Вы тут

Гульня «ў камушкі», музей шапавальства і песні для сватоў


Выпраўляючыся ў этнаграфічную вандроўку, ніколі не ведаеш, што цябе напаткае. Песні і гульні, мясцовыя абрады і павер'і, дасціпны гумар і прыемныя знаёмствы. Усё гэта было і ў чарговай экспедыцыі здымачнай групы праграмы «Наперад у мінулае», што выходзіць у эфіры тэлеканала «Беларусь 3». На гэты раз каманда (а з ёй — і карэспандэнтка «Звязды») выправілася ў вёскі Цёмны Лес і Пакуцце Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Падчас паездкі мы пазнаёміліся з мясцовым клубам «Залаты ўзрост», навучыліся гуляць «у камушкі» і наведалі незвычайны музей-майстэрню шапавальства. Тэлепраграма выйдзе ў эфір у маі, а пакуль — некаторыя цікавінкі.


Цемналескі клуб «Залаты ўзрост».

Раней тут быў гушчар...

Больш як сто гадоў таму сем добрых сяброў і працавітых гаспадароў выправіліся ў свет шукаць сваё шчасце. І знайшлі яны яго на землях, купленых у паняў Епіфанавай і Курманаўскай. Надзел знаходзіўся сярод дрымучых лясоў Дрыбіншчыны. Тут гаспадары збудавалі хаты, пачалі гадаваць свойскую жывёлу і рупліва працаваць. Так паступова вырасла невялікая вёсачка, якая атрымала сімвалічную назву Цёмны Лес. Някепска жылі цемналесцы, таму неўзабаве сюды ў пошуках лепшай долі прыехалі і іншыя жыхары.

У 1897 годзе ў вёсцы было 5 двароў, жылі 19 чалавек, а ўжо праз 12 гадоў, у 1909 годзе, Цёмны Лес стаў пасёлкам з 13 двароў. Праз некаторы час пачалі працаваць лесапільны завод і млын, а ў 1916 годзе пачалі будаваць чыгунку. Той непраходны гушчар і стаў асноўным кармільцам для цемналесцаў. І таму сёння, прыехаўшы ў вёску, не давядзецца блукаць па лесе: ён адступіў далёка ад хат вяскоўцаў.

Але працавітасць, стараннасць мясцовых жыхароў засталіся нязменнымі. Вось ужо шмат гадоў пры Цемналескім сельскім клубе існуе суполка «Залаты ўзрост». Жанчыны — а некаторыя з іх ужо дасягнулі і сапраўды паважанага ўзросту — з задавальненнем выступаюць у родным Цёмным Лесе, даюць канцэрты ў райцэнтры і наведваюць маланаселеныя вёскі. У рэпертуары гурта — як вядомыя песні, што ўжо сталі «фолк-хітамі», так і адметныя мясцовыя спевы, танцы і нават гульні.

Давайце знаёміцца бліжэй.

Гульня «ў камушкі».

«Вёска маладая, а мы старыя»

Сяброўкі клуба «Залаты ўзрост» кажуць, што ў іх рэпертуары мала старажытных песень. Яны ўсе больш сучасныя, пазаабрадавыя, якія помняцца ім самім з маленства ці некалі былі пачуты ад маці, бабулі. Прычыну такой неглыбокай песеннай вандроўкі ў мінулае тлумачаць жартам: «Вёска маладая, а мы старыя». І сапраўды, Цёмнаму Лесу крыху больш за сто гадоў.

Ёсць тут і мясцовыя варыянты фолк-хітоў. Напрыклад, вядомай песні і танца «Сямёнаўна». Жанчыны з задавальненнем не толькі спяваюць, але і танчаць на сцэне пад гармонік!

З больш старажытных старэйшыя ўдзельніцы гурта хутка ўспомняць песні вясельныя. Раней у Цёмным Лесе вяселле святкавалі тры дні. Усе мелодыі спеваў для гасцей, для маладых — рытмічныя і вясёлыя. А для сватоў — поўныя насмешак, нават з'едлівага гумару. Тут прынята было жартаваць са сватоў, асабліва свата, а сам ён ні ў якім разе не павінен быў крыўдаваць на такія дасціпныя прыпеўкі: «А сват-сваце наплёў лапці з белых лык... ходзіць, як індык», «Сваточак наш Рона / Сядзіць, як варона...».

Ну а вось гэтая прыпеўка зусім не крыўдная, наадварот — вясёлая і прыемная:

А ў нашага свата

Вясёлая хата.

Бычкі ў смычкі граюць

Пад цёркі-свісцёлкі,

Бараны — у варганы,

Конікі — у гармонікі.

На вяселлі ў сватоў прынята было прасіць падарункі «за маладую», гэта таксама суправаджалася жартамі:

Сваточак ты наш дарагі,

Нясі гаршочык медавы.

Мы з твайго гаршочка не з'ядзім

Толька ў донышка паглядзім.

Спявачкі шкадуюць, што ў наш час вяселлі святкуюць у рэстаранах, народных прыпевак не спяваюць, ды і ў цэлым вёска неяк раз'ядналася. А вось раней усіх лучыла не толькі песня, але і гульня «ў камушкі».

На сядзібе Зюлікавых, што ў Пакуцці, можна пабачыць сапраўдныя рарытэты.

Пагуляем?

Нават сёння, праз столькі гадоў, жыхаркі Цёмнага Лесу не страцілі спрыту ў гэтай незвычайнай гульні. Яна развівае лоўкасць, дробную маторыку пальцаў, каардынацыю, а значыць — станоўчым чынам уздзейнічае і на мозг.

З гульнёй «у камушкі» нас пазнаёміла спявачка «Залатога ўзросту» Зінаіда Тарбарава:

— Кожны год, як толькі пачыналася вясна, мы ўсе, тады яшчэ школьнікі, ішлі па агародах збіраць «камушкі». У кожнага быў свой набор з пяці «камушкаў». Прыходзілі са школы, адразу паліто пад дошку — і гуляць. Гулялі і старыя, і малыя. Усе разам, нават старэнькія бабкі — такія, як мы сёння — са школьнікамі. Садзімся ў кола і дамаўляемся, на які лік гуляем. Выйграе той, хто першы набярэ неабходную колькасць «балаў». Гуляеш, пакуль не «страцішся», не зробіш памылку. Тады ход пераходзіць да наступнага.

Спачатку трэба раскінуць «камушкі», а потым збіраць іх адмысловам чынам: спачатку два, потым тры, чатыры і ўсе пяць. Падкінуць усе пяць каменьчыкаў разам і старацца іх хуценька адначасова схапіць.

Дарэчы, строі, у якіх выступае «Залаты ўзрост», пашытыя не так даўно. Але, як расказала загадчыца Цемналескага сельскага клуба Валянціна Гоманава, яны выкананы ў адпаведнасці з узорамі адзення і галаўных убораў, характэрнымі для Дрыбіншчыны.

Мы ж кіруемся далей, у суседнюю вёску Пакуцце, каб пазнаёміцца з адметным рамяством мясцовасці — шапавальствам.

Зямля рамеснікаў

Сям'я Зюлікавых з Пакуцця займаецца ўладкаваннем сваёй аграсядзібы. Але гэта не проста месца адпачынку для турыстаў, а сапраўдны комплекс, дзе будуць прадстаўлены рамёствы: пчалярства, кавальства і, безумоўна, мясцовая «фішка», шапавальства — традыцыйнае мастацтва вырабу рэчаў з воўны.

Валіць валёнкі па традыцыі — мужчынская справа. Вось ужо пяць пакаленняў мужчын сям'і Зюлікавых займаюцца іх вырабам. Сёння галоўны шапавал — гаспадар сядзібы Валянцін Уладзіміравіч, яму дапамагаюць яго тата, а таксама сын і зяць. Майстар Уладзімір Зюлікаў, самы старэйшы ў сям'і, распавядае:

— З даўніх часоў Пакуцце лічылася краем рамеснікаў. Тут жылі бондары, кавалі, шапавалы. А ўсё з-за таго, што зямля ў наваколлі не вельмі ўрадлівая: працы прыкладалі шмат, але багатых ураджаяў ніколі не было. Нават прымаўка такая з'явілася: «Хто жыве на гліне — той век не загіне, а хто жыве на пяску — той есць па маленькім куску». Нам выпала жыць «на пяску».

Таму жыхары Пакуцця, каб пракарміць сям'ю, і шукалі прыбытковыя справы, рабілі, што ўмелі, а потым ездзілі па суседніх і больш далёкіх вёсках, нават у Заходнюю Беларусь, абменьвалі зробленыя рэчы на грошы ці прадукты. Адметны занятак мясцовых жыхароў — шапавальства. Уладзімір Маісеевіч адзначае, што колькі да яго ні прыязджалі вучыцца з іншых вёсак, ніхто так і не авалодаў майстэрствам дасканала.

Замест музея — майстэрні

Аграсядзіба Зюлікавых ужо сёння складаецца з некалькіх пабудоў. У адной са старажытных хат размясціўся невялічкі музей-майстэрня. Калі гаспадары набылі дом, знайшлі многа ўнікальных прадметаў. Ёсць тут жорны ад млына, драўляныя колы, маслабойкі, каромыслы, лава і стол, рознае гаспадарчае начынне. Папоўніў музейную калекцыю і ўласны гармонік Уладзіміра Маісеевіча, на якім, дарэчы, мужчына выдатна іграе.

Сапраўдная цікавінка сядзібы — старажытная часалка, машына, на якой чэшуць воўну для вырабу валёнак. Для Беларусі і сёння такія прыстасаванні — рэдкасць. Раней жа часаць воўну ехалі здалёк, многія кіламетры пераадольвалі. Калі гаспадары набылі гэтую незвычайную машыну (прывезлі аж з-пад Брэста), яна была ў вельмі кепскім стане, бо шмат гадоў не выкарыстоўвалася. Давялося разабраць механізмы да самых дробных дэталяў, два тыдні мылі-рамантавалі, але ўсё ж запусцілі.

Адметна, што машына ў сядзібе Зюлікавых можа часаць нямытую воўну: менавіта такая патрэбна для валення. Можна тут нарыхтоўваць і ўжо памытую воўну для іншых вырабаў.

У планах сям'і — падрыхтоўка працоўных майстэрняў, у кожнай з якіх будуць праходзіць майстар-класы для школьнікаў і турыстаў, сустрэчы з дэманстрацыяй адметных прадметаў. Гаспадары падкрэсліваюць, што гэта не музей, і ўжо сёння сюды завітваюць школьнікі з навакольных вёсак, вучацца працаваць з воўнай, разглядаюць старажытныя рэчы, знаёмяцца з пчалярствам і каштуюць бліны са смачным мёдам. Але галоўнае — даведваюцца пра тое, як жылі продкі, чым займаліся іх дзяды і прадзеды.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У цёмны лес... па светлы настрой!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.