Вы тут

Чаму 93-гадовай пенсіянерцы не даюць дажыць ва ўласнай кватэры


93-гадовая пенсіянерка не згодна з заключэннем медыкаў.

«Калі б мне гэту гісторыю расказалі, падумала б, што такога не можа быць». У аднапакаёвай «хрушчоўцы» ў цэнтры Мінска стаіць пах карвалолу. Гаспадыня кватэры, пенсіянерка Клаўдзія БАРАЎКОВА, сядзіць на старэнькай канапе і, выціраючы слёзы, расказвае, як год таму страціла спакой. У свае 93 гады ветэран вайны вымушана хадзіць па судах — даказваць, што з'яўляецца дзеяздольнай. Клаўдзія Нікандраўна самастойна абслугоўвае сябе, добра арыентуецца ў коштах на прадукты і можа працытаваць вершы са школьнай праграмы. Чаму ж тады псіхічнае здароўе адзінокай бабулі ставяць пад сумненне? Пенсіянерка ўпэўнена: прычына — яе адмова пераехаць з уласнай кватэры ў інтэрнат, на чым так настойвалі органы апекі.


Клаў­дзія Ні­канд­раў­на не ра­зу­мее, ча­му яе хо­чуць пры­знаць не­дзея­здоль­най.

Сказалі «на рэнтген» — завялі да псіхіятраў

Cвае найлепшыя гады Клаўдзія Нікандраўна правяла на вайне. Была радысткай-кадзіроўшчыцай у авіяцыі. Атрымлівала зашыфраваныя прагнозы ад сіноптыкаў, па якіх потым складалі карты надвор'я.

— Я з таго пакалення, калі Радзіма казала — трэба, і мы выконвалі. Вайна — ідзём на абарону. Аднаўляць народную гаспадарку — мы тут, — кажа пенсіянерка.

Клаўдзія Нікандраўна паспела атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці інжынер-хімік. Усё жыццё працавала ў шкодных умовах. «На заводзе, дзе я рабіла, была сапраўдная душагубка», — узгадвае бабуля.

Родных у старой не засталося. Магчыма, жывыя пляменнікі, але Клаўдзія Нікандраўна шмат гадоў іх не бачыла. Замужам жанчына не была.

— Маё пакаленне самае няшчаснае ў гэтым плане, — заўважае пенсіянерка. — У арміі былі юнакі, закаханыя ў мяне, якія прапаноўвалі пажаніцца. Абодва Сашы. Адзін сібірак, другі з Іванава. А я тады жыла ў Маскве і нікуды адтуль з'язджаць не хацела. Запрасіць сваіх жаніхоў да сябе не магла: у нашай камуналцы было цесна. І вось так мы рассталіся. Саша з Іванава і пасля вайны пісаў, прасіў дазволу сустрэцца. Не пабачыліся... Быў потым грамадзянскі шлюб. Але такога чалавека, якога хацела б сабе ў спадарожнікі, я не сустрэла.

Сям'ю, як яна сама прызнаецца, замянілі староннія людзі: сястра Таццяна са Свята-Елісавецінскага манастыра і былы сусед Аляксей (яны і звярнуліся да нас у рэдакцыю з просьбай разабрацца ў сітуацыі. — Н.Л.). Малады хлопец ужо тры гады наведвае пенсіянерку штодзень, ходзіць для яе па прадукты і ў аптэку, заносіць грошы за камунальныя плацяжы.

А вось сацыяльнага работніка «выбіць» было не так проста. Па словах Клаўдзіі Нікандраўны, яе заяву з просьбай аб аказанні дапамогі вельмі доўга разглядалі і спачатку адмовілі. Маўляў, людзей не хапае. Замест гэтага прапанавалі перасяліцца ў Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах.

— Прыйшла жанчына і вельмі нахвальвала жыццё там, — распавядае пенсіянерка. — А навошта мне гэты старэчы інтэрнат? Я катэгарычна адмовілася — і вусна, і пісьмова. Хачу дажыць жыццё ў сваёй кватэры.

А пасля пачалося тое, што інакш як страшным сном і не назавеш. Праз колькі дзён у кватэру зайшлі два здаравенныя мужчыны. Не прадставіліся, не далі старой павячэраць, вывелі яе на вуліцу ў тапачках, пасадзілі ў машыну і прывезлі ў бальніцу ў Навінках. Праўда, атрымаць адтуль характарыстыку аб недзеяздольнасці бабулі не ўдалося. У заключэнні псіхатэрапеўта напісана, што ў Бараўковай ёсць пэўныя арганічныя адхіленні, але ў цэлым пенсіянерка здаровая: у яе спакойнае мысленне, яна засяроджваецца на пытаннях, арыентуецца ў абстаноўцы. Ад той «шпіталізацыі» пенсіянерка адыходзіла доўга.

На гэтым гісторыя не скончылася. Месяц таму жанчыне сказалі, што павязуць на рэнтген, а завялі да псіхіятраў. Судова-медыцынская экспертыза, праведзеная па заяве 34-й паліклінікі, якая выконвае функцыі органа апекі і папячыцельства, паставіла псіхічнае здароўе ветэранкі пад сумненне. Але пенсіянерка і яе знаёмыя ўпэўнены ў прадузятасці і не давяраюць вынікам працэдуры...

«Пай­шла на вай­ну ў 18, вяр­ну­ла­ся ў 22», — ве­тэ­ран тры­мае да­ра­гія для яе ўзна­га­ро­ды.

«Пакоі захламлены, прадуктаў няма»

У звароце, які паступіў у пракуратуру Савецкага раёна сталіцы ад 34-й паліклінікі, напісана, што Клаўдзія Бараўкова неадэкватная, не арыентуецца ў часе, выглядае неахайна, а кватэра захламлена. Органы апекі настойваюць на тым, што ў сілу свайго захворвання старая не можа даглядаць сябе і мае патрэбу ў пастаяннай старонняй дапамозе. (У 2010 годзе бабулі сапраўды пад пытаннем паставілі дыягназ «сасудзістая дэменцыя» — пагаршэнне інтэлектуальных здольнасцяў чалавека, выкліканае захворваннямі сасудаў галаўнога мозга.)

— Да нас прыходзіў ліст з тэрытарыяльнага цэнтра аб неадэкватных паводзінах Бараўковай, аб антысанітарным стане кватэры, — каментуе Галіна ЗВЯРКО, загадчыца юрыдычнага сектара 34-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі. — Нашы ўрачы таксама казалі, што часам не маглі трапіць да яе. Я сама асабіста з актам абследавання прыходзіла да дому да пенсіянеркі разы тры. Кватэра была цалкам захламлена каробкамі. Бараўкова не давала прыбіраць, дазволіла толькі навесці парадак крыху на кухні і памыць акно. Штор там няма, чыстай пасцельнай бялізны таксама. У кладоўку ўвогуле зайсці немагчыма. Мэблі амаль не было. Толькі стаяў стол пасярэдзіне пакоя і «тапчан», на якім старая спіць. Прадуктаў харчавання і нармальнага посуду мы не ўбачылі.

Органы апекі запэўніваюць, што дзейнічаюць выключна ў інтарэсах самой пенсіянеркі і іншых жыхароў дома.

— А раптам яна паставіць на пліту ежу гатавацца і забудзе? Увесь пад'езд спаліць ці ўзарве! — прыводзіць аргумент Галіна Звярко.

Разам з тым, нягледзячы на заявы пра тое, што Клаўдзія Нікандраўна не пускала да сябе спецыялістаў паліклінікі, у яе ёсць рэцэпты на бясплатныя лекі, а ў медыцынскай картцы маюцца запісы аб абследаванні. Сама ж бабуля прызнаецца, што добра ведае, як выглядае яе ўчастковы тэрапеўт, а ў кватэру не давала зайсці толькі незнаёмым урачам.

Што да сацыяльнай службы, якая з мінулага лета ўсё ж такі выдзеліла работніка для ветэрана, то там сцвярджаюць, што сёння з Бараўковай ніякіх праблем няма.

— Наш спецыяліст прыходзіць да Клаўдзіі Нікандраўны два разы на тыдзень. Усё нармальна. Яна кантактная, — адзначылі ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна.

Кватэра пенсіянеркі сапраўды ўся застаўлена каробкамі. Лядоўні няма, прадукты — гарбата, аўсянка, макарона — захоўваюцца на падаконніку. Клаўдзія Нікандраўна тлумачыць, што гэты хаос звязаны з тым, што яна некалі збіралася пераязджаць. Пакуль родныя былі жывыя, шукала кватэру бліжэй да іх. Абмен так і не адбыўся, а рэчы ў каробках засталіся.

— Тут складзена ўся мая маёмасць, нажытая за 93 гады. Чэшскі гарнітур паліраваны, шмат посуду, адзення, — пералічвае бабуля. — Я не буду ўжо мэблю выстаўляць. Колькі мне тут засталося?.. Тое, што ўсе мае рэчы запакаваны, выдаюць за кампрамат. Але ж я гаспадыня, хто можа мне ўказваць, як захоўваць сваю маёмасць?

Лёс вызначаць органы апекі

Ёсць у гэтай гісторыі яшчэ адзін важны момант. Нядаўна пенсіянерка прыватызавала кватэру. Дакументы — па яе даверанасці — афармляў былы сусед і сябар бабулі Аляксей. Грошы за прыватызацыю Клаўдзія Нікандраўна ўносіла свае.

У органах апекі пра гэту працэдуру ведалі. І ў сваім звароце ў пракуратуру нават напісалі, што падазроныя грамадзяне хочуць скарыстацца станам жанчыны і падманным шляхам завалодаць кватэрай. Так гэта ці не так, гадаць не будзем.

Цяпер жа, пасля прыватызацыі, яна зможа завяшчаць жыллё каму заўгодна (пры ўмове, што бабулю не прызнаюць недзеяздольнай). І калі раптам аб'явяцца сваякі, то ў іх будзе права прэтэндаваць на гэтыя метры.

Кропка ў гэтай справе яшчэ не пастаўлена. Суд пакуль прызначыў амбулаторна-камісійную судова-псіхіятрычную экспертызу, якую мусяць правесці незалежныя спецыялісты. Органы апекі, праўда, былі супраць. Маўляў, навошта яшчэ раз траціць дзяржаўныя грошы, ёсць жа заключэнне ўрачоў.

Па словах адваката бюро «Права і сямейная медыяцыя» Наталлі ЯФІМЧЫК, суд не можа змясціць пенсіянерку ў інтэрнат — ён толькі прымае рашэнне аб яе дзеяздольнасці. Калі ўсё ж Клаўдзію Нікандраўну прызнаюць недзеяздольнай, далейшы лёс яе будуць вызначаць органы апекі і папячыцельства. Але там, здаецца, ніякія варыянты, апроч накіравання ў псіханеўралагічны інтэрнат, не разглядаюць. Хоць у тэорыі бабулі могуць дазволіць жыць у кватэры, калі хтосьці з блізкіх аформіцца апекуном і будзе яе даглядаць.

Сама Клаўдзія Нікандраўна, якая, вядома, у сілу свайго ўзросту ўжо мае патрэбу ў дапамозе, але адказвае за свае дзеянні, спадзяецца на лепшае. Яна чакае сваё любімае свята — 9 Мая. І хоча сустрэць Дзень Перамогі ў родных сценах.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: «Хачу дажыць у сваёй кватэры!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што мяняецца з 1 снежня

Што мяняецца з 1 снежня

Вырасце памер пенсiй: па ўзросце, за выслугу гадоў, па iнвалiднасцi, з прычыны страты кармiцеля. 

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Пра гэтыя i iншыя прапановы ў законапраект аб валанцёрскай дзейнасцi разважалi эксперты падчас круглага стала.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава.