Вы тут

Развучыцца любіць


Чытаю тэкст пра тое, што псіхолагі, хочаш не хочаш, з-за сваёй практыкі становяцца чэрствымі. Чэрствасць — прамое наступства гіперадчувальнасці. Калі цэлымі днямі на рабоце пражываеш розныя пачуцці — стамляешся. І калі ў звычайным жыцці, па-за межамі працоўнага кабінета, псіхолаг назірае складаную сітуацыю, ён застаецца назіральнікам. Мінуць не можа, бо гуманіст. Але і ўмяшацца таксама: «скура» баліць. І кожны радок адгукаецца ўва мне, кожнае напісанае тут слова варта адрасаваць і валанцёрам.


Ты пачынаеш дапамагаць людзям, таму што спачуваеш ім, перажываеш за іх, таму што неабыякавая. Спачатку ты прапускаеш усё праз сябе. Спачуваеш, перажываеш і пражываеш. Калі «скура» аблазіць і эмоцыі тыкаюць у голае «мяса», тваё цярпенне заканчваецца. Ты вырашаеш адгадаваць новую «скуру», а пакуль — фільтраваць эмоцыі. Хочаш пазбавіцца ад чужых перажыванняў. Ты гатова не перажываць і не пражываць за іх. Але вось у чым праблема: эмоцыі такія неразумныя, яны лезуць, як маленькія кацяняты, і зусім не ўмеюць падзяліцца на свае і чужыя. Ты ім: «Апсік!». І ўсё. Няма эмоцый, як ты прасіла.

Спачатку ты задаволеная. Нарэшце цішыня, спакой і нейтралітэт. Ты забаўляешся сваёй ураўнаважанасцю. Пазбавіўшыся ад эмоцый, спакойна звяртаешся да розуму. У вас з ім узаемаразуменне. Ніхто не замінае. Ты спакойна дапамагаеш іншым і паралельна жывеш сваім жыццём.

Ты заводзіш сям'ю сваёй мары. Але больш не разумееш, чаму так доўга пра яе марыла. Яна не дае радасці, шчасця, напоўненасці і любові. Не, ты разумееш, што рада і любіш. Разумееш. Але не адчуваеш.

Ты расцеш і змяняешся, у цябе з'яўляюцца новыя магчымасці, спраўджваюцца жаданні. Ты будуеш планы і не разумееш, для чаго. Ідзеш па шаблоне. Ты ведаеш, што кахаеш, але не адчуваеш кахання. Ты марыш, але не радуешся ажыццяўленню сваіх мар.

Ты церпіш страты, паражэнні, расстанні і здраду. А яны не кранаюць цябе, не баляць. На аголеным месцы даўно нараслі «скураныя пласты», надзейныя, удвая таўсцейшыя за мінулыя. Гэта твая браня. Ад жалю, скрухі, болю і расчараванняў. Ты ведаеш, што яны ёсць. Але не адчуваеш. І ты лічаш сваё цудоўнае пераўтварэнне найлепшым са здарэнняў.

Ты ведаеш, што любіш сваю сям'ю. Чаго яшчэ хацець? Дастаткова ведаць і жыць далей. І ты жывеш. Пашыраеш кола сям'і. Ты сустракаешся з сынам, які толькі што прыйшоў у гэты цудоўны свет розуму. Ён кволенькі, безабаронны, ляжыць на тваім жываце і зазірае сваімі напалову прыкрытымі вочкамі проста ў цябе. Ты сустракаешся з ім позіркам і... нічога не адчуваеш.

Ты думаеш, што любіш яго. Корміш, мяняеш падгузкі, носіш слупочкам да першай адрыжкі, калыхаеш на руках, пераапранаеш бодзікі, чытаеш мамскія форумы, буськаеш пульхныя шчочкі. І нічога не адчуваеш.

Я прайшла ўвесь твой шлях. Разам з табой. Мне давялося доўга шукаць твае пачуцці і разбірацца ў прычынах іх сыходу. Я не адразу звязала гэта з садранай «скурай». Шлях да эмоцый аказаўся доўгім. Але мы зрабілі гэта разам. Адшукалі іх. Цяпер ты ўгаворваеш іх вярнуцца. Пакрыўджаныя пачуцці нясмела, па чарзе высоўваюцца з-за высокай брамы. Бывае, заходзяць у госці. Але кожны раз ізноў вяртаюцца ў выгнанне, за калючы дрот, куды ты іх спаслала. Яны бачылі здраду і не вераць, што ты гатова прыняць назад. Ты і сама не верыш.

Кожны раз, калі на гарбату заходзіць Любоў, тваё сэрца трымціць ад страху згубіць яе. Праз акно ты бачыш чаргу каля сваіх дзвярэй: Расстанне, Страта, Боль, Адчай... Табе не хапае паветра, а сэрца стукае так моцна, што Любоў палохаецца і хаваецца за Думку. І ты ніяк не можаш выбраць: любіць ці думаць, што любіш.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.