Вы тут

Віктар Жыбуль. Невядомы верш Юлія Таўбіна


Паэт і перакладчык Юлі Таўбін [2(15).09.1911, г. Астрагожск Варонежскай губерні (цяпер Варонежская вобласць, Расія) — 30.11.1937, Мінск] пражыў кароткае, але поўнае няспынных творчых пошукаў жыццё.


Нарадзіўся ён у сям’і яўрэя-аптэкара, у 1921 годзе пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, дзе закончыў педагагічны тэхнікум (1931). Пазней вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута, але ўсім яго планам перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі. Пасля першага арышту (25.02.1933) паэт быў сасланы ў Цюмень, а пасля другога (4.11.1936) расстраляны ў двары турмы НКУС у ліку 26 беларускіх літаратараў…

Паэтычны талент Юлі Таўбіна раскрыўся рана: у 14 гадоў ён ужо друкаваўся ў газетах і часопісах, у 19 выдаў першую кнігу «Агні» (1930), следам за якой выйшлі яшчэ чатыры: «Каб жыць, спяваць і не старэць…» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932), паэма «Таўрыда». Найбольш яскрава паэт выявіў сябе ва ўрбаністычнай лірыцы, ствараючы настраёвыя малюнкі тагачаснага гарадскога і местачковага жыцця. Яшчэ адна адметная рыса паэзіі Юлі Таўбіна — заглыбленасць у кніжную стыхію: многія яго вершы стракацяць разнастайнымі літаратурнымі і фальклорнымі алюзіямі дый проста згадкамі пра паэтаў розных эпох і народаў — ад Сірано дэ Бержэрака да Якуба Коласа. Нават вобразы, метафары і параўнанні маюць у яго «літаратурацэнтрычны» характар: «Харэі і ямбы, і пругкія дактылі / Заўсёды на варце ў мяне», «Трамвай праляцеў, як двухстопны анапест».

Рыхтаваў Юлі Таўбін да друку і кнігу сваіх выбраных твораў — «Лірыка. Эпас», а таксама зборнік перакладаў Гайнрыха Гайнэ, якія не ўбачылі свет з-за арышту беларускага паэта. На шчасце, іх рукапісы захаваліся ў архіве сумнавядомага крытыка-вульгарызатара Л. Бэндэ (Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, ф. 66, воп. 1, адз. зах. 1046, 1336, 1337). Калі ўважліва знаёмішся з рукапісам кнігі «Лірыка. Эпас», звяраючы яго змест з бібліяграфіяй твораў Юлі Таўбіна, заўважаеш, што амаль усе вершы, уключаныя ў кнігу, паэт здолеў надрукаваць раней у іншых выданнях — часопісах, газетах і сваіх папярэдніх зборніках. Усе, акрамя аднаго — «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесці». Напэўна, тагачасныя рэдактары палічылі верш занадта цяжкім для ўспрымання «фармалістычным выкрунтасам», а можа нават і праявай «шкодніцтва на літаратурным фронце». Насамрэч жа ён цікавы як прыклад смелага і натхнёнага эксперымента са словам, рыфмай, рытмікай. Дый нават з літаратурнымі адсылкамі, гэтак уласцівымі паэзіі Таўбіна. Напэўна, толькі па-сапраўднаму ўлюбёны ў літаратуру чалавек знайшоў бы асацыятыўнае падабенства паміж маладзіком у неспакойным небе і галоўным героем рамана «Пакуты юнага Вертэра» (1774) Ёгана Вольфганга Гётэ — вялікага нямецкага паэта, якога Юлі Таўбін шанаваў і перакладаў на беларускую мову. Маладзіку-Вертэру, які «не знаходзіць месца на свеце», супрацьпастаўляецца «дужы вецер» як стыхійная ўсеахопная ўсеабуджальная рэвалюцыйная сіла, гэткі «вецер перамен». Супрацьпастаўляюцца ў вершы і два светы: насельнікі аднаго з іх скачуць «дваранскія вальсы з жахліва смелымі па» і настальгуюць па мінулым, а другога — занятыя стваральнай працай, уздымаючы «высокія сцены» і будуючы новую эпоху. Паэт нават спачатку пазначыў пад вершам: «У ноч на трынаццатую гадавіну Кастрычніка. Менск», але потым закрэсліў гэта, мабыць, вырашыў ніяк не прывязваць верш да канкрэтнай гістарычнай падзеі і гэтым самым дадаць яму болей універсальнасці. Бо, відаць, сусветная гісторыя ў самыя розныя эпохі так і будзе трымацца на адвечным антаганізме…

У вершы «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесці» Юлі Таўбін, можна сказаць, сканцэнтраваў увесь арсенал сродкаў паэтычнай выразнасці. Тут і нечаканыя метафары і параўнанні, і шматлікія алітэрацыі асанансы, паэтычныя этымалагізмы, і гульня з сінтаксісам, і эмацыянальныя перапады настрояў, рытму, інтанацый… Аўтар нязмушана і гарэзліва рыфмуе «вецер» з «Вэртэрам», «вальсы» з «валасамі», «сьмелыя па» — з «Рэйнам ці По», а «самавар» — з «папуасавым Самоа»! Як быццам Юлі Таўбін дэманструе выяўленчыя магчымасці беларускай паэзіі мяжы 1920—1930-х гадоў — паэзіі, у хуткім часе прыдушанай сталінскім рэжымам. Але — мастацтва застаецца вечным незалежна ад лёсу яе носьбітаў. Як напісаў паэт у згаданым вершы, «Песня перарастае складальнікаў, / Песня складаецца сама».


Юлі ТАЎБІН

 

ДУЖЫ ВЕЦЕР І МАЛАДЗІК З ГЁТЭВАЕ АПОВЕСЬЦІ

 

…Пачынаецца дужы вецер

і гудзе тэлеграфны слуп…

Маладзік, як напудраны Вэртэр,

не знаходзіць месца на сьвеце

(набліжаецца дзень з далін),

але тут выступаюць вербы,

тут прыходзіць канец концэрта,

яны робяць яму кавэрзы[1],

захапляючы ў цень галін…

Пачынаецца вецер сіберны[2]

і гудзе тэлеграфны слуп.

Тут канае сьлязьлівы Вэртэр,

заключыўшы законны шлюб.

 

А тымчасам —

дзікунскі вецер

з папуасавага Самоа[3]

дзьме ўва ўсе прасьветы на сьвеце,

і гудзіць на стале самавар…

…А тымчасам —

кіно адчынены

і афішы сьвішчуць — «анонс».

Вецер дзьме ў прасьветы і шчыліны,

вадзянымі сычыць рашчынамі,

ён гугнявіць —

восень прычынаю —

у яго «праванскі» прононс.

А тымчасам —

ў тэатрах душацца

і ўжо гнуцца крукі ад хутр…

Хоць маленькага-б даць ім душцу

з асеньніх салоных віхур!

 

Вецер лашчыць і вецер катуе,

вецер-вораг і вецер-сябр.

Ён заставай застаўся за статуем —

у яго там лятучы штаб.

 

А тымчасам —

аўто мільгалі,

пранасілі замежных гасьцей…

І хавалася ў сьценах сьцень…

Было неба чарней амальгамы,

шумы, шолахі, амаль гамы

поўнагучнымі галасамі

гаманілі часьцей, часьцей…[4]

 

А тымчасам —

кахалі,

раджалі,

дапівалі старое віно,

паміралі;

з сусьветнага джалю

гулялі

ў дваццаць адно[5];

сьмяяліся,

песьні складáлі,

стаялі ў чарзе перад склáдамі

па цукар ці па сандалі

ці па гумавыя прылады;

скакалі дваранскія вальсы

з жахліва сьмелымі па,

адпушчалі даўгія валасы

і марылі пра Рэйн ці По,

ці пра рэволюцыю ў Валісе[6].

Ганьбавалі поэзіі спад,

сьпявалі на розныя галасы

адзін мотыў —

ці по-

мніце гэты час (ён нядаўні)?

…Вецер з баобабавага Самоа…

 

Песьня перарастае складальнікаў,

песьня складаецца сама.

 

А тымчасам —

крывёю і потам —

Муляры клалі цэглы,

цесьляры дошкі цягалі,

пячкуры бяз працы ня бегалі,

тынкары рабілі работу,

гарнякі падрывалі горы,

маракі ўзьляталі на мачты,

астраномы сачылі зоры,

інжынэры крэсьлілі хорды,

пякары пяклі хлеб нясмачны,

салдаты вартай пасталі,

маляры фарбавалі столі,

чыгуначнікі выпраўлялі саставы,

земляробы зямлю пераправілі —

 

З мяса, жалеза, сталі,

з глебы, дошак, стомы,

вады, паветра, гравія,

цэглы, цягліц, цела,

песень, прамоў, паперы —

з жывога і ня жывога —

 

узьнялі высокія сьцены,

узьнялі высокую веру,

узьнялі ў высокую эру —

высокую эпоху![7]

.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .

 

Пачынаецца

вецер

рэзкі,

аж гудзе тэлеграфны слуп.

Адчыняецца ў горадзе Менску

у царкве — чыгуначны клюб[8].

 

Маладзік —

старадаўні Вэртэр,

маладзік —

цукраваны торт —

ён зьбялеў, ён баіцца памерці,

бо дужэюць хмары і ветры,

але мы не баімся сьмерці —

 

гэта ўсё для эпохі першай

песень, рук і рэторт[9].

 

1930

 

Друкуецца з захаваннем правапісу арыгінала паводле архіўнай крыніцы: БДАМЛМ, ф. 66, воп. 1, адз. зах. 1336, арк. 36а—41.

Публікацыя і заўвагі Віктара Жыбуля.

 

 

[1] Інтрыгі.

[2] Вельмі моцны, рэзкі, люты.

[3] Астраўная дзяржава ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна.

[4] Закрэслены радок: «А вецер брахаў на сьцень».

[5] Дваццаць адно (ачко) — расійскі варыянт картачнай гульні блэк-джэк.

[6] Валіс (Вале; фр. Valais, ням. Wallis) — кантон на паўднёвым захадзе Швейцарыі.

[7] Закрэсленыя радкі: «узьнялі ў цокалі эру / жывога і ня жывога».

[8] Паэт мае на ўвазе адкрыццё Клуба чыгуначнікаў у будынку Свята-Казанскай царквы, закрытай у 1930 г. Цяпер на гэтым месцы — плошча Мяснікова.

[9] Рэторта — герметызаваны сасуд з вогнетрывалага матэрыялу для награвання прадуктаў і вырабаў у адмысловых печах.

Друкуецца ў "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе». 

Культура

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Мы сустрэліся з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ, каб пагаварыць пра найбліжэйшыя і, магчыма, больш далёкія перспектывы.