Вы тут

Маленькія дзеткі — маленькія бедкі


Кажуць, што толькі чужыя дзеці растуць хутка. На мой погляд, гэта не зусім так: свае растуць яшчэ шпарчэй. Ды так, што ты не заўсёды нават паспяваеш своечасова прыкмячаць усе перамены.


З улікам таго, як наша Васіліса цягнецца да аднагодкаў, мы з жонкай вырашылі не адкладваць рашэнне пытання з дзіцячым садам да трох гадоў. Ды і па жонцы было відаць, як яна марудзіцца без працы. Таму, як толькі Васілісе споўнілася два гады, мы, канчаткова ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць», пачалі афармляць неабходныя паперы.

Падрыхтоўка дачкі да дзіцячага сада пачалася задоўга да валтузні з паперамі. Жонка адмыслова загадзя сфарміравала для яе максімальна падобны распарадак дня. Падчас прагулак мы нярэдка бавілі час каля садаўскіх пляцовак і акцэнтавалі ўвагу Васілісы на тым, як там весела дзецям. Рыхтавалі малую, але чамусьці зусім забыліся настроіць на адпаведны лад сябе.

І вось накіраванне на руках, заўтра — першы раз у дзіцячы сад. Прызнаюся, што з вечара пачало прабіраць хваляванне. Дачка чамусьці ўжо не падавалася такой дарослай, як раней. Хацелася часцей яе абняць, каб даць крыху сваёй пяшчоты і пра запас. Раніцай, калі збіраліся: бясконца паўтаралі дачцэ, як ёй будзе добра ў дзіцячым садзе. Падбадзёрвалі і разумелі, што больш намагаемся супакоіць сябе, бо малая асабліва і не хвалявалася. Неспакойна было нам, бацькам. Сэрца шчаміла ад таго, як нават на адну гадзіну пакінуць яе з незнаёмым чалавекам: раптам яна будзе баяцца ці саромецца і не зможа патлумачыць, што ёй патрэбна... Гэтыя думкі не давалі спакою. І чым бліжэй падыходзілі да ганка, тым больш сумненняў наконт свайго рашэння ўзнікала. Ніякавата рабілася і ад таго, як хутка праляцеў час. Толькі-толькі гэты цуд з'явіўся на свет, мы абачліва станавіліся ў чаргу на месца ў садзе на далёкі 2016 год, і вось гэты дзень ужо прыйшоў...

Усе нашы хваляванні развеяла Васіліса. Толькі пераапранулі, яна сама пабегла ў групу. Нават не азірнулася, не сказала «пакуль». Мы ажно разгубіліся. Імгненне пастаялі і таксама пайшлі. Літаральна праз хвіліну, калі праходзілі міма акон, краем вока заўважылі, што яна ўжо катаецца з горкі. Ёй было добра, спакойна стала і нам.

Калі ўвечары прыйшлі забіраць дачку, яна, наперакор чаканням, не імчала насустрач, хутчэй наадварот — была засмучана, што неабходна сыходзіць. Так было першы, другі, трэці дзень. На чацвёрты — Васіліса ўжо шукала бацькоў, на пяты — раніцай ледзь стрымала слёзы і плакала ад шчасця, калі яе забіралі, моцна абдымала і гаварыла, што сумавала. Гэта, безумоўна, вельмі хвалявала нас, але мы стрымліваліся, супакойвалі малую і тлумачылі ёй, навошта хадзіць у сад.

Варта адзначыць, што дачка вельмі мужна пераносіць усе выпрабаванні, звязаныя з дзіцячым садам. Яна амаль не капрызнічала, калі праходзілі медыцынскую камісію. Пачала прачынацца раней, чым звычайна. А яшчэ Васіліса перасіліла сябе і пачала даваць заплятаць валасы. Калі раней хвосцікі і коскі на яе галаве «жылі» літаральна 1-2 хвіліны, то цяпер яна цярпліва носіць іх роўна да той хвіліны пакуль не прыйдуць бацькі. І толькі зачыняюцца дзверы ў групу, яна ў першую чаргу здымае ўсе заколкі і гумкі.

Нашы дзеці растуць вельмі хутка. Дзіцячы сад, школа, універсітэт, шлюб — прыступка за прыступкай яны смела ідуць наперад, а побач — мы, бацькі, якія абавязкова хвалююцца за кожны крок і, час ад часу, прыгадваюць, як усё было бесклапотна, калі карапузы ляжалі ў калысках.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».