Вы тут

«Прыхаджане» — тыя, што прыйшлі і пайшлі?


Маю маму на мінулым тыдні абакралі... у царкве. Ідучы да прычасця, яна паставіла сумку на лаўку ля сцяны. Нехта выцягнуў адтуль кашалёк (у якім было ўсяго дзесяць тысяч і пенсійнае пасведчанне) і пальчаткі — тэкстыльныя, але падобныя на скураныя. Тэлефон, на шчасце, быў у кішэні.


Як звычайна бывае, калі нешта ўкрадуць або згубіш, мы доўга не маглі паверыць у такую неспадзяванку. Разоў дваццаць ператрэслі сумку, «пацярпелая» крок за крокам, секунда за секундай аднаўляла ў памяці свой паход на споведзь. Выснова была несуцяшальная: рэчы сапраўды прапалі, і прапалі менавіта ў царкве з зашпіленай сумкі...

Назаўтра мая Васілеўна зноў патэпала ў царкву — ужо без сумненняў, але з надзеяй, што, парушыўшы восьмую Божую запаведзь прама ў храме, злодзей усё ж верне хаця б дакумент. Надзея аказалася марнай, але затое ад кабеты, што прадае свечкі, давялося пачуць цэлую лекцыю аб прафілактыцы правапарушэнняў: маўляў, за сваімі рэчамі трэба пільна сачыць усюды, ну і што, што царква, — сюды ўсякія людзі ходзяць, гэта тут ужо не першы выпадак, нават бацюшка кажа, што ёсць вернікі, а ёсць прыхаджане — тыя, што прыйшлі і пайшлі...

Мы пасля доўга пра гэта разважалі. Скрадзенага было не шкада, невялікая страта, а калі б і вялікая — усё роўна не вернеш. Гаварылі больш пра людзей — пра сорам, сумленне, грэх, урэшце, якога не баяцца. Пра тое, што, ступіўшы гадоў трыццаць назад на дарогу да храма, амаль усе мы так і засталіся на пункце адліку, не зрабіўшы ніводнага кроку наперад. Бо з таго часу, як хадзіць у царкву або касцёл стала можна, людзі не сталі дабрэйшымі, не сталі больш клапаціцца пра бліжняга, менш хлусіць і здраджваць — і ў вялікім, і ў паўсядзённым.

Раней, калі вера была фактычна забароненая, яна была своеасаблівай «лакмусавай паперкай» для кожнага. З нашай вялікай па тым часе вёскі ў касцёл у Ракаве ездзіла (а то й хадзіла пешкі за пятнаццаць кіламетраў) адна бабка Марылька, якую ўсе лічылі крыху вар'яткай. Яно, можа, і сапраўды так было, але, калі вясковую святыню — абраз святога Роха — стараннямі мясцовых актывістаў-атэістаў абклалі падаткам, менавіта Марылька забрала яго і плаціла са сваёй мізэрнай пенсіі даволі значную суму за тое, што ён стаяў у яе хаце. Менавіта дзякуючы гэтай дзівакаватай бабулі, што спявала раніцай на ганку малітвы і кожную нядзелю кіравалася з хатульком на Ракаў, абраз і сёння ахоўвае вёску ад няшчасцяў, а мясцовыя кабеты аспрэчваюць права трымаць святыню ў сябе ў хаце — сёння гэта надзвычай пачэсна...

Цяпер жа схадзіць у храм стала справай паўсядзённай і звычайнай. (Не хачу пакрыўдзіць тых, хто сапраўды шчыра верыць, але для большасці гэта сапраўды так.) Прыйшоў, паставіў свечку, пачытаў малітву (не трэба нават і на памяць ведаць, каля кожнай іконы тэкст на сцяне вісіць) — усё, місія выканана. Можна жыць далей так, як лічыш патрэбным, не зважаючы ні на Бога, ні на людзей.

Я добра ведаю маці аднаго такога «прыхаджаніна». Хадзіць у царкву ён прызвычаіўся ў калоніі, дзе адбываў немалы тэрмін за гандаль наркотыкамі. Вызваліўшыся, вярнуўся да жонкі, але тая доўга не вытрымала і выставіла яго з хаты. Цяпер жыве ў маці — яна не выганіць. У хворай немаладой жанчыны сваімі выбрыкамі ён забірае апошняе здароўе. Пры гэтым штодня ў царкве б'е зямныя паклоны. Святар, да якога бедная маці хадзіла шукаць паратунку, абяцаў пагаварыць з хатнім тыранам, але даволі рэзонна заўважыў, што ў царкву ён яму хадзіць забараніць не можа, а ўсё астатняе — справа ўласна сумлення.

...Я помню свой першы сапраўдны Вялікдзень. Гэта калі да яго абавязковых атрыбутаў — булак і фарбаваных яек, якія былі заўсёды ў кожнай, нават зусім «камуністычнай» сям'і, дадалося нешта вельмі-вельмі важнае, сэнс, яшчэ не зусім зразумелы, але надзвычай значны. Быў 1989 год, і мясцовыя жанчыны нанялі аўтобус, каб з'ездзіць асвяціць велікоднае ў касцёле ў Рубяжэвічах (у нас у вёсцы большасць каталікоў). Пабралі з сабой і нас, маладзенькіх дзяўчат, каб паглядзелі на ўрачыстасць — гэта быў першы «афіцыйна дазволены» Вялікдзень, і людзей з наваколля мелася быць шмат.

І ўсё сапраўды было дзівосным: і дарога праз красавіцкую смугу, і сонца, якое павольна ўзыходзіла з-за пагорка, яе рассейваючы, і крыж на вільчыку касцёла, на якім, нікога не баючыся, радасна клекатаў бусел, і прадчуванне нечага надзвычай добрага і светлага. І галоўнае — твары людзей, дзясяткі, можа, нават сотні твараў, на якіх таксама было гэта прадчуванне, якія самі былі добрыя, светлыя — такія, што раптам паверылася: ужо заўтра свет вакол стане лепшым і дабрэйшым, бо мы сталі на шлях, які да гэтага вядзе...

Я ведаю: гэта было — сапраўднае. Але гэтага мала. Бо дарогу адолее той, хто ідзе. І тут кожны сам за сябе. І Бог нам суддзя.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дарога да храма

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».