Вы тут

Фарэль па-радзівілаўску


Калісьці далікатэсную рыбку спажывалі магнаты, а цяпер яе разводзяць у прамысловых маштабах.

Сцерлядзь, бялуга, асетр і нават афрыканскі сом... Гэтым «іншаземцам» у айчынных крамах ужо ніхто не здзіўляецца. Але паспытаць элітнай рыбкі не кожнаму па кішэні — дарагавата. Беларускія рыбныя гаспадаркі па гадоўлі каштоўных парод рыб працуюць над зніжэннем сабекошту прадукцыі. І, магчыма, ужо ў найбліжэйшы час пакаштаваць далікатэсную прадукцыю змогуць нашы суайчыннікі з любым дастаткам.


На берагах ракі Сула, што ў Стаўбцоўскім раёне, месціцца філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Альба» па развядзенні радужнай фарэлі. Асноўная вытворчасць знаходзіцца ў суседнім Нясвіжскім раёне. Сажалкі рыбгаса «Альба» на рацэ Уша пабудаваны ў пачатку XІX стагоддзя пры князях Радзівілах. Гэтыя вадаёмы не бяднеюць на рыбу і да гэтага часу.

Месца для філіяла таксама выбралі невыпадкова. Тут прыдатныя для патрабавальнай і капрызнай «іншаземкі» ўмовы: чыстая вада са спрыяльным тэмпературным рэжымам і хімічнымі паказчыкамі.

— Першая чарга таварнай фарэлевай гаспадаркі пачала дзейнічаць у 2014 годзе, — расказаў дырэктар рыбгаса «Альба» Міхаіл Трусевіч. Вытворчая магутнасць яе — 134 тоны рыбы за год. Цяпер распрацоўваецца праектная дакументацыя на будаўніцтва другой чаргі. Увесці яе ў дзеянне плануецца ў 2018-м, што дазволіць гадаваць 270 тон фарэлі. У цэлым акупіць праект плануецца за сем гадоў.

Сёння вытворчасць 1 кілаграма фарэлі абыходзіцца прадпрыемству ў 65 тыс. рублёў. Прадаецца яна ў сеткавыя крамы па 90 тыс. рублёў. Амаль траціна затрат прыпадае на корм, паколькі ён закупляецца ў Польшчы.

— Каштоўныя віды рыб разводзяць у штучных умовах, не ў нагульных сажалках, як, напрыклад, карпа. І гэта патрабуе жорсткага захавання тэхналогій. Але з цягам часу ўсё гэта акупляецца. Разам з тым варта пераарыентавацца на айчынны корм, што дазволіць зменшыць затраты, — лічыць старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, які наведаў фарэлевую гаспадарку.

Як адзначыў кіраўнік філіяла, пытанне цалкам вырашальнае. Пачаліся перамовы з Жабінкаўскім камбікормавым заводам на пастаўку «правіянту» для фарэлі, што дазволіць знізіць сабекошт прадукцыі на 10%. Акрамя таго, спецыялісты Горацкай сельгасакадэміі маюць намер распрацаваць спецыяльнае меню для рыбы.

Менавіта ад добрага догляду і рацыёну харчавання залежыць здароўе і захаванасць элітнай рыбы.

— Нормы кармлення фарэлі рэкамендуюцца вытворцамі кармоў. Мы іх крыху рэгулюем, у залежнасці ад колькасці і вагі асобін, ад тэмпературы вады: чым вышэйшая тэмпература, тым лепшы апетыт у рыбы, — распавёў галоўны рыбавод гаспадаркі Руслан Раўнівых. — Кормім рыбу 6 разоў на суткі. На некаторых прадпрыемствах 3-разовае харчаванне і толькі днём. У цемнаце фарэль не есць. У нас жа дастатковая асветленасць, каб карміць і ноччу.

Фарэль, як сцвярджае Руслан Вячаслававіч, — пражэрлівы драпежнік, які можа паядаць сабе падобных меншых памераў. Таму ў кожным з басейнаў утрымліваюць экзэмпляры адной вагі: па 800, 575, 370 грамаў. Фарэль расце хутка, за паўгода дасягае кілаграма. Вядома, пры спрыяльных умовах. Таму тэмпература вады і колькасць у ёй кіслароду пастаянна кантралююцца.

У чатырох басейнах жыве 26 тыс. асобін. Вада ў іх паступае з артэзіянскай свідравіны.

— Маем магчымасць браць ваду з ракі. Але пакуль у гэтым няма патрэбы. У свідравіне тэмпература вады вышэйшая, чым у Суле. У выніку — меншыя затраты на яе падагрэў, — канстатуе Руслан Вячаслававіч.

Сёлета ў гаспадарцы плануюць вырасціць 100 тон фарэлі. У гандлёвую сетку паступае жывая або ахалоджаная фарэль вагой 1-1,5 кілаграма. Менавіта вытворчасць рыбы такіх памераў для гаспадаркі рэнтабельная. Для перапрацоўкі неабходна, каб фарэль нагуляла вагу да 4 кілаграмаў. А гэта для вытворцы нявыгадна, паколькі павялічваецца кармавы складнік і адпаведна — сабекошт.

Па словах дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Белводгас» Сяргея Ляцко, у 2015 годзе ў Беларусі было выгадавана 353,5 тоны каштоўных відаў рыбы, сёлета плануецца — 800 тон. Да 2020-га аб'ём вытворчасці яе ўзрасце да 1,2 тыс. тон. Гэта прадугледжана праграмай развіцця аграбізнесу Беларусі на 2016—2020 гады.

— Папярэдні склад урада паставіў задачу максімальна вырашыць пытанні забеспячэння жыхароў краіны рыбай. Мы пайшлі не толькі шляхам павелічэння аб'ёмаў вядомых азёрных парод. Акцэнт быў зроблены на тое, каб забяспечваць сябе максімальна каштоўнымі відамі рыб: асятровымі, фарэлевымі. На гэта арыентавала Рэспубліканская праграма развіцця рыбнай галіны на 2010—2015 гады. Яна выканана не ў поўным аб'ёме, але адбыліся значныя зрухі ў лепшы бок. Многія рэгіёны ўжо маюць дастаткова добрыя вынікі. У першую чаргу Магілёўская вобласць, якая ўвяла ў мінулай пяцігодцы шэраг магутнасцяў па вытворчасці каштоўных парод рыб: у Бялынічах, Быхаве, Касцюковічах. Невялікія вытворчасці створаны на Віцебшчыне, дастаткова актыўна пачалі займацца гэтай справай у Мінскай вобласці, — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі засяродзіў увагу на тым, што адначасова з павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці вырашаюцца пытанні поўнага тэхналагічнага цыкла гадоўлі каштоўнай рыбы. У Горках створаны комплекс па развядзенні малькоў фарэлі. Гэтым пасадачным матэрыялам карыстаецца і рыбная гаспадарка «Альба». І, як сцвярджаюць спецыялісты, заменнік імпарту добра сябе зарэкамендаваў.

Фота Васіля Зянько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?