Вы тут

Беларускія тэнісісткі прабіліся ў Сусветную групу Кубка Федэрацый


Барацьба з расіянкамі яшчэ да пачатку паядынкаў абяцала быць цяжкай. Па-першае, зборная Расіі ў рэйтынгу FеdСuр знаходзіцца значна вышэй за нашу каманду, па-другое, саперніцы беларускіх дзяўчат выбралі грунтавое пакрыццё, яно, як вядома, мяккае і павольнае, што магло прынесці дадатковую нязручнасць беларускам. Да таго ж, удзел у матчы лідара нашай зборнай Вікторыі Азаранкі быў пад пытаннем да апошняга моманту. Усе гэтыя аспекты трымаліся недзе далёка ў галаве, а беларускія балельшчыкі, з якіх, дарэчы, многія адправіліся ў Маскву, верылі, што нашы дзяўчаты змогуць перамагчы.


У першы дзень матча маскоўскія «Лужнікі» не былі запоўненыя пад завязку, хоць дзяўчаты і паказвалі якасны тэніс. У стартавай сустрэчы на корт выйшлі Аляксандра Сасновіч (100-ы нумар сусветнага рэйтынгу) і Дар'я Касаткіна (32-я ракетка свету). Хоць маладая расіянка ў трох сэтах і аказалася мацнейшай за Аляксандру, перавага зборнай Расіі трымалася нядоўга. Роўнасць у матчы была хутка адноўлена першым нумарам нашай зборнай Вікторыяй Азаранкай, якая не пакінула шанцаў Маргарыце Гаспаран — 6:2, 6:3.

У нядзелю масквічы падцягнуліся ў «Лужнікі» ўжо больш вялікім складам, бо другі дзень матча павінен стаць вырашальным. Нерваваліся балельшчыкі, капітаны, ды і самі спартсменкі. Першымі на кортах з'явіліся лідары каманд — Азаранка і Касаткіна. Вікторыя са старту паядынку захапіла перавагу і без праблем узяла першы сэт, а вось другі склаўся куды больш драматычна. У гульню ўмяшаліся трыбуны, раз-пораз на падачы беларускі расійскія «знатакі» тэніса шумелі, а калі мяч трапляў у корт крычалі «аўт». Вікторыя пачала нервавацца, а Дар'я тым часам, правяла пару-тройку ўдалых розыгрышаў, тым самым выйграўшы другі сэт. У трэцяй партыі нервавалася ўжо маладая расіянка, чым і змагла скарыстацца Азаранка, вырваўшы перамогу ў сустрэчы — 6:2, 5:7, 6:3.

Самая вялікая нагрузка, здаецца, лягла зноў на плечы Аляксандры Сасновіч, якой пасля свайго няўдалага паядынку трэба было сустракацца з Маргарытай Гаспаран і, магчыма, вырашыць лёс усяго матчу. Іх гульня сталася напружанай, няроўнай і вельмі ўпартай. Нягледзячы на гэта і праявіўшы ўсе свае найлепшыя якасці, Аляксандра атрымала перамогу — 4:6, 6:1, 7:5 і вывела беларусак у Сусветную групу Кубка Федэрацый. Парная сустрэча, якая была згуляна пазней, ужо не мела турнірнага значэння.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жаночую нацыянальную каманду па тэнісе. «Беларускі жаночы тэніс па праве заслужыў сваё месца ў Сусветнай групе Кубка Федэрацыі, і сёння вы здабылі гэту гістарычную перамогу ў самым цяжкім процістаянні з расійскімі тэнісісткамі ў Маскве. Уся краіна з заміраннем сэрца сачыла за ўпартымі паядынкамі, у якіх вы прадэманстравалі высокую вытрымку і волю да перамогі. Вялікі дзякуй вам за гэту перамогу!» — гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларускія тэнісісткі змогуць замацавацца на заваяваных пазіцыях і падарыць у будучым шмат станоўчых эмоцый і незабыўных перажыванняў за Беларусь на найбуйнейшых тэнісных турнірах.

Такім чынам, каманда Беларусі абыграла зборную Расіі — 3:2 і вярнулася ў эліту сусветнага тэніса, дзе не была з далёкага 1994 года. Адзначым, што разам са зборнай Беларусі ў наступным годзе за Кубак будуць змагацца каманды ЗША, Іспаніі і Германіі, якія вярнуліся ў Сусветную групу, а таксама цяперашнія паўфіналісты — Швейцарыя, Чэхія, Францыя і Нідэрланды.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: На іх глядзела ўся краіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».