Вы тут

Магчымасці знойдзеныя і страчаныя


Адной з самых доўгачаканых падзей мінулага тыдня была сустрэча ў горадзе Доха (Катар), на якой разглядалася магчымасць замарозкі здабычы нафты найбуйнейшымі вытворцамі ў мэтах павышэння цаны.

Брокеры на фондавых біржах выказвалі з яе нагоды пэўны аптымізм — перад сустрэчай у нядзелю цэны на нафту выйшлі на ўзровень, на якім даўно ўжо не былі, — больш як 43 долары за бараль. Рост цэн на нафту дапамог бы і беларускаму бюджэту, паколькі Беларусь прадае за мяжу сотні пазіцый нафтахіміі, якія ўпалі ў цане ўслед за самой нафтай. Але цэнтральнай праблемай сустрэчы і магчымай дамоўленасці былі супярэчнасці паміж пазіцыямі Саудаўскай Аравіі, якая была гатова замарожваць здабычу, толькі калі гэта зробяць усе асноўныя гульцы на рынку, і Ірана, які паслядоўна заяўляў, што не будзе замарожваць здабычу, пакуль не выйдзе на дасанкцыйны ўзровень здабычы, што зойме яшчэ шмат месяцаў. У выніку цуду не адбылося, абодва бакі не адмовіліся ад сваіх раней агучаных пазіцый (Іран нават не стаў удзельнічаць у сустрэчы), і здзелка па замарозцы здабычы нафты не была дасягнута. Больш за тое, некаторыя краіны АПЕК, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы, вылучылі новыя патрабаванні аб тым, каб акрамя Ірана здабычу замарозілі і нейкія іншыя буйныя вытворцы, якія не ўваходзяць у арганізацыю. Ужо ў першыя хвіліны таргоў панядзелка рынак адрэагаваў падзеннем цаны на нафту адразу на шэсць працэнтаў.

Вынікі выбараў у парламент у Сірыі аказаліся чаканымі.

Нягледзячы на тое, што да самой ідэі выбараў у ваюючай краіне Захад паставіўся адмоўна, яны адбыліся, і кааліцыя «Нацыянальнага адзінства» (якая ўключае кіруючую партыю Баас) атрымала 200 з 250 месцаў у сірыйскім парламенце. Адметна, што выбары прайшлі ў 13 з 15 правінцый краіны, што гаворыць пра грунтоўнасць улады ў Сірыі.

Для прэзідэнта Бразіліі Дзілмы Русеф насталі чорныя часы. 12 красавіка спецкамісія бразільскага Кангрэса з удзелам прадстаўнікоў усіх палітычных партый краіны ўхваліла імпічмент прэзідэнту Дзілме Русеф.

Спецкамісія паверыла ў тое, што падчас першых прэзідэнцкіх выбараў спадарыня Русеф прыцягвала незаконнае фінансаванне на сваю выбарчую кампанію са сродкаў буйной нафтавай кампаніі Petrobras, старшынёй савета дырэктараў якой была. У нядзелю пазіцыю спецкамісіі падтрымала і ніжняя палата парламента дзвюма трацінамі галасоў. Наступным крокам з'яўляецца галасаванне ў Сенаце, дзе спатрэбіцца толькі простая большасць галасоў.

Як вядома, супрацьстаянне Расіі і Турцыі з прычыны збітага турэцкай ваеннай авіяцыяй расійскага бамбардзіроўшчыка ўжо мела сваімі наступствамі мільярды долараў страт у тавараабароце дзвюх краін. На мінулым тыдні намеціўся новы нечаканы паварот, які ў будучыні можа нанесці ўзаемнаму гандлю дзвюх краін яшчэ больш моцны ўдар.

Прэзідэнт Ірана Хасан Роухані заявіў пра гатоўнасць Ірана стаць гарантам энергетычнай бяспекі Турцыі, забяспечыўшы усе патрэбы краіны па нафце і газе.

У дадзены момант 60 працэнтаў усяго спажыванага газу Турцыя купляе ў Расіі, што прыносіць расійскаму бюджэту вялікія сродкі. Адзінай надзеяй на захаванне статус-кво для расійскага экспарту газу з'яўляецца той факт, што ў Турцыі з Іранам ёсць не меншыя супярэчнасці, чым з Расіяй.

Для беларускай знешняй палітыкі галоўнай падзеяй стаў візіт Прэзідэнта Беларусі на саміт Арганізацыі ісламскага адзінства.

Сама па сабе гэта арганізацыя яшчэ не раскрыла той патэнцыял, які мог бы ў яе быць, улічваючы, што складаецца яна з 57 дзяржаў з насельніцтвам больш як мільярд чалавек. Галоўныя праблемы — дыспрапорцыі, якія ёсць у яе ўдзельнікаў. Адны з іх з'яўляюцца казачна багатымі, як Саудаўская Аравія і Катар, іншыя — зусім беднымі, як Сенегал. Вельмі малы ўзаемны гандаль, што заўсёды з'яўляецца негатыўным фактарам для збліжэння пазіцый. Вялікая геаграфічная аддаленасць найбуйнейшых па насельніцтве краін — удзельніц арганізацыі. Ёсць шмат супярэчнасцяў наконт тлумачэння ісламу з пункту гледжання той ці іншай пануючай плыні, па яго інтэрпрэтацыі ў асобных краінах. Але галоўным для Беларусі з'яўляецца той факт, што на саміце, які праводзіцца раз у тры гады, прысутнічаюць лідары краін-удзельніц, што дае бясцэнныя магчымасці для асабістых перагавораў па развіцці адносін. Улічваючы шматвектарную палітыку Беларусі, гэта цудоўная магчымасць дамовіцца аб новых кірунках супрацоўніцтва і нарошчванні беларускага экспарту ў сітуацыі, калі галоўныя рынкі збыту беларускай прадукцыі — Расія і Украіна — па прычыне эканамічных праблем больш не могуць забяспечыць ранейшыя аб'ёмы збыту беларускай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка правёў паспяховыя перамовы з вышэйшымі службовымі асобамі Турцыі, Казахстана, Пакістана, Афганістана, Катара, Інданезіі і шэрагу іншых краін.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук
 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.