Вы тут

Што ўяўляе сабой сёння станцыя хуткай медыцынскай дапамогі Мінска?


Ніводная вобласць не выконвае такой колькасці выклікаў, як адна мінская гарадская станцыя. Што яна ўяўляе сабой сёння і што павінен ведаць той, хто набірае 103?

Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі Мінска мае 10 падстанцый, размешчаных у кожным раёне па прынцыпе 15-хвіліннай даступнасці па навакольнай тэрыторыі. Новая 10-я падстанцыя пачала працаваць не так даўно па адрасе вул. У. Галубка, 3. Там размясціўся ўнікальны будынак, які не мае аналагаў на постсавецкай прасторы — у ім прадугледжана магчымасць правядзення канферэнцый, а таксама навучання як уласна работнікаў службы «хуткай», так і іншых медыцынскіх работнікаў.


Па меры росту насельніцтва прырастае і колькасць брыгад, якіх ужо 158. Усе яны дзеляцца на фельчарскія, рэанімацыйныя, інтэнсіўнай тэрапіі, педыятрычныя і псіхіятрычныя. Штогод брыгады абслугоўваюць больш за 600 тысяч выклікаў (каля 100 тысяч з іх — да замежных і іншагародніх грамадзян).

«У апошнія гады істотна абнавіўся наш аўтапарк — 2/3 аўтамабіляў маюць камфортныя для пацыента ўмовы з кандыцыянерам для лета, ацяпленнем зімой і г.д. — адзначае намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Алег ВАРАБЕЙ. — Належным чынам аснашчаны самі брыгады. Апаратуру, якой раней былі забяспечаны нават не ўсе рэанімацыйныя брыгады, сёння маюць у тым ліку і агульнапрофільныя: ёсць электракардыёграф, дэфібрылятар, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, апарат кантралявання кіслароду ў крыві, супрацьапёкавыя павязкі, гемастатычныя парашкі, шпрыцавыя дазатары і інш. Дарэчы, сучасныя брыгады могуць уводзіць лекі не толькі ў вену, але і ў косць, што вельмі важна ў экстранных сітуацыях, напрыклад пры траўмах».

Памер сярэдняй заработнай платы ва ўрачоў «хуткай» складаў летась прыкладна 10 млн рублёў (пры каэфіцыенце сумяшчальніцтва 1,35), у сярэдняга медперсаналу — 7 млн (каэфіцыент — 1,15), у санітараў — 4 млн рублёў.

Фактычна такі ж заробак захоўваецца і цяпер. Можа быць, гэта паспрыяла апошнім часам прытоку ў службу сярэдняга медперсаналу, хоць вакансіі фельчараў, санітараў ды ўрачоў таксама ёсць. Але гэта не адбіваецца на якасці паслуг. Усе работнікі службы дакладна ведаюць тактыку дзеянняў. У шэрагу краін хуткая дапамога наогул адносіцца да калямедыцынскай галіны, у якой працуюць валанцёры. Іх задача — не лячыць, а западозрыць стан, які пагражае жыццю і даставіць у стацыянар для аказання там меддапамогі. У нас усё ж такі прадугледжваецца аказанне мінімуму меддапамогі — ажыццяўляецца першы этап лячэння, што значна паляпшае прагноз для пацыента. Узровень падрыхтоўкі тых жа фельчараў дазваляе аказваць дапамогу ў поўным аб'ёме (агляд — пацвярджэнне таго, што патрабуецца далейшае абследаванне, — дастаўка). Для гэтага, па сутнасці, і ўрач не патрэбен. Яны ў нас, як вядома, ёсць у складзе рэанімацыйных брыгад і ў брыгадах інтэнсіўнай тэрапіі. Фельчары ў такой рабочай звязцы з урачом паралельна і навучаюцца, каб выязджаць на выклікі ўжо самастойна.

«Калі чалавеку стала дрэнна з сэрцам, а да яго прыехала звычайная фельчарская брыгада, якой цяжка разабрацца ў электракардыяграме, то яна можа па тэлефоннай сувязі перадаць звесткі на пост кансультанта — урача-кардыёлага, які дапаможа расшыфраваць і вызначыцца з тактыкай далейшых дзеянняў, — тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці станцыі хуткай меддапамогі Павел УДОТ. — Калі наша брыгада падазрае ў пацыента інсульт, то мае магчымасць звязацца з кансультантам урачом-неўролагам, які таксама прымае рашэнне, куды накіраваць пацыента — на правядзенне высокатэхналагічнай аперацыі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі або на стандартнае лячэнне ў іншы стацыянар».

Прыкладна 35 працэнтаў усіх выклікаў звязаны з сардэчна-сасудзістай паталогіяй, 15 працэнтаў — з хваробамі дыхальных шляхоў, 11 працэнтаў — гэта траўмы (аварыі, падзенні з вышыні, атручэнні і г.д.). Такі расклад захоўваецца ўжо даволі працяглы час.

Сёння, калі мы пазвонім па нумары 103, то ніколі не пачуем кароткіх гудкоў, але і трубку могуць адразу не зняць, пакуль дыспетчар не вызваліцца. На жаль, пакуль у службе няма галасавога суправаджэння: маўляў, званок прыняты, дачакайцеся адказу. Таму некаторым здаецца, быццам ніхто не хоча ім адказаць. Насамрэч дастаткова пачакаць максімум 30 секундаў, і дыспетчар прыме званок. Аўтаматычна ў яго на камп'ютары з'явіцца новы экран выкліку. Інфармацыя, якая паступае ад таго, хто звоніць, будзе зарэгістравана. Дыспетчар падчас апытання вырашае, да якога тыпу адносіцца выклік: экстранны, тэрміновы ці неадкладны. Экстранны (падзенне з вышыні, самагубства, дарожна-транспартнае здарэнне і г.д.) перадаецца брыгадзе цягам 4 хвілін. Плюс 15 хвілін на даезд. Тэрміновы (баліць сэрца, цяжка дыхаць і інш.) перадаецца цягам 15 хвілін, плюс 15 хвілін на даезд. Неадкладны (напрыклад, рэспіраторнае захворванне) — цягам 1-й гадзіны, і 15 хвілін на даезд. Паводле статыстыкі, аператыўнасць выканання даездаў па выкліках — больш за 99 працэнтаў.

Ёсць выклікі падманныя, а ёсць неабгрунтаваныя. З першымі ўсё зразумела, за гэта можна быць прыцягнутым і да адміністрацыйнай адказнасці. Адносна другіх дакладнай фармулёўкі няма, але распазнаць іх няцяжка. Скажам, адна справа, калі чалавек выклікае «хуткую» ноччу або калі ён не можа самастойна дайсці да паліклінікі. І зусім іншая — сітуацыя, пры якой дапамогу можна атрымаць у амбулаторна-поліклінічнай установе. Адзін выклік «хуткай» каштуе ў сярэднім каля 600 тысяч. Большасць гэтай сумы складае амартызацыя аўтатранспарту, крыху — заробак, а на лекі прыпадае зусім мала. Неабгрунтаваны выклік — гэта яшчэ работа прыёмнага аддзялення ў стацыянары, абследаванне і аналізы ў тэрміновым парадку. Словам, выкіданне грошай на вецер.

На жаль, не ўсе жадаюць гэта разумець.

Ёсць такія, хто захоўвае прыхільнасць не выкананню прызначэнняў урача паліклінікі, а выклікам хуткай дапамогі. Можна ігнараваць прыём таблетак і замест гэтага ў панядзелак, сераду і пятніцу ў адзін і той жа час выклікаць брыгаду на дом. Прыехалі, укалолі, стала лягчэй, і якая розніца, што нехта тым часам мае патрэбу ў экстраннай дапамозе?

Тым не менш для выклікаў з прычыны галаўнога болю або артэрыяльнай гіпертэнзіі сёння пры паліклініках працуюць 6 брыгад неадкладнай дапамогі (яны выязджаюць на выклікі ў час работы паліклінікі). У складзе такіх брыгад працуе адзін фельчар, які ў выпадку выяўлення неабходнасці транспартавання ў стацыянар выклікае «хуткую».

«Я сам ніколі не буду выклікаць «хуткую» пры тэмпературы 38,5 градуса, — тлумачыць Павел Удот. — Паводле дакументаў, брыгада можа выязджаць, «калі тэмпература не зніжаецца пераральнымі лекавымі сродкамі». Таму дыспетчар, прымаючы выклік з прычыны тэмпературы, спачатку рэкамендуе прыняць лекі. У складанай сітуацыі можа пераключыць пацыента на ўрача-кансультанта...

А калі медработнік «хуткай» на месцы выкліку сутыкнецца з агрэсіўным пацыентам ці пачуе ў свой адрас пагрозы, то адзінае, што ён павінен зрабіць — спыніць аказанне меддапамогі і выклікаць супрацоўнікаў міліцыі.

Загаловак у газеце: «Хуткая» будзе хутка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».