Вы тут

Што прапануюць насіць айчынныя дызайнеры ў наступным сезоне


Кажуць, рэвізію цёплых рэчаў лепш адкладаць да наступнай восені. Бо калі ў душы і на дварэ вясна, рызыкуеш выкінуць што-небудзь патрэбнае для халадоў. Магчыма і так, але ацаніць свой гардэроб, каб зразумець, чаго ў ім не хапае, усё ж такі варта. Тым больш актуальныя тэндэнцыі наступнага сезона восень-зіма ўжо прадставілі на Беларускім тыдні моды. Чым натхняліся айчынныя дызайнеры і па якіх прыкметах вылічыць сапраўднага модніка, чытайце ў нашым аглядзе.


Стыль­ныя ма­мы і доч­кі ў адзен­ні ад Воль­гі Ба­ра­бан­шчы­ка­вай.

Рэтра і папяровыя лялькі

Пышныя спадніцы з акцэнтам на таліі, сукенкі «ў кветачкі», прычоскі з буклямі... Так выглядалі дзяўчаты 40-х гадоў мінулага стагоддзя. І такі вобраз прапануе прымерыць сённяшнім модніцам дызайнер Алена Гарэцкая. Фасоны — класічныя, дэкор — арыгінальны. Мадэльер упрыгожыла адзенне пер'ямі, камянямі, шклярусам. Знаходка для тых, у каго на працы дрэс-код, — чорны дзелавы касцюм з нашытай чырвонай кветкай маку. Стрымана, элегантна і ў той жа час ярка.

Папулярныя цяпер бялізнавыя топы і сукенкі-камбінацыі Алена Гарэцкая таксама не абмінула. Насіць іх дызайнер прапануе са строгімі жакетамі. Галоўная ж «фішка» наступнага сезона — кюлоты (укарочаныя шырокія штаны, крыху ніжэйшыя за калена). Праўда, такі фасон падыдзе далёка не ўсім. Худым і высокім жанчынам — калі ласка, астатнім лепш не эксперыментаваць з даўжынёй.

Калі зранку вам не дае спакою пытанне «Што сёння надзець?», то калекцыя Марыны Давыдавай — тое, што трэба. Там не толькі ёсць вопратка на кожны дзень — нашыўкі на рэчах нагадваюць, на які дзень тыдня менавіта. На панядзелак — паліто-бомбер у клетку, на чацвер — чорны падоўжаны жакет без рукавоў, а ў пятніцу — бэжавую куртку з каўнерыкам. Адзенне прыйдзецца даспадобы тым, хто любіў у дзяцінстве маляваць уборы для папяровых лялек: некаторыя рэчы мадэльер упрыгожыла выявамі тых самых лялек і адзення для іх.

У наступным сезоне Марына Давыдава раіць звярнуць увагу на сукенкі з моцна заніжанай таліяй і паўпразрыстыя спадніцы (апошнія лепш апранаць з доўгімі джэмперамі і жакетамі, каб не выглядаць вульгарна). І яшчэ раз нагадвае: карункі і фальбоны па-ранейшаму ў модзе.

Шчаслівыя жанчыны выбіраюць яркае

Які колер выбраць у наступным сезоне? Дызайнер Ірына Бойцік прапануе спыніцца на цёмна-сінім, тэракотавым і пудрава-ружовым. Любіце мяняць стылі? Тады лепш гуляйце не з колерам, а з фактурай. Патрэбны лёгкі вобраз — вазьміце арганзу, строгі і стрыманы — воўну. Ідэальныя матэрыялы для прахалоднага надвор'я — кашмір, махер, віскоза. У вадалазках з высокім горлам (якія цудоўна глядзяцца з сарафанамі і жакетамі без рукавоў), вязаных спадніцах і сукенках ніжэй за калена, якія мадэльер прадставіла на подыуме, вы дакладна не змерзнеце. Аздабляюць адзенне двайныя каўнерыкі, банты і нашыўныя кішэні.

Калекцыю для гараджанак прэзентавала Юлія Бабій. Дызайнер зрабіла стаўку на мінімалізм, рэчы прамога сілуэта і свабоднага крою. Колеры выбраны самыя што ні ёсць гарадскія — шэры і сіні. Заваёўваць мегаполіс жанчынам лепш у шырокіх штанах са «стрэлкамі», туніках і мужчынскіх кашулях. З прычоскай можна не замарачвацца: проста распусціце валасы ці запраўце іх за каўнер.

А вось тэнісістка і спявачка Вольга Барабаншчыкава, якая ўжо не першы год спрабуе сябе ў якасці дызайнера, упэўнена: шчаслівая жанчына мусіць выглядаць ярка! Хочаце расказаць навакольным, што задаволены сваім жыццём, — выбірайце чырвоны, малочны, смарагдавы, фіялетавы колеры. Або рознакаляровую палоску. Што да фасонаў, то Вольга прапануе прымерыць паліто з кароткімі рукавамі, сукенкі-футаралы, мадэлі з рукавамі-валанамі.

Воб­раз ад Люд­мі­лы Та­ра­ка­на­вай.

Рэвалюцыя ў мужчынскай модзе

Добрая навіна для тых, хто любіць стыль сафары — у наступным сезоне ён таксама будзе актуальным. Прынамсі, дызайнер Леор Гофман выбраў менавіта гэту тэматыку для сваёй новай восеньска-зімовай калекцыі. Асноўныя колеры — бэжавы, хакі, залаты, чорны, шэры. Класічныя сілуэты і шчыльная тэкстура верхняй вопраткі нагадваюць пра археолагаў пачатку XX стагоддзя.

— Гэта адзенне для вернай спадарожніцы герояў прыгодніцкіх фільмаў: жаноцкай і грацыёзнай, але ўсё ж дзікай і небяспечнай, як пантэра, — пракаментаваў Леор Гофман.

Пантэры, дарэчы, на подыуме таксама былі — у выглядзе вялікіх аплікацый на спадніцах і сукенках. Аматарам прынтоў спадабаюцца блузы ў малюнак з вострага лісця і пялёсткаў кветак. На гэта дызайнера натхнілі карціны Анры Русо і іншых мастакоў-прымітывістаў. Паліто мадэльер аздобіў штучным футрам: натуральнае, кажа, ужо сыходзіць з моды.

Калекцыю дапаўняюць цікавыя аўтарскія аксесуары — буйныя ўпрыгажэнні (завушніцы, брошкі, падвескі) з вобразамі жывёл і раслін з афрыканскага запаведніка і лёгкія хусткі, распісаныя ў тэхніцы батыку.

Сваё бачанне мужчынскай моды прадставіла Людміла Тараканава.

— За аснову я брала прамавугольны крой, які быў папулярны ў 1920-я гады. Абапіралася на геаметрыю і стылістыку тых часоў — супрэматызм, авангардызм і канструктывізм, — тлумачыць дызайнер.

Яе калекцыя «Рэвалюцыйная» — спроба зрабіць пераварот у мужчынскай модзе. Прадстаўнікам моцнага полу прапануюць уключыць у гардэроб... спадніцы і сукенкі-сарочкі. «Я лічу сукенку мужчынскім забытым асартыментам. Узгадайце гістарычны касцюм. Тое ж самае з сарочкамі: менавіта ў іх раней спалі мужчыны. На маю думку, гэта чыста традыцыйны варыянт. Што да спадніц, то на іх быў попыт. У мяне маладыя хлопцы часам пыталіся, ці не раблю я іх», — заўважае Людміла.

Убачыце мужчыну ў спадніцы — ведайце: перад вамі сапраўдны моднік. Тым больш калі на ім капялюш-кубанка і чырвоныя шкарпэткі. Для беларусаў, пакуль не гатовых да эксперыментаў, у калекцыі ёсць больш звыклыя касцюмы-тройкі і аб'ёмныя паліто.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Спадніцы для мужчын і сукенкі з пантэрамі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.