Вы тут

На складзе мэблі «Беларусьфільма» можна знайсці сапраўдныя рарытэты


У дагонку расповеду пра рэквізіт нацыянальнай кінастудыі паведамляю: ужо пасля нашага наведвання пры разборы старых памяшканняў у адным замкнёным пакойчыку быў знойдзены залаты ключык з фільма «Прыгоды Бураціна» Леаніда Нячаева. Той самы. «У фільме ён выглядае большым», — сказалі мне па тэлефоне. На складзе ўжо не рэквізіту, а мэблі і іншых буйнагабарытных рэчаў мы ўбачылі яшчэ аднаго «ўдзельніка» гэтай карціны. Тут увогуле можна знайсці сапраўдныя рарытэты XІX і пачатку XX стагоддзяў, ваенныя трафеі і экзэмпляры, вартыя музеяў. Дарэчы, адзін каштоўны гарнітур з «калекцыі» кінастудыі быў адпраўлены ў Нясвіжскі замак.


Цэх падрыхтоўкі здымак уключае ў сябе шэсць складоў: апроч рэквізіту і мэблі, тут захоўваецца жаночае, мужчынскае і асобна ваеннае адзенне, абутак і галаўныя ўборы.

Пад словам «мэбля» трэба мець на ўвазе таксама рэчы хатняй гаспадаркі кшталту кошыкаў і кос (ад слова «касіць»), матацыклы, фальшывы іканастас і нават труну. Усяго каля пяцісот адзінак трымаецца ў двух вялікіх памяшканнях, дзе цяпер наводзіцца парадак: гэтыя рэчы толькі-толькі перавезены ў новы будынак. «Грузчыкі проста прынеслі і паставілі мэблю, — кажа загадчык складаў Аляксандр Трызна. — Нам спатрэбіцца шмат высілкаў, каб усё гэта акуратна рассартаваць». У сувязі з чым у супрацоўнікаў цэха нават з'явілася гульня пад назвай «Знайдзі пару для крэсла». З гэтым багаццем можна забаўляцца і іншым спосабам: паставіць гэтыя крэслы ў лінію такім чынам, каб прасачыць развіццё стыляў. Сучасны ўзор, казаць па праўдзе, будзе не самым выйгрышным.

Але ўбачыць на складзе мэблі самае прывабнае нам нічога не замінала. Адну з цікавінак прыйшлося выкаціць, каб разгледзець бліжэй, — мапед з дзіцячай карціны «Па сакрэце ўсім на свеце» 1976 года. Ён быў зроблены спецыяльна для стужкі і да гэтых часоў захоўваецца на кінастудыі. Словамі Аляксандра, «у савецкія часы на «Беларусьфільме» працавала шмат умелых спецыялістаў», іх рукамі і быў створаны ўнікальны агрэгат, здольны ездзіць.

Змест склада мэблі вызначаюць такія ж акалічнасці, як і ў гісторыі пра склад рэквізіту. Усё, што набывалася і набываецца для карцін з дзяржаўным фінансаваннем, асядае на кінастудыі. Камерцыйныя праекты, што арэндуюць беларусьфільмаўскія пляцоўкі, разбіраюць антураж на свае патрэбы.

Яшчэ ў савецкую эпоху, недзе да 1980-х, у часы неразвітага гандлю паміж адпаведнымі калекцыянерамі і аматарамі, у штаце кінастудыі працавалі спецыяльныя людзі, якія шукалі антыкварыят. Нехта старую бабуліну мэблю, замест таго, каб выкінуць, дарыў кінастудыі. Нешта прыцягвалася са сметнікаў. Дзякуючы такой практыцы ў актыве «Беларусьфільма» сабралася добрая музейная калекцыя.

Адна выцягнутая з трумо шуфляда нагадала пра пазычаныя ваенныя трафеі. На донцы — сапраўдная пячатка 1937 года з нацысцкай сімволікай і надпісам «Іnfanterіe-Regіment. Rіgersburg». Адкуль гэтая рэч з'явілася на кінастудыі — невядома, магчыма, з пэўнай дзяржаўнай установы. Ёсць версія, што пасля Другой сусветнай вайны ў якасці трафея яна была прывезена з Еўропы.

Падобная гісторыя звязана з самай пазнавальнай шафай «Беларусьфільма» — трохсоткілаграмовым «монстрам» сярэдзіны XІX стагоддзя ў стылі еўрапейскага класіцызму. Існуе легенда, што гэтая шафа адразу пасля заканчэння Другой сусветнай была прывезена з Германіі па асабістай просьбе нейкага савецкага генерала. У пэўны момант генерал трапіў у няміласць, а яго шафа — на «Беларусьфільм». Гэты трафей здымаўся ў фільмах «Масакра» Андрэя Кудзіненкі, «Прадмет абажання» Алега Базілава і іншых. Сёння яму патрабуецца рэстаўрацыя; частка шкляных уставак, калі прыгледзецца, некалі ўжо была заменена: арыгінальныя можна пазнаць па характэрных скошаных гранях — фацэтах.

Недалёка стаіць яшчэ адна сапраўдная антыкварная шафа, таксама ў стылі класіцызму, але ўжо другой паловы XІX стагоддзя — разьба, матывы калон і пілястраў, ільвіныя галовы. У камплект уваходзіць таксама буфет. Яшчэ адзін сведчыць пра мадэрн пачатку XX стагоддзя — гэтая рэч захавалася ў добрым стане: усе ручкі і завесы працуюць, на месцы арыгінальныя вітражы. Да стылю «мадэрн» адносіцца і люстэрка пачатку XX стагоддзя. «Такога вы ніколі нідзе не знойдзеце: вітраж, фацэт — усё сапраўднае», — кажа Аляксандр. Побач стаіць буфет, які яшчэ ў савецкія часы па-вандалісцку пафарбавалі ў «падлогавы» колер, замест таго каб пакрыць лакам.

Унікальнае крэсла з разьбой адлюстроўвае еўрапейскую моду канца XІX стагоддзя на кітайскі стыль. «Наўрад ці яно створана ў Кітаі, там такога не рабілі, — кажа Аляксандр. — У камплект да гэтага крэсла ідзе цалкам пакрыты разьбой куфар з ручкамі ў форме крылаў». Гэты куфар — тая выяўленая намі рэч, што здымалася ў нячаеўскіх «Прыгодах Бураціна».

Склад мэблі кінастудыі можна раздзяліць на антыкварыят і бутафорыю, гэта значыць падробку. Прыкладам апошняга паслужыць шафа з шуфлядамі, якія не адкрываюцца, і дзвярыма, за якімі нічога няма. Гэта толькі бачнасць шафы, створаная недзе ў 1990-я гады. Больш раннія імітацыі, па словах Аляксандра Трызны, выглядаюць лепш, сустракаецца бутафорыя высокага класа, напрыклад «сярэднявечнае» крэсла, некалі створанае кінастудыйнымі мастакамі.

На складзе захоўваецца казачнае люстэрка, зробленае спецыяльна для фільма «Рыжык у Залюстаркоўі» Алены Туравай. Тут жа мы знайшлі іканастас з бутафорскай царквы. «Для пэўнай карціны трэба было правесці здымкі ў царкве, але не знайшлося ніводнай, куды пусцілі б кіношнікаў. Давялося мастакам-дэкаратарам, гэта было недзе ў пачатку 2000-х, пабудаваць «царкву» і стварыць гэты іканастас». Цікавым узорам бутафорыі з'яўляецца цэлы камплект славутых гучнагаварыцеляў, з якіх аб'яўлялі аб пачатку вайны, паветранай трывозе і так далей.

На «Беларусьфільме» можна знайсці прадметы савецкага антуражу, часам унікальныя рэчы — напрыклад, канапу з архітэктурным элементам, створаную ў 1930-х, і больш сучасную мэблю. «Рэчы з 1960-х гадоў — час савецкага постмадэрну, моду на капіраванне заходніх аналагаў — мала дзе можна сустрэць». Але з дапамогай базы кінастудыі, здаецца, можна адлюстраваць кожнае дзесяцігоддзе, праўда, апошнім часам склад амаль не абнаўляецца. Папулярная практыка арэнды рэальных кватэр для здымак фільмаў дапамагае сэканоміць, спрасціць задачу мастаку-пастаноўшчыку, але, зразумела, не папаўняе кінастудыйны склад.

Цікавым водгаласам ужо не гістарычнай эпохі, а менавіта кінасправы з'яўляюцца скрыні для перавозкі рэквізіту і касцюмаў. Па надпісах часам можна прасачыць, куды вандравала скрыня і што ў ёй захоўвалася. На адной з іх, з абазначанай рабочай назвай карціны «Пяць прэзідэнтаў», ёсць дадатак: «Боты розныя камплект». На скрыні да фільма «Я — рускі салдат» бачыцца надпіс «Немцы жывыя». Значэнне невядомае.

Нешта з наяўных у актыве цэха рэчаў, на жаль, пацярпела ад неадпаведнага захоўвання. Аляксандр амаль у розных кутах знайшоў элементы аднаго антыкварнага люстэрка, якое дзесяцігоддзямі чакае аднаўлення. Яшчэ не так даўно ў штаце кінастудыі была пасада рэстаўратара, але з-за фінансавых цяжкасцяў супрацоўнікаў перавялі на дагавор падраду, які ў выніку таксама не працягнулі.

Дзеля гумару загадчык склада зрабіў выстаўку страчаных дэталяў. «З ручкамі бяда, — кажа Аляксандр і як доказ паказвае савецкі «сур'ёзны» стол. — Ён папулярны для фільмаў пра злосных следчых КДБ, якія, седзячы за гэтым сталом, дапытваюць невінаватую ахвяру. З чатырох ручак на месцы толькі адна. Астатнія трэба знайсці».

Па-ранейшаму «Беларусьфільм» не адмаўляецца ад новых экзэмпляраў, таму сваю прагную да славы мэблю можна аддаць на карысць кінастудыі. «Толькі моль лепш выганяць загадзя», — жартуюць супрацоўнікі.

Магчыма, калі-небудзь будзе рэалізавана ідэя музея кінастудыйнага антыкварыяту. Дакладна, склады мэблі здолеюць папоўніць экспазіцыю. Пакуль у цэху падрыхтоўкі здымак адбываецца перавозка касцюмаў, мэблі, рэквізіту, сістэматызацыя, акліматызацыя. Па кроках, але памяшканні ў новым корпусе, пабудаваным падчас рэканструкцыі кінастудыі, набліжаюцца да абсалютнага парадку.

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Класіцызм і мадэрн

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.