Вы тут

Расчараванні і надзеі


6 красавіка ў Нідэрландах паспяхова прайшоў рэферэндум па пытанні аб асацыяцыі Украіны з ЕС, хоць да самога яго канца было няясна, ці набярэцца неабходная колькасць удзельнікаў для таго, каб прызнаць, што рэферэндум адбыўся.

Нягледзячы на тое, што канчатковыя вынікі будуць абвешчаныя толькі 12 красавіка, папярэднія выглядаюць досыць шакіруючымі. 61,1 працэнта выступілі супраць, а падтрымалі асацыяцыю толькі 38,1 працэнта. Гэта азначае, што ўрад Нідэрландаў не зможа пасля рэферэндуму 6 красавіка прадоўжыць працэс ратыфікацыі пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС, пра што і паведаміў у сваім блогу прэм'ер-міністр пасля таго, як стала вядома аб папярэдніх выніках рэферэндуму. Зразумела, кіеўская эліта вельмі расчараваная, хоць наўрад ці галандцы, якія прыйшлі на рэферэндум, шмат думалі менавіта пра Украіну. Хутчэй за ўсё, выказванне нідэрландцаў стала вынікам агульнага расчаравання ў эміграцыйнай палітыцы ўладаў, калі краіна апынулася наводненай мігрантамі, а ва Украіне мясцовае насельніцтва ўбачыла яшчэ адну бедную краіну, мігранты з якой могуць дабавіць праблем, калі дазволіць ёй занадта цесна зблізіцца з Еўрапейскім саюзам. І прыклады для гэтага ёсць. Так, грамадзяне Албаніі, якая атрымала нядаўна статус кандыдата на ўступленне ў ЕС і з'яўляецца адной з самых бедных краін Еўропы, выкарыстоўваюць атрыманы бязвізавы рэжым зусім не для таго, каб любавацца прыгажосцю турыстычных славутасцяў, а спрабуюць усімі праўдамі і няпраўдамі знайсці працоўнае месца. Пры гэтым у Албаніі толькі тры мільёны жыхароў, а ва Украіне — больш за сорак, прычым узровень жыцця насельніцтва ў апошнія два гады апусціўся нашмат ніжэй за албанскі.

Падобна на тое, што ўрадавы крызіс, які зацягнуўся на два месяцы на ўкраінскай зямлі, нарэшце знайшоў сваё вырашэнне. 10 красавіка прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк абвясціў аб сваёй адстаўцы.

Трэба адзначыць, што прэм'ер-міністр пратрымаўся на пасадзе на дзіва доўга, улічваючы шматразовы рост камунальнай платы, дэвальвацыю грыўні ў тры разы, драматычнае па тэмпах падзенне эканомікі Украіны і ў 2014, і ў 2015 гадах. Але ўсе папярэднія спробы дамагчыся яго адстаўкі цярпелі крах, бо яго падтрымлівалі з-за акіяна. На гэты раз у адстаўку прыйшлося падаць, паколькі падтрымка Вашынгтонам страчаная. Галоўную ролю адыграла перакананасць амерыканцаў, што ўрад Яцанюка толькі для выгляду абвясціў аб барацьбе з карупцыяй, але на справе нічога істотнага ў гэтай сферы не робіць. Чакаецца, што новым прэм'ер-міністрам стане спікер Вярхоўнай Думы Уладзімір Гройсман. Зрэшты, хто б ні стаў новым прэм'ерам, вырашаць яму прыйдзецца фантастычна цяжкія задачы — насельніцтва дайшло да жабрацтва, што рэзка звузіла ёмістасць унутранага рынку; узняцце плацяжоў за ЖКГ не азначае, што ў людзей ёсць грошы іх плаціць; зона свабоднага гандлю з ЕС аказалася не здольная кампенсаваць згублены расійскі рынак; бізнесмены пакідаюць краіну, а замежныя інвестары прыходзіць не спяшаюцца. Улічваючы, што данецкі крызіс так і не вырашаны, гэтая праблема вельмі негатыўна будзе ўздзейнічаць на любыя спробы рэанімаваць эканоміку.

У Беларусі 5 красавіка адбылася нарада па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін.

Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, «важна прадоўжыць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС у кантэксце нашых нацыянальных інтарэсаў. Гаворка ідзе аб умацаванні дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, бяспекі і стабільнасці Беларусі». Прэзідэнт таксама асабліва падкрэсліў, што Еўрасаюз не павінен ставіць перад Беларуссю пытанне аб неабходнасці выбару паміж Захадам і Расіяй.

8 красавіка ў Маскве прайшло пасяджэнне Савета Міністраў замежных спраў СНД.

Некаторыя чакалі ад яго сенсацый, звязаных з магчымасцю спынення дзейнасці арганізацыі. Абышлося без падобных рэзкіх крокаў: арганізацыя працягне сваё функцыянаванне, хоць і будуць праведзены некаторыя рэформы ў сувязі з тым, што фінансавы стан членаў арганізацыі рэзка пагоршыўся. Цэны на нафту, якія рэзка ўпалі, і наступствы халоднай вайны Расіі з Захадам аказалі негатыўны ўплыў на эканомікі ўсіх краін — удзельніц СНД. Такім чынам, неабходна рэзка скараціць выдаткі на яе функцыянаванне, не адмаўляючыся ад той станоўчай ролі, якую яна выконвае на постсавецкай прасторы.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.