Вы тут

Уладзімір Цярэнцьеў узначаліў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў


Былы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ узначаліў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў. Да яго з 1999-га да восені 2015 года нязменным старшынёй быў Аляксандр Ацясаў. Працяглы час пасада заставалася вакантнай. На пазачарговай сесіі абласнога Савета 47-гадовы дэпутат Уладзімір Цярэнцьеў атрымаў аднагалосную падтрымку з боку іншых народных выбраннікаў.


Уладзімір Цярэнцьеў скончыў тры ВНУ, у тым ліку і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне». Такім чынам, як прафесіянал ён можа зрабіць шмат карыснага, у курсе ўсіх заканадаўчых нюансаў. А ўвогуле яго працоўная біяграфія пачыналася ў школе. Па першай адукацыі Уладзімір Уладзіміравіч — выкладчык гісторыі. Плённа працаваў на розных пасадах і ў органах выканаўчай улады. У прыватнасці, ва ўпраўленні ідэалагічнай работы аблвыканкама, быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі самага буйнога па колькасці насельніцтва Першамайскага раёна Віцебска, кіраваў аддзелам культуры гарвыканкама, быў намеснікам старшыні гарвыканкама... Праявіў свае здольнасці адказнага кіраўніка і ў якасці намесніка старшыні аблвыканкама па сацыяльных пытаннях. У сакавіку Уладзімір Цярэнцьеў быў узнагароджаны ордэнам Пашаны.

— Мы павінны ўзяць на сябе актуальныя напрамкі работы. Упэўнены, што дэпутаты Віцебшчыны апраўдаюць чаканні як кіраўніцтва краіны, так і грамадзян, — звярнуўся да прысутных Уладзімір Цярэнцьеў.

Ён падкрэсліў, што асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца паляпшэнню жыццёвага ўзроўню ў глыбінцы. Неабходна падтрымліваць тых, у каго ёсць падсобная гаспадарка, хто здае сельскагаспадарчую прадукцыю дзяржаве. Трэба актывізаваць работу па добраўпарадкаванні, па зносе старых забудоў, у якіх няма гаспадароў. Надзейныя памочнікі ў вырашэнні актуальных задач, на думку старшыні, — старэйшыны населеных пунктаў.

Былога намесніка з выбраннем павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСТНЁЎ.

— Ёсць надзея на тое, што з вашым прыходам — а дэпутацкі корпус вам на 100% даверыўся — у работу будзе ўнесена нешта новае, — сказаў губернатар.

«МС» таксама віншуе Уладзіміра Уладзіміравіча! Спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы артыкулаў пра дзейнасць органаў грамадскага самакіравання і дэпутацкага корпусу Віцебшчыны.

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Асаблівая ўвага — глыбінцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?