Вы тут

Каму баляць чужыя ногі?


85-гадовы жыхар вёскі Балашэвічы Глускага раёна расказаў пра тое, як яму цяжка дабірацца да бальніцы ў райцэнтр.

Ліст у рэдакцыю ад Уладзіміра Дзядзюлі, інваліда 2 групы, можна назваць крыкам душы. Ён піша, што да аўтобуснага прыпынку ад яго дома ісці кіламетр, а ў яго хворыя ногі. І гэта ператварае яго паездкі ў бальніцу на ўколы ў цяжкі іспыт. Летась ён стаў пісаць у розныя інстанцыі, каб прыпынак грамадскага транспарту перанеслі бліжэй да месца яго пражывання, а яшчэ лепш — пусцілі аўтобус па вуліцы, дзе ён жыве. «Аднак мяне і слухаць не хочуць, — паскардзіўся чытач. — Адна надзея на вас».


Стар­шы­ня Каз­ло­віц­ка­га сель­са­ве­та Ула­дзі­мір Каб­лаш рад бы да­па­маг­чы, але не ве­дае, як?

Прыпынак па патрабаванні

Сітуацыя насамрэч тупіковая. Праблему Уладзіміра Дзядзюлі ў райвыканкаме ведаюць добра. Апошнім часам перапіска з ім вядзецца вельмі актыўна. Толькі, тлумачаць там, заяўнік вельмі патрабавальны. Маўляў, на ўсю вёску Балашэвічы толькі яму патрэбны гэты заезд. Тое, што магчымасці зрабіць так, як ён хоча, няма, стары ігнаруе. Згодны толькі на адзін варыянт: аўтобус павінен даязджаць да яго дома.

Раённыя ўлады запэўніваюць: прыпынак перанесці нельга, як і накіраваць аўтобус наўпрост праз вуліцу, дзе жыве дзед. Аўтобусу прыйдзецца ехаць па нядобраўпарадкаванай лясной дарозе, дзе калдобіны і пясок. Рабіць там праезд дзеля аднаго чалавека, справа не танная. Дзе ўзяць на гэта сродкі? Лішніх у бюджэце няма.

Разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глускага райвыканкама Наталляй Гулевіч і старшынёй Казловіцкага сельсавета Уладзімірам Каблашам едзем да заяўніка ў госці. Трэба ж неяк знайсці кампраміс.

Уладзімір Дзядзюля падпісчык нашай газеты з 50-гадовым стажам. Першае, што кідаецца ў вочы на стале ў хаце, менавіта «Звязда». А на сцяне пачэснае месца побач з вясельным партрэтам нашага чытача і яго жонкі Матроны Пятроўны займае каляндар «Звязды». Жонкі ўжо другі год як няма. Яе адыход вельмі падкасіў здароўе гаспадара.

— Раней ног не адчуваў, працаваў па-чорнаму. Коней трымаў, кароў, авечак, індыкоў. Сваімі рукамі гэты дом перабудаваў, печ сам клаў, рабіў вокны, дзверы. А зараз здароўя няма нават да ўрачоў дабрацца, — горка ўздыхае суразмоўца.

Пакуль былі сілы перасоўвацца, Уладзімір Дзядзюля сваім становішчам не злоўжываў. Уся вёска дзівілася, як ён адной нагой (другая трымалася нерухома) круціў педаль веласіпеда і ехаў. Але цяпер такая эквілібрыстыка яму ўжо не па сілах.

У вёсцы ёсць ФАП, але хворыя ногі не дазваляюць ім задаволіцца. Патрабуецца асобае лячэнне.

— Сёння хаджу, усё нармальна, а потым, як скруціць ногі, толькі і ратунку, што ва ўрачоў, — кажа ён. — Хірург робіць уколы ў калена сам, фельчар не ўпаўнаважаны. А такі ўкол патрэбны не адзін. І ў горад прыходзіцца ездзіць некалькі разоў запар. Дзякуй, што ўрач яшчэ ідзе насустрач, адразу некалькі рэцэптаў выпісвае. Там ведаюць маё становішча. Раяць, калі што, выклікайце хуткую дапамогу. А які мне ад гэтага толк? Мне ўрач патрэбны канкрэтны.

У паліклініцы Дзядзюля часцей за ўсё наведвае трох урачоў: хірурга, тэрапеўта, акуліста. Адно вока слаба бачыць, кажа, што на ім катаракта. Але больш за ўсё турбуюць усё ж такі ногі.

Па словах загадчыка Глускай райпаліклінікі Андрэя Дзядзюлі (я спачатку вырашыла — сваякі, але, як высветлілася, на Глусчыне шмат хто з такім прозвішчам), для падтрымальнага лячэння Уладзіміру Аляксеевічу дастаткова наведваць паліклініку 1 раз у месяц. А льготныя рэцэпты для хранічных пацыентаў, калі не патрабуецца больш частае іх назіранне, ёсць магчымасць выпісваць адразу на 2-3 і нават 6 месяцаў. Ёсць таксама такая форма, як дамашні стацыянар. Гэта калі пацыента аглядае ўрач, назначае лячэнне і хворага перыядычна наведваюць участковая медыцынская сястра або фельчар ФАПа. На той выпадак, калі патрабуецца выкананне больш складаных медыцынскіх маніпуляцый або абвастрылася хранічнае захворванне, лячэнне можна прайсці ў стацыянары.

У паліклініку за 100 тысяч

Нельга сказаць, што праблему ў раёне не спрабавалі рашаць. Усё ж такі чалавек сталага ўзросту, з балячкамі. Ды і адлегласць не вялікая — усяго 7 кіламетраў ад вёскі да горада.

Спачатку дырэктар мясцовага аўтапарка пагадзіўся вазіць кліента. Нават бясплатна. Прапанаваў: калі трэба будзе ў бальніцу, звані. Але, калі дзед за кароткі час яму некалькі разоў патэлефанаваў, пачаў пазбягаць назойлівага просьбіта. Асабістым кіроўцам быць не дамаўляліся.

Тады пенсіянер звярнуўся да аднавяскоўцаў. Заплаціў аднаму за праезд 50 тысяч рублёў, а наступным разам ахвотных падвезці яго не знайшлося. Адлегласць у 7 кіламетраў можа і не вялікая, але некалькі разоў туды і назад праедзь, ды яшчэ падзяжур каля бальніцы, ніякіх грошай не захочаш.

Уладзіміру Аляксеевічу нават крыўдна за землякоў. Успамінае, што калі ў яго была машына, нікому не адмаўляў. Нават мог кінуць свае справы па гаспадарцы і завезці чалавека, куды трэба. Зараз ніхто за проста так і дзякуй не скажа, уздыхае ён. Сацслужба прапанавала скарыстацца паслугамі па льготных расцэнках. Па іх кожны кіламетр дарогі абыдзецца пенсіянеру ў 1800 рублёў, а гадзіна карыстання аўто — 27 тысяч.

— Дастаўка кліента ад дома да бальніцы і назад з улікам знаходжання непасрэдна ва ўстанове, напрыклад 2 гадзіны, будзе каштаваць прыкладна 100 тысяч рублёў, — падсумавала дырэктар Глускага райцэнтра сацабслугоўвання Анжэла Палупанкова.

Дзед жа пры агучванні такой сумы маўчыць. На аўтобусе ён, як інвалід 2-й групы, можа ездзіць бясплатна. Чаму тут такія расцэнкі?

— Калі б пенсія грамадзяніна была ніжэй за пражытковы мінімум, мы б разглядалі пытанне аб выдзяленні яму адраснай дапамогі або бясплатнай дастаўцы, — патлумачыла Анжэла Мікалаеўна. — Але ж гэты чалавек атрымлівае добрую пенсію і можа сабе дазволіць скарыстацца нашымі платнымі паслугамі.

Цяпер пенсіянер спрабуе прапрацаваць яшчэ адзін варыянт. А што калі побач з яго домам зрабіць разваротнае кальцо? Там якраз нядаўна пляцоўка вызвалілася — дом знеслі. Што, калі аўтобус адхіліцца на кіламетр убок, забярэ тутэйшых жыхароў і зноў вернецца на маршрут?

— Сацыяльныя стандарты прадугледжваюць зону абслугоўвання ад прыпынку на адлегласці да 3 кіламетраў, — не згодны з такім варыянтам дырэктар Глускага аўтапарка Аляксандр Сыцько. — Вунь жыхары вёскі Байлюкі, ад якой да прыпынку наогул 2,7 кіламетра, і тое не абураюцца. Садзяцца ў вёсцы Клетнае і едуць куды трэба. Аўтобус ідзе праз 12 вёсак, але мы не павінны спецыяльна заязджаць за кожным пасажырам. Які нам сэнс рабіць бескарысны крук па вёсцы? Трэба разумець, што кожны лішні кіламетр адбіваецца на агульным кошце паездкі. Вы лепш спытайцеся ў людзей, ці згодны яны плаціць за гэты кіламетр?

А што сабе думаюць дзеці?

Згодна з артыкулам №100 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, менавіта дзеці павінны даглядаць сваіх непрацаздольных бацькоў. У вёсцы жыве родны сын Уладзіміра Аляксеевіча і ўнучкі, адна з якіх нават сама ўжо маці. На дзяцей дзед не скардзіцца: яны і ў краму сходзяць, і ў хаце прыбяруць. Але, па сутнасці, чый, як не іх клопат хворага бацьку і дзеда даставіць да ўрачоў? Сваёй машыны ў сям'і няма, але ж можна папытаць у іншых.

Сяргей Дзядзюля, сын Уладзіміра Аляксеевіча, працуе ў Глускай ПМК №249. Шчыра прызнаецца, што да кіраўніка з падобнымі пытаннямі ніколі не звяртаўся. «Чым мне тут могуць дапамагчы?» — не разумее ён. Што датычыць іншых варыянтаў, то, як ён кажа, спрабаваў і да сваякоў падыходзіць, і да знаёмых. Але кожны заняты сваімі справамі, унікаць у праблемы іншых часу няма.

Калі я параіла Сяргею пагутарыць з бацькам наконт дома састарэлых, ён нават абурыўся. Пакуль я жывы, майго бацькі там не будзе, катэгарычна заявіў ён. Замкнёнае кола атрымліваецца. У раёне шмат старых людзей, у якіх таксама хапае балячак. І не ў кожнага аўтобусны прыпынак пад вокнамі. Але дзеда па-чалавечы шкада. Бо яму здаецца, што ўсе супраць яго. Таму, напэўна, і гучаць дагэтуль у вушах яго горкія словы: «Каму баляць чужыя ногі?»

Фота аўтара

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.