Вы тут

Як жанчыны сумяшчаюць кар'еру і сваё галоўнае прызначэнне


Самай папулярнай спартыўнай персонай мінулага тыдня стала Дар'я Домрачава, і справа тут зусім не ў яе атлетычных подзвігах. Наша чэмпіёнка і тытулаваны нарвежскі біятланіст Уле-Эйнар Б'ёрндален нарэшце абвясцілі аб сваіх адносінах. Больш за тое, стала вядома, што ў «зорнай» пары хутка з'явіцца дзіця, такім чынам, тандэм Дар'і і Уле-Эйнера ператворыцца ў сапраўдную сям'ю. Сярод заўзятараў і журналістаў паўсталі асцярогі, маўляў, «мы страцілі чэмпіёнку», аднак Даша паспяшалася ўсіх абнадзеіць: яна плануе вярнуцца ў вялікі спорт ужо ў студзені 2017 года. Пакуль грамадскасць разважае пра тое, якой краіне будзе прыносіць медалі спадчыннік спартыўных бацькоў, мы раскажам пра некаторых беларускіх матуль-чэмпіёнак і пра іх стаўленне да сваіх галоўных жыццёвых узнагарод — дзетак.

На самых буйных спартыўных арэнах планеты гэтыя дзяўчаты паказваюць найлепшыя секунды, хвіліны, метры, атрымліваюць найвышэйшыя балы. На іх выступленні глядзяць мільёны людзей, яшчэ столькі ж захапляюцца іх сілай, уменнем і здольнасцямі. Яны атрымліваюць кубкі, медалі і добрыя прызавыя, але іх галоўнае шчасце заключаецца не ў гэтым. Акрамя гордага звання чэмпіёнкі, кожная з іх мама — чалавек, які даў новае жыццё.


Ала ЦУПЕР, алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле:

«Мы з мужам вельмі хацелі другое дзіця»

Гэтая дзяўчына прыехала да нас з Украіны, і можна сказаць, што менавіта з яе пачаўся жаночы фрыстайл у Беларусі. Алімпіяду Ала называла самым няўдалым для сябе турнірам, вялікая адказнасць, хваляванне і, як вынік, правальныя выступленні. Але ўсё змянілася ў 2014-м, калі беларуская спартсменка на сваіх пятых Алімпійскіх гульнях заваявала чэмпіёнскі тытул.

Хто паверыць, але за два гады да таго Ала пакінула спорт, нарадзіла дачку, акунулася ў сямейнае жыццё, побыт і ўжо не збіралася вяртацца на снежны схіл. Яна занадта шмат аддала спорту і цяпер увесь свой час хацела прысвяціць любаму мужу Яўгену і дачцэ Лізавеце. Як прызнаецца пазней галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Мікалай Казека: «Мы ўсе ўсё роўна чакалі Алу ў камандзе». Мабыць, гэта ведаў і яе муж, менавіта ён папрасіў жонку вярнуцца ў спорт.

«Калі мы толькі пазнаёміліся, Яўген хацеў, каб я развіталася з фрыстайлам, бо, як і любая спартсменка, я ўвесь час была ў раз'ездах: зборы, трэніроўкі, спаборніцтвы. Калі дачцэ было 8 месяцаў, ён сказаў мне: «Можа паспрабуеш яшчэ раз? Ты ж так даўно хацела заваяваць алімпійскі медаль». Я падумала, чаму б і не вярнуцца, калі ёсць такі шанц?»

Ала прыступіла да трэніровак, фізіялагічныя якасці яе арганізма хутка дазволілі вярнуць былую форму, але апроч мары пра алімпійскае «золата» ў яе сэрцы было яшчэ адно жаданне — «Мы з мужам вельмі хацелі другое дзіця».

У 34 гады яна прынесла Беларусі перамогу на Алімпіядзе, выканаўшы не толькі сваю мару, але і соцень айчынных заўзятараў. А праз паўгода пасля гучнай перамогі даведалася пра іншае дзіва — Цупер чакала другое дзіця.

«Самае складанае, чым давялося ахвяраваць, — гэта расстанне з дачкой перад Алімпійскімі гульнямі. У лістападзе нам з мужам прыйшлося адвезці яе да маёй сястры і бацькоў, а ўбачыліся мы толькі пасля Алімпіяды ў лютым», — успамінае Ала.

Цяпер шчаслівая мама дваіх дзяцей цалкам займаецца сям'ёй, усё радзей Алу можна ўбачыць на спартыўных спаборніцтвах, але самыя адданыя заўзятары яе таленту песцяць мару ўбачыць Цупер у паветры.


Марына АРЗАМАСАВА, чэмпіёнка свету і Еўропы ў бегу на 800 метраў:

«Дачка прымушае мяне бегчы яшчэ хутчэй»

Сама Марына нарадзілася ў спартыўнай сям'і. Яе мама Равіля Аглетдзінава таксама займалася лёгкай атлетыкай і не раз выйгравала буйныя сусветныя турніры, тата спецыялізаваўся на скачках у вышыню. Дарэчы, па ўспамінах трэнера Равілі, маленькая Марына зрабіла свае першыя крокі менавіта на стадыёне, мабыць, тады і вырашылася яе будучыня. Муж Арзамасавай таксама былы спартсмен, у іх сям'і расце маленькі цуд — Аляксандра. Ці працягне дачка сямейныя традыцыі?

«Усё будзе залежаць толькі ад яе жадання, вядома, талент таксама адыгрывае вялікую ролю, але асноўнае — гэта працавітасць і ўласнае жаданне чалавека. На дадзены момант Сашка вельмі актыўная дзяўчынка, у яе добра атрымліваецца бегаць пад каманду «на старт, увага, марш!» — адзначае мама Марына.

Каму-каму, а Арзамасавай нараджэнне дзіцяці дакладна пайшло на карысць. Пасля з'яўлення «навагодняга цуду», а менавіта так называюць Сашу бацькі (дзяўчынка нарадзілася 29 снежня), спартыўныя вынікі Марыны пайшлі ўгару — яна стала спачатку чэмпіёнкай Еўропы, а затым і лепшай у свеце. Можа, яе сакрэт поспеху заключаецца менавіта ў сям'і? Бо, па прызнанні самой спартсменкі, перад чэмпіянатам Еўропы муж спецыяльна браў адпачынак. Каб дапамагчы жонцы падысці да спаборніцтваў у аптымальнай форме, ён стаў яе напарнікам і штодзень пераадольваў дыстанцыю разам з Марынай. Ну, а дачка Аляксандра з нецярпеннем чакала маміных медалёў дома, дарэчы, менавіта дачку спартсменка называе галоўным стымулам для росту.

«Яна прымушае мяне бегчы яшчэ хутчэй. На адным з чэмпіянатаў Еўропы ў памяшканнях я заняла 3-е месца, — распавядае Марына Арзамасава. — І гэтым вельмі засмуціла Сашу, яна ледзь не плакала, дома яе супакойвалі, казалі, што трэцяе месца — гэта таксама добра, за яго таксама даюць медалі, але дачка заўсёды кажа: «Я хачу, каб мама займала толькі першыя месцы і прывозіла дадому кубкі».

У гэтым годзе ўсе беларусы разам з маленькай Сашай чакаюць чарговай перамогі мамы Марыны.


Наталля ЦЫЛІНСКАЯ, васьміразовая чэмпіёнка свету, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, шматразовая пераможца этапаў Кубка свету па веласпорце:

«Я ганаруся сваёй чацвёркай»

Хто знаёмы з Наталляй, ведае — яна батарэйка, здаецца, яе энергіі хопіць, каб падзарадзіць увесь свет. Неяк спартсменка сказала: «Спачатку з мяне зрабілі машыну для вытворчасці медалёў, а потым для вытворчасці дзяцей». Наташа прывыкла браць ад жыцця максімум, у спорце ёй не хапіла толькі залатой алімпійскай узнагароды, але здаецца, Цылінская спаўна вырашыла рэалізавацца ў іншым прызначэнні — мацярынстве. Сёння Наталля сапраўдная шматдзетная мама, як сказалі б у веласпорце, «у яе актыве» тры дачкі і сын Мішка.

У гады спартыўнай кар'еры Наташа нарадзіла Машу. Малая ніяк не паўплывала на вынік мамы-чэмпіёнкі. Веласіпедыстка хутка пасля родаў прыступіла да трэніровак і пасля з'яўлення першага цуду ў сваім жыцці заваявала яшчэ не адзін тытул.

«Як цяпер памятаю: я на станку трэніруюся, а Маша ўсю трэніроўку моўчкі побач сядзіць на зэдліку. Не ведаю, як ёй гэта ўдавалася! Пацялёпае ножкамі — ды і засне», — успамінае Наталля сваё першае мацярынства.

Праз гады мама Цылінская прызнаецца, што ўсё ж першай дачцэ яе ўвагі было мала, таму і вырашыла «завязаць» з веласіпедам і цалкам займацца сям'ёй.

«Медалі медалямі, але трэба вяртацца да вытокаў, дзе асноўнае прызначэнне жанчыны — гэта мацярынства», — разважае Наташа.

Цяпер у яе сям'і чацвёра дзяцей, з усімі яна спраўляецца на ўра, а калі гэта не атрымліваецца, на дапамогу прыходзіць не толькі муж, але і ўжо дарослая старэйшая дачка.

«Я заўсёды хацела шмат дзяцей, таму што сама расла адна і гэта было жудасна сумна. Яны цяпер у мяне сварацца, мірацца, цалуюцца, і гэта сапраўднае шчасце, паўнавартасная сям'я. Я ганаруся сваёй чацвёркай», — кажа Цылінская.

Цяпер акрамя сваіх дзяцей Наталля займаецца і чужымі, яна вярнулася ў спорт у ролі трэнера і, хто ведае, магчыма, сёння тытулаваная спартсменка гадуе новых чэмпіёнаў.

lobazhevich@zviazda.by

Фота з архіва гераінь

Загаловак у газеце: Мамы-чэмпіёнкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.