Вы тут

Пад Мінскам садовыя домікі патаннелі толькі на 20%


Пад Мінскам садовыя домікі патаннелі толькі на 20%, а ў рэгіёнах кошты на некаторыя падобныя аб'екты знізіліся ў разы.

Спецыялісты агенцтваў нерухомасці паведамляюць, што яшчэ летась стандартныя дачы былі не ў модзе. Але цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. І гэта прытым, што кошты аселі не так значна, як на рынку кватэр мегаполіса і абласных цэнтраў краіны. «Звязда» высветліла, якія варыянты дач карыстаюцца найбольшым попытам.


Каб блізка і нядорага

Рыэлтары ўпэўненыя, што бюджэтныя дачы з'яўляюцца адмысловым барометрам эканамічнага дабрабыту. Бо калі ў сярэдняга класа дастаткова грошай, тады звычайныя «соткі» ў садовых таварыствах попытам амаль не карыстаюцца. А вось падчас зацягвання паясоў і памяншэння даходаў падобныя ўчасткі з пабудовамі без пэўных выгод робяцца запатрабаванымі.

У гэтым выпадку людзі разумеюць, што на зямлі сябе і дзяцей прасцей будзе пракарміць.

Зразумела, што самыя танныя прапановы прыпадаюць на садовыя домікі ў таварыствах і жылыя дамы ў вёсках, калі такія аб'екты знаходзяцца крыху збоку ад папулярных напрамкаў і размешчаны далей ад сталіцы. Напрыклад, даволі трывалы жылы дом пад Барысавам на адлегласці каля 80 кіламетраў ад Мінска прадаецца толькі за 90 млн рублёў. Калі ўлічваць, што прадаўцы цяпер ахвотна згаджаюцца на зніжкі, тады падобнае жыллё магчыма набыць па кошце і ўвогуле
да 4 тысяч долараў.

Гэтай вясной добрым попытам карыстаюцца дачы недалёка ад Маладзечна. Самы слабенькі ў плане плошчы і якасці садовы домік у гэтым напрамку прапануецца ўсяго за 57 млн рублёў. Садовы домік сярэдняй камфортнасці недалёка ад Маладечна і побач з вадаёмам выстаўлены на продаж ужо за 160 млн рублёў.

Існуюць не вельмі дарагія дачы і па Ракаўскім напрамку. Міні-домік на адлегласці каля 40 кіламетраў ад МКАД прапануецца толькі
за 115 млн рублёў. Тут, праўда, гаспадар нерухомасці адзначае, што сама пабудова патрабуе рамонту.

Крыху бліжэй — і ўжо даражэй

Дырэктар агенцтва нерухомасці «Загарадны дом і Кватэрны цэнтр» Уладзімір Чарнушэвіч адзначае, што актыўнасць патэнцыяльных пакупнікоў пачала павялічвацца ўжо напрыканцы сакавіка. А за мінулыя выхадныя ў агенцтва было ўжо больш за 20 званкоў наконт дач. Самы запатрабаваны напрамак — Пухавіцкі, у прыватнасці — на тэрыторыі садаводчага таварыства «Шарык», дзе будаваліся супрацоўнікі Мінскага падшыпнікавага завода.

Сярэдняя плошча зямельных участкаў у гэтым СТ складае 4-7 сотак, на якіх пабудаваны невялікія хаткі. Цэнавы дыяпазон падобных дач складае 5-10 тысяч долараў. Напрыклад, цяпер у СТ «Шарык» зборна-шчытавы домік на 7 сотках зямлі гаспадары выставілі на продаж за 7 тысяч долараў. У аб'яве таксама сказана, што побач з участкам размешчаны лес і рака.

Можна падабраць сезоннае жыллё і па Брэсцкім напрамку. Ёсць там і ўвогуле бюджэтныя варыянты. Напрыклад, за 14 кіламетраў ад МКАД цяпер прапануюць дом у дачным кааператыве «Палёт» за 7,5 тысячы долараў. Праўда, пабудова там невялікая — на ўсё каля 30 квадратных метраў, а сам участак — 5,4 соткі.

Лепш адразу выстаўляць рынкавы кошт

Наш эксперт упэўнены, што сёння хутчэй прадаецца той аб'ект, які адразу прапануецца па рэальным цэнніку. Сапраўды ліквіднымі ў пакупнікоў лічацца дачы з цэнавым дыяпазонам ад 10 да 20 тысяч долараў, якія размешчаны ў межах 20 кіламетраў ад Мінска.

А такіх варыянтаў у базах цяпер нямала.

Напрыклад, за 20 кіламетраў ад МКАД у маскоўскім напрамку прадаецца дом у Дамашанах за 13,5 тысячы долараў. У аб'яве сказана, што гэты драўляны дом быў пабудаваны ў 2012 годзе. З камунікацый у ім толькі электрычнасць і сезонная вада, а ўчастак — каля 6 сотак.

Карыстаюцца попытам і якасныя садовыя домікі недалёка ад Маладзечна. Напрыклад, дача за 17 кіламетраў ад МКАД прадаецца за 18 тысяч долараў. Дом цагляны ў два ўзроўні, участак 9,5 соткі, пяць з іх гаспадары пазначылі як «пад бульбу». Таксама прадавец паказаў, што побач з домам размешчаны лес і вадаём.

Увогуле, дачы, якія размешчаны бліжэй да Мінска, прадаюцца звычайна без істотных зніжак і даволі хутка. І гэта пры тым, што на некаторыя варыянты цана засталася амаль на мінулагоднім узроўні. У цэлым жа «фазэнды» сярэдняй якасці за год патаннелі недзе на 10-20%, лічыць Уладзімір Чарнушэвіч. Ёсць пакупнікі і на больш дарагія аб'екты, але і патрабаванні да іх ужо значна вышэйшыя.

У цэнавым дыяпазоне ад 20 да 30 тысяч долараў гаспадары прапануюць домікі, якія, хутчэй, можна аднесці да катэгорыі катэджаў. У комплексе такой нерухомасці павінен быць і дагледжаны ўчастак, і ўтульнае месца для адпачынку. Так, за 23 тысячы долараў цяпер можна набыць даволі камфортную дачу за 16 кіламетраў ад Мінска. Там будзе драўляны дом, абабіты сайдынгам. На ўчастку ў 5 сотак размешчаны таксама хлеў, летняя кухня, душ і прыбіральня з мясцовай каналізацыяй, пляцоўка для стаянкі аўто, а насупраць — лес.

У якасці запаснога аэрадрома

Эксперты загараднай нерухомасці адзначаюць, што асобная катэгорыя пакупнікоў цікавіцца дамамі менавіта ў вёсцы. Ім важней 15 сотак зямлі замест дачных шасці, а таксама наяўнасць сталых суседзяў. Самымі папулярнымі варыянтамі для іх будуць дамы, якія размешчаны ў межах 30 кіламетраў ад Мінска з камунікацыямі і па кошце да 30 тысяч долараў. Калі ў людзей ёсць свабодныя грошы, то такі аб'ект разглядаецца як своеасаблівае «запасное» жыллё на потым.

Таксама ёсць попыт і на дамы, што размешчаны на ўскраіне вёсак, у адасобленым месцы з блізкасцю да лесу і возера. Такі мікрапрыродны заказнік для асобнай сям'і. Аднак такія месцы былі амаль цалкам распрададзены яшчэ ў 90-я гады.

Акрамя гэтага, людзі сталі ўзважваць свае пакупкі. Раней не глядзелі на адлегласці, галоўнае, каб месца было маляўнічае. А цяпер лічаць і кіламетры, і амартызацыю аўтамабіля — усе сталі рэалістамі. Дача купляецца ўжо для пражывання і забеспячэння сям'і экалагічнымі прадуктамі.

Самы бюджэтны варыянт

Для тых, у каго фінансавыя накапленні сапраўды абмежаваныя, можна прапанаваць увогуле цалкам бюджэтны варыянт загараднага аб'екта. Цяпер у садовых таварыствах (за выключэннем прыгараднай зоны сталіцы і абласных цэнтраў) існуюць дачы з мінімальным наборам пабудоў. Па сутнасці, прадаецца не сама дача як жылы аб'ект, а зямельны ўчастак, прадаецца месца.

Калі садовае таварыства мае «прапіску» ў адлегласці каля 70-100 кіламетраў ад сталіцы, то слабенькая дача з хлеўчыкам будзе каштаваць там капейкі. Але ў гэтым выпадку неабходна будзе самастойна пабудаваць нейкае сезоннае жыллё.

А сёння праблем з гэтым ужо няма. У продажы хапае мноства варыянтаў зборных домікаў, якія прапануюцца спажыўцам замежнымі і айчыннымі вытворцамі. Так, камплект шчытавога доміка з элементамі бруса, памерам 3 м на 3 м з адным акном можна купіць за 15 млн рублёў. Крыху большы зборны садовы домік (3,8 м на 4,8 м) каштуе ўжо каля 28 млн рублёў.

Зразумела, што такія міні-хаткі разлічаны не на вялікую сям'ю, аднак два чалавекі ў першай, а тры — у другой змяшчаюцца лёгка.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Сезон палявання на дачы

Каментары

Вялікі дзякуй за артыкул. Якраз у пошуку.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.