Вы тут

Колькасць ваўкоў будзе зменшана


Органы ўлады Нараўлянскага раёна нарэшце атрымалі дазвол ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на адстрэл ваўкоў. Адбылося гэта пасля таго, як драпежнікі пачалі ажыццяўляць набегі на вёскі. Першы намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкама Наталля Коваль паведаміла, што адстрэл дарослых ваўкоў паляўнічымі ў ахоўнай зоне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка пачнецца ўжо сёння.


Пакуль жа галодныя драпежнікі ноччу прыходзяць вялізнымі зграямі, нападаюць на прыватныя падворкі і забіваюць сабак. У вёсцы Кіраў, дзе загрызена 30 сабак, жыхары бачылі да 20 драпежнікаў. Вяскоўцы баяцца выходзіць на вуліцу і выпускаць з хаты дзяцей. Спецыяльныя патрулі, у складзе якіх супрацоўнікі МНС і МУС дапамагаюць абараніць людзей ад звяроў, але ваўчынае логава знаходзіцца дзесьці на мяжы з Украінай. А сыходзяць ваўкі ў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, які зусім побач. Жывёлу мясцовыя жыхары надзейна хаваюць, цяпер і сабак пачалі заводзіць у дом на ноч.

Ваўкі ж вымушаны былі пашырыць зону пошуку ежы, бо ў навакольных лясах было знішчана пагалоўе дзіка — у сувязі з небяспекай распаўсюджвання эпідэміі афрыканскай чумы свіней. Старшыня Гомельскага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых Сяргей Марчанка пацвярджае, што небывалую агрэсію звера выклікаў голад:

— Гэта дзікая жывёла, якая ўсё адно жадае есці. І вось недахоп дзіка ў жывой прыродзе яго натуральна вядзе бліжэй да чалавека, дзе ён можа з'есці таго ж сабаку ці яшчэ кагосьці.

Без спецыяльнага дазволу на тэрыторыі шматкіламетровай закрытай чарнобыльскай зоны адстрэльваць драпежніка было строга забаронена. Страляць у звера, як і ставіць на яго пасткі, нельга і ў саміх населеных пунктах. Старшыня Нараўлянскага раённага выканкама Валерый Шляга адзначыў, што да гэтага быў атрыманы дазвол толькі на бяззбройнае выняцце ваўка ва ўзросце да трох месяцаў. Жыхары ў сваю чаргу трымаюць напагатове вілы і рыдлёўкі. А яшчэ возяць з сабой лямпы, якімі можна сляпіць ваўка ў цемры. На ўскраінах на агароджах развешваюць чырвоныя сцяжкі, за якія звер не заходзіць.

Нагадаем, што падобная сітуацыя, калі некалькі ваўкоў тэрарызавалі мясцовых жыхароў, адбылася ў вёсцы Краснае Брагінскага раёна ў 2013 годзе. Тады ўрэгуляваць сітуацыю атрымалася толькі з дапамогай паляўнічых.

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?