Вы тут

Пра культуру — аптымальна


У Год культуры яе адчуць павінен кожны. Усвядоміць. Быць яе часткай. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў на сустрэчы з журналістамі патлумачыў асобныя моманты існавання галіны. Найбольш цікавыя вытрымкі прапануем нашым чытачам.


Вяртанне каштоўнасцяў

— Пры Савеце Міністраў Беларусі існуе камісія па вяртанні каштоўнасцяў. Дзяржава робіць усё (у тым ліку Міністэрства культуры), каб прадумаць і стратэгію, і тактыку, як весці супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў гэтым кірунку. Адзін з вынікаў 2015 года — стварэнне спіса тых каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі нашай краіны. Што тычыцца канкрэтных праектаў, то Міністэрства культуры заключыла дагавор з «Белгазпрамбанкам», які займаецца тэмай набыцця работ беларускіх мастакоў Парыжскай школы і вяртае іх сюды, а потым, выкарыстоўваючы выставачныя залы Нацыянальнага мастацкага музея, разам у партнёрстве з дзяржавай праводзіць выстаўкі. У нас набываюцца кнігі — рэдкія выданні — для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мы знаходзім мецэнатаў, спонсараў, якія сябе нават не раскрываюць, і набываем тыя ці іншыя каштоўнасці, якімі мы павінны ганарыцца ў краіне. Я не сказаў бы, што кіруе ў гэтым працэсе прыватная ініцыятыва, але яна таксама патрэбна. Дзяржаўная палітыка ў гэтым пытанні накіравана на атрыманне выніку.

Ёсць праекты вяртання нашых каштоўнасцяў у віртуальным выглядзе. У сілу шэрагу прычын нават нашы партнёры не гатовы нам іх аддаваць. Гісторыя так распарадзілася, што не ўсё вярнуць магчыма, ды ёсць пытанні міжнароднага права. Дзеля таго, каб мець магчымасць дакранацца да гэтых каштоўнасцяў (асабліва што тычыцца кніг, рукапісаў), вядзецца вялікая праца па алічбоўцы і факсімільным выданні — Скарыны, бібліятэкі Храптовічаў, бібліятэкі Сапегаў. Такім чынам ёсць магчымасць зрабіць іх даступнымі шырокаму колу чытачоў.

Помнікі  — у добрыя рукі

— У Беларусі больш за 5000 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны розных катэгорый. Ёсць шэраг аб'ектаў, па аднаўленні якіх мы гатовы супрацоўнічаць з прыватнымі інвестарамі; галоўнае, каб пры рэканструкцыі яны захоўвалі інтарэсы дзяржавы. Толькі ў Мінскай вобласці ёсць каля
40 сядзіб, якія могуць быць перададзены ў прыватныя рукі. Але пры гэтым новыя ўласнікі павінны захоўваць інтарэсы дзяржавы і клапаціцца пра тое, каб аблічча помніка гісторыі адпавядала гістарычнаму і ўяўляла каштоўнасць. Але так бывае, што ўладальнікі сядзіб імкнуцца іх перарабіць ці прыстасаваць пад свае густы ці інтарэсы. Спяшаюцца з аднаўленчымі работамі, каб хутчэй атрымаць аддачу. Таму спрэчкі падчас рэканструкцый на гістарычных сядзібах нярэдкія: як і што робіцца, ці ў адпаведнасці з патрабаваннямі. Узнікалі пытанні і па аднаўленні замка ў Любчы і сядзібы ў Воранава. Але дзяржава скіраваная на супрацоўніцтва і аказвае метадычную і кансультацыйную дапамогу.

Музейны квартал

— Пры ўсіх цяжкасцях фінансавання работы па стварэнні музейнага квартала пры Нацыянальным мастацкім музеі не спыняюцца. Цяпер ідзе рэканструкцыя двух памяшканняў: па вул. Кірава і вул. Маркса.

Асноўнае, што трэба было зрабіць з пункту гледжання будаўніцтва, — накрыць дах, каб перайсці да ўнутраных работ. Трэба з'яднаць стары будынак з новымі, якія ўводзяцца ў абарачэнне; патрэбны галерэі, таму нешта яшчэ дабудоўваецца. Функцыі ў гэтых будынкаў будуць розныя: захаванне каштоўнасцяў, дэманстрацыйная зала. Сёлета мы атрымалі шмат заявак на тое, каб папрацаваць у Нацыянальным мастацкім музеі падчас суботніка (шэраг арганізацый выбіраюць культурныя а'бекты). Нягледзячы ні на якія цяжкасці (эканоміцы цяпер няпроста), работы ідуць, і калі ўсё будзе добра, то праз тры гады мы будзем мець новы музейны квартал.

Рэканструкцыя кінастудыі

— Рэканструкцыя «Беларусьфільма» павінна была скончыцца яшчэ ў 2012 годзе, 31 снежня. Але цяпер вызначаны новы тэрмін: 31 снежня 2016 года. Паколькі ўсё залежыць ад фінансавання, то завяршэнне рэканструкцыі зноў пераносіцца на наступны год. Калі ёсць грошы, то работы актывізуюцца. Фінансаванне змяншаецца — крыху сціхаюць. Можна было б гаварыць пра тое, што нашы будаўнікі гатовыя ў доўг працаваць. Летась яны напрацавалі так на 20 мільярдаў рублёў. Сёлета таксама ўжо ў доўг працуюць, але таму, што трэба завершыць цыкл работ. Гэта вымушаны, але не найлепшы варыянт: ёсць заканадаўства, якое рэгулюе гэтыя адносіны і прадугледжвае санкцыі. Прыходзіцца знаходзіць магчымасці, каб будаўнічае жыццё на кінастудыі не сціхала, каб рэканструкцыя працягвалася. Але што да гэтага праекта, то наогул шмат пытанняў, «навошта» і «чаму».

Творчыя работнікі

— У краіне існуюць творчыя саюзы, але раз-пораз узнікаюць пытанні: дапамажыце творчаму саюзу, не хапае грошай на існаванне. Можна на гэта грошы знайсці, але пытанне: а чым вы дапаможаце дзяржаве? У нас было пытанне наконт таго, каб творцы не траплялі пад закон аб дармаедах. Каму, як не творчаму саюзу, лепей ведаць, ці ўяўляе гэты чалавек сабой творчую асобу, ці займаецца творчасцю? Вызначаць гэта — не функцыя міністэрства.

Я лічу, што галоўная задача нашых творчых саюзаў заключаецца ў тым, каб яны выконвалі сваю ролю вызначэння мастацкага ўзроўню творчых з'яў у нашым грамадстве: гэта і рэдактура, і крытыка, і шмат што іншае. Сёння яны саступілі ўбок, і ўсё ўзяло на сябе міністэрства. Так, у нас працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, якія могуць ацаніць любы твор мастацтва. Але ці наша гэта задача? Міністэрства павінна вызначаць стратэгію развіцця галіны. Ёсць канкрэтныя пытанні, над якімі могуць працаваць асобныя ўстановы, рэгіянальныя ўлады, тыя ж творчыя саюзы.

Ацэнка працы

— Незалежна ад таго, Год культуры ці не, але мы рабілі спробы перагледзець сітуацыю з заробкамі ў сферы культуры. І будзем рабіць гэта пастаянна і пасля заканчэння гэтага года. Калі казаць пра такія спадзяванні, то трэба мець на ўвазе не толькі выдаткаваныя з дзяржбюджэту сродкі, колькі магчымасць зарабляць самім і такім чынам павышаць заработную плату. Цяпер на слыху слова «аптымізацыя», але не ўсе разумеюць, што гэта такое. Гэта тыя працэсы, якія ў тым ліку павінны прывесці і да павышэння заработнай платы. Ці стварыць умовы для таго, каб установы культуры маглі зарабіць іх самі.

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.