Вы тут

Антаніна Кошаль: «Ніколі не шукала шчасця за мяжой»


Алімпійская чэмпіёнка ўспамінае падзеі Гульняў-1972, распавядае пра сябровак па камандзе і пра свой шлях у вялікім спорце

Мы сустракаемся з Антанінай Уладзіміраўнай раніцай. Яна, як заўсёды, энергічная, бадзёрая і па-добраму дзелавітая. Дзень толькі пачаўся, а ў яе ўжо маса клопатаў: адным спартсменам трэба замовіць квіткі, іншым аформіць страхоўкі, не забыцца патэлефанаваць у Магілёў і даведацца, як праходзіць турнір імя Святланы Баітавай. Паміж справамі абавязковая ўсмешка: калегам, чалавеку на тым канцы проваду і мне. Ужо праз некалькі хвілін нашай сустрэчы, разумею — з гімнастыкі яна не сыходзіла.


Візітная картка

Антаніна Кошаль нарадзілася 20 лістапада 1954 года ў горадзе Смалявічы.

Заслужаны майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы.

Чэмпіёнка ХХ Алімпійскіх гульняў у Мюнхене (Германія) 1972 года ў камандным першынстве.

Чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР 1971, 1975 гадоў.

Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь.


Хоць сёння яна ўмеючы сумяшчае шмат пасад і званняў (дэпутат Мінскага абласнога савета, старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі «Ветэраны фізічнай культуры і спорту», алімпійская чэмпіёнка, трэнер, жонка, маці і бабуля), здаецца, галоўнай справай яе жыцця застаецца спорт.

Пайшла на ўзлёт

Антаніна Кошаль нарадзілася ў Смалявічах, пазней гэтая зямля падорыць Беларусі яшчэ ні аднаго вядомага спартсмена, але першай «зорачкай» мястэчка непадалёк ад Мінска стала менавіта яна. З дзяцінства гарэзлівая, дужая, якая ідзе да сваёй мэты, Тоня спачатку была ўлюбёная ў балет, але лёс усімі сіламі вёў яе ў гімнастыку.

— У нашай сям'і тэлевізар з'явіўся ў адных з першых на вуліцы, там я ўпершыню ўбачыла балет і ўлюбілася ў гэтую прыгажосць: рух, пуанты, ручкі і вочы.

Гімнастыкай у родным горадзе школьніца пачала займацца ў мясцовага трэнера, а пасля 4-га класа захацела рэалізаваць мару і спрабавала паступіць у харэаграфічнае вучылішча. Прайшла два туры, а вось трэці аказаўся для яе непераадольным.

— Сказалі, што крок вялікі, мама потым бегла за мной і са слязьмі казала: «Як жа так, нельга з вялікага кроку зрабіць маленькі?»

На гэтым дробныя няўдачы маленькай спартсменкі не скончыліся. Дзяўчынка вырашыла паспрабаваць сілы ў спартыўным інтэрнаце, аднак, аказалася, што вучоба там платная.

— Маім бацькам трэба было плаціць 30 рублёў у месяц, на той час гэта была не маленькая сума, з улікам таго, што ў сям'і ў нас было 5 дзяўчынак, якіх трэба было апранаць, карміць і вучыць. Таму мама з татам пакінулі мяне дома, але я ўсё роўна працягвала займацца гімнастыкай, а ўжо на наступны год прыехаў трэнер з Мінска і забраў мяне ў інтэрнат на бясплатнай аснове. Тады, можна сказаць, і пачалася мая сур'ёзная спартыўная кар'ера.

40 дзён невядомасці

Сёння Антаніна Уладзіміраўна прызнаецца, напэўна, гэта было наканавана. У 1970 годзе нікому не вядомая пятнаццацігадовая школьніца выйграла чатыры першыя месцы на маладзёжным першынстве СССР і, мінаючы юнацкі склад, трапіла ў асноўную зборную Саюза. Ад дзіцячага захаплення да алімпійскага п'едэстала прайшло ўсяго пяць гадоў, пяць гадоў цяжкай працы.

— Я аднаго года нараджэння з Оляй Корбут і Тамарай Лазаковіч, але калі яны былі ўжо ў зборнай СССР, мелі тытулы, званні і вопыт, я толькі пачынала сур'ёзна займацца, таму мне даводзілася вельмі цяжка, трэба было пастаянна даганяць.

Да апошняга Антаніна Кошаль не ведала, ці ўключаць яе трэнеры ў асноўны склад алімпійскай каманды, 40 дзён напружання і толькі познім вечарам, напярэдадні выступлення ў Мюнхене, спартсменка даведалася, што выйдзе на памост.

— Пра сон у тую ноч не было і гаворкі. У галаве я рабіла ўсю праграму снарад за снарадам: скачок, брусы, бервяно, вольныя, ад пачатку і да канца, я і цяпер яе выдатна памятаю. Што цікава, я падыходзіла да снарада, выконвала ўсе практыкаванні, не падала нідзе, усміхалася і сыходзіла. Практычна так я выступіла і наяве, не было стрэсу, мандражу, страху. За такую псіхалагічную падрыхтоўку я, напэўна, і атрымала месца ў складзе.

У 1972-м на Гульнях у Мюнхене Антаніна Кошаль, Вольга Корбут, Тамара Лазаковіч, Любоў Бурда, Эльвіра Саадзі і Людміла Турышчава апынуцца на алімпійскім п'едэстале.

— У нашай камандзе ўсе дзяўчаты былі дружныя, можа, мы трошкі замыкаліся ў сабе, не кожная магла падзяліцца тым, што назбіралася на душы. Я больш за астатніх сябравала з Людай Турышчавай, магла параіцца з ёй, выказаць свае думкі. Вольга Корбут трохі адрознівалася ад нас, нават пазбягала, яна проста была іншай. Але канфліктных сітуацый паміж намі ніколі не ўзнікала, напэўна, мы настолькі выкладваліся на трэніроўках, што не было калі думаць пра іншае. Тады мы адрозніваліся вялікай працавітасцю, трэніраваліся праз «не магу», праз слёзы, сінякі, праз сарваныя мазалі, рукі ў крыві. Гледзячы на цяперашняе пакаленне, а ўсе яны ў мяне перад вачыма, магу сказаць — сёння дзеці рэдка аддаюцца гэтай цяжкай працы. Не кожны вытрымлівае, і не кожнаму дадзена.

Горкія ўспаміны з Мюнхена

Акрамя яркіх перамог, бліскучых выступленняў спартсменаў з усяго свету, Алімпіяда-72 запомнілася і трагічнымі падзеямі. Тэрарыстычная групоўка захапіла ў палон ізраільскіх баскетбалістаў, ахвярамі трагедыі тады сталі 11 чалавек.

— Гэта, вядома, страшная гісторыя. На той момант каманды гімнастаў ужо пакінулі горад, таму што былі запрошаныя на паказальныя выступленні па Германіі. Мы назіралі за падзеямі ўжо з іншай краіны. Спорт заўсёды пазіцыянаваў мір, на час правядзення Алімпійскіх гульняў спыняліся войны, а тут такое... Не дай Бог.

Пасля гэтага ў 1973 годзе мы паехалі на «паказальныя» ў Лондан, і ў працэсе выступлення на памост выскачылі хлопцы з плакатамі і лозунгамі. Пасля нядаўняй гісторыі ўсе былі настолькі напалоханыя, што адразу пачалі прыкрываць нас, хавацца. Усё было мірна, яны проста выкарысталі шматтысячную аўдыторыю для сваіх мэтаў, але мы адразу ўспомнілі Мюнхен. У тым жа годзе ў Амерыцы, напрыклад, за нашай камандай была прыстаўлена сур'ёзная ахова. У гасцініцы нас усіх размяшчалі на адным калідоры, каля ліфта і ва ўсіх вуглах стаялі сек'юрыці, адным нам нікуды не дазвалялі выходзіць.

Чэм­пі­ён­кі ХХ Алім­пій­скіх гуль­няў у Мюн­хе­не: Лю­боў Бур­да, Эль­ві­ра Са­адзі, Люд­мі­ла Ту­ры­шча­ва, Воль­га Кор­бут, Ан­та­ні­на Ко­шаль, Та­ма­ра Ла­за­ко­віч.

Сышла прыгожа

Перамогу і выступленні легендарнай савецкай шасцёркі яшчэ доўга абмяркоўваў увесь свет, а вось Антаніна Уладзіміраўна прызнаецца, што пасля Алімпіяды ў галаве нешта адбылося, яна стала баяцца выконваць складаныя элементы. У 1975 годзе, з траўмамі і літаральна адкрытымі ранамі, пасля другой перамогі ў камандным заліку на Спартакіядзе народаў СССР, Кошаль з гонарам пакінула вялікі спорт.

— Я была яшчэ зусім маладая, крыху больш за 20 гадоў. Так атрымалася ў маёй кар'еры — вельмі хуткі ўзлёт, заваяванне алімпійскага медаля і сыход са спорту. У першую чаргу я не вытрымлівала псіхалагічна, таму што за алімпійскі цыкл была выціснутая, як лімон. Пасля гэтага выступала ўжо праз сілу. Я аддала ўсю сябе цалкам для дасягнення гэтага алімпійскага медаля і больш не змагла, хоць ёсць спартсмены, якія праходзяць і праз тры Алімпіяды.

Разам па жыцці

Адразу пасля заканчэння спартыўнай кар'еры Антаніна Кошаль выйшла замуж, і для яе пачалося зусім іншае жыццё.

— Я да яго была зусім не падрыхтаваная, каханне, дзеці, муж. Дзякуй богу, што выбрала правільнага чалавека.

Мы з мужам пазнаёміліся, калі мне было 14 гадоў, ён вучыўся з маёй старэйшай сястрой у радыётэхнічным тэхнікуме. У іх там было каханне, напэўна. Яны прыходзілі ў залу мяне наведваць, прыносілі цукеркі, якія мне нельга. Ён мне неяк адразу спадабаўся, а далей атрымалася так, што сястра выйшла замуж за іншага, і мы апынуліся разам. Я іншых мужчын і не шукала, так і пажаніліся, мне было 20, яму — 25.

Антаніна Уладзіміраўна абвергла міф пра тое, што прафесійнаму спартсмену складана стварыць сям'ю, бо з мужам яны прайшлі многае, але засталіся разам.

— Нашаму саюзу ўжо 41 год. Сёння я магу сказаць, што ў сям'і ўсё залежыць ад характару, ад жадання, ад сітуацый, з якіх трэба выкараскацца разам. Бо нам удваіх было нялёгка з самага пачатку. Нарадзілася першае дзіця, але праз 6 гадоў дзяўчынка памерла. Потым з'явіліся яшчэ дзве дачкі. Правільна кажуць: жыццё пражыць — не поле перайсці.

У мяне праца такая, што я часта з'язджала ў камандзіроўкі. Муж — малайчына, заўсёды ставіўся да гэтага з разуменнем. Добра спраўляўся з маленькімі дзецьмі: яны заўсёды былі чысценькія, дагледжаныя, сытыя. Таму я вельмі ўдзячна лёсу, што для мяне знайшлася правільная палавінка.

Не кожнаму ўдаецца сысці з вялікага спорту і перайсці ў звычайнае жыццё плаўна. Трэба апусціцца на зямлю, забыцца, што ты чагосьці там дасягнуў, і проста пачаць новае жыццё. Многія тады з'язджалі за мяжу, але я шчасця там ніколі не шукала. Горш за ўсё, калі спартсмен пасля заканчэння кар'еры апускаецца кудысьці ніжэй, пачынае весці непатрэбны лад жыцця. Так, на жаль, здарылася з Тамарай Лазаковіч, якой не стала ў 38 гадоў. Яшчэ ў тыя часы, калі мы былі ў зборнай Саюза, у яе назіралася схільнасць да забароненых рэчаў, шкодных звычак. Хоць яна была прыгожай гімнасткай, цікавай жанчынай, добрай душы чалавекам, проста ў нейкі момант, напэўна, не справілася з сабой.

Трэба верыць!

Здаецца, менавіта з такім дэвізам сёння жыве Антаніна Уладзіміраўна. Яна цалкам аддаецца сваёй любімай гімнастыцы, а на пытанне: «Колькі можна працаваць?» адказвае: «Хто, калі не я?» Яе ўжо можна назваць шматдзетнай маці, бо праз гэтыя алімпійскія рукі прайшло шмат добрых спартсменаў.

— Часта пытаюцца, чаму я не аддала сваіх дачок у спорт, бо ў іх ёсць даныя, а мне проста імі не было калі займацца, вазіць на заняткі, забіраць. У мяне ж іншых дзяцей шмат — гімнастак. Часам мае дзяўчаты нават у папрок гэта ставяць. Маўляў, мама ў першую чаргу думае пра сваіх спартсменак. А я кажу, што мы ж адбіраем іх ад бацькоў, таму ім больш складана, у іх характары цяжкія, трэніроўкі па 8 гадзін.

А яшчэ абавязкова хочацца адзначыць, што, дзе б ні з'яўлялася Кошаль, на яе твары ззяе ўсмешка. Алімпійская чэмпіёнка кажа, што па-іншаму яна не можа і не ўмее, таму і планы ў Антаніны Уладзіміраўны вельмі аптымістычныя.

— Цяпер мне хочацца жыць і атрымліваць асалоду ад таго, што ўжо ёсць, галоўнае — нічога не страціць. Я за ўсё ўдзячная лёсу, у мяне няма бізнесу, няма велізарнай колькасці грошай, але ў мяне ёсць усё неабходнае, каб жыць, працаваць і радавацца поспехам нашых гімнастаў, якія, веру, яшчэ прыйдуць. Вось гэтага і буду чакаць.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.

Грамадства

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Прыз сімпатый гледачоў заваявала ініцыятыва «Школа бацькоўства».

Грамадства

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Здараецца, што ў пагоні за прыгожай фігурай некаторыя дзяўчаты зусім перастаюць есці.

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.