Вы тут

Не хвалюйцеся, нешта прыдумаем


Галоўнае — выслухаць, супакоіць і дапамагчы.

Старшыні Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч прысвоена ганаровае званне «Жанчына года» ў намінацыі «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва» па выніках VІІІ рэспубліканскага конкурсу. «Для мяне гэта стала поўнай нечаканасцю, — прызнаецца Лідзія Анатолеўна. — Я лічу, гэта не мая асабістая заслуга. Заслуга ўсіх кіраўнікоў арганізацый, мясцовай улады».


Жыхары горада і раёна, якія прыйшлі на прыём грамадзян, перш чым прыступаць да справы, віншавалі старшыню райсавета са значнай падзеяй у жыцці.

А звярнуліся да Лідзіі Клішэвіч са сваімі клопатамі і праблемамі 8 чалавек, у тым ліку трое па пытаннях працаўладкавання.

Шматдзетная маці ў свой час працавала ў сумесным беларуска-галандскім прадпрыемстве, ёй там падабалася, заработная плата задавальняла. Выйшла замуж, нарадзіўся першынец, затым — двойня. Немаўлятак яна вырашыла падгадаваць да пяці гадоў. Былыя наймальнікі не адмаўляюць ёй у прыёме на працу. Але абавязкі менеджара — гэта не толькі работа з кліентамі, заказамі, але і камандзіроўкі, вялікія нагрузкі.

— Мне б што-небудзь больш падыходзячае, пакуль дзеці падрастуць, — папрасіла яна.

— А якая ў вас спецыяльнасць? — пацікавілася Лідзія Анатолеўна.

— Хімік-тэхнолаг па драўніне, — адказала тая.

— У Салігорску няма дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Літаральна два тыдні таму ў «Водаканале» былі вакансіі інжынера-лабаранта і лабаранта, але, на жаль, вы спазніліся. Не хвалюйцеся, нешта прыдумаем.

Старшыня звязалася з кіраўніком адной з сельскагаспадарчых арганізацый, дзе патрабуецца справавод. Акрамя таго, дамовілася з начальнікам прадпрыемства меліярацыйных сістэм, каб прыняў заяўніцу. І нагадала ёй, каб не спазнілася на сустрэчу і прыхапіла з сабой усе неабходныя дакументы.

Работа грамадзянкі Н. была звязана з дзецьмі. Неспадзявана яна захварэла на туберкулёз, і, як вынік, узніклі абмежаванні на некаторыя прафесіі. Натуральна, што маладую жанчыну звольнілі з папярэдняга месца працы.

— Бясспрэчна, у гэтым выпадку нялёгка знайсці адпаведны занятак, але будзем разглядаць розныя варыянты, — супакоіла наведніцу Лідзія Клішэвіч.

Наступная заяўніца — жыхарка Гомеля, якая хоча памяняць месца пражывання на Салігорскі раён. Яна па спецыяльнасці ветэрынарны фельчар, вучыцца на ветурача. Муж — вадзіцель. Сужэнцы выхоўваюць трохгадовае дзіця.

— Для нас самае галоўнае, каб было дзе жыць, — кажа жанчына.

— А вы ўяўляеце, што жыццё ў сельскай мясцовасці — гэта не гарадское з усімі выгодамі пад бокам? — пацікавілася Лідзія Клішэвіч.

Але суразмоўца запэўніла, што пераехаць у вёску хоча мэтанакіравана.

— Такія спецыяльнасці, як у вас і мужа, запатрабаваныя ў вёсцы, — канстатавала старшыня. — Думаю, праблем з уладкаваннем не будзе.

І сапраўды, прыняць сям'ю і выдзеліць ёй дом з радасцю пагадзіўся кіраўнік ААТ «Белслуч».

...Муж і жонка — абое пенсіянеры, заклапочаны, што час ехаць на дачу. Сезон работ, як правіла, пачынаецца з 15 красавіка. Але з улікам спрыяльнага надвор'я ўжо час перакопваць зямлю ды парадкаваць агароды.

— А чым дабрацца да садовага таварыства? Аўтобусы яшчэ не пусцілі, — хваляваліся яны.

Кіраўніцтва аўтапарка адклікнулася на іх просьбу і паабяцала тэрмінова разгледзець пытанне.

Яшчэ адзін мужчына марыць заняцца аграэкатурызмам. Але не ведае, з чаго пачынаць. Таму і прыйшоў на прыём, каб атрымаць парады. Старшыня райсавета папрасіла спецыялістаў райвыканкама пасадзейнічаць. Яны пракансультавалі наведніка, якія дакументы патрэбны для гэтага, куды трэба звяртацца для іх афармлення.

Заяўнік застаўся задаволены.

Пасля прыёму Лідзія Анатолеўна падсумавала вынікі:

— Як бачыце, у некаторых людзей сапраўды сур'ёзныя праблемы. І калі ўдаецца ім дапамагчы, я вельмі задаволеная. Але бываюць і такія наведнікі, якія проста займаюць час. Асабліва балюча ўспрымаю сітуацыю, калі людзі скардзяцца адно на аднаго. Жылі ў міры, згодзе — і раптам сталі ворагамі. Памірыць бакі вельмі складана, а часам і немагчыма. Добра, што сёння такіх не было.

Дадам, ёсць пытанні, якія вырашаюцца адразу па тэлефоне. А для некаторых неабходны час, дадатковае вывучэнне на месцы з прыцягненнем спецыялістаў. Акрамя таго, у раёне прыёмы грамадзян вядуць старшыня райвыканкама, яго намеснікі, дэпутаты ў сваіх акругах, сельскія Саветы. Кожную суботу праходзяць «прамыя тэлефонныя лініі». Людзей уважліва выслухоўваюць. А калі немагчыма, як той казаў, імгненна развязаць вузел праблем, ім адкрыта пра гэта кажуць і просяць пачакаць.

lazovskaya@zviazda.by

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.