Вы тут

Як выбраць бяспечную цацку?


У дзяцінстве ўсё проста: табе падабаецца цацка і ты просіш яе ў бацькоў. Пасталеўшы, на выбар забаўкі для малых глядзіш па-іншаму: хочацца набыць не проста прыемны, але і бяспечны прэзент. Хто ведае, што «хавае» ў сабе прывабнае мяккае зайчаня? Дзеці вельмі чуллівыя да таксічных матэрыялаў, якія нярэдка выкарыстоўваюцца ў тым ліку і пры вытворчасці цацак. На што звяртаць увагу пры выбары падобных падарункаў? Як з імі абыходзіцца пасля пакупкі і ці мажліва вылічыць махлярства маркетолагаў? У гэтым нам дапамагала разбірацца кіраўнік праграмы па эка-дружным ладзе жыцця некамерцыйнай установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Дар'я ЧУМАКОВА.


«Махінацыі» на этыкетках

Разам з экспертам мы выправіліся ў сапраўднае цацачнае «царства» — аддзел «Дзіцячы свет» сталічнага ЦУМа.

— Нагледзеўшы цацку, перш-наперш прачытайце этыкетку, — тлумачыць Дар'я. — На ёй мусіць стаяць найменаванне «цацка» альбо «выраб для гульнявых мэтаў». Звычайная маска, як выявілася, з'яўляецца «аксесуарам карнавальным» і да цацак яна не мае ніякага дачынення. Чаму гэта важна? Па заканадаўстве такі тавар не з'яўляецца цацкай, а значыць, калі ўзнікнуць прэтэнзіі, патрабаванні да яго будуць іншыя.

Важна правяраць вытворцу, а таксама тэрмін службы кожнай забаўкі. У многіх сем'ях павялося, што цацкі перадаюцца ў спадчыну ад старэйшага дзіцяці да малодшага. Падаецца, экалагічны крок: рэччу карыстаюцца. Але! «Састарэлы» пластык паступова разбураецца, таму яго трэба своечасова ўтылізаваць, каб ён не нашкодзіў малому. Тое ж датычыцца забавак, зробленых з іншых матэрыялаў.

Расшыфроўваем маркіроўку. Самы важны знак для бацькоў — гэта ўзроставае абмежаванне.

— На цацках, прызначаных для дзяцей ад нуля да трох гадоў, абавязкова ўказваецца склад. У іншых выпадках вытворца можа не пазначаць гэтую інфармацыю, — кажа Дар'я. — Многія мамы сутыкаюцца з наступнай сітуацыяй. Набываючы цацку для дзіцяці, якому яшчэ няма трох гадоў, знаходзяць тую, якая візуальна падыходзіць пад гэты ўзрост. Праўда, на забаўцы стаіць пазнака «ад трох і старэйшых». Нядобрасумленныя вытворцы хітруюць, каб не ўказваць састаў тавару і не выконваць больш жорсткія заканадаўчыя патрабаванні. Гэта значыць, цалкам магчыма, што ў саставе такой цацкі ёсць небяспечныя для здароўя дзіцяці складнікі.

«ЕАС, «СТБ», «РТС», «УКРСепПРО» — не проста абрэвіятуры, а знакі адпаведнасці заканадаўству Мытнага саюза, Беларусі, Расіі і Украіны. Аднак ёсць маркіроўкі падобныя як дзве кроплі вады.

— «С Е» (Соnfоrmіtе Еurорееnnе) — знак адпаведнасці тавару заканадаўству Еўрапейскага саюза. Гэта вельмі якасны маркер, але яго лёгка зблытаць з кітайскай пазнакай «СЕ» (Сhіnа Ехроrt), — адзначае Дар'я. — Розніца паміж дзвюма маркіроўкамі толькі ў інтэрвале паміж літарамі: С і Е ў «фальшыўцы» стаяць бліжэй адна да адной, чым у сапраўдным знаку адпаведнасці ЕС. Некаторыя вытворцы карыстаюцца гэтым падабенствам, падмяняючы адзін знак іншым, бо кітайскае заканадаўства не такое жорсткае ў параўнанні з еўрапейскім.

Будзьце асцярожныя з забаўкамі, зробленымі  з «мяккага» пластыку: яны змяшчаюць у сабе фталаты.

Якое дрэва горшае за пластык?

Разглядаючы стэлажы, заваленыя канструктарамі, машынкамі, лялькамі, пазламі, няцяжка здагадацца, што цацкі часцей за ўсё вырабляюць з пластыку, драўніны альбо сінтэтыкі. З пластыкам трэба быць асцярожным: часам ён бывае небяспечным.

— Умоўна пластык можна падзяліць на дзве вялікія групы. Дзіцячыя канструктары, кубікі, вядзерцы і рыдлёўкі робяць з цвёрдага пластыку: поліпрапілен (пазначаецца лічбай «5», поліэтылен высокай і нізкай шчыльнасці (адпаведна пад нумарамі «2» і «4») і полівінілхларыд (таксама вядомы як ПВХ, лічба «3»). Самы бяспечны з іх — поліпрапілен. А ПВХ, наадварот, не надта ўдалы матэрыял для дзіцячых цацак. Ён выдзяляе таксічныя элементы, а ўлічваючы, што ў дзіцячым пакоі можа знаходзіцца некалькі цацак з ПВХ, рызыка ўзрастае, — гаворыць эксперт. — Да другой групы пластыкаў адносіцца мяккі пластык ПВХ-пластызоль. У яго дадаюць розныя пластыфікатары, дзякуючы якім цацка становіцца эластычнай, яе можна сціскаць. Аднак пластызоль можа змяшчаць у сабе фталаты (хімічныя рэчывы, якія здольны парушыць функцыянаванне эндакрыннай і рэпрадуктыўнай сістэм). Дзецям да года не рэкамендуецца гуляць з цацкамі, зробленымі з гэтага матэрыялу. Увогуле, спецыялісты раяць абмяжоўваць кантакт дзяцей з падобнымі забаўкамі.

Асартымент драўляных цацак у параўнанні з пластмасавымі проста мізэрны.

У асноўным на палічках можна ўбачыць наборы для мадэлявання і канструявання. У цацачнай вытворчасці выкарыстоўваюцца суцэльная драўніна і фанера. Настольная гульня джэнга зроблена з суцэльных брускоў дрэва, а мадэлі для канструявання — з фанеры. Неаднародны склеены матэрыял небяспечны тым, што дзеці могуць яго раскалупаць альбо разгрызці. Дар'я раіць звяртаць увагу на афарбоўку і пакрыццё лакам: гэтыя рэчывы могуць утрымліваць у сабе прымесі фармальдэгідаў (выклікаюць алергічныя рэакцыі, адмоўна ўздзейнічаюць на слізістую абалонку). Лепшы выбар — цацка з суцэльнай драўніны, якая дадаткова нічым не апрацавана.

Цацкі з сінтэтыкі бадай самыя папулярныя — цяжка «не растаяць», разглядваючы мяккіх мядзведзікаў, кацянят, парсючкоў і іншых прадстаўнікоў фаўны. Як правіла, яны зроблены са штучнага футра (паліэстэр) і дадаткова ўпрыгожаны рознымі дэкаратыўнымі элементамі.

— Практычна ўсе мяккія цацкі не рэкамендаваны для дзяцей, якім менш за тры гады, — выдае «сакрэт» эксперт. — Але што адбываецца ў дзіцячых пакоях? Нават у нованароджаных ёсць свой мяккі «звер», з якім дзіця не гуляе. Лепей адмаўляцца ад іх да той пары, пакуль малое не падрасце. Мала таго, што ў саставе мяккай цацкі могуць быць таксічныя матэрыялы, дык яны самі па сабе назапашваюць шмат пылу і бруду, якія змяшчаюць у сабе таксічныя элементы.

Савяня — цалкам экалагічны падарунак, зроблены з натуральных матэрыялаў.

Чым павінна пахнуць цацка?

Заўважаем парася з тэкстылю, на пузе якога красуецца ліпкі прынт. Падобныя прымочкі з ПВХ не падыходзяць для дзетак, якія спрабуюць цацкі на смак. Затое швы на парасяці аказаліся ў парадку. Увогуле, на паверхні цацкі не павінна быць сколаў, слядоў клею, вострых краёў і вуглоў. Этыкетку Дар'я раіць адразаць адразу ж пасля набыцця, каб дзіця выпадкова не парвала забаўку, цягаючы яе за «хвосцік».

Музычныя цацкі хаваюць небяспеку ўнутры. Невялікія круглыя батарэйкі лёгка дастаюцца, і гуляючы, малое можа проста іх праглынуць. Эксперт раіць аддаваць перавагу цацкам без батарэек, альбо сачыць за тым, як дзіця гуляе з такой забаўкай.

Нам трапляецца ліпкая навобмацак упакоўка, вельмі падобная да жаночай касметычкі. З гэтым «зверам» мы ўжо знаёмыя — гэта ПВХ-пластызоль. Хоць упакоўка выглядае вельмі прывабна, захоўваць цацкі лепш за ўсё ў драўляных, кардонных альбо палатняных скрынях. Калі прыглядзецца ўважліва, то на многіх упакоўках можна заўважыць пазнаку «ўпакоўка цацкай не з'яўляецца»: яе трэба ўтылізаваць адразу пасля распакоўкі.

Дарэчы, калі, распакаваўшы забаўку, вы адчулі ад яе моцны пах — можаце вярнуць выраб у краму як няякасны тавар.

— Цацка, прызначаная для дзяцей да трох гадоў, увогуле не павінна пахнуць. У іншых выпадках дапушчальны пах агульным балам «2»: гэта значыць, спажывец можа выявіць яго, толькі калі добра прынюхаецца, — адзначае Дар'я.

Кожная цацка мае свой сертыфікат адпаведнасці: у краме вам абавязаны прадаставіць яго па запатрабаванні цягам 5 дзён. Усе прэтэнзіі па цацках прымаюцца толькі пры наяўнасці ўпакоўкі.

Этыкетка — пашпарт любой цацкі

У канцы шпацыру эксперт-эколаг знайшла цацку, якая цалкам яе задаволіла: савяня, пашытае з ільну, унутры набітае вішнёвымі косткамі. Аднак, на жаль, забавак з натуральных матэрыялаў у асартыменце крамы вельмі мала. Але ў наступных нумарах «Сямейнай газеты» мы абавязкова распавядзём, што такое экалагічная цацка і ці магчыма яе зрабіць сваімі рукамі.

Для таго, каб мяккі «цуд» не ператварыўся ў пылазборнік, варта мыць цацку раз у два месяцы. Калі яе нельга праць у машыне, апрацоўвайце мыльнай пенай і працірайце анучкай. Для прафілактыкі ад пылавога кляшча цацку трэба пыласосіць, а пасля прасушыць на сонцы альбо ахаладзіць у маразільніку.

Мяккую цацку варта апрацаваць адразу ж пасля пакупкі. Для забавак з іншых матэрыялаў «чыстка» таксама важная: гэта паказвае, наколькі выраб бяспечны для малога. Калі цацку дазваляецца мыць у цёплай вадзе, значыць, яна добра афарбавана і кантакт з вадой ёй ніяк не нашкодзіць (гэта істотна, бо дзеткі любяць спрабаваць цацкі на «смак»). Калі ж цацку можна толькі апрацаваць вільготнай анучкай, значыць, на ёй ёсць дэталі, якія могуць стаць небяспечнымі ў руках малога.

Аўтар выказвае падзяку адміністрацыі ЦУМа за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Мілыя і падступныя... забаўкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.