Вы тут

Зямельны падатак і падатак на нерухомасць аб'яднаюць у адзіны збор?


Учора ў рэдакцыі газеты «Звязда» адбылася «прамая лінія» са старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Андрэем Гаевым.


Кіраўнік камітэта за гадзіну паспеў адказаць нашым чытачам амаль на 15 пытанняў. Галоўным чынам людзей на гэты раз больш цікавілі нюансы зямельнага заканадаўства, будучыя змены пасля заканчэння тэрмінаў прыватызацыі жыллёвага фонду і іншыя жыццёвыя пытанні, звязаныя з нерухомай маёмасцю.

Асобна Андрэй Гаеў спыніўся на тэме стварэння ў электронным варыянце інфармацыйнай базы па характарыстыках нерухомай маёмасці нашай краіны. Ён адзначыў, што менавіта сёлета ў красавіку адбылося канчатковае ўкараненне сучаснага праграмнага забеспячэння, якое дазваляе па новай электроннай тэхналогіі ўпісваць інфармацыю аб характарыстыках аб'ектаў адразу ў адзіную інфармацыйную базу.

Раней такая інфармацыя аб аб'ектах нерухомасці спачатку акумулявалася ў рэгіянальных структурах камітэта (той ці іншай вобласці). Адзіная база дазваляе фарміраваць па адзіных патрабаваннях і архіў матэрыялаў, звязаных з тэхнічнай інвентарызацыяй. Больш за тое, архіў стане цалкам мабільным, таму карыстацца ім будзе больш проста і хутка — без выкарыстання папяровых носьбітаў.

 

С.К. — Літаральна ў красавіку паміж Мінскам і штаб-кватэрай Сусветнага банка быў праведзены відэамост у Вашынгтоне. Ён быў арганізаваны з удзелам Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі. Пра што там ішла размова і пра якія папярэднія вынікі сёння можна гаварыць?

— Там да ўвагі міжнароднай фінансавай арганізацыі была прадстаўлена спецыяльная прэзентацыя ідэй і планаў па развіцці ў нашай краіне масавай ацэнкі нерухомасці і рэфармаванні падатковай сістэмы.

Ініцыятарам правядзення пілотнай ацэнкі выступае Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Да ўдзелу ў відэаканферэнцыі ад беларускага боку былі запрошаны прадстаўнікі Дзяржкаммаёмасці, Міністэрства па падатках і зборах і Міністэрства фінансаў. Разгледзець усе нюансы тэхналогіі масавай ацэнкі і фарміравання нерухомасці на падставе кадастравай ацэнкі, а таксама зарыентавацца па ўзроўні выдаткаў на правядзенне такой работы ў цэлым для Беларусі дазволіць пілотны праект, які стартаваў у студзені 2015 года і ажыццяўляецца на тэрыторыі Савецкага раёна Мінска і Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Гэтым праектам было ахоплена каля 150 тысяч аб'ектаў нерухомасці. Акрамя адпрацоўкі тэхналогіі масавай ацэнкі і масавага фарміравання нерухомасці, ён павінен дапамагчы вызначыць магчымасць змены сістэмы падаткаабкладання нерухомасці. Прапануецца выкарыстоўваць адзіны падатак на нерухомую маёмасць. Канчатковыя вынікі пілотнага праекта Нацыянальнае кадастравае агенцтва плануе падвесці сёлета ў маі-чэрвені.

— Гэта будзе яшчэ адзін новы збор?

— Не. Пасля канчатковай рэалізацыі гэтага пілотнага праекта ў краіне будзе разглядацца рашэнне аб мэтазгоднасці ўвядзення адзінага падатку на нерухомую маёмасць. Нагадаю, што цяпер падаткаабкладанне зямельных участкаў і маёмасці на гэтай зямлі ажыццяўляецца асобна.

— Маецца на ўвазе зямельны падатак і падатак на нерухомасць?

— Так. Гэтыя два зборы плануецца аб'яднаць і выкарыстоўваць адзіны падатак на нерухомасць. Падобнае новаўвядзенне таксама будзе садзейнічаць прыняццю і іншых рашэнняў у сферы кіравання нерухомасцю. У многіх дзяржавах такое адзінае падаткаабкладанне нерухомай маёмасці выкарыстоўваецца працяглы час і даволі паспяхова.

 

Эксперты міжнароднай фінансавай арганізацыі ўхвалілі нашы падыходы ў галіне збору звестак пра аб'екты нерухомасці, сістэмы рэгістрацыі нерухомасці і кадастравай ацэнкі, а таксама адзначылі той факт, што падыход да кадастравай ацэнкі і падаткаабкладання адзінага аб'екта (зямельны ўчастак і пабудова на ім) адпавядаюць найлепшым сусветным тэндэнцыям.

Вынікі кадастравай (масавай) ацэнкі могуць выкарыстоўвацца не толькі для мэт падаткаабкладання, а яшчэ для шэрагу іншых дзяржаўных мэт, якія павышаюць празрыстасць рынку нерухомасці і эфектыўнасць рашэнняў, што прымаюцца. Паводле слоў замежных спецыялістаў, «у Беларусі ўдалося стварыць эфектыўную сістэму рэгістрацыі правоў на аб'екты нерухомасці, якая ўваходзіць у дзясятку найлепшых паводле рэйтынгу Сусветнага банка «Doіng Busіness». Сёння ў краіне дзяржаўную рэгістрацыю маюць каля 85% усіх аб'ектаў нерухомасці. Гэта азначае, што правы іх уладальнікаў пацверджаны і аспрэчвацца нікім не будуць.

— Калі рашэнне аб увядзенні адзінага падатку на нерухомасць будзе прынята, то як хутка яно пачне дзейнічаць?

— Пра канкрэтныя тэрміны казаць пакуль зарана, бо спачатку аналіз па гэтым пытанні павінны правесці спецыялісты падатковай галіны, Мінфіна і іншыя зацікаўленыя дзяржорганы. Толькі пасля гэтага будуць вызначаны канчатковыя перыяды і часавыя цыклы правядзення змен у падатковай сферы.

А пакуль Сусветны банк выказаў гатоўнасць накіраваць напрыканцы мая ў Беларусь сваю місію, у склад якой увойдуць спецыялісты банка і іншыя міжнародныя эксперты. З іх удзелам плануецца арганізаваць спецыяльны семінар, на якім будзе прадстаўлены міжнародны вопыт па гэтым напрамку. Беларускі бок агучыць канчатковыя вынікі пілотнага праекта. Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць магчымыя планы змен і далейшага развіцця ў Беларусі сістэмы кадастравай ацэнкі, фарміравання нерухомасці і збору звестак пра яе, а таксама магчымыя змены ў сістэме падаткаабкладання нерухомасці.

Цалкам тэкст «прамой лініі» з Андрэем Гаевым чытайце ў наступных нумарах «Звязды».

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».