Цяпер ЖЭС патрабуе, каб нехта з жыльцоў пад'езда пацвярджаў факт вiльготнай прыборкi сваiм подпiсам. Але ж хто стане хадзiць па ўсiх паверхах, каб падпiсаць нейкую даведку? Адзiн раз жанчына з 4-га паверха яе падпiсала, другi раз — з першага пацвердзiла, што прыбрана, але ж на нашым восьмым паверсе мы не заўважылi, каб пачысцела.

За прыборкай павiнны сачыць майстры ЖЭСа, бо гэта яны даюць звесткi на аплату. Але ж, выходзiць, не сочаць.

Асобная размова пра лiфт. Падлога ў яго кабiне металiчная, але яе, падобна, нiхто не мые — па кутках шматгадовы бруд, на сценах таксама, а галоўнае, з-за непаладак у каналiзацыi такi пах... Я на свой восьмы паверх хаджу пехам.

У такiх вось умовах мы i жывём, а камунальнiкi ўсю адказнасць хочуць перакласцi на плечы жыльцоў. I дадатковую аплату — таксама.

Дзе ж выйсце?! Нехта прапануе, каб частку работ людзi ўзялi на сябе. Магчыма. А плацiць тады мы будзем менш? Цi так, як дагэтуль?

Вольга КАЦЯНКОВА, г. Мiнск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».