Вы тут

Правілы жыцця самага моцнага дзядулі ў свеце


Ён нагадвае волатаў, высечаных з мармуру старадаўнімі скульптарамі. Магутны, шырокі ў плячах. Пра такіх у нас гавораць — моцны, як дуб. І ніхто не скажа, што гэтаму мацаку, сямнаццаціразоваму чэмпіёну Беларусі па паўэрліфтынгу сярод ветэранаў, сусветнаму рэкардсмену, ідзе 65-ы год. Ды і казаць пра ўзрост неяк не хочацца, хоць міжволі да гэтай тэмы вяртаешся. Сваіх самых значных спартыўных перамог ён дасягнуў тады, калі многія былыя славутыя спартсмены, яго аднагодкі, нават на прабежку не выходзяць. Вось такі самародак жыве пад Смалявічамі, у невялічкім пасёлку Акцябрскі.


«Да мяне прыходзяць займацца мае ўнукі»

— Ну што, можа, чайнік спачатку паставім? — запусціўшы нас у трэнажорную залу мясцовага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, кажа Міхаіл Вярбіцкі. І пакуль ён хадзіў па ваду, мы з фатографам агледзеліся.

Зала даволі сціплая. На сценах, каля люстэрак, развешаны каляровыя афішы спаборніцтваў, плакаты славутых волатаў з галівудскай усмешкай. Акуратна складзены «бліны», грыфы, самаробныя снарады... На стале ў стосе — канспекты хлопцаў, што займаюцца тут цяжкай атлетыкай. «Зала ў нас, безумоўна, не гламурная, — пазней скажа трэнер Андрэй Булаўскі, паплечнік Вярбіцкага. — Але ў такіх звычайна растуць чэмпіёны. Бо што для трэніровак патрэбна? Набор «жалеза». Для нашага героя яна і стала сапраўднай кузняй рэкордаў. Менавіта тут ён рыхтаваўся да ўсіх сваіх самых значных перамог, пасля якіх яго ласкава празвалі самым моцным дзядулем у свеце.

— На такую мянушку я не крыўдую, — усміхаецца суразмоўца. — Мне нават прыемна. А што тут такога? Яны ж па-добраму кажуць. З павагай. Галоўнае, каб душа была маладая. А так я ж сапраўдны дзед. І ў нашу секцыю па цяжкай атлетыцы прыходзяць займацца мае ўнукі: адзін родны, другі стрыечны.

А пачалося ўсё яшчэ паўстагоддзя таму. Міхаіл Вярбіцкі нарадзіўся непадалёк ад Барысава, у вёсцы Залессе.

— Там усе мае продкі жылі, — узгадвае волат. — А прадзед удзельнічаў у будаўніцтве барысаўскага сабора — бярвёны цягаў. Так што моц мая закладзена ў генах.

Трэніравацца Вярбіцкі распачаў у вёсцы. Ён самавук. Навучаўся па кніжцы «Атлетызм». Кумірам быў славуты цяжкаатлет Юрый Уласаў, пасля — Арнольд Шварцэнегер. Браў лом, мацаваў на яго колы ад трактара і ўздымаў як штангу. Апорай для турніка служылі дзве шпалы, а папярэчынай — жалезны прут, на якім ён падцягваўся. А калі халадала, хадзіў трэніравацца ў кантору да бацькі, які працаваў на чыгунцы. У 18-гадовым узросце ён падняў 300 кілаграмаў. Без тэхнікі. Без нармальнай падрыхтоўкі. Праз тры гады Міхаіл выканаў норму майстра спорту.

— А вы ніколі не хацелі стаць прафесійным спартсменам? — пытаюся ў Вярбіцкага, які ўжо пераадзеўся і пакрысе рыхтуецца да размінкі.

— Хацеў. Збіраўся нават ехаць у Шахты да славутага Рудольфа Плюкфельдэра, трэнера алімпійскага чэмпіёна Давіда Рыгерта. Планаваў застацца там, паступіць у вучылішча. Але бацька адгаварыў. І я, па вялікім рахунку, не шкадую.

Міхаіл Вярбіцкі доўгі час служыў войску, потым узначальваў спартыўную школу, а цяпер працуе трэнерам па цяжкай атлетыцы. У 2013-м разам з сынам упершыню паехаў на міжнародныя спаборніцтвы па паўэрліфтынгу ў Мікалаеў. І не прагадаў — перамог. З той адметнай для яго гісторыі і пачалося спартыўнае ўзыходжанне. Так, як кажа Міхаіл Вярбіцкі, ён прабіў сабе акно ў Еўропу.

— Я доўгі час спаборнічаў разам з «дзьмухаўцамі», такімі, як я, — сцвярджае Вярбіцкі. — Але я ўсіх перамог і мне проста надакучыла. Помню, быў выпадак, калі сам судзіў спаборніцтвы. Спартсмен узяў вагу. Стаў чэмпіёнам. А я выйшаў пасля на памост не ў экіпіроўцы — у штанах, туфлях — і падняў больш, чым ён. Штаны, праўда, лопнулі, але нічога... Хоць пасля зразумеў, рабіць так непрыгожа. Прыніжаць свайго сапернікам ніякім чынам нельга. Цяпер я перайшоў у іншую версію і спаборнічаю з больш маладымі сапернікамі.

— А ці не занадта гэта для вашага сэрца?

— «Матор» працуе добра. Ціск таксама ў норме. Што казаць, калі ў 59 гадоў у мяне нарадзілася дачка, а мая жонка маладзейшая за мяне на 23 гады. Мне здаецца, гэта пра нешта сведчыць. Так, я ўжываю фармакалогію, але вельмі акуратна. Са спартыўнымі дабаўкамі не забаўляюся. Ем толькі здаровыя прадукты. У маёй маладосці ніхто падобнага не ўжываў і людзі дэманстравалі добрыя вынікі. Свежае яйка, два літры сырадою ўвечары, кавалак сала — для мяне гэта было нормай. Адчуваў сябе цудоўна.

— Выпіваеце?

— Магу крыху. Я ж не аскет. Максім Горкі віно неяк назваў сонечным, высакародным напоем. Акадэмік Яўген Чазаў наогул рэкамендаваў выпіваць па 50 грамаў каньяку за дзень. Аднак я ўсё роўна стараюся быць падалей ад спіртнога. Я і не куру. У дзяцінстве неяк паспрабаваў. Бацька заўважыў і так атаварыў мяне галёшам ад валёнка, што жаданне адразу знікла.

— Траўмы выходзілі бокам?

— Руку неяк пашкодзіў. З-за гэтага не магу выступаць у турнірах па цяжкай атлетыцы. Мне прапаноўвалі зрабіць аперацыю, але доктар сказаў: «Відэлец трымаеш?» — «Трымаю». — «Ну і не трэба яна табе!» У выніку неяк прызвычаіўся.

— Ніколі не сутыкаліся з сітуацыямі, калі было страшна за сваё жыццё?

— Раней вельмі любіў пахуліганіць на дарогах. Машыну неяк бокам на слізкім пакрыцці палажыла. Я нават спужацца не паспеў. А быў выпадак, калі на дарозе дапамог спартыўны спрыт. Баранку нават сагнуў, але руль не кінуў. Спорт усё ж такі мабілізуе.

— Забабонаў не маеце?

— Не. Галоўны мой сапернік — штанга. А з ёй трэба паводзіць сябе ласкава. Як з жанчынай. Тады яе скарыш.

«Раблю ўсё гэта, каб перад дзецьмі быў прыклад сапраўднага мужчыны»

Пакуль Міхаіл Вярбіцкі бярэцца за грыф, выконвае некалькі падыходаў, мы гутарым з Андрэем Булаўскім, які не толькі трэніруе дзетак (сярод выхаванцаў секцыі ёсць і чэмпіёны), але і дапамагае свайму старэйшаму таварышу.

— Ён не проста ўнікальны чалавек для нашага пасёлка. Такіх ва ўсім свеце ўсяго некалькі чалавек! — падкрэслівае выключнасць Вярбіцкага яго калега. — На прасторах СНД ён такі адзіны. Калі прыязджае ў Расіі ці Украіну, усе яму кажуць: «О, наш дзед прыехаў!»

Дарэчы, неўзабаве менавіта ва Украіне пройдзе Кубак свету па паўэрліфтынгу. І Андрэй разам з Міхаілам Вярбіцкім распрацавалі індывідуальную методыку. Рэкардсмен трэніруецца тройчы на тыдзень. Сочыць за сваім самаадчуваннем. Перад Вярбіцкім стаіць мэта пабіць свой жа рэкорд — 290 кілаграмаў у станавой цязе. Калі адштурхоўвацца ад яго працы, гэта цалкам верагодна. Тым больш на трэніроўках ён ужо паднімаў 291 кілаграм.

— Для чаго я ўсё гэта раблю? — напрыканцы размовы задаецца пытаннем асілак. — Каб перад дзецьмі быў жывы прыклад сапраўднага мужчыны. Каб прыходзілі да нас у секцыю. Тым больш на нашым аздараўленчым комплексе створаны добрыя ўмовы. Ёсць басейн, футбольнае поле, трэнажорная зала... У войску кажуць «рабі так, як я скажу», а мы гаворым «рабі так, як раблю я». Стараемся выцягваць дзяцей з дрэнных кампаній, складаных сямейных становішчаў. Самі ведаеце, якая цяпер сітуацыя з наркотыкамі. Ёсць у нас адзін хлопец. Змагаемся за яго. Хочам выцягнуць з бруду, у якім ён апынуўся. Ён таленавіты. Працаваць з такімі хлопцамі вельмі прыемна. Але мы прымаем да сябе ўсіх. І тых, у каго няма вялікіх здольнасцяў. Галоўнае, каб юнак стаў сапраўдным чалавекам.

taras@zviazda.by

Смалявіцкі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Галоўны сапернік — штанга»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.