Вы тут

Развіццё тэрыторый: міжнародны кантэкст


Пачалася рэалізацыя праекта Еўрапейскага саюза і ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».


Даўно не даводзілася бачыць у Мінску пад адным дахам такую прадстаўнічую групу старшыняў раённых Саветаў дэпутатаў з усёй краіны. Дакладней, ад кожнай вобласці — па пяць кіраўнікоў мясцовай улады. І не на курсах павышэння кваліфікацыі або нарадзе, а ў канферэнц-зале мінскага пяцізоркавага гатэля «Рэнесанс».

Тут яны як пераможцы конкурсу на лепшы мясцовы праект ва ўрачыстай абстаноўцы падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні паміж Праграмай развіцця ААН і сваімі раёнамі. Такім чынам, гэтай акцыяй упершыню ў Беларусі быў пакладзены пачатак новаму падыходу ў развіцці малых гарадоў і сельскіх тэрыторый. Гэта ў поўнай меры інавацыйны падыход. Ён заснаваны на выяўленні ўнікальных асаблівасцяў і пераваг кожнай з тэрыторый з наступным іх выкарыстаннем на карысць насельніцтва. Словам, такі комплексны працэс, разлічаны на цеснае ўзаемадзеянне дзяржавы, бізнесу і розных груп грамадзян.

Урачыстай акцыі падпісання мемарандумаў папярэднічалі інфармацыйная кампанія, «круглыя сталы», грамадскі дыялог па пытаннях самакіравання, дыскусіі і, нарэшце, вызначэнне ўдзельнікаў праекта. А гэта была нялёгкая справа, бо кожны раён, несумненна, цікавы ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва, мае сваю прывабнасць і адметнасць. Але ж з іх было выбрана 30 пілотных: па пяць ад кожнай вобласці. У Брэсцкай вобласці гэта Пружанскі, Камянецкі, Бярозаўскі, Брэсцкі і Ляхавіцкі раёны; у Віцебскай — Докшыцкі, Полацкі, Глыбоцкі, Талачынскі і Браслаўскі; у Гродзенскай — Зэльвенскі, Слонімскі, Свіслацкі, Навагрудскі і Смаргонскі; у Мінскай — Вілейскі, Мінскі, Валожынскі, Клецкі і Чэрвеньскі; у Магілёўскай — Чавускі, Слаўгарадскі, Клічаўскі, Дрыбінскі і Краснапольскі; у Гомельскай — Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі, Брагінскі, Кармянскі і Веткаўскі.

Рэалізацыя праекта пачалася са стварэння ініцыятыўных груп у кожным раёне, куды ўвойдуць прадстаўнікі мясцовай улады, бізнесу, грамадскіх арганізацый. Яны павінны вызначыць прыярытэты развіцця на перспектыву.

Намеснік міністра эканомікі Беларусі Антон Кудасаў адзначыў, што кожны раён павінен задзейнічаць усе рэальныя фактары свайго развіцця: чалавечы патэнцыял, інавацыйныя магчымасці, прыродныя асаблівасці і карысныя выкапні, іншыя рэсурсы.

У канцы 2016-га пачатку 2017 года зноў пройдзе конкурс мясцовых ініцыятыў, у рамках якога кожны раён зможа атрымаць да 70 тыс. еўра на вырашэнне праблем мясцовага значэння. Для пераможцаў таксама плануецца навучальная паездка ў адну з краін Еўрасаюза. Дарэчы, бюджэт конкурсу мясцовых ініцыятыў складае 2,2 млн еўра.

«МС» будзе па меры магчымасці інфармаваць чытачоў аб ходзе рэалізацыі праекта ў рэгіёнах.

Леанід Лахманенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».