Вы тут

Блізарукіх дзяцей усё больш


Усё больш пацыентаў атрымліваюць меддапамогу ў афтальмалагічных стацыянарах — летась было пралечана 54 тысячы чалавек. Высокатэхналагічная дапамога запатрабаваная нават пацыентамі блізкага і далёкага замежжа. Нашым пацыентам гэта не ідзе ва ўрон — ліст чакання аперацый для беларусаў амаль ліквідаваны.


У замежнікаў запатрабаваны высокатэхналагічныя ўнікальныя мікрахірургічныя ўмяшанні — напрыклад, трансплантацыя рагавіцы (у нас усё ж такі дзейнічае Закон «Аб трансплантацыі органаў і тканак»), імплантацыя дрэнажных прыстасаванняў (прымяняецца на позняй стадыі глаўкомы, калі зрокавая функцыя лічыцца рэшткавай і змаганне ідзе за ступень накіравання святла), умяшанні на шклопадобным целе і сятчатцы, а таксама аперацыі-карэкцыі (пры жаданні зняць акуляры).

Афтальмалогія ў краіне забяспечана сёння самым сучасным абсталяваннем дзякуючы тэхнічнаму пераўзбраенню, праведзенаму ў апошнія гады. Дыягностыкай і лячэннем самых складаных выпадкаў займаюцца Рэспубліканскі дзіцячы афтальмалагічны цэнтр (на базе 4-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы), Рэспубліканскі афтальмалагічны цэнтр (на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы), РНПЦ «Маці і дзіця» (дыягностыка і лячэнне рэцінапатыі неданошаных), вочнае аддзяленне РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, а таксама РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава.

Паводле слоў галоўнага пазаштатнага афтальмолага Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, загадчыцы кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Таццяны ІМШАНЕЦКАЙ, за 5 гадоў колькасць функцыянальных даследаванняў вырасла на 340 працэнтаў, колькасць толькі ўльтрагукавых даследаванняў павялічылася ўдвая. Гэта дазваляе дыягнаставаць самыя цяжкія захворванні на самай ранняй стадыі. Прычым ва ўсіх абласцях. Толькі некаторыя этапы хірургічнага ўмяшання ў афтальмалогіі робатызаваныя — хірург быў і, як мяркуецца, яшчэ доўга застанецца асноўнай фігурай у працэсе такога лячэння.

Самым распаўсюджаным захворваннем, якое патрабуе хірургічнага ўмяшання, застаецца катаракта. Такія аперацыі праводзяцца шляхам малых разрэзаў, на самым высокім тэхналагічным узроўні, прычым гэта забяспечваецца не толькі ў камерцыйных установах, якія шырока рэкламуюць свае паслугі, але і ў дзяржаўных установах. Некалі катаракта аперыравалася на этапе зніжэння зрокавай функцыі, але цяпер так доўга чакаць не рэкамендуецца.

Штогод па прычыне глаўкомы праводзіцца амаль 3 тысячы ашчадных хірургічных умяшанняў.

Для трансплантацыі рагавіцы яшчэ ў 2011-м у 10-й бальніцы Мінска быў устаноўлены фемтасекундны і эксімерны лазер. Большасць трансплантацый ажыццяўляецца з дапамогай лазера фемтасекунднага. Летась было выканана 556 трансплантацый рагавіцы, у тым ліку на базе гомельскай і брэсцкай абласных бальніц. Цяпер плануецца стварыць банк тканак рагавіцы на базе цэнтра трансплантацыі — ва ўсім свеце імкнуцца трансплантаваць не рагавіцу, а яе часткі.

Пластычную хірургію арбіты і слёзных шляхоў, наогул, выконваюць адзінкавыя краіны на постсавецкай прасторы. Гэта складаныя аперацыі, неабходныя пацыентам з бытавымі, вытворчымі, аварыйнымі траўмамі. Дарэчы, колькасць вытворчых траўмаў паступова зніжаецца, а вось бытавых і ў выніку аварый расце (сярод 35 тысяч пацыентаў, якія звяртаюцца ў кабінет неадкладнай дапамогі, што працуе на базе 10-й бальніцы, на долю вытворчых траўмаў прыпадае мізэрны працэнт). Пры такіх умяшаннях выконваецца рэканструкцыйная хірургія арбіты, якая ў хуткім часе будзе рабіцца з беларускімі імплантамі.

На базе РНПЦ анкалогіі ўкаранёны метад органазахавальнага лячэння пры злаякасных захворваннях сасудзістай абалонкі вока. Дзякуючы ранняй дыягностыцы вырасла колькасць пацыентаў з выжывальнасцю больш за 5 гадоў.

Пачынаючы з 2009-га істотная колькасць пацыентаў з ускладненнямі цукровага дыябету перанесла лазернае лячэнне з захаваннем зрокавай функцыі. Аперацыі ў такіх выпадках прафілактуюць адслаенне сятчаткі, кровазліццё паталагічных сасудаў і іншыя ўскладненні. Дарэчы, такім пацыентам на бясплатнай аснове ўводзяцца і спецыяльныя прэпараты, скіраваныя супраць паталагічных сасудаў.

— Сучасныя метады дыягностыкі і лячэння, якія выкарыстоўваюцца ў дарослай афтальмалогіі, прымяняюцца і ў дзіцячай, — кажа галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры афтальмалогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА. — Тым больш пацыенты-дзеці паступова становяцца дарослымі пацыентамі. Таму мы працуем у цеснай сувязі. Захворванні органаў зроку у дзяцей не рэдкасць, а самай распаўсюджанай паталогіяй застаюцца анамаліі рэфракцыі (блізарукасць, дальназоркасць, астыгматызм). Відавочна, гаджэты аказваюць моцны негатыўны ўплыў на несфарміраваны орган зроку ў дзяцей. Колькасць іх на дыспансерным уліку з анамаліямі рэфракцыі стабільна расце, і ў першую чаргу гэта выпадкі блізарукасці. Не звяртаць увагі на гэты стан у самым пачатку ніяк нельга. Блізарукасць слабай ступені можа прывесці да блізарукасці сярэдняй ступені, а затым і высокай. А гэта ўжо можа пагражаць, напрыклад, такім ускладненнем, як адслаенне сятчаткі (палова выпадкаў адслаення сятчаткі сустракаецца ў блізарукіх). Так можна незваротна страціць зрокавую функцыю. Для сучасных дзяцей асабліва важным будзе правільны лад жыцця, навучанне навыкам работы на блізкай адлегласці, чаргаванне актыўнага адпачынку з камп'ютарнымі гульнямі.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Дзякуй» гаджэтам...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».