Вы тут

«Прыгожа, этнічна, па-беларуску!»


Дызайнеры растлумачылі, што такое наш стыль і чаму нацыянальныя матывы ў трэндзе.

Беларускія традыцыі не толькі каштоўныя, але і модныя: пра гэта сведчыць тое, што ў Мінску ўжо другі раз пройдзе фестываль-конкурс беларускай моды і мастацтва «Этна Стыль». «Мы хочам падтрымліваць нашы гістарычныя карані», — сказала на прысвечанай мерапрыемству прэс-канферэнцыі «Міс Беларусь-2008» Вольга ХІЖЫНКОВА.


У конкурсе, які будзе праходзіць 21—23 красавіка ў Нацыянальнай школе прыгажосці, могуць прымаць удзел як вядомыя дызайнеры, так і пачаткоўцы. Будзе некалькі намінацый: «Майстар» (дызайнерскія калекцыі, якія пакажуць уплыў народнай культуры на сучасны касцюм), «Творчы пачын» (конкурс для маладых дызайнераў), «Этна-эксперымент» (конкурс індывідуальнага этна-вобраза), а таксама намінацыя для фатографаў «Этна-фота-арт». Пераможцы атрымаюць магчымасць прадставіць свае касцюмы на міжнародных конкурсах, у тым ліку на «Міс Свету».

Арганізатары ўжо атрымалі больш за два дзясяткі заявак ад дызайнераў, сярод іх, апроч айчынных, прадстаўнікі з Расіі і Украіны, паведаміла дырэктар мадэльнага агенцтва belarusmodels.by Нацыянальнай школы прыгажосці Вольга Зямскова. Што прапануюць сёлета творцы?

«Мой асноўны прынцып — выкарыстанне ручной вышыўкі. Тканіны, вядома, беларускія, свае (лён, бавоўна). Пляценне, аксесуары ручной работы. Усё прыгожа, этнічна, па-беларуску!» — падзялілася дызайнер Дзіна ЛАВЕЙКІНА.

Яе калега Анастасія ФАЛЬКОВІЧ шые як жаночае, так і мужчынскае, і дзіцячае адзенне і адзначае, што ўсё больш кліентаў хочуць замовіць рэчы ў нацыянальнай стылістыцы. На конкурсе ж дызайнер прадставіць калекцыю «Шляхта», у якой пакажа раскошу беларускай культуры.

На фестывалі «Этна Стыль» сваю першую маладзёжную калекцыю прадставіць і дачка вядомага дызайнера Івана Айплатава Юлія АЙПЛАТАВА. «Мяне вельмі ўразіла, што на гэтай невялікай тэрыторыі існуе такая разнастайнасць адзення», — выказала яна сваё захапленне беларускімі традыцыйнымі строямі.

Калекцыі журы будзе ацэньваць за арыгінальнасць трактоўкі нацыянальных матываў, адпаведнасць вобраза заяўленай намінацыі, цэласнасць, тэхналогію і арыгінальныя прыёмы дэманстрацыі касцюма.

Стыліст фестывалю Андрэй Катлабай зазначыў, што ў Беларусі дастаткова вольны рынак для такога кшталту імпрэз. З ім пагадзілася і рамесніца Маргарыта Аніперава, якая лічыць, што пакуль у нас малавата такіх мерапрыемстваў і нашай таленавітай моладзі іх не хапае.

Падчас фестывалю 22 красавіка адбудзецца шоу-праграма, а завершыць фестываль этна-кірмаш, дзе можна будзе пазнаёміцца з дызайнерамі, набыць іх вырабы ці зрабіць заказ. Ёсць падставы думаць, што ахвотных будзе шмат: этнічныя матывы ў адзенні цяпер вельмі папулярныя, асабліва сярод моладзі. У масавага нашэння арнаментаў дзе трэба і дзе не трэба ёсць як праціўнікі, так і прыхільнікі. Для дызайнераў жа гэта спрэчнае пытанне, прызналася Анастасія Фальковіч.

«Арнамент нясе сэнсавую нагрузку. Але калі мне, як творцу, падабаецца арнамент, я яго буду выкарыстоўваць і не адмоўлюся ад сваёй ідэі, калі гэта прыгожа і людзям падабаецца. У беларускай сімволіцы амаль няма арнаментаў, якія нельга выкарыстоўваць».

Зрэшты, беларускі стыль вызначаюць не толькі арнаменты, але і сілуэты, лініі, колеры, тканіны, ды і ўвесь вобраз цалкам. І ўсё ж тыя, хто стварае для нас модныя трэнды, у адзін голас заяўляюць: «Мода мяняецца, а стыль застаецца». Заўсёды актуальнымі «аксесуарамі» для жанчыны будуць лёгкасць і натуральная прыгажосць. Але напрыканцы прафесіяналы ўсё ж падзяліліся, што ў сёлетнім вяснова-летнім сезоне модныя пастэльныя колеры і шырокія свабодныя сілуэты. Матайце на вус, прыгажуні!

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».