Вы тут

Космас як рэальнасць


Наш спадарожнік яшчэ паслужыць.

Пра гэта журналістам напярэдадні Дня касманаўтыкі паведаміў дырэктар НІРУП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі, галоўны канструктар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Сяргей ЗАЛАТЫ. Паводле яго слоў, тэхнічныя характарыстыкі будучага апарата праходзяць працэдуру ўзгаднення. Запуск новага спадарожніка сінхранізаваны з планамі расійскага агенцтва «Раскосмас». У параўнанні з першым беларускім касмічным апаратам БКА-2 будзе мець больш высокую дзялільную здольнасць (меншую за 1 метр) і паласу здымкі (каля 20 кіламетраў). Разам з новымі расійскімі апаратамі наш спадарожнік увойдзе ў сумесную групоўку.


— Што датычыцца існуючага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, то яго тэрмін эксплуатацыі павінен закончыцца ў наступным годзе, — сказаў Сяргей Залаты. — Аднак, згодна з нядаўняй ацэнкай стану БКА, дэградацыя асноўных элементаў карабля аказалася меншай за запланаваную — каля 5%. Запасу паліва з улікам магчымых манеўраў па карэкціроўцы арбіты хопіць яшчэ на тры-чатыры гады. Таму на заводзе-вытворцы вырашылі працягнуць тэрмін эксплуатацыі яшчэ як мінімум да 2018 года. Гэта вельмі добры вынік. Аказалася, што нашы прагнозы былі залішне песімістычнымі. Тое, што тэхніка адпрацавала так доўга, пазітыўна адаб'ецца на іміджы нашай апаратуры.

Па словах спецыяліста, галоўнай тэндэнцыяй у сферы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі цяпер становіцца пераход ад гандлю «сырой» інфармацыяй да канкрэтных паслуг: складання навігацыйных, інфармацыйных і прагнозных карт, ацэнкі забруджвання тэрыторый і г.д. Такі працэс патрабуе стварэння цэнтраў апрацоўкі даных, і ў Беларусі такая ўстанова і адпаведныя тэхналогіі ёсць. У яе архіве здымкі больш як 83 мільёнаў квадратных кіламетраў зямной паверхні з БКА, а таксама вялікі аб'ём інфармацыі са спадарожнікаў Расіі, атрыманых па абмене. Дарэчы, цяпер вядуцца перамовы аб аналагічным абмене з Казахстанам і В'етнамам.

— Трэба адзначыць, што космас — гэта сфера самых высокіх тэхналогій, — дапоўніў свайго калегу генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Аляксандр ТУЗІКАЎ. — Для нас вельмі важна захаваць старыя кантакты, якія засталіся яшчэ з савецкіх часоў, і знайсці новыя. У першую чаргу размова ідзе пра Расійскую Федэрацыю. Менавіта сфера касмічных тэхналогій з'яўляецца адной з самых выніковых сярод усіх сумесных навуковых кірункаў у рамках Саюзнай дзяржавы — усяго мы выканалі пяць буйных праграм па касмічным напрамку.

Цяпер у стадыі рэалізацыі знаходзіцца адна такая праграма («Маніторынг СД»), а яшчэ дзве — у стадыі распрацоўкі («Тэхналогіі СД» і «Інтэграцыя»). У межах першай рэалізуецца адразу 49 праектаў, па 22 беларусы і расіяне працуюць сумесна. Так, нашым прадпрыемствам «Пеленг» ствараецца новы малы спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, сярод магчымасцяў якога будзе атрыманне здымкаў у розных спектральных дыяпазонах. Акрамя таго, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацоўваюць элементы для аснашчэння спадарожніка радыёлакацыйнай апаратурай. Яшчэ адзін напрамак — стварэнне комплексаў для дакладнай каліброўкі апаратуры, над якім працуюць у Інстытуце прыкладных фізічных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— Галоўная наша задача цяпер — ствараць перадавыя спадарожнікі, якія будуць не «даганяць» існуючыя аналагі, а апераджаць іх, — падагульніў словы спецыялістаў кіраўнік апарата НАН Пётр ВІЦЯЗЬ. — Акрамя таго, мы павінны шукаць шляхі для выкарыстання створаных па касмічных праграмах распрацовак у іншых адгалінаваннях. Дзеля вырашэння гэтых і шэрагу іншых задач намі было створана Агенцтва касмічных даследаванняў. Яно і будзе займацца арганізацыяй усіх відаў работ па касмічным напрамку.

lyskavets@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.