21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Ці можна на размеркаванні пачуць кожнага выпускніка?


У той час, як студэнты выпускных курсаў многіх беларускіх ВНУ працягваюць ліхаманкава шукаць арганізацыю, якая пагадзілася б узяць да сябе на працу маладога спецыяліста (а сёлета гэтая задача ўскладнілася), выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў разбіраюць на рынку працы, як гарачыя піражкі ў базарны дзень. Больш за тое, за імі нават выстройваюцца ў чэргі працадаўцы... Журналіст «Звязды» наведаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, каб пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы.


Ваш тавар — наш купец

На парадку дня — размеркаванне выпускнікоў двух факультэтаў: прыродазнаўства і філалагічнага. У папярэднія гады гуманітарыям, якія жадалі застацца працаваць у Мінску, але вакантнага месца па атрыманай спецыяльнасці не было, прапаноўвалі працу на іншых педагагічных пасадах. Чакаем паўтарэння гэтага сцэнарыя, тым больш што ў горадзе кадравая праблема ў дашкольных установах зусім не страціла сваёй актуальнасці. Але ўжо ў першыя хвіліны даводзіцца пераканацца, што... памыляемся.

Сярод «купцоў», якія прысутнічаюць на размеркаванні, два дырэктары школ. Прычым абодва прыйшлі сюды з надзеяй атрымаць у сваю навучальную ўстанову менавіта філолага.

— Я ведаю, што да красавіка звычайна ўжо на ўсіх выпускнікоў ёсць заяўкі, але раптам мне пашанцуе, — усміхаецца дырэктар Зеленаборскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа, што ў Смалявіцкім раёне, Таіса Анатолеўна Калбасенка, — тым больш што і я не з пустымі рукамі. Магу забяспечыць маладога спецыяліста жыллём. У нас для настаўнікаў ёсць свабодная двухпакаёвая арэндная кватэра за сімвалічную плату. Можна ўзяць адразу двух педагогаў, і ў кожнага з іх будзе свой асобны пакой. У Зеленаборскай школе працуе шмат былых вучняў. І я — выпускніца школы, якую цяпер узначальваю, і мой намеснік... У нас цудоўны калектыў.

Віктар Францішкавіч Савіцкі, дырэктар Азярцоўскай сярэдняй школы з Мінскага раёна, таксама спадзяецца знайсці для сваёй навучальнай установы настаўніка рускай мовы і літаратуры. Да Мінска — рукой падаць. А жыллёвыя праблемы педагогаў абяцаюць вырашыць...

Без сюрпрызаў

Але першымі размяркоўваюцца будучыя настаўнікі хіміі, біялогіі і геаграфіі... Праўда, большасць з іх ужо мае педагагічны досвед і яшчэ падчас вучобы сталі ў школе выкладаць. Таму многія прынеслі персанальныя заяўкі са сталічных школ, дзе іх ужо цудоўна ведаюць.

— Надзея Кашуба працуе ў 212-й сталічнай школе, адтуль ёсць запыт. Прапануем размеркаваць яе па месцы працы, — просіць дэкан факультэта.

— Гэта прэтэндэнт на першую катэгорыю, наша «зорачка», — канстатуе прадстаўнік сталічнага Камітэта па адукацыі.

Высвятляецца, што дзяўчына зусім нядаўна выступала ў фінале гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі 2016» у намінацыі «Педагагічны дэбют», дзе стала ўладальніцай дыплома першай ступені. Канешне, заяўку школы задавальняюць...

Камісія зачытвае прозвішчы выпускнікоў і месцы, што прапануюцца для працаўладкавання. Адразу становіцца зразумелым, што для маладых людзей размеркаванне не з'яўляецца непрыемным сюрпрызам. Мінчане застаюцца ў Мінску — для ўсіх у сталічных школах знаходзяцца месцы. Студэнтка платнай формы навучання (мінчанка) таксама пажадала размеркавацца і атрымаць статус маладога спецыяліста. Ёй прапанавалі планавае месца ў Партызанскім раёне сталіцы.

А вось іншагароднія выпускнікі, як правіла, вяртаюцца на радзіму, бліжэй да бацькоўскага дому. За Мінск ніхто не трымаецца... Выпускніца з Брагінскага раёна едзе дамоў.

— Там настаўнікі вельмі патрэбныя! — падтрымліваюць усе яе выбар.

Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя — многія студэнты свядома змяняюць свой рэгіён пражывання на іншы.

Так, выпускніца родам са Шчучына выбрала Валожынскі раён.

— Правільна, пакуль маладая, трэба вывучаць геаграфію краіны, — падбадзёрвае першы прарэктар БДПУ Святлана КОПЦЕВА.

Дзяўчына з Докшыц пажадала працаваць у Вілейскім раёне, выпускніца з Баранавічаў едзе працаваць у Дзяржынскі раён, а хлопец з Оршы — у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».

Гамяльчанка выбірае Мінскі раён.

— Вы ведаеце, што жыллё давядзецца самастойна арандаваць? — цікавяцца ў яе члены камісіі па размеркаванні.

— Так!

— Калі вас усё задавальняе, то і мы не супраць.

Будучы муж — яшчэ не аргумент

А вось жаданне яшчэ адной выпускніцы быць размеркаванай у Ліду не выклікае аптымізму ў прадстаўнікоў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, якія прысутнічаюць на размеркаванні.

— А чаму менавіта ў Ліду?

— Будучы муж адтуль.

— Такога паняцця, як «будучы муж», Палажэнне аб размеркаванні не ўтрымлівае...

— У дзяўчыны вельмі высокі сярэдні бал 8,79. І навукай яна займалася, у навуковых канферэнцыях удзельнічала. У яе ёсць права выбару. Кіраўнік дзяржавы — таксама за сям'ю. Дык не будзем ствараць для яе перашкоды, — заступаюцца за сваю студэнтку прадстаўнікі факультэта.

— Мінскай вобласці такія выпускнікі таксама патрабуюцца, — з жалем канстатуюць заказчыкі са сталічнага рэгіёна, разумеючы, што ўсё ж такі давядзецца саступіць...

А вось іншай студэнтцы з Мінскай вобласці, якая прывезла запыт на сябе з Лідскага раёна, пашанцавала менш.

— У нас ёсць для вас планавае месца ў Любанскім раёне.

— Але мы з сям'ёй пераязджаем у Ліду, да таго ж там мяне чакае малады чалавек.

— Гэта ўсё толькі эмоцыі. Мы лічым, што трэба размяркоўвацца ў Любань. Іншая справа, калі б вы ехалі да мужа. Калі ўступіце ў шлюб, у вас з'явяцца падставы для пераразмеркавання, а запыты з іншых абласцей мы задавальняем, толькі калі запоўнены ўсе планаваныя месцы ў Мінскай вобласці — нашага галоўнага заказчыка.

Дзяўчына відавочна засмучана, бо яна свядома адмовілася ад месца ў Мінску, дзе зараз працуе настаўнікам хіміі, і аддала вакансію аднакурсніку. Прыняцце рашэння адкладваюць да 26 красавіка...

Апошнім размяркоўваецца студэнт-завочнік спецыяльнасці «Геаграфія. Ахова прыроды». Малады чалавек падлягае абавязковаму размеркаванню з той прычыны, што большасць часу навучаўся на дзённай бюджэтнай форме, а потым перавёўся на завочную. Зараз ён індывідуальны прадпрымальнік, аднак прыняў рашэнне працаваць у школе. У тых жа, хто не хоча працаваць па атрыманай спецыяльнасці, ёсць выйсце — кампенсаваць выдаткі за час свайго навучання на бюджэтным месцы...

Не з пустымі рукамі

...Шэрагі выпускнікоў, якія чакаюць сваёй чаргі, паступова радзеюць, але дырэктары школ, што асабіста прыехалі па кадры, усё ж не застаюцца з пустымі рукамі. Камісія па размеркаванні дапамагае ім знайсці аргументы, каб зацікавіць выпускнікоў....

— Вам, маладому спецыялісту, ужо і кватэру прапануюць. Калі першы раз заплаціце за жыллё, адчуеце розніцу.

— Ад школы да Жодзіна — усяго 20 хвілін. А там дарога адкрыта хоць да Масквы, хоць да Мінска... Яшчэ прыедзеце і скажаце «дзякуй», што ўгаварылі...

— Мне з самай раніцы не шанцавала, але справы ўжо наладжваюцца, — з задавальненнем канстатуе, уводзячы за сабой студэнтку, дырэктар Азярцоўскай сярэдняй школы Віктар Францішкавіч Савіцкі.

— Дык вы раней прыязджайце і нагледжвайце для сябе маладых спецыялістаў.

— Ужо ўсіх нагледзелі. Кожны год бяром ад вас на працу 6—8 чалавек. Але тут проста ўзніклі непрадбачаныя абставіны...

Попыт і прапанова

— Адзін з прынцыпаў работы камісіі па размеркаванні — зрабіць усё для таго, каб працоўная дзейнасць выпускнікоў пачыналася ў максімальна камфортных для іх умовах. Натуральна, не парушаючы пры гэтым заканадаўства, — запэўнівае начальнік аддзела кадраў БДПУ Валерый АЛАВЯННІКАЎ. — Проста выдатна, калі выпускнік размяркоўваецца ў школу, дзе ён праходзіў педагагічную практыку або ўжо працаваў там настаўнікам, у камфортную псіхалагічную атмасферу. Прашу заўважыць, што цяпер магчымасць працаўладкавання ў Мінску і абласных цэнтрах не залежыць ад наяўнасці рэгістрацыі ў гэтых населеных пунктах, а вызначаецца толькі самім наймальнікам.

Сёння ў сталіцы найбольш запатрабаваныя настаўнікі пачатковай школы і выхавальнікі дашкольных устаноў. У нас ужо прайшло размеркаванне выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі. Патрэба мінскіх школ у настаўніках пачатковых класаў — 153 чалавекі, а мы размеркавалі ў сталіцу 31 выпускніка. Гэта, між іншым, 38% ад агульнай іх колькасці — зусім нямала. Асноўныя нашы заказчыкі — установы адукацыі Мінска і Мінскай вобласці, куды мы размяркоўваем да 80% нашых выпускнікоў. Але ўсе роўна задаволіць усе заяўкі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама па пачатковай школе не можам. На многіх спецыяльнасцях у нашых выпускнікоў — вялікі выбар. Можна ўсё абдумаць і, з улікам сваіх сямейных абставін, прыняць найбольш узважанае рашэнне.

Увогуле, ёсць шмат папулярных у моладзі спецыяльнасцяў, на якія мода прыходзіць і сыходзіць, а прафесія педагога заўсёды будзе запатрабаваная грамадствам.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Настаўнік — вельмі запатрабаваная прафесія

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.