Вы тут

Геаграфія кінафестывалю Cіnema perpetuum mobіle расце


Сталы форум кінааматараў — Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cіnema perpetuum mobіle — адкрыўся ўчора канцэртам Сяргея Пукста, а з гэтага дня пачынае конкурсныя і пазаконкурсныя паказы, майстар-класы і ўвогуле канцэнтруе ў сабе займальныя кінапраграмы. Cіnema perpetuum mobіle — альтэрнатыва «акадэмічнаму», прафесійнаму фестывальнаму руху. За пяць гадоў свайго існавання CPM зацвердзіў фармат аматарскага, у добрым сэнсе — вольнага ад умоўнасцяў, фестывалю з акцэнтам на маленькіх формах. Наяўнасць асобнага конкурсу эксперыментальнага кіно і праграмы «Дзэн/трэш» (эксперымент эксперыментам) — такая пікантная асаблівасць, як класіка нямога кінематографа пад суправаджэнне аркестра на кінафестывалі «Лістапад». Розныя формы, а любоў да кіно — тая ж.


Фільмы з конкурсу беларускага кіно:  «Тайна гарбатай ямы» Януша Гаўрылюка...

Сёлета арганізатараў можна павіншаваць з пяцігадовым юбілеем. За пяць гадоў, як за пяць хвілін, — «разабрацца калі строга, зрабіць можна вельмі многа».

Створаны беларускім таварыствам «Kіnaklub.org» як некамерцыйны праект для прасоўвання незалежнага кіно і паказу яго новых форм, фестываль CPM стаў чаканай штогадовай падзеяй, якая збірае на адной пляцоўцы сапраўдных прыхільнікаў кінамастацтва.

У гэтым годзе з дэвізам «Пагружэнне ў кіно». Сёлета арганізатары не праводзілі глядацкіх перадпраглядаў, зыходзячы з якіх фарміравалася конкурсная праграма ў мінулыя гады, а сфарміравалі склад уласнымі намаганнямі.

На Cіnema perpetuum mobіle пяць конкурсаў — ігравога, дакументальнага, анімацыйнага, эксперыментальнага кіно і фільмаў беларускіх аўтараў. Апошні адбудзецца толькі другі раз, у мінулым годзе ў яго склад трапілі ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы незалежных вытворцаў, выпускнікоў беларускіх ВНУ. Тады найлепшай ігравой карцінай стаў «Дзень нараджэння ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага — аўтара, фільм якога («Беларускі псіхапат») пазней стаў пераможцам Нацыянальнага конкурсу «Лістапад».

Гэтым разам конкурсная праграма беларускага кіно ўключае ў сябе сем ігравых і дакументальных, ужо без анімацыі, кароткаметражак, іх будзе ацэньваць міжнароднае журы (для кожнай секцыі фарміруецца яго асобны састаў).

Тут і ўладальнік «Бронзавай бульбы» мінулага фестывалю Bulbamovіe «Кансьерж» Роберта Сенекі, і навела «Таямніца гарбатай ямы» Януша Гаўрылюка з праекта «Хранатоп», і карціна «Пад іншым вуглом» Вольгі Лабоўкінай у жанры відэаданс («іранічная візуалізацыя змяненняў гравітацыі»). Беларуская конкурсная праграма будзе паказана сёння а восьмай гадзіне ўвечары ў кінатэатры «Перамога».

Кожная з праграм, як конкурсных, так і пазаконкурсных, разлічана прыкладна на паўтары гадзіны. Апошнія аб'яднаны ў секцыі не па відах кінематографа, а па пэўных канцэпцыях. У асобнае відовішча адабраны чатыры карціны маладых расійскіх рэжысёраў, у якіх персанажы паказваюцца ў стасунках з сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай расійскай рэчаіснасцю. Героямі трох карцін з Беларусі, Ірака і Украіны праграмы «Прымаючы гвалт» сталі людзі, што атрымалі адпаведны досвед (беларуская карціна Ягора Ганарацкага «Асколкі лёсу» расказвае пра двух ветэранаў афганскай вайны). Вартыя ўвагі паказ «Дзэн/трэш» (пяць карцін: дзевяціхвілінная гісторыя болціка альбо кароткаметражка пра вяроўку, што апускаецца і пачынае гуляць з мінакамі) і праграма музычнага відэа «Vіsual musіc». Сёння а першай гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі будзе паказана праграма дзіцячай анімацыі з Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Аргенціны, Беларусі і іншых краін.

...і “Кансьерж” Роберта Сенекі.

Увогуле Cіnema perpetuum mobіle пакажа фільмы прыкладна ста краін (для параўнання летась геаграфія ахоплівала толькі сямнаццаць), арганізатары атрымалі больш за тысячу заявак на ўдзел. Супрацоўніцтва з іншымі фестывалямі дазваляе паказваць найлепшыя фільмы на замежных пляцоўках, а ў свой план уключыць шэраг партнёрскіх паказаў — гэтым разам будуць дэманстравацца карціны польскага фестывалю анімацыі «O!PLA», праграмы форумаў DOKUfest (Косава) і Grenzland-Fіlmtage Selb (Германія).

Пятаму па ліку фестывалю Cіnema perpetuum mobіle аказаў падтрымку Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт карпарэйшн» (арганізатар такіх буйных культурных мерапрыемстваў, як тэатральны форум «ТЭАРТ» і міжнародны кінафестываль «Лістапад»).

У Мінску CPM будзе праходіць да
17 красавіка, але яго заканчэнне ў сталіцы будзе азначаць пачатак у іншых гарадах Беларусі. Расклад паказаў у абласных і раённых цэнтрах можна глядзець на сайце fіlmfest.by.

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Драматургія кароткага метра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».