Вы тут

Расследаванні інспектара Сарвы



Таямнічае знікненне


Аксід жалеза надаваў Марсу бледна-чырвонае, амаль аранжавае адценне, праз што планета нагадвала баскетбольны мяч. Па меры набліжэння можна было добра адрозніць дэталі: ударныя кратары, даліны, Нікс Алімпіка, каньёны, палярныя шапкі. Па-свойму Марс быў нават прыгожы.

У дзверы пагрукалі.

— Заходзьце! — адарваўся ад ілюмінатара інспектар Дэпартамента пазазямных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва.

— Праз гадзіну выходзім у кропку скідання, спадар інспектар! — сунуў галаву ў каюту Пётр Голін, памочнік капітана «Яна Гевелія». — Будзьце гатовыя!

— Зразумеў, дзякую! — зборы не адбіралі шмат часу. Мінімумам рэчаў Сарва абыходзіўся не толькі ў камандзіроўках.

Ангар быў поўны тэхнікаў: праводзілася перадстартавая падрыхтоўка бота. Нават самая малая няспраўнасць ставіла функцыянаванне калоніі пад пытанне.

— Укладвайце рэчы, спадар інспектар! Зараз вам дапамогуць апрануць скафандр! — паводле правілаў касмічнага флоту, скіданне бота з людзьмі дазвалялася толькі пасля таго, як капітан судна даваў згоду.

Са скафандрам Сарва мог справіцца і сам, але карабельны статут пісаўся не для таго, каб яго парушаць.

— Прышпіліцеся і расслабцеся! Астатняе зробіць аўтаматыка!

— Я і не хвалююся! Не ўпершыню! — невялікая шчыльнасць атмасферы Марса стварала спрыяльныя ўмовы для пасадкі. Нават пры вертыкальным балістычным уваходзе найбольшы каэфіцыент перагрузкі не перавышаў дзесяці адзінак, а шырыня калідора ў самым вузкім месцы складала трыста кіламетраў.

— Пасажырскі лайнер «Адысей» забярэ вас праз тыдзень. Паспрабуйце да гэтага часу скончыць расследаванне, інакш застаняцеся на Марсе яшчэ на чатыры з паловай месяцы, пакуль не прыйдзе «Касіяпея»! — папярэдзіў Бівоін Жыбартаў. — Будзе трохі трэсці!.. Поспехаў!

Тэхнікі задраілі люк, але пакутаваць ад чакання не давялося: таймер вёў зваротны адлік. Калі лічбы абнуліліся, спрацавала катапульта.

Перагрузка была амаль непрыкметная. За пяцьдзясят пяць кіламетраў ад паверхні на бот абрынуліся даволі моцныя парывы ветру. Спуск заняў больш за гадзіну. На ўзлётна-пасадачнай пляцоўцы — падмеценым ад камянёў кавалку паверхні памерамі з два футбольныя полі — бот ужо чакалі.

— З прыбыццём, спадар інспектар! Дазвольце прадставіцца — Міклаш Шаверда, намеснік кіраўніка калоніі. Мне даручана суправаджаць вас і аказваць усялякую дапамогу!.. Зараз мае людзі перагрузяць кантэйнеры ў прычэпы, і нам можна будзе адправіцца ў калонію.

— У вас заўсёды так ветрана, спадар Шаверда? — вецер узмацняўся на вачах.

— Большую частку года, спадар інспектар! Розніца тэмператур паміж паўночным і паўднёвым паўшар’ямі!.. Хлопцы, варушыцеся, набліжаецца пылавая бура!

Спадарожнікі Шаверды пачалі рухацца хутчэй. Калі б ціск атмасферы быў роўны зямному, правалтузіліся б даўжэй.

— А бот не перакуліць? — на пляцоўцы панавалі сапраўдныя пылавыя віхуры. Штуршкі ветру станавіліся ўсё больш адчувальнымі. Даводзілася прыкладаць пэўныя намаганні, каб выстаяць на адным месцы.

— У апорах — адмысловыя загваздкі! Не страшны ніякі ўраган!

Толькі цяпер Сарва звярнуў увагу на шматлікія дзіркі.

Калі разгрузачна-пагрузачныя работы скончыліся, мужчыны расселіся па ўсюдыходах, і калона ўзяла курс на «Эдгара Райса Бераўза». Раз-пораз машыны аб’язджалі тэктанічныя разломы, кратары і лававыя трубкі. Вецер падняў пясок, таму ехалі па прыборах.

— Вы не маглі б расказаць мне пра здарэнне, спадар Шаверда?

— Не жадаеце губляць час, спадар інспектар? Разумею!.. З чаго пачаць?

— З самага пачатку!

— Гэта здарылася дзесяць дзён таму. На пачатку адзінаццатай Віжкгаіл Багушэўскі адправіўся ў трэці лабараторны бокс: напярэдадні Фестар Юхноўскі прыцягнуў з геолагаразведвальнага рэйду даволі незвычайны кавалак пароды, і Багушэўскі хацеў з ім папрацаваць.

— Юхноўскі — гэта ваш галоўны геолаг? — падчас вымушанай бяздзейнасці Сарва азнаёміўся з матэрыяламі, дасланымі па Старнеце Каланізацыйнай службай.

— Ён самы! — кіўнуў Шаверда. — Боксы ў нас герметычныя, так што Багушэўскага хапіліся толькі на наступны дзень, на планёрцы.

— Гэта значыць, што амаль суткі ніхто не пацікавіўся, чаму Багушэўскі не выходзіць з лабараторнага бокса?

— Віжкгаіл за працай мог і забыцца пра час. Спачатку Кайша спрабавала змагацца з парушэннем дысцыпліны, але пасля махнула рукой.

— А чаму «быў»?.. Лічыце, што Багушэўскі мёртвы? — Сарва ўважліва сачыў за рэакцыяй Шаверды. Святлафільтр на пярэднім шчытку суразмоўцы быў узняты.

— Цела мы так і не знайшлі, хоць літаральна перакапалі цэлую калонію і абшукалі ўсё навокал у радыусе пяці кіламетраў.

— Багушэўскі не мог сысці?

— Куды?.. На сотні кіламетраў наша калонія — адзіная. На шлюзах — сканеры сістэмы бяспекі. Без пропуска, які выдаецца максімум на дванаццаць гадзін, не выйсці.

— А іншых выхадаў няма?

— Якія могуць быць іншыя выхады, спадар інспектар? Гэта ж — іншапланетная калонія!

— Так, сапраўды. Пропуск меў электронны код?

— Так. Лічбалітарны набор з васьмі знакаў.

— Код можна ўзламаць.

— Кожны пропуск — яшчэ і ключ! — Шаверда выцягнуў дзіўнага выгляду карту. — Бачыце гэтыя раўчукі і зубцы?.. Для кожнага шлюза — свая камбінацыя.

— Вы дазволіце?.. Даволі цяжкі!

— Матэрыял ключа — гэта спецыяльны сплаў, вырабіць які без адмысловага абсталявання проста немагчыма. Магніты замок зроблены з аналагічнага сплаву. На іншы метал ён не рэагуе. Космас занадта жорсткі, каб дапускаць выпадковасці, якія могуць усё разбурыць!.. Перш за ўсё мы праверылі дзяжурную часць: усе ключы засталіся на месцы. Не забывайце пра запас кіслароду, спадар інспектар! Балоны на строгім уліку і выдаюцца толькі пад канкрэтныя задачы.

— Балоны стандартныя?

— Так, на дваццаць чатыры гадзіны. Каб выжыць па-за сценамі калоніі дзесяць дзён, неабходна загрузіць балонамі цэлы ўсюдыход, нават улічваючы аварыйны запас у машыне. Неабгрунтаваны выезд усюдыхода строга забаронены. Дый не застанецца такое незаўважаным. Гэта ж не іголка ў стозе сена!.. А як схаваць габарытную шматтонную машыну ад даследчых дронаў? Бачаць яны на дзясяткі кіламетраў!

— Скажыце, спадар Шаверда, у Багушэўскага былі ворагі?

— Інакш кажучы, ці маглі яго забіць? — рушыў услед ківок Сарвы. — Багушэўскага ўсе паважалі.

— Павага не дае гарантыі даўгалецця. Ведалі б вы, спадар Шаверда, на што ідуць некаторыя праз банальную зайздрасць!

— Універсальны ключ ёсць толькі ў Кайшы! У старонняга скарыстацца ім не атрымаецца — кантэйнер адкрываецца толькі пасля аналізу ДНК.

— Кроў?

— Так, прычым трайны аналіз з рознымі прамежкамі. Згусцелая кроў не падыдзе.

— Штучны ці натуральны растваральнік?

— Аналізатар настроены так, што выяўляе нават мільённыя долі працэнта чужога рэчыва.

— Багушэўскі мог адкрыць бокс знаёмаму.

— Кожнае адкрыццё бокса фіксуецца. З дзесяці гадзін чатырнаццаці хвілін пятага верасня да васьмі гадзін шасці хвілін шостага верасня дзверы ў трэці лабараторны бокс не адчыняліся.

— Што можаце сказаць наконт вентыляцыі?

— Разумею, куды вы гняце, спадар інспектар, аднак вымушаны вас расчараваць: пралезці па трубах не па сіле нават двухгадоваму дзіцяці. Да таго ж, яны ўсе за кратамі. Загартаваны метал на доўгіх металічных анкерах.

— Надзейна.

— Яшчэ як. Мы спрабавалі выдраць краты ўтрох. Нічога не атрымалася. Няма чаго і думаць пра тое, каб выцягнуць цела праз лабараторыю: калонія ў нас невялікая. Усё навідавоку.

На Марс апусцілася сапраўдная ноч.

— Ад цела можна пазбавіцца і ў самым боксе! Тыпавы інструментарый дазваляе не толькі раздзяліць труп, але і замесці сляды.

— Вы пра кіслату і печы, спадар інспектар?.. Мы праверылі — запасы кіслотаў некранутыя, печ не запальвалі. Бокс чысты!.. Вось мы і прыехалі!

Пра сябе Сарва абазваў калонію напаўраздушанай вінаграднай гронкай. Вецер валіў з ног — да знешніх створак дайшлі, трымаючыся за нацягнуты металічны трос. Для таго, каб адчыніць створкі, спатрэбіліся намаганні трох астранаўтаў.

— Вось вам яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што Багушэўскі не мог сысці сам, спадар інспектар!

— Боксы забяспечаныя відэакамерамі?.. Што паказаў відэазапіс? — астранаўты па чарзе станавіліся пад іанізацыйны душ.

— Запіс не вёўся.

— Як? — асалапеў Сарва. — Гэта ж парушэнне інструкцый!

— Тэхніка можа ламацца, спадар інспектар. Прычым здараецца гэта, як правіла, у самы нязручны час!.. Скафандр можна павесіць сюды.

— А мог Багушэўскі здзейсніць самагубства? — працягнуў допыт Сарва, калі за астранаўтамі зачыніліся ўнутраныя створкі.

— Падстаў у Віжкгаіла не было.

— Вы ў гэтым упэўнены?

— Нам сюды!.. Ці ўпэўнены я? На сто працэнтаў. У невялікім калектыве, у замкнёнай прасторы захаваць таямніцу вельмі складана. Я б нават сказаў, немагчыма. А аптымізму Багушэўскага можна было пазайздросціць. Шчаслівы ў шлюбе, шмат сяброў, праз паўгода павінен быў атрымаць ступень доктара навук. Якое ўжо тут самагубства?

— Чалавечая душа — цёмны лес!

— Толькі не душа Віжкгаіла. Ён быў у нас другім няштатным псіхааналітыкам. Скажу вам па сакрэце, спадар інспектар, звярталіся да яго часцей, чым да Яцына.

— Містыка нейкая! Ёсць чалавек. І няма яго...

Варта было трапіць у зону дзеяння фотаэлемента, як адразу запальваліся лямпы, разганяючы паўзмрок дзяжурнага асвятлення.

Калідор скончыўся шэрагам дзвярэй, кожную з якіх пранумаравалі з дапамогай трафарэта і люмінесцэнтнай фарбы.

— Ваша жылая ячэйка, спадар інспектар! — памяшканне аказалася невялікім, але вельмі камфортным. — Ваш ключ!.. Пачакаеце абед ці паклапаціцца, каб ежу вам прынеслі?

— Патрываю! Калі вы не супраць, я хацеў бы агледзець бокс і пагаварыць з людзьмі!

— Якія могуць быць пярэчанні? Мы ж і выклікалі паліцэйскага інспектара менавіта дзеля таго, каб высветліць, што ўсё ж такі здарылася.

З сабой Сарва захапіў толькі чамаданчык з інструментамі і ноўтбук.

— Калі ласка, за мной!

Ісці давялося нядоўга.

— Адну хвіліну! — Сарва спыніў Шаверду, які збіраўся скарыстацца ключом. — Я павінен агледзець дзверы — der Teufel steckt im Detail! Адказ трэба шукаць у дробязях!

— Калі ласка!

Сарва паставіў чамаданчык на падлогу, пасля чаго выцягнуў з несэсэра магутную лупу і пачаў міліметр за міліметрам абследаваць шчыліну і замок.

— Можаце адчыняць!.. А вас я папрашу застацца за парогам!.. Тут нешта краналі?

— Усё засталося так, як было паўтара тыдня таму... Гэта паліграф?

— Часам даводзіцца правяраць людзей на сумленнасць.

— І нас будзеце? — ні ценю страху ў вачах.

— Калі спатрэбіцца.

— Больш за шэсцьсот чалавек!

— Затое не трэба будзе думаць пра тое, чым заняць час да прылёту «Адысея»!.. Тут на здзіўленне чыста! — рэзюмаваў Сарва пасля таго, як некалькі хвілін лазіў на каленях па падлозе. — Проста стэрыльная чысціня.

Калі скончыў аглядаць падлогу, Сарва падсунуў крэсла да сцяны і з нагамі залез на яго.

— Краты вентыляцыі не краналі... Калі ласка, спадар Шаверда, падайце адвёртку!.. Супадзенне ці?.. — неўзабаве відэакамера ляжала на стале. Сарва спрытна адкрыў яе і адразу выявіў згарэлы провад. — На першы погляд, усё натуральна...

— Можаце не прастукваць сцены — схаваных пустак у іх няма.

— А што пад намі?

— Калонія аднапавярховая, спадар інспектар. Ніякіх лакун!

— Справа становіцца вельмі цікавай!.. Гэта і ёсць той самы «даволі незвычайны кавалак пароды»? — Сарва схіліўся над кюветай. — Чаго ж у ім незвычайнага?

— Асноўны складнік грунту Марса — гэта крэменязём з высокай колькасцю шчолачаў, соляў магнію, натрыю і калію. Тут ёсць неабходныя элементы для ўзнікнення і падтрымання жыцця — як у мінулым, так і ў сучаснасці і будучыні... А гэты кавалак паводле свайго мінеральнага складу не мае нічога агульнага з марсіянскімі глебамі. Ён не проста чужародны, а кардынальна іншы!

— Кавалак мог трапіць на Марс разам з людзьмі, — пад лупай узор выглядаў як звычайны камень. — На Зямлі такіх мільярды!

— Калі толькі гэтыя людзі прыляцелі на Марс мільён гадоў таму, спадар інспектар! Уся справа ў тым, што ўзор быў выняты з глыбіні ў некалькі дзясяткаў метраў.

— А ён не можа быць абломкам метэарыта?

— Юхноўскі не знайшоў нічога, што пацвярджала б гэтую гіпотэзу.

— Зразумела, — яшчэ некаторы час Сарва разглядаў кавалак пароды, пасля чаго пераключыўся на працоўнае месца Багушэўскага. — Сляды барацьбы адсутнічаюць... Скажыце, спадар Шаверда, кубак Петры перакулілі ўжо пасля знікнення геолага?

— Па шчырасці, гэтага я не памятаю. Напэўна, пасля. Хаця...

— Кубак не прамаркіраваны. Не скажаце, што ў ім магло быць?

— У такія мы звычайна наліваем дыстыляваную ваду, — Шаверда кіўком паказаў на літровую бутэльку на ніжняй паліцы стала.

— А вось гэта ўжо цікава! — Сарва выняў з чамаданчыка ліхтар на эластычнай стужцы і начапіў яго на лоб, пасля чаго схіліўся над краем папяровага ліста з разлікамі, які тырчаў з папкі. — Скарыстаемся ультрафіялетам!.. Падобна на тое, што ў кубак сапраўды налівалі дыстыляваную ваду.

— Гэта мае нейкае значэнне?

— Пакуль не ведаю... Дзе мой газавы храматограф? — Шаверда з цікавасцю глядзеў на маніпуляцыі Сарвы. — Хм, сапраўды вада.

Здавалася, інспектар быў збянтэжаны.

— Што з гэтага вынікае?.. Кубак выпадкова перакулілі. Вада разлілася, кроплі трапілі на паперу. Што ж потым?

Сарва апусціўся на крэсла і паглыбіўся ў разважанні. Шаверда моўчкі чакаў. Паўза зацягнулася на чвэрць гадзіны.

— А калі ніякай сувязі няма?.. Ёсць толькі адзін спосаб праверкі — эмпірычны!.. Спадар Шаверда, мне патрэбная тэлескапічная штанга, пажадана як мага даўжэйшая!

— Трохметровай даўжыні хопіць?

— Так! — пакуль Шаверда адсутнічаў, Сарва набраў у чысты кубак Петры вады з бутэлькі. — Дзякую!.. А цяпер давайце станем за шчыт!

Тоўстая празрыстая сцяна не толькі дазваляла ўсё цудоўна бачыць, але і надзейна абараняла.

— Капнем на ўзор!

Варта было адзінокай кроплі ўпасці на кавалак пароды, як з тым адбылася імклівая метамарфоза.

— Д’ябал! — у руках Сарвы застаўся толькі варты жалю абломак штангі. Усё астатняе знікла без следу. Сфера зноў стала каменем. — Дазвольце пазнаёміць вас з забойцам Багушэўскага, спадар Шаверда!


Забойства на горназдабываючым камбінаце № 3


Новае паведамленне прыйшло ў той момант, калі на інфармацыйным табло з’явіўся бягучы радок, які паведамляў пра пачатак пасадкі на рэйс «Месяц—Венера». Ратаўт Сарва, падхапіўшы свае рэчы, выцягнуў камунікатар і дакрануўся да піктаграмы на сэнсарным экране.

— Адпраўляйцеся на трэці горназдабываючы камбінат і высветліце абставіны гібелі інжынера Твірбута Сімагі.

Унізе стаяў подпіс камісара Айнбунда, начальніка Дэпартамента. Да паведамлення быў прымацаваны файл.

Сарва прабег позіркам па скупых радках справаздачы дырэктара камбіната, пасля чаго рушыў да касы, каб здаць квіток. Да новага загада інспектар паставіўся па-філасофску: за доўгія гады службы ў паліцыі ён паспеў прывыкнуць да рэзкай змены абставін. Праз гэта, праўда, даводзілася ахвяраваць асабістым жыццём. Але на што не пойдзеш дзеля любімага занятку?

Як толькі квіток быў ануляваны, Сарва накіраваўся на стаянку, дзе ўзяў усюдыход. Па зямных мерках, цэны «кусаліся». Цешыла тое, што плаціць за паездку будзе Дэпартамент. Для таго, каб пакінуць ахоўны купал, давялося апрануць скафандр.

— Прышпіліцеся! Праз чатыры гадзіны будзем на месцы! — шлях меўся быць няблізкім: касмадром і камбінат падзяляла амаль сто кіламетраў. З прычыны адсутнасці атмасферы на Месяцы перамяшчэнне пасажыраў і грузаў ажыццяўлялася выключна па паверхні. Выкарыстоўваць лятальныя апараты было прызнана немэтазгодным: спажыванне паліва на адзінку масы карыснага грузу аказалася занадта вялікім.

Дарогі не існавала, і кіроўца вёў усюдыход, аб’язджаючы ўдарныя кратары і буйныя кавалкі рэгаліту. Вакол, як кінуць вокам, ляжала пазбаўленая жыцця раўніна. Пануры шэры колер не маглі разбавіць нават яркія кубы і паўсферы жылых паселішчаў і навукова-даследчых станцый.

Расследаванне з’яўлялася чыстай фармальнасцю: забойца Сімагі быў затрыманы і пад вартай чакаў адпраўкі на Зямлю. Але без афіцыйнага засведчання зрабіць гэта не ўяўлялася магчымым.

З часу першага наведвання тут прыкметна пабольшала паселішчаў — каланізацыя ішла на ўсю моц. Час ад часу сустракаліся велізарныя грузавікі, якія сваімі абрысамі нагадвалі Scarabaeus sacer. Для паўнаты асацыяцыі не хапала толькі шароў з гною.

Пажылы кіроўца трапіўся негаваркі, за што Сарва быў яму ўдзячны: пасля пералёту з Венеры хацелася крыху адпачыць і сабрацца з думкамі. У інспектара нават атрымалася задрамаць.

Заліты агнём ліхтароў камбінат быў бачны здалёк і ўражваў сваімі памерамі — з горад сярэдняй велічыні. Праблема здабычы гелія-3 усё яшчэ заставалася нявырашанай: каб атрымаць тону ізатопу, даводзілася перапрацоўваць да ста мільёнаў тон грунту. Малая сіла прыцягнення дазваляла прамысловым блокам узвышацца на дзясяткі метраў. Адвалы ўтваралі сапраўдную горную граду. На некаторай адлегласці ад іх былі размешчаны батарэі рэйкатронаў, якія прызначаліся для абароны ад метэарытаў.

На стаянцы Сарву сустрэлі.

— Інспектар?.. Добры дзень! Мяне завуць Барсоба Дзерах. Я — галоўны інжынер і па сумяшчальніцтве — намеснік дырэктара. Трушэнка даручыў мне ўвесці вас у курс справы. З чаго пачнём?

— Я хацеў бы агледзець месца злачынства.

— Калі ласка, за мной!

Вакуум глушыў гукі. Магутнасць камбіната выдавала вібрацыя грунту.

— Забойства адбылося ўчора, у першай палове дня, — пачаў галоўны інжынер, як толькі скончылася шлюзаванне, — аднак труп знайшлі толькі на перазменцы: а восьмай гадзіне вечара... Рэчы можаце пакінуць тут!

У шлюзавай камеры стаяла некалькі шафаў са змешчанымі за металічнай сеткай ячэйкамі рознага памеру.

— Я так разумею, агляд цела Сімагі рабіў дзяжурны медык? — Сарва таксама зняў шлем. Па вушах адразу ж ударыў цяжкі металічны гул.

— Менавіта так, спадар інспектар. Смерць інжынера наступіла ў выніку глыбокага нажавога ранення ў ніз шыі, якое выклікала разрыў трахеі, гартані артэрыі і вялікую страту крыві. Удар быў нанесены ззаду, пад вуглом прыкладна сарака градусаў.

— Што можа сведчыць на карысць таго, што Сімага добра ведаў забойцу... А як атрымалася, што інжынера хапіліся толькі праз некалькі гадзін? — інспектар узяў з сабой чамаданчык з інструментамі, без якіх не абыходзілася ніводнае расследаванне.

— Карпарацыя не заахвочвае асабістыя кантакты паміж супрацоўнікамі ў рабочы час, спадар інспектар. Да таго ж, модуль кантролю цалкам аўтаматызаваны — аператар неабходны больш для падстрахоўкі камп’ютарных сістэм.

— Сімага працаваў у модулі адзін? — Сарва заносіў інфармацыю ў планшэтны персанальны камп’ютар.

— Так.

— Модуль замыкаецца знутры?

— Разумею, куды вы хіліце, спадар інспектар. Сімага меў харошую рэпутацыю, і адчыніць дзверы чужому мог толькі ў тым выпадку, калі гэтага патрабавала выкананне працоўных абавязкаў!.. Трэба апрануць камбінезон, спадар інспектар, месяцавы пыл усюдыісны! — камбінезонам аказаўся камплект з празрыстага палімернага матэрыялу, лёгкага і надзвычай моцнага. — І рэспіратар!.. Можаце не хвалявацца, спадар інспектар, усё аднаразовае і пасля выкарыстання адпраўляецца ў печ.

Шапачка шчыльна пакрывала галаву, пакідаючы адкрытым толькі твар.

Інспектар злавіў сябе на тым, што камбінезон забяспечвае выдатную абарону не толькі ад пылу, але і ад крыві. А яшчэ падумаў пра тое, як лёгка падмануць людзей, карыстаючыся службовым становішчам.

— Відэаназіранне што-небудзь паказала?

— Відэакамер ні ў модулі, ні ў калідоры, які да яго прымыкае, няма.

— Як? — адразу ўспомнілася некалькі відэакамер, пад якімі прайшлі Сарва і Дзерах.

— Іх там ніколі і не было.

— Прыкры недагляд! — на лічбавы запіс інспектар асабліва не разлічваў: што можа быць лягчэй, чым унесці карэктывы ў камп’ютар?

— Зменшчык заблакаваў дзверы сваім ключом і адразу ж падняў трывогу. Служба бяспекі прыбыла на месца праз тры хвіліны! — у голасе Дзераха прагучаў гонар. — Кімент Фрузін адразу ж трапіў пад падазрэнне: напярэдадні паміж ім і Сімагам адбылася буйная сварка, у якой тэхнік пагражаў інжынеру забойствам.

— А вось з гэтага месца папрашу больш падрабязнасцяў!

— Распавядаць тут асабліва няма чаго: Фрузін вельмі моцна пакрыўдзіўся на Сімагу праз тое, што той спакусіў яго жонку. Ужо не ведаю, наколькі там усё было сур’ёзна, аднак сябрамі пасля гэтага яны быць перасталі. Сведак — амаль палова камбіната.

— Тэхнік звяртаўся па дапамогу да псіхатэрапеўта? — без правадніка Сарва даўно б заблытаўся ў сапраўдным лабірынце лесвіц і калідораў.

— Фрузін з той катэгорыі людзей, якія ніколі не выстаўляюць свае пачуцці напаказ.

— Гэта не перашкодзіла яму зладзіць скандал на вачах ва ўсіх!

— Нервовы зрыў, няйначай! Што я яшчэ магу адказаць, спадар інспектар?.. Трэба аддаць Фрузіну належнае — ён хутка прыйшоў у норму. Ужо на наступны дзень пачаў выконваць службовыя абавязкі.

— Затаіўся, каб нанесці ўдар... Нож застаўся ў ране або яго забралі?

— Нож выпадкова знайшоў сярод адвалаў адзін з кіроўцаў рудавозаў. Мяркуючы па ўсім, Фрузін спадзяваўся на тое, што перапрацаваны грунт дазволіць яму схаваць сляды злачынства.

— Павінен прызнаць — не самы лепшы спосаб пазбавіцца ад доказаў!.. А што дало вам падставы зрабіць выснову аб тым, быццам нож належаў менавіта Фрузіну?

— Іншага такога не знайсці: Целяшкевічус, які робіць іх на заказ, ніколі не паўтараецца. У мяне самога ёсць нож, выраблены слесарам. Практычная і прыгожая, скажу я вам, рэч!.. Мы прыйшлі.

Для таго, каб трапіць у модуль, Дзераху і Сарву давялося абмінуць масіўныя дзверы, над якімі быў выведзены пад трафарэт надпіс «Сектар III-B».

— І многія маюць допуск? — пацікавіўся інспектар пасля таго, як галоўны інжынер скарыстаўся электронным пропускам.

— Дзяжурная змена, начальнік сектара, служба бяспекі і намеснік дырэктара — гэта значыць я.

— Колькі людзей у дзяжурнай змене? — Сарва вырашыў не ўваходзіць у модуль, адкрыў чамаданчык, выцягнуў з несэсэра вялікую лупу і пачаў старанна аглядаць дзверы. Асаблівую ўвагу інспектар удзяліў замку.

— Трое: аператар модуля кантролю, інжынер-тэхнолаг і інжынер-энергетык... Што вы шукаеце, спадар інспектар?

— Der Teufel steckt im Detail! Д’ябал хаваецца ў дэталях!.. Я павінен пераканацца ў тым, што ўсё адбылося менавіта так, як напісана ў справаздачы. Аператарам быў Сімага, тэхнолагам — Фрузін, а энергетык хто?.. У справаздачы пра гэта не сказана ні слова! — так і не знайшоўшы нічога падазронага, Сарва дазволіў Дзераху адчыніць дзверы.

— Інга Цілі. Аднак яна мае жалезнае алібі: першую палову дня яна займалася праверкай трансфарматараў у цэхах, суседніх з III-B сектарам. Яе бачылі дзясяткі чалавек.

— А што наконт іншых?.. Ці мог нехта яшчэ, акрамя Фрузіна, пракрасціся ў модуль?.. О, Божухна! Сапраўдная бойня!

Апаратуру, сцены, падлогу і нават столь пакрывалі шматлікія бурыя плямы.

— Гройц і я прысутнічалі на нарадзе ў Трушэнкі, — Дзерах быў белы як палатно. Толькі сіла волі прымушала яго заставацца ў памяшканні. — Ніхто з супрацоўнікаў службы бяспекі, якія дзяжурылі ў той дзень, у сектары не з’яўляўся. Яны праводзілі вучэнні.

— У мітусні маглі і не заўважыць, што пропуск згубіўся, — Сарва парадаваўся таму, што на ім камбінезон. Не хацелася поўзаць па крыві на каленях. Пасля такога касцюм дакладна давядзецца аддаваць у хімчыстку.

— Выключана! Пропуск знаходзіцца ў дзяжурнага афіцэра і выдаецца толькі пасля дазволу начальнікам службы бяспекі.

— Наколькі цяжка скапіраваць пропуск? — інспектар нацягнуў хірургічныя пальчаткі, зноў узброіўся лупай і апусціўся на карачкі. Слабымі моташлівымі прыступамі нагадала пра сябе гідлівасць.

— Чатыры ступені абароны і змена лічбалітарнага кода доступу праз кожныя дзве гадзіны.

— Сто дваццаць хвілін — вельмі вялікі тэрмін! — Сарва пачаў рухацца па спіралі. Для таго, каб нічога не прапусціць, ён папрасіў Дзераха ўключыць асвятленне. Лямпы далі яркае святло.

— У адзіночку пропускам дазволена карыстацца толькі мне і начальніку сектара.

— А як жа надзвычайныя сітуацыі? — падлогу пакрываў тонкі слой пылу: пасля забойства ніхто ўнутр не заходзіў.

— На шчасце, такіх не здаралася.

Сарва адмовіўся ад развіцця тэмы — аніводная камп’ютарная праграма не магла пахваліцца абсалютна надзейнай абаронай ад узлому.

— Як там Фрузін? Не рабіў яшчэ чыстасардэчнага прызнання?

— Поўная апатыя.

Хоць гэта быў не самы прыемны занятак, аднак інспектар міліметр за міліметрам абследаваў падлогу. Стараннасць была ўзнагароджаная — праз чвэрць гадзіны Сарва выдаў пераможны вокліч і падняў пінцэтам волас.

— Ныркападобны фалікул... дамінантная колькасць феамеланіну... кутыкула не пашкоджаная... Скажыце, спадар Дзерах, у Цілі густая кучма кучаравых валасоў рудога колеру? — знаходка патрапіла ў пакет.

— А як вы здагадаліся? — не мог схаваць свайго здзіўлення галоўны інжынер.

— Па воласе... Як часта праводзіцца ўборка модуля?

— Два разы на суткі: а дзясятай нуль-нуль і васямнаццатай трыццаць.

— Значыць, Цілі ўсё ж такі заходзіла ў модуль, — Сарва схаваў пакет у чамаданшчык з намерам крыху пазней вывучыць волас з дапамогай электроннага мікраскопа.

— Пабойцеся Бога, спадар інспектар! — адмахнуўся Дзерах. — Сімага мог прынесці волас на вопратцы! З Цілі яны былі сябрамі.

— Вось як?.. Гэта многае тлумачыць!.. — больш не кажучы ні слова, інспектар зноў узяўся за агляд. Прыкладна праз гадзіну высветлілася, што іншых знаходак не прадбачыцца. За падлогай прыйшла чарга апаратуры і сцен. Аднак гэта нічога не дала.

— Мабыць, варта зірнуць на цела. Дзе вы яго захоўваеце?

— У дзявятым прамысловым халадзільніку! — пасвятлеў тварам галоўны інжынер. Яму відавочна не цярпелася хутчэй пакінуць модуль. — Тут недалёка!

— Я толькі змыю кроў з каленяў! — інспектар наблізіўся да рукамыйніка і ўзяў з яго губку. У наступны момант рука Сарвы застыла перад змяшальнікам. — А гэта яшчэ што такое?

Губка паляцела на падлогу, а ў руцэ інспектара зноў апынулася лупа. Сарва схіліўся над рукамыйнікам. Некалькі хвілін прайшло ў поўнай цішыні.

— Нейкае арганічнае рэчыва... — пакапаўшыся ў чамаданчыку, інспектар выцягнуў прыбор, у якім галоўны інжынер пазнаў апошнюю мадэль газавага храматографа. Сілікагелевы аловак не пакінуў на кафлі слядоў.

Вынік выклікаў у інспектара рэзкае ажыўленне.

— Грыбны міцэлій!.. Скажыце, спадар Дзерах, на камбінаце ёсць 3D-прынтар?

— Безумоўна. І не адзін!

— А дзе нож Фрузіна? — бачачы стан інспектара, галоўны інжынер палічыў, што яшчэ не час задаваць якія-небудзь пытанні.

Варта было Сарву атрымаць нож у сваё распараджэнне, як ён неадкладна апрацаваў клінок гідрафільным сарбентам.

— Ніводнага атама крыві!.. Вядзіце мяне да цела! Хутчэй!

Нябожчыка пакрываў тоўсты слой інею, што надавала яму выгляд прыцярушанага снегам бервяна. Інспектар абмацаў рану i ўнёс даныя ў свой камп’ютар, пасля чаго на працягу некалькіх хвілін працаваў з прыборам.

— Цілі сярэдняга росту?.. І ў свой час займалася лёгкай атлетыкай?

— Так... Вы што, знаёмыя?

— Звяжыцеся са службай бяспекі — мне спатрэбіцца іх дапамога.

— Дапамога ў чым? — Дзерах перастаў разумець інспектара.

— У затрыманні забойцы Сімагі!

Галоўнаму інжынеру спатрэбіўся час, каб усвядоміць сказанае.

— Вы лічыце...

— Усе тлумачэнні потым! Не будзем губляць часу — Цілі можа збегчы!

Супрацоўнікі службы бяспекі чакалі Сарву і Дзераха ў сектары жылых ячэек.

— Усе ўваходы і выхады перакрытыя! — падначаленыя пажылога асілка былі ўзброеныя пісталетамі. Зусім не лішняя засцярога, калі маеш справу з жорсткім забойцам.

— За мной!

З дзвярыма вырашылі не цырымоніцца — проста выбілі іх.

— Што адбываецца? — Цілі прыўзнялася на ложку, імкнучыся не рабіць рэзкіх рухаў.

— Я арыштоўваю вас на падставе абвінавачвання ў забойстве Твірбута Сімагі, спадарыня Цілі!

— Як вы здагадаліся? — зарыпела зубамі інжынер-энергетык.

— Для поўнага растварэння пакрытага цэлюлознай біяплёнкай грыбнога міцэлію трэба шмат вады. Вас падвяло веданне хіміі.

— Спадар інспектар, ці не прыйшоў час даць тлумачэнні?

— Усё вельмі проста: Цілі зняла копію з нажа Фрузіна і раздрукавала яе на 3D-прынтары. На падставе праверкі электрычных ланцугоў яна пракралася ў модуль кантролю, дзе і забіла Сімагу, папярэдне падкінуўшы нож у адвалы. Так, спадарыня Цілі?.. Маўчыце, значыць я маю рацыю!.. Вам варта было апусціць біялагічную копію ў праточную ваду, а не пакідаць яе пад цурком водаправоднага крана, які выдае лімітаваныя порцыі… Чаму вы не нанеслі хаця б кроплю крыві на нож Фрузіна? Гэта адцягнула б увагу паліцыі. А волас?.. З вашага боку было вельмі неабачліва не схаваць валасы пад шапачку ці не абстрыгчы іх. Думаю, шукаць камбінезон няма патрэбы — ён даўно згарэў у печцы... Адно толькі мне незразумела. Які быў матыў?

— Занадта асабістае. Я захаваю гэта пад сакрэтам!


Арыя сірэны


— Забойца інжынера Твірбута Сімагі інжынер-энергетык Інга Цілі затрыманая. Інжынер-тэхнолаг Кімент Фрузін вызвалены з-пад варты і перададзены пад назіранне штатнага медыка горназдабываючага камбіната нумар тры доктара медыцынскіх навук Салкірда Юхно. На гэтым лічу справу закрытай!

— Выдатная работа, інспектар! — пасля нядоўгай паўзы, выкліканай запазненнем радыёсігналу, сказаў камісар Дэпартамента Ейнар Айнбунд. — Вяртайцеся на касмадром і бліжэйшым рэйсам адпраўляйцеся на Венеру.

— Зразумеў вас! — Ратаўт Сарва дакрануўся да піктаграмы завяршэння размовы і прыбраў камунікатар. Падхапіўшы чамаданчык з інструментамі, інспектар рушыў да шлюзавай камеры, дзе забраў рэчы і апрануў скафандр. Усюдыход, які даставіў Сарву на трэці горназдабываючы камбінат, чакаў інспектара на абочыне — грузавікі рухаліся суцэльным патокам.

— Да «Новых гарызонтаў»? — удакладніў кіроўца.

Сарва кіўнуў, аддаючы належнае фантазіі месяцавых каланістаў. Бліжэйшы рэйс да Венеры быў праз дваццаць восем гадзін, так што інспектар яшчэ паспяваў на канферэнцыю. Да плюсоў кіроўцы прыбавілася і адсутнасць цікаўнасці — ён больш не задаваў аніякіх пытанняў. А вось Сарву шмат пра што хацелася спытаць Цілі.

Інспектар лёгка пазнаваў дарогу: месяцавы пыл выдатна захоўваў сляды колаў, паколькі складаўся з ідэальных для зліпання драбнюткіх часціц з вострымі гранямі. Здробненыя метэарытамі кварц і жалеза ўяўлялі сабой сур’ёзную праблему для абсталявання, тэхнікі і людзей. У якасці абароны колаў выкарыстоўвалася звышмоцная самааднаўляльная палімерная плёнка.

Сарва пачаў пісаць справаздачу. Зробленыя падчас расследавання паметы ў камп’ютары значна палегчылі працу і дазволілі сэканоміць час. Інспектар адчуваў незадавальненне: аб прычынах, якія штурхнулі Цілі на злачынства, заставалася толькі здагадвацца.

Прыкладна на палове шляху з рухальнага адсека сталі даносіцца глухія ўдары, пасля чаго ўсюдыход пачаў імкліва губляць хуткасць, пакуль зусім не спыніўся.

— Што здарылася? — спытаў Сарва.

— Зараз гляну! — кіроўца вылез вонкі. Пошук непаладкі заняў каля трыццаці хвілін. Яшчэ столькі ж адабралі бясплённыя спробы самастойна яе ліквідаваць. — Чортаў пыл! Ніводзін фільтр не дапамагае!.. Давядзецца выклікаць дапамогу.

Самае блізкае паселішча — “зародак” фабрыкі па ажыццяўленні фазавага пераходу гелія-3 у звышцякучы стан — размяшчалася за дваццаць шэсць кіламетраў ад месца паломкі. Месяц дыктаваў свае ўмовы: адсутнасць іанасферы, ад якой адбіваліся б радыёхвалі, дазваляла ажыццяўляць радыёсувязь толькі ў межах непасрэднай бачнасці. Для паўнавартаснага кантакту выкарыстоўвалася сотавая сувязь: сетка базавых станцый і спадарожнікі-рэтранслятары на селенацэнтрычнай арбіце.

Перасоўная аварыйна-рамонтная майстэрня прыбыла праз гадзіну, аднак паправіць рухавік усюдыхода самастойна каланісты былі не ў стане. Перад Сарвам паўстала дылема: буксіроўка на жорсткай счэпцы або выклік іншага ўсюдыхода. Аптымальным з’яўляўся другі варыянт, але гэта азначала дадатковыя выдаткі. Фінансаваму аддзелу Дэпартамента такое відавочна не спадабаецца.

— Колькі часу зойме рамонт?

— Гадзін восем. Наўрад ці больш! — запэўніў брыгадзір.

— У такім выпадку не будзем губляць час, спадарства! — Сарва вярнуўся ва ўсюдыход, і калона рушыла.

Работы пачаліся з размахам: будаўнікі выкарыстоўвалі ў якасці катлавана ўдарны кратар дыяметрам каля кіламетра. На пляцоўцы, якая нагадвала лабірынт Мінатаўра, панавала дзелавая мітусня.

Цягач адбуксіраваў усюдыход у рамонтны цэх, дзе машынай заняліся механікі. Кіроўца застаўся ў ангары, а інспектар накіраваўся да адміністрацыйнага корпуса з тым, каб аформіць дакументы. Па старой звычцы Сарва захапіў чамаданчык, у якім трымаў інструменты, неабходныя для правядзення расследавання.

Дайсці да дванаццаціпавярховага будынка эксперыментальнай архітэктуры не ўдалося: інспектара перанялі супрацоўнікі службы бяспекі.

— Я — паліцэйскі! — Сарва прадэманстраваў значок Дэпартамента.

— Прабачце, спадар інспектар, але праход закрыты — афіцыйная дэлегацыя! Вам давядзецца аб’ехаць! — супрацоўнік махнуў у бок, процілеглы таму, адкуль з’явілася шматлікая дэпутацыя. Сярод аранжавых і белых скафандраў вылучаўся серабрысты.

— І каго сустракаеце, калі не сакрэт? — натоўп затрымліваў увагу на будаўнічых аб’ектах і таму рухаўся вельмі павольна.

— Іяшыту Фудзімоту, кіраўніка транснацыянальнай карпарацыі «Робатыкс», — адказаў афіцэр, не спыняючы круціць галавой у шлеме, шукаючы патэнцыйную пагрозу. Сарва кіўнуў і рушыў у абыход, але ўжо праз некалькі секунд быў вымушаны спыніцца: у натоўпе пачалося хваляванне, якое прымусіла ахову адвесці Фудзімоту.

— Медыка! — выбухнулі навушнікі інспектара нечым нямым крыкам.

Ланцужок супрацоўнікаў разарваўся, і ў Сарвы атрымалася пабачыць, што там робіцца. Каля паддона з будаўнічымі матэрыяламі ляжаў мужчына. Яго міміка казала пра тое, што яму была патрэбна неадкладная дапамога.

— Медыка! — крычалі ўжо некалькі чалавек.

Прафесійны погляд інспектара не выявіў ніякіх вонкавых пашкоджанняў — ані скафандра, ані сістэмы падтрымкі жыццядзейнасці. Нічога не казала і пра няшчасны выпадак.

— Што з вамі? — Сарва апусціўся над мужчынам, спрабуючы зразумець, чым можа яму дапамагчы да прыходу медыка.

— Жудасны гук! — з цяжкасцю вымавіў каланіст, а затым абмяк.

— Толькі не страчвайце прытомнасць! Дапамога зараз будзе! — інспектар слаба патрос мужчыну, аднак вочы той не расплюшчыў.

— Прапусціце, я — доктар! — побач з інспектарам бухнуўся каленямі ў пыл медык. — Адыдзіце ўсе! Неадкладна!

— Не перашкаджайце! — супрацоўнікі хутка вярнулі парадак. Сарву давялося зноў дэманстраваць значок.

Чаканне расцягнулася.

— Я нічым не магу яму дапамагчы, — збіраючы партатыўны дыягнастычны прыбор, падняўся медык, — вострая сардэчная недастатковасць!

— Дык яму толькі дваццаць чатыры гады было! — пачулася з натоўпу. — Ніколі на сэрца не скардзіўся!

Медык развёў рукамі, а інспектар нечакана для самога сябе павёў позіркам па-над галовамі каланістаў, не разумеючы, што ж хоча ўбачыць. Першым, што трапілася на вочы, была мачта асвятлення, якая дамінавала над пляцоўкай.

— Прафесійная дэфармацыя! — Сарва страсянуў галавой і падахвоціўся дапамагчы. Насілкі супрацоўнікі службы бяспекі змайстравалі з падручных матэрыялаў.

З прычыны паніжанай сілы прыцягнення нябожчык разам са скафандрам важыў не больш за трыццаць пяць кілаграмаў, так што чацвярым мужчынам у росквіце сіл было няцяжка данесці цела да медыцынскага пункта.

Працэдура шлюзавання, якая звычайна доўжылася тры хвіліны, расцягнулася да шасці. Большую яе частку заняў іанізаваны душ. Мяркуючы па ўсім, медык скарыстаўся закрытым каналам сувязі: у прыёмным пакоі была падрыхтаваная медыцынская каталка.

— Пабочных асобаў прашу выйсці! — распарадзіўся медык, зняў скафандр і нацягнуў аднаразовы камбінезон з поліпрапілену, вырабленага па тэхналогіі «спанбонд». Асістэнты пачалі распранаць нябожчыка.

— З вашага дазволу, я застануся! — медык нездаволена паглядзеў на значок, але пярэчыць не стаў. А вось апрануць камбінезон прымусіў.

— Усё адно давядзецца складаць справаздачу для паліцыі!

Цела даставілі ў празектарскую — любое буйное прамысловае прадпрыемства па-за Зямлёй валодала ўласнай спецыялізаванай секцыяй: за экспансію даводзілася плаціць крывёю.

Другі, больш дэталёвы агляд, пацвердзіў першапачатковы дыягназ — смерць з прычыны зніжэння скарачальнай здольнасці міякарда.

Медык вывеў на дысплэй медыцынскую карту.

— Пацыент Скірн Жымайла, дваццаць чатыры гады. Зваротаў з нагоды стану здароўя не зарэгістравана. Планавыя агляды паталогіі не выявілі. Ступень рызыкі ў сувязі з рабочай спецыяльнасцю — мінімальная.

— Гэта значыць, у Жымайлы не мелася ніякіх падставаў для таго, каб памерці ад інфаркту?

— Цалкам дакладна, спадар інспектар! Выпадак вельмі цікавы, яму наканавана трапіць у аналы медыцыны! — мяркуючы па бляску вачэй, медык бачыў сябе лаўрэатам якой-небудзь вядомай прэміі ў галіне медыцыны.

— Перад смерцю Жымайла згадваў жудасны гук. Што б гэта магло значыць?

— Слыхавыя галюцынацыі — адны з самых распаўсюджаных перад смерцю. Калі паслабляецца прыток кіслароду да тканін галаўнога мозгу, пачынаецца гіпаксія нервовых клетак, і як рэакцыя на яе — фантастычны перадсмяротны сон розуму... Вы цудоўна ведаеце, спадар інспектар, што для распаўсюджвання гуку трэба матэрыяльнае асяроддзе, якое падтрымлівае сінхронныя ваганні атамаў рэчыва адносна стану раўнавагі. У вакууме гук распаўсюджвацца не можа проста таму, што матэрыяльнага асяроддзя ў ім няма... Праблема можа быць і ў няспраўнасці навушнікаў — экранаванне не заўсёды добра гасіць сонечны вецер.

У словах медыка мелася рацыя, аднак нейкая падсвядомая стрэмка не давала Сарву спакою.

— Афармляйце дакументы! Я яшчэ зайду да вас! — ніякіх падстаў для правядзення расследавання не мелася, тым не менш, інспектар вырашыў не ігнараваць інтуіцыю. А яна працягвала нашэптваць: «Нешта тут не так!»

Перш за ўсё Сарва скрупулёзна агледзеў скафандр газавіка, надаў пры гэтым асаблівую ўвагу навушнікам. Яны былі спраўнымі.

Апрануўшы скафандр, інспектар пакінуў медыцынскі пункт і накіраваўся да месца здарэння. З прычыны адсутнасці якой-небудзь агароджы па перыметры пляцоўкі, Сарва зрабіў выснову, што служба бяспекі відавочна палічыла смяротны зыход натуральным.

Наяўнасць мноства слядоў выключала ўсякую магчымасць аднаўлення ходу падзей, але інспектар выдаткаваў больш за гадзіну на тое, каб абследаваць паверхню. Нічога, не лічачы пылу і дробных кавалкаў рэгаліту.

— Падобна на тое, што ніякага злачынства не было, — погляд Сарвы слізгануў па краі кратара і спыніўся на мачце асвятлення. Некаторы час інспектар моўчкі разглядаў, а затым рашуча накіраваўся да яе. — Дурное: ніхто не стане забіваць звычайнага газавіка. А вось кіраўніка карпарацыі...

Мозг Сарвы запрацаваў з падвоенай сілай.

Пад’ём заняў амаль дзве гадзіны: інспектар палічыў сваім абавязкам абследаваць кожную прыступку з дапамогай магутнай лупы. На іх былі заўважныя свежыя сляды: зусім нядаўна па лесвіцы падымаліся і апускаліся. Гэта магло нічога і не значыць.

— Der Teufel steckt im Detail! — нагадаў сабе Сарва.

Пломба на замку размеркавальнага шчыта была новай. Напэўна, яе памяняў манцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Пасля яго засталіся і свежыя драпіны на страховачнай агароджы.

— А вось гэта ўжо цікава! — інспектар скарыстаўся газавым храматаграфам для аналізу невялікага мазка. — П’езаэлектрык... Даволі нетыпова для манцёра!

Падказку варта было шукаць у службе бяспекі.

Знайсці штаб аказалася няпроста. У модулі знаходзіўся толькі дзяжурны афіцэр.

— Чым магу дапамагчы, спадар інспектар?

— Мне трэба атрымаць даведку аб вашым электратэхнічным персанале.

— Калі ласка! — супрацоўнік вывеў на дысплэй даныя: імёны, прозвішчы, пасады, змены, графікі, групы допуску.

— А цяпер пакажыце, дзе працавалі вось гэты, гэты і гэты чалавек раней!.. Хм... Не палічыце за назойлівасць — перакіньце інфармацыю на мой камп’ютар!.. Дзякуй!

Прадчуванні паступова набывалі яснасць. Інспектар адправіўся да службовых модуляў.

— Вам каго? — запытаўся майстар, як толькі завяршылася працэдура шлюзавання і Сарва трапіў унутр.

— Я хацеў бы бачыць Рымшу Каўрыгіна.

— Блок чатыры-цэ, спадар інспектар!.. Прама, направа і зноў прама.

Сарва падзякаваў майстру і пайшоў калідорам, шырыня якога дазваляла транспартаваць па ім габарытныя механізмы і грузы.

— Заходзьце! — даляцела з-за дзвярэй пасля таго, як інспектар пагрукаў.

— Добры дзень! Інспектар Дэпартамента пазазямных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва! Я хацеў бы задаць вам некалькі пытанняў, спадар Каўрыгін!

У наступнае імгненне манцёр кінуўся да дзвярэй. Аднак спроба прарвацца пацярпела фіяска: інспектар быў напагатове. Прыём самба — і Каўрыгін расцягнуўся на падлозе з заламанымі за спінай рукамі.

Сарва зашчоўкнуў на запясцях манцёра фіксатары кайданкоў і падняўся, задумаўшыся пра тое, што магло справакаваць агрэсію. Пошукі былі нядоўгімі.

— Акустычная гармата... Але які ад яе сэнс у вакууме? — канструкцыя прылады аказалася незвычайнай: генератар гукавога пучка заканчваўся плексігласавай скрынкай, у якой знаходзіліся крышталі. Інспектар правёў па іх сілікагелевым алоўкам. — Дыгідрафасфат калію... Збіраліся забіць Фудзімоту?

— Я не разумею, пра што вы кажаце!

— Вы ж раней працавалі на «Электрычныя тэхналогіі», ці не так, спадар Каўрыгін?

— І што?

— «Электрычныя тэхналогіі» з’яўляюцца даччыным прадпрыемствам «Электроннай карпарацыі», якая канкурыруе з «Робатыкс». А фабрыка па ажыццяўленні фазавага пераходу гелію-тры ў звышцякучы стан — кавалак панадны: кантракты на дзясяткі, а то і сотні мільярдаў, перспектыва росту, прэстыж!.. Пасля смерці Іяшыты Фудзімоты ні пра які кантракт з «Робатыкс» не магло ісці і гаворкі.

— Я — звычайны манцёр! — агрэсіўны выкрык павінен быў адцягнуць увагу Сарвы. Але Каўрыгін пралічыўся — інспектар своечасова заўважыў маніпуляцыі з кайданкамі і паспеў выбіць канцылярскую сашчэпку.

— І дзе гэта «звычайны манцёр» навучыўся адкрываць кайданкі?.. Я падазраю, што цэлілі вы ў Фудзімоту, а патрапілі ў Жымайлу! Сумная выпадковасць — відэакамеры ўсё яшчэ прайграюць чалавечым вачам! Дый час праходжання сігналу...

— Вы блюзніце!

— Раю вам ва ўсім шчыра прызнацца, спадар Каўрыгін. Толькі так вы здолееце пазбегнуць найвышэйшай меры пакарання… На дапамогу «Электроннай карпарацыі» можаце не разлічваць — яны адмовяцца ад вас, ледзь да іх дойдзе навіна пра ваш арышт. Нават не сумнявайцеся!

Псеўдаманцёр варухнуў жаўлакамі і беспаспяхова паспрабаваў разарваць кайданкі.

— На кон пастаўлена ваша жыццё, спадар Каўрыгін! Калі вы шануеце яго... Пра помсту з боку заказчыка забойства можаце не хвалявацца — пагадзіўшыся на супрацоўніцтва са следствам, вы падпадаеце пад дзеянне праграмы па абароне сведак.

Унутраная барацьба працягвалася нядоўга:

— Яны называюць гэта «вакуумнае тунэляванне фанонаў». Акустычная гармата працуе за кошт узаемадзеяння паміж гукавымі хвалямі ў крышталі і электрычным полем. Ваганні крышталічнай рашоткі ствараюць на паверхні крышталя своеасаблівыя зменныя электрычныя палі, якія ўздзейнічаюць на сэрца і ў выніку змяняюць частату яго біцця... Смерць васьмідзесяцігадовага Фудзімоты ні ў каго не павінна была выклікаць падазрэнняў. А з прычыны таго, што спадчынніка ён не пакінуў, перад «Робатыкс» востра паўстала б праблема выбару новага кіраўніка карпарацыі. Прэтэндэнтаў на пасаду Фудзімоты набярэцца з добры тузін. І ніводзін з іх не пагадзіцца капітуляваць без бою...


Молат Тора


На канферэнцыю Ратаўт Сарва ўсё ж такі паспеў: навукова-даследчаму судну «Ферэкід Сіроскі», які стартаваў з месяцавага касмадрома «Новыя гарызонты», спатрэбілася ўсяго восем гадзін руху ў гіперпрасторы для таго, каб дасягнуць Венеры. Аргкамітэт пайшоў інспектару насустрач і дазволіў выступіць, нягледзячы на парушэнне рэгламенту. Тэзісны даклад Сарвы выклікаў бурныя дэбаты.

Калі канферэнцыя скончылася, інспектар накіраваўся ў гасцінічны нумар, збіраючыся азнаёміцца з матэрыяламі, ласкава прадстаўленымі яму аргкамітэтам. Але планы на вечар былі парушаныя — нагадаў пра сябе камунікатар. З упэўненасцю ў тым, што прыйшло чарговае паведамленне ад камісара Айнбунда, Сарва дакрануўся да піктаграмы на сэнсарным экране.

— Хм... Кірстаўт Немер... Ратаўт, патрэбна твая дапамога. Прыязджай!.. І што такога ў яго магло здарыцца? — у бліжэйшай перспектыве новых расследаванняў не прадбачылася, так што інспектар мог правесці час з сябрам.

Універсітэцкі музей, у якім працаваў галоўным захавальнікам Немер, знаходзіўся ў суседняй калоніі, названай у гонар заснавальніка Ліліянтальскай абсерваторыі Іагана Іераніма Шротэра.

— Дзвесце пяцьдзясят адзін кіламетр. Падобна на тое, што мяне чакае цікавае падарожжа!

Ведаючы, што Немер ніколі не будзе разыгрываць яго і турбаваць па дробязях, Сарва сабраў рэчы і накіраваўся ў ангар. Дзякуючы шчасліваму збегу абставін, да «Іагана Іераніма Шротэра» адпраўлялася калона. Пасля непрацяглых перамоваў яе старшы даў згоду ўзяць інспектара ў якасці пасажыра.

Зямля Афрадыты — адзін з двух асноўных горных рэгіёнаў Венеры — уяўляла сабой практычна цалкам пакрытую застылай базальтавай лавай паверхню, якую ў многіх месцах перасякалі складкі, расколіны, каньёны і кальцавыя структуры. Усюдыходы рухаліся з чарапашай хуткасцю. На Венеры Сарва быў неаднойчы, таму яе краявіды цікавасці ў яго не выклікалі.

«Іаган Іеранім Шротэр» нічым не адрозніваўся ад тыпавой іншапланетнай калоніі — мінімальныя памеры і максімальны прагматызм.

Як толькі скончылася шлюзаванне, інспектар накіраваўся да таварыша, якога наведваў неаднойчы. Музей сустрэў Сарву дзелавой мітуснёй, і з рэплік служачых інспектар зразумеў, што фонды папоўніліся новымі экспанатамі, якія патрабавалі каталагізацыі.

Галоўнага захавальніка на месцы не аказалася.

— Не падкажаце, дзе мне знайсці Кірстаўта Немера?

— У шостай зале! — кінуў на хаду адзін з музейных работнікаў, нават не зірнуўшы на Сарву.

Зала № 6 была літаральна завалена кантэйнерамі розных памераў і колераў. Маркіроўка падказвала, што груз прыбыў з Нептуна, Урана, Меркурыя, Сатурна і Марса.

— Кірстаўт?

— Ратаўт! Рады цябе бачыць! — галоўны захавальнік абняў інспектара. — Дзякуй, што прыехаў! Нам не абысціся без тваіх прафесійных якасцяў!.. Два дні таму музей атрымаў з Нептуна бясцэнны артэфакт — «Молат Тора». Ты мог чуць пра яго — артэфакт знайшла археалагічная экспедыцыя прафесара Юлія Екеля тры з паловай месяцы таму падчас раскопак на паўднёвым полюсе ледзянога гіганта.

— Так, нешта такое прыгадваю! — кіўнуў Сарва.

— Спачатку Екель нават вырашыў, што гэта містыфікацыя: прафесар ніяк не чакаў, што сустрэне на Нептуне рэч, якая будзе мець ярка выражаны тэхнагенны характар... Чатырнаццаць дзён таму прафесар прыняў рашэнне асабіста перадаць «Молат Тора» Музею касмічнай экспансіі.

— Хіба артэфакт не ўяўляе навуковага інтарэсу? — здзівіўся інспектар.

— «Молат Тора» бясцэнны ўжо таму, што яго стварыла пазаземная цывілізацыя, якая стаіць на высокім узроўні тэхнічнага развіцця. Пра гэта сведчыць і склад сплаву... На жаль, прарыву ў тэхналогіі дзякуючы артэфакту не дасягнуць. У прынцыпе, «Молат Тора» — гэта ўсяго толькі па-майстэрску апрацаваная металічная даўбешка!.. Раскопкі на Нептуне скончыліся, таму разам з прафесарам Екелем на Венеру вяртаўся і ўвесь склад экспедыцыі. На выхадзе з гіперпрасторавага калідора адбылася аварыя, якая прывяла да гібелі археолагаў...

Сарва тактоўна чакаў працягу. Праз нейкі час Немер цяжка ўздыхнуў і вярнуўся да аповеду:

— Ад «Марка Тэрэнцыя Варона» засталіся толькі абломкі, а «Молат Тора» нейкім цудам ацалеў, — галоўны захавальнік адкрыў адзін з кантэйнераў.

— Гэта і ёсць той самы артэфакт? — кавалак металу дзіўна правільнай формы са слядамі ад агню ляжаў на падушцы з эластычнага пенаполіўрэтану.

— Так. Артэфакт назвалі «Молатам Тора» з прычыны таго, што ён падобны да Мьёльніра з саг старажытных германцаў і скандынаваў. Згодна з іх вераваннямі, молат для бога-грамабоя Тора быў выраблены цвергамі Брокам і Сіндры, калі яны спрачаліся з Локі пра майстэрства кавалёў. Кароткае дзяржальна — гэта вынік спробы Локі-ашуканца перашкодзіць вырабу молата... Згодна з афіцыйнай версіяй, выбух гіперпрывода адбыўся ў выніку таго, што гексафтарыд серы патрапіў у актыўную зону рэактара і актывацыя сістэмы аварыйнай абароны была запозненай... Няшчасны выпадак.

— Артэфакт на месцы. Расследаванне абставін аварыі праведзена... Кірстаўт, я не разумею, у дапамозе якога кшталту ты маеш патрэбу!

— Я падазраю, што «Молат Тора» — падробка!

— Дазволь пацікавіцца, якія падставы ў твайго пераканання? — інспектар прыняў словы галоўнага захавальніка з усёй сур’ёзнасцю.

— Наўрад ці я здолею рацыянальна ўсё аргументаваць, Ратаўт. Лічы гэта голасам падсвядомасці!

— Баюся, камісару Айнбунду для дазволу пачаць расследаванне аднаго толькі голасу падсвядомасці, хай і навукоўцы з сусветным імем, будзе недастаткова. Вось калі б у мяне меліся падставы аспрэчыць заключэнне Камісіі...

— Я павінен звярнуцца з заявай?

— Такі парадак, Кірстаўт! Выключэнне складаюць выпадкі, калі злачынства адбылося на вачах дэтэктыва. Разгляд можа заняць пэўны час. Будзе лепш, калі я звярнуся да начальніка Дэпартамента асабіста! — Сарва дастаў камунікатар і адправіў паведамленне камісару. — Мне могуць спатрэбіцца ўсе матэрыялы, якія датычацца артэфакта.

— Даных мала: вялікая частка інфармацыі была страчаная падчас аварыі «Марка Тэрэнцыя Варона».

— Абсталяванне для сістэмнага аналізу ў музеі ёсць?

— Ва ўніверсітэцкіх лабараторыях маецца ўсё неабходнае. Цяпер — канікулы, так што перашкаджаць ніхто не будзе... Ты мне вельмі дапаможаш, Ратаўт! — Немер адчуў палёгку.

Інспектар акуратна выцягнуў «Молат Тора» і пачаў разглядаць яго з дапамогай вялікай лупы.

— Тонкая работа! Якасць выканання кажа пра тое, што артэфакт відавочна выраблены прамысловым спосабам... Вось і сляды ад формы! Агульны стан «Молата Тора» сведчыць пра тое, што ён на працягу доўгага часу знаходзіўся ва ўмовах агрэсіўнага асяроддзя, а затым быў пахаваны пад тоўстым слоем грунту.

— Артэфакт знайшлі выпадкова — адна са сцен шурфа абвалілася пасля таго, як непадалёк ад раскопак праехаў шматтонны ўсюдыход. «Молат Тора» быў пахаваны на глыбіні васьмі метраў.

— Значыцца, артэфакту больш за тысячу гадоў?.. Не такі ўжо ён і старажытны!

— Насамрэч нашмат старэйшы: прафесар Екель ацаніў яго ўзрост у тры мільёны гадоў!

— І за гэты час артэфакт не згубіў сваёй формы? Адна толькі эрозія, выкліканая надзвычай дынамічнай сістэмай штормаў, павінна была ператварыць «Молат Тора» ў пыл.

— Кансервацыі спрыяла высокая доля лёду на паверхні Нептуна. Нездарма ж планету адносяць да асобнай катэгорыі «ледзяных гігантаў».

Сарва працягваў агляд да таго часу, пакуль не прыйшло паведамленне ад Айнбунда.

— Дазвол атрыманы!.. Вядзі ў лабараторыю!

Па дарозе Немер пабываў у рэктараце, дзе заручыўся пісьмовай згодай рэктара.

Лабараторыя была абстаўленая самай сучаснай тэхнікай: мецэнаты і прыватныя карпарацыі грошай на навуку не шкадавалі. Галоўны захавальнік адвёў інспектара ў кабінет загадчыка.

— Знаёмцеся, спадары! Піктурн Галанец! Ратаўт Сарва!.. Інспектару неабходна скарыстацца вашым абсталяваннем, Піктурн Вішутавіч! Вось дакумент!

Галанец прабег па тэксце вачыма, пасля чаго зрабіў запрашальны жэст.

— Вымушаны цябе пакінуць, Ратаўт!

Інспектар узяўся за справу грунтоўна: радыевугляродны аналіз, абсарбцыйная спектраскапія, тэрмагравіметрыя. Немера чакала расчараванне: Сарва не знайшоў нічога, што пацвярджала б версію галоўнага захавальніка.

Каб пераканацца ў тым, што нічога не прапусціў, інспектар звязаўся з паліцэйскім участкам, супрацоўнікі якога праводзілі расследаванне абставін гібелі «Марка Тэрэнцыя Варона», і запытаў матэрыялы справы.

— Выходзіць, я дарэмна хваляваўся? — на твары Немера з’явілася палёгка. Аповед Сарвы дазволіў яму нарэшце расслабіцца.

— Мне здаецца, што справа тут зусім не ў артэфакце, а ў хранічнай стомленасці разам з горыччу страты калегі і сябра, Кірстаўт! Падсвядома ты не хочаш змірыцца з новай рэальнасцю.

— Напэўна, ты маеш рацыю, Ратаўт!.. Прабач, што патурбаваў!

— Прашу прабачэння! — інспектар дакрануўся да піктаграмы прыёму выкліку. — Сарва слухае!.. Так, вядома, дасылайце!.. Адбылася памылка пры перадачы аднаго з файлаў, Кірстаўт! Дзе тут камп’ютар з выхадам у Старнет?

Галоўны захавальнік паказаў інспектару тэрмінал, а сам зноў пайшоў — працы Немеру хапала.

Файл аказаўся невялікім і змяшчаў у сабе лічбавыя копіі рэдкіх ацалелых лістоў з нататніка прафесара Екеля. Сінтэтычная папера дэфармавалася, таму ў тэксце мелася мноства лакун.

Сарва ў думках падзякаваў рэктару паліцэйскай акадэміі, у якой вучыўся, за тое, што той увёў у праграму навучання курс палеаграфіі. Дарэчы прыйшліся і веды судовага почырказнаўства.

Праз паўтары гадзіны інспектар памяняў сваё меркаванне. Каб выключыць памылку, Сарва зноў адкрыў файлы з матэрыяламі расследавання. Даных аказалася недастаткова, і інспектару давялося адпраўляць запыт у дыспетчарскую службу сектара, у зону адказнасці якой уваходзіў Нептун.

Адказ прыйшоў праз дзевяць гадзін.

— Усё сыходзіцца! — Сарва звязаўся з Немерам. — Ты маеш рацыю, Кірстаўт! «Молат Тора» — сапраўды фальшыўка!

— Бягу! — не прайшло і хвіліны, як галоўны захавальнік паўстаў перад інспектарам. — Расказвай!

— Сплаў іншапланетнага паходжання. Складаецца з нікелю, графену, карбіду вальфраму, хрому, кобальту і монакрышталічнага сапфіру з дамешкам палімерных матрыц. Ён атрымаў назву «Молат Тора», быў знойдзены на Нептуне, хоць насамрэч яго адлілі на Сатурне!

Немер асалапеў. Здольнасць гаварыць вярнулася да яго толькі праз некаторы час.

— З чаго гэта ты вырашыў?

— Прааналізаваўшы склад сплаву, я прыйшоў да высновы, што яго адлівалі пры сіле цяжару, роўнай адной цэлай трынаццаці сотым, у той час як сіла цяжару на Нептуне складае адну цэлую чатырнаццаць сотых. Прафесар Екель і члены археалагічнай экспедыцыі ведалі гэта, а вось той, хто падмяніў «Молат Тора», — не!

— Рана ці позна падмена ўсё роўна б адкрылася! Такое немагчыма захаваць пад сакрэтам!

— Чаму ж, Кірстаўт?.. Ты ж сам сцвярджаў, што навуковага інтарэсу артэфакт не ўяўляе. Ніхто не возьмецца вывучаць металічную даўбешку, а лепшага сховішча, чым музейны фонд, адшукаць нельга!

— Але прафесар Екель...

— Екель даведаўся пра артэфакт усё, што яго цікавіла. Навошта прафесару праводзіць паўторныя аналізы? У выпадку неабходнасці ён заўсёды мог бы звярнуцца да вучня, якому давяраў больш, чым самому сабе... Выбух гіперпрывода зблытаў табе ўсе планы, Кірстаўт, і таму давялося імправізаваць: ты выклікаў мяне для таго, каб я зрабіў афіцыйную выснову аб сапраўднасці «Молата Тора». За адсутнасцю прафесара Екеля гэта зняло б усе пытанні. Аднак... Der Teufel steckt im Detail!.. Адкуль табе было ведаць пра паходжанне сплаву? Екель даверыў гэтую інфармацыю толькі свайму нататніку, паколькі не быў упэўнены ў правільнасці работы палявога абсталявання.

— Ратаўт, ты вінаваціш мяне ў падмене? — вочы Немера зрабіліся круглымі.

— Не толькі ў падмене прадмета, які мае гістарычную каштоўнасць, але і ў продажы яго прыватнаму калекцыянеру. Калі моцна захацець, зусім няцяжка аднавіць лакатар URL... Толькі не кажы, што ты проста цікавіўся прадметамі мастацтва, якія выстаўляюцца на закрытых сусветных аўкцыёнах, Кірстаўт!

— Менавіта так!

— Аб’ём адпраўленай інфармацыі большы за той, што павінен быць пры звычайным пошуку. Ты загружаў на сайт фатаграфіі артэфакта!.. На сваю бяду, прафесар Екель падзяліўся з табой чарцяжамі і данымі пра склад сплаву. Ты вырабіў дакладную копію артэфакта і з дапамогай саўдзельніка са складу археалагічнай экспедыцыі падмяніў ёю арыгінал, які разам з іншым бартавым смеццем быў выкінуты пры старце «Марка Тэрэнцыя Варона» з арбіты Нептуна. Дыспетчарская служба зафіксавала пазапланавае скіданне і змяненне ў рабоце аднаго з экіпажаў службы ўтылізацыі... У граберы знаходзіўся твой чалавек, Кірстаўт?

— Я нават не буду каментаваць усё гэтае трызненне, Ратаўт! — фыркнуў Немер. — Нясмешна!

— І не думаў жартаваць, Кірстаўт! За выкраданне артэфакта цябе чакае вялікі тэрмін. З канфіскацыяй. Без права на амністыю. А арбітальныя турмы Хаўмеі — не самае лепшае месца ў Сонечнай сістэме! Але калі ты пагодзішся супрацоўнічаць са следствам...

Павісла доўгая паўза — інспектар даў галоўнаму захавальніку магчымасць усвядоміць сказанае. І зрабіць правільны выбар.

— Я не ў стане вярнуць «Молат Тора»!..

— Гэтым зоймемся мы, Кірстаўт! Ты проста расказвай!


Маяк


Даныя, атрыманыя дзякуючы растраваму электроннаму мікраскопу, дазволілі Ратаўту Сарву прыйсці да адназначнага заключэння, што смерць астрафізіка Люторга Артамянкова няшчасным выпадкам лічыцца не можа, паколькі структура металу, з якога быў выраблены карабін страховачнага фала, была зменена на субмалекулярным узроўні.

— А апаратура для гэтага мелася ў распараджэнні толькі аднаго чалавека — Драгіі Радзевіч.

Інжынер-металазнаўца выклікала ў інспектара інстынктыўную антыпатыю, як толькі Сарва ступіў на борт міжнароднай касмічнай станцыі «П’ер Шарль ле Маньер». Занадта моцна Радзевіч падкрэслівала сваю харызматычнасць, праз што пакутавалі астатнія члены экіпажа.

— Цяпер засталося высветліць, што ёй рухала, — у любым расследаванні выяўленне матываў злачынцы з’яўлялася адной з самых складаных задач. Гатовы папрацаваць з сабранымі матэрыяламі, Сарва ўзброіўся стылом, аднак скончыць справу інспектару не далі: у дзверы пагрукалі.

— Спадар Сарва, начальнік станцыі просіць вас як мага хутчэй прайсці на мосцік, — на адным дыханні выпаліў бортінжынер Грытаўт Усеня, памочнік Вітаўта Ярэмы.

— Нешта здарылася?

— Радыёграма з Зямлі.

— Іду! — ніколькі не сумняваючыся ў тым, што паступіла новае распараджэнне ад камісара Айнбунда, інспектар сунуў свой камп’ютар у чахол на сцягне, замкнуў дзверы каюты і накіраваўся ў цэнтральны адсек.

Сарва меў рацыю.

— Вам загадана адправіцца ў трынаццатую кропку Лагранжа, на «Leidarstjarna». Гэта маяк паміж Уранам і Нептунам, які служыць арыенцірам для караблёў, якія вывучаюць транснептунавыя аб’екты, — начальнік станцыі працягнуў інспектару радыёграму. — Ад вас патрабуюць высветліць прычыну збою ў рабоце маяка.

Сарва прабег па тэксце вачыма. «Пуцяводная зорка» спыніла карэктную працу тры гадзіны таму. Нягледзячы на спраўнасць радыёперадатчыка, звязацца з маяком так і не ўдалося.

— «Арыстарх Самоскі» прыбудзе праз шэсць гадзін... Які ваш канчатковы вердыкт, спадар Сарва?

— Забойства, інсцэніраванае пад няшчасны выпадак.

Ярэма нахмурыўся і некалькі імгненняў моўчкі глядзеў на Сарву, нібы спадзяваючыся на тое, што інспектар жартуе. Начальніку станцыі адказ Сарвы спадабацца не мог.

— І хто ж забойца?

— Тайна следства, спадар Ярэма. Да майго вяртання я папрашу вас нікога з экіпажа са станцыі не адпускаць. Ні ў якім разе!

Іншых пытанняў начальнік «П’ера Шарля ле Маньера» задаваць не стаў.

Інспектар вярнуўся да сябе і сабраў рэчы. Бесперабойная праца маяка гарантавала правільнасць курсаў падчас апускання ў гіперпрастору. Нават самая маленькая памылка ў разліках магла скончыцца катастрофай.

Грузавое судна, якое вымушана змяніла курс, прыбыла са спазненнем на дзве гадзіны: навігатар вывеў «Арыстарха Самоскага» занадта далёка ад МКС. Інспектар перайшоў на борт, і карабель зноў задзейнічаў гіперпрывод.

Не жадаючы губляць часу, Сарва скарыстаўся пошукавай сістэмай Старнету, каб сабраць інфармацыю пра «Пуцяводную зорку», а таксама скончыць папярэднюю справу. Схіліўшыся над камп’ютарам, інспектар пачаў перабіраць версіі:

— Асабістая непрыязнасць?.. Падстаў для таго, каб лічыць гэта матывам злачынства, няма. Радзевіч ставілася да калег аднолькава карэктна. Сутычак з Артамянковым у яе не было... Помста? У асабістай справе інжынера-металазнаўцы адсутнічалі запісы пра тое, што Радзевіч і Артамянкоў калі-небудзь перасякаліся ў мінулым. Не мелі кантактаў і іх сваякі. Спроба падседзець?.. Мела б сэнс, калі б астрафізік з’яўляўся яе начальнікам...

Супрацьперагрузачны кокан дазваляў нівеліраваць усе наступствы апускання ў гіперпрастору.

— Канкурэнцыя?.. Сферы інтарэсаў абодвух не перасякаліся... Радзевіч не прымала ўдзелу ў дзейнасці экстрэмісцкіх груповак... Не прытрымлівалася радыкальных поглядаў... Псіхічны стан стабільны. Траўмаў, здольных парушыць работу мозгу, не атрымлівала. Рэўнасць?.. Калі дапусціць тое, што інжынер-металазнаўца была закаханая ў астрафізіка, навошта ёй забіваць яго? Неўзаемнае каханне? — некалькі імгненняў Сарва задуменна пакусваў кончык стыла, пасля чаго зрабіў памету ў сваім камп’ютары: па вяртанні на станцыю надаць больш увагі адносінам паміж Радзевіч і Артамянковым. — І ці няма тут саперніцы?

Заспеўшы аб’ект кахання ў ложку з іншай жанчынай, Радзевіч магла асмеліцца на забойства… Пасля нядоўгага роздуму інспектар прыйшоў да высновы, што інжынер-металазнаўца не стала б спакушаць лёс. Занадта вялікая рызыка. Што яшчэ?

Сарва задумаўся над адноўленай на падставе паказанняў сведак і даследаванняў месца злачынства карцінай. Задача астрафізіка была простай — руцінная праверка сканера спектральнага аналізу, нацэленага на Бетэльгейзе. Артамянкоў прышпіліўся з дапамогай страховачнага троса і паплыў да прыбора, устаноўленага на апоры, вышыня якой складала трыццаць пяць метраў. Пасля дзвюх трацін адлегласці карабін фала не вытрымаў нагрузкі, і астрафізіка пачало выносіць у адкрыты космас. Сітуацыя ўскладнялася тым, што Артамянкоў у паніцы зблытаў кнопкі рэактыўнага ранца, чаму атрымаў дадатковае паскарэнне. Манеўраныя рэактыўныя рухавікі МКС на амаль трохсотметровы спуск з арбіты разлічаны не былі, і, апусціўшыся, «П’ер Шарль ле Маньер» ніколі б больш ужо не падняўся. У начальніка станцыі не мелася іншага выйсця, як адмовіцца ад небяспечнага манеўру.

Ахвяраваць адным дзеля сотні іншых... Космас дыктаваў свае правілы этыкі. Амаль заўсёды з дзвюх бед даводзілася выбіраць меншую. Інспектар прызнаў дзеянні Ярэмы правамернымі. Хоць наўрад ці забарона выхаду са станцыі добраахвотнікаў-ратавальнікаў сведчыць на яго карысць...

Далей за сто пяцьдзясят метраў ні страховачныя тросы, ні ранцы не працавалі. Самы блізкі да «П’ера Шарля ле Маньера» касмічны карабель прыйсці на дапамогу не паспяваў, а акрамя даследчых зондаў іншых спускальных апаратаў на станцыі не мелася.

Ход думак Сарвы парушыў сінтэзаваны жаночы голас:

— Выхад з гіперпрасторы праз трыццаць хвілін.

Інспектар схаваў камп’ютар і падабраўся. «Арыстарх Самоскі» перасек нябачную мяжу: спыніліся вібрацыі корпуса і ўключыліся насавыя тармазныя рухавікі.

Грузавое судна выйшла з гіперпрасторы за дваццаць тысяч кіламетраў ад «Пуцяводнай зоркі». Шарападобная форма дазваляла маяку заставацца нерухомым адносна Урана і Нептуна. Пілот на мінімальнай хуткасці павёў да маяка грузавое судна: даў магчымасць уволю ім налюбавацца.

У цэнтральным адсеку інспектара сустрэў сам капітан «Арыстарха Самоскага».

— Спадар Сарва, аддаю ў ваша распараджэнне найлепшага свайго спецыяліста — Іза Рывеса.

— Дзякую! — кіўнуў інспектар, машынальна адзначыўшы, што на твары Голга Драка не было і ценю незадавальнення. Фрахт грузавога судна падлягаў кампенсацыі ў двухразовым памеры сабекошту пералёту. — Загадайце задзейнічаць трансфакатар на максімальнае набліжэнне.

— Слухаюся, спадар Сарва!

Звернуты да «Арыстарха Самоскага» бок «Пуцяводнай зоркі» вонкавых пашкоджанняў не меў. Не плавалі абломкі і вакол маяка. На жаль, грузавое судна не мела спецыялізаваных сканераў, якія моцна спрасцілі б Сарву задачу.

— Рыхтуйце бот, спадар Драка! — ацаніць стан адваротнага боку Сарва мог толькі візуальна.

Бот выглядаў настолькі старым, што інспектар мімаволі западозрыў капітана ў карыстанні даўно спісаным маламерным суднам. Быццам у насмешку на борце бота красаваўся зроблены пад трафарэт люмінесцэнтнай фарбай надпіс «Імклівы».

— Ён хоць даляціць?

— Не трэба хвалявацца, спадар Сарва! Яшчэ як даляціць!

Капітан не падмануў: бот паспяхова пераадолеў адлегласць паміж грузавым суднам ды маяком і зрабіў віток вакол «Пуцяводнай зоркі». Інспектар пераканаўся ў тым, што герметычнасць корпуса маяка парушаная не была.

— Стыкуйцеся, спадар Рывес!

Збліжэнне «Пуцяводнай зоркі» і «Імклівага» прайшло паспяхова: Рывес з першага разу дакрануўся падушкамі электрамагнітных захватаў да паўночнага стыковачнага вузла. Сарва ўвёў код доступу, пасля чаго аўтаматыка адкрыла пераходны люк.

Калі працэдура шлюзавання завяршылася, апранутыя ў скафандры інспектар і тэхнік апынуліся ўнутры маяка. Сарва скарыстаўся газааналізатарам. Нягледзячы на тое, што паветра «Пуцяводнай зоркі» падыходзіла для дыхання, яны вырашылі шлемы не здымаць.

— Спадар Рывес, адпраўляйцеся ў прыборны адсек, а я пакуль займуся пошукамі экіпажа. У мяне выклікае здзіўленне, чаму нас ніхто не сустрэў.

— Добра!

Сарва зверыўся з выведзенай на пярэдні шчыток аб’ёмнай мадэллю маяка, пасля чаго пайшоў да цэнтральнага адсека, па дарозе ўважліва агледзеўшы модулі ў пошуках слядоў тэхнагеннай аварыі.

Нікога і нічога.

Шанс сустрэць каго-небудзь у жылых ячэйках быў вельмі высокі, таму інспектар вырашыў надаць кластару асаблівую ўвагу. Чатыры ячэйкі аказаліся пустымі, а вось у пятай Сарву чакаў сюрпрыз.

Памерамі ўбудаваная ў сцяну гардэробная шафа пахваліцца не магла. Таму тое, што ў ёй атрымалася змясціцца даросламу мужчыну, не магло не выклікаць у інспектара здзіўлення. Рука Сарвы была на паўшляху да дзверцаў, калі яны з грукатам адчыніліся і з шафы выпаў незнаёмец. Усё адбывалася ў абсалютным маўчанні.

Інстынкты не падвялі — Сарва рэзка сышоў убок і рвануў з кабуры пісталет. Страляць не давялося — мужчына скурчыўся на падлозе ў позе эмбрыёна, са страхам гледзячы на інспектара. Камбінезон незнаёмца быў мокры ад багатай салівацыі.

Сарва выдыхнуў і схаваў зброю.

— Я не зраблю вам шкоды!

Словы інспектара прывялі да процілеглага эфекту — мужчына літаральна затросся ад страху.

— Усё ў парадку! Я тут для таго, каб дапамагчы вам! — з такім жа поспехам Сарва мог звяртацца да сценкі. Незнаёмца літаральна калаціла ад жаху. — Ды што ж вас так напалохала?

Пакінуць астранаўта інспектар не мог. Роўна як і цягнуць з сабой — незнаёмец успрымаў любы рух інспектара як агрэсію.

Брудны пакрамсаны камбінезон, шчацінне, шматлікія гематомы і драпіны — член экіпажа выглядаў так, нібы блукаў па сметніку. Імкнучыся не рабіць рэзкіх рухаў, Сарва дастаў з аптэчкі першай дапамогі, што вісела на сцяне, флакон з заспакаяльным і напоўніў пластыкавую мерную лыжку.

— Гэта дапаможа!

Незнаёмец завішчаў адразу ж, як інспектар зрабіў першы крок. Высокія ноткі выдавалі паніку. Зразумеўшы, што наладзіць кантакт не атрымаецца, Сарва выкінуў з жылой ячэйкі ўсё, аб што мог параніцца астранаўт, пасля чаго замкнуў звонку дзверы. Варта было пашукаць іншых членаў экіпажа.

Пошукі доўжыліся нядоўга: у тэхнічным памяшканні, якое межавала з кластарам, інспектар наткнуўся на жанчыну. Яна сядзела ў крэсле і манатонна ківалася, чым нагадвала кітайскага балванчыка.

— Прашу прабачэння, што перашкаджаю вам... — Сарва павольна наблізіўся да жанчыны, напалову павернутай да яго. Ніякай рэакцыі. — Я вам дапамагу!

Ані на словы, ані на дотыкі жанчына ніяк не адрэагавала, працягваючы разгойдвацца. Яе погляд быў накіраваны ў пустэчу. Нічога не змянілася і пасля таго, як інспектар павадзіў пад носам жанчыны змочанай у нашатырным спірце ваткай.

Убачанае прымусіла Сарву задумацца. Высновы напрошваліся несуцяшальныя. Спяшацца з канчатковым рашэннем інспектар не стаў: большая частка «Пуцяводнай зоркі» заставалася неабследаванай.

Сарва зрабіў у камп’ютары памету пра патэнцыйную сімуляцыю і рушыў далей. Перш чым дайшоў да цэнтральнага адсека, інспектар сустрэў яшчэ траіх.

Стан двух мужчын і жанчыны нічым не адрозніваўся ад стану іх калег.

— Яны як быццам усе разам звар’яцелі... Спадар Рывес, што ў вас?

— Прыборы відавочна спрабавалі зламаць, спадар Сарва. Прычым рабілі гэта без выразнага алгарытму дзеянняў — проста таму, што хацелі ламаць... Шкода нязначная, але часу на рамонт спатрэбіцца нямала. Самому мне не справіцца — давядзецца прасіць дапамогу.

— Скажыце, спадар Рывес, а разгром не мог учыніць вар’ят?

— Характар пашкоджанняў кажа пра тое, што такіх павінна быць некалькі... А чаму вы пытаецеся, спадар Сарва?

— Я знайшоў пяцярых членаў экіпажа. І ўсе яны нічым не адрозніваюцца ад гародніны.

— Не сімулююць?

— Адказ на гэтае пытанне трэба будзе даваць вашаму суднаваму медыку, спадар Рывес. Паведаміце на «Арыстарх Самоскі» пра паломку і знойдзеных членаў экіпажа, а я пакуль займуся бартавым журналам.

У цэнтральным адсеку знаходзіліся яшчэ чацвёра. У стане, які выключаў усякую магчымасць допыту.

Пульт кіравання не пацярпеў, і інспектар вывеў на дысплэй бартавы журнал. Апошні запіс быў зроблены за пяць гадзін да таго, як знікла сувязь з маяком. Сарва пачаў праглядаць запісы ў адваротным парадку. Бартавы журнал неабавязкова павінен змяшчаць адказ, але...

Хутка прыбылі людзі з грузавога судна. Каб не губляць час, Сарва адключыў сувязь. На жаль, вывучэнне бартавога журнала нічога не дала.

— Давядзецца шукаць у іншым месцы... — інспектара зусім не збянтэжыла няўдача. У модулях «Пуцяводнай зоркі» былі ўсталяваныя камеры відэаназірання, і Сарва збіраўся праглядзець запісы з іх. — Людзі ніколі не вар’яцеюць проста так!.. З якой пачаць?

Модуляў на маяку хапала: «Пуцяводная зорка» выкарыстоўвалася таксама ў якасці шырокапалосага рэнтгенаўскага тэлескопа. Інспектар павагаўся і прыняў рашэнне пачаць у алфавітным парадку. Немалы аб’ём працы Сарву зусім не пужаў.

Праз некаторы час інспектар дабраўся да запісу, зробленага ў прыборным адсеку за трыццаць хвілін да таго, як з «Пуцяводнай зоркай» перарвалася сувязь. Высокая якасць дазваляла разгледзець усё ў дробных дэталях. У аб’ектыў трапілі двое астранаўтаў. Мужчыны займаліся манатоннай працай роўна да таго часу, пакуль адзін з камп’ютараў не выйшаў з рэжыму чакання. Варта было толькі дакрануцца да клавішы «Enter», як абодва прыціснулі далоні да вушэй і паваліліся на падлогу.

— Ці не тут хаваецца разгадка? — Сарва павялічыў маштаб малюнка, аднак вугал павароту манітора не дазволіў зразумець, што магло выклікаць гэткую неадэкватную рэакцыю членаў экіпажа. Задачу моцна ўскладняла тое, што ў запісе адсутнічаў гук. Падчас праверкі высветлілася, што прычына схаваная ў няспраўнасці абедзвюх аўдыякалонак. Перасеўшы за іншы камп’ютар, інспектар высветліў, што аддалены доступ немагчымы.

Сарва пазначыў час здарэння, затым вярнуўся да іншых запісаў. Паўторны прагляд даў новую, надзвычай важную інфармацыю: персанал «Пуцяводнай зоркі» ў пэўны момант раптам страціў чалавечае аблічча. Рэагавалі людзі па-рознаму, аднак аб’ядноўвала іх адно: поўная прастрацыя.

Інспектар вылаяўся і ўключыў сувязь.

— Рывес, вы чуеце мяне?.. Неадкладна адказвайце, Рывес!.. Рывес!.. Вось д’ябал! — Сарва пабег у прыборны адсек у прадчуванні блізкай бяды.

Тэхнікі з «Арыстарха Самоскага» ў розных позах валяліся на падлозе.

Інспектар бухнуўся на калені перад Рывесам. Аднаго погляду на твар тэхніка было дастаткова, каб зразумець: іскра розуму ў вачах Рывеса згасла. Астатнія выглядалі не лепш.

Смутныя падазрэнні штурхнулі інспектара да дысплэя. Трэць экрана займала акно аўдыяфайла.

На тое, каб скласці два і два, шмат розуму не патрабавалася.

— Інспектар Сарва выклікае капітана Драка!

— Слухаю вас, спадар Сарва!

— У нас няштатная сітуацыя, спадар Драка. Неадкладна дашліце суднавага медыка!

— Што здарылася? — у голасе капітана «Арыстарха Самоскага» адчуваліся ноткі страху.

— Тэхнікі страцілі дзеяздольнасць, спадар Драка... У вас на борце ёсць чалавек, які добра разбіраецца ў камп’ютарах?

— Так, — пачуўся адказ пасля невялікай паўзы.

— Ён мне патрэбны!

— Праз пяць хвілін Рангель і Цімаш будуць у вас, спадар Сарва!

Інспектар наблізіўся да дысплэя, аднак вырашыў не чапаць клавіятуру. У Сарвы не мелася сумненняў у тым, што прычынай надзвычайнага здарэння з’яўляецца кароткі — ўсяго двухсекундны — запіс.

Праграміст высновы інспектара пацвердзіў:

— Вірус!.. Мне патрэбны час на тое, каб разабрацца ў ім, але ўжо цяпер магу сказаць адназначна: ён выклікае інфрагукавыя акустычныя ваганні.

— Спадар Рангель, яны могуць справакаваць вар’яцтва?

— Безумоўна, спадар Сарва! — суднавы медык выглядаў як горкі п’яніца, але справу сваю ведаў. — Шум з’яўляецца стрэсавым фактарам, здольным выклікаць зрыў прыстасавальных рэакцый. Акустычны стрэс можа прывесці да незваротных функцыянальных парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы і даць пачатак дэгенератыўным працэсам у органах і тканінах. Ступень шумавой паталогіі залежыць ад інтэнсіўнасці і працягласці ўздзеяння, функцыянальнага стану ЦНС і ад індывідуальнай адчувальнасці арганізма да акустычнага раздражняльніка.

— Цікавая канструкцыя... — праграміст разважліва ўстрымліваўся ад таго, каб уключыць прайгравальнік. — А ведаеце што, спадар Сарва, вірус стварылі не людзі! Алгарытм зусім іншы... Вы нарадзіліся ў кашулі! Калі б канал сувязі заставаўся ўключаным, вы маглі стаць яшчэ адной ахвярай.

— Вы можаце вызначыць прыроду віруса, спадар Цімаш?

— Баюся, давядзецца звярнуцца па дапамогу, спадар Сарва. Канструкцыя занадта складаная.

— Спадар Рангель, калі ласка, забяспечце транспарціроўку пацярпелых на борт «Арыстарха Самоскага». Тут мы ім нічым дапамагчы не здолеем... А вірусам хай займаюцца спецыялісты! — інспектар звязаўся з капітанам і прадыктаваў яму тэкст паведамлення для камісара Айнбунда, пасля чаго вярнуўся на грузавое судна, дзе склаў падрабязную справаздачу аб праведзеным расследаванні.

Чакаць адказу можна было самае малое праз дзве гадзіны, таму Сарва звярнуўся да матэрыялаў справы аб забойстве астрафізіка Артамянкова. Інспектара не пакідала пачуццё, што ён прапусціў нешта вельмі важнае. Але што?

Сарва пачаў праглядаць матэрыялы з самага пачатку. І быў узнагароджаны: сярод мноства дакументаў, скапіяваных з галоўнага камп’ютара «П’ера Шарля ле Маньера», знайшоўся невялікі тэкставы файл. Скарга начальніку станцыі ад бортінжынера Лідзіі Шчур аб сэксуальных дамаганнях з боку Радзевіч.

— А ці не тая гэта Шчур, якой аказваў знакі ўвагі Артамянкоў?

Праз некалькі хвілін апошні элемент мазаікі стаў на сваё месца.

— Класічны любоўны трохкутнік... І на што разлічвала Радзевіч?


За гарызонтам падзей


Чарговы тэрміновы загад ад камісара заспеў Ратаўта Сарву на арбіце Урана. Два з паловай тыдні вымушанага гультайства на міжнароднай касмічнай станцыі, выкліканых чаканнем спадарожнага карабля на Зямлю, інспектар вырашыў выкарыстаць з максімальнай карысцю. Бібліятэчны фонд «П’ера Шарля ле Маньера» налічваў больш за шэсць мільёнаў тамоў, з якіх дзве траціны складала навуковая літаратура.

— «Эрнст Юліус Эпік»... — Сарва ўвайшоў у Старнет з бартавога камп’ютара МКС. Навукова-даследчае судна адносілася да адзінаццатай серыі спецыялізаваных касмічных караблёў і прызначалася для транспарціроўкі буйнагабарытных грузаў на вялікія адлегласці. Месяц таму «Эрнст Юліус Эпік» адправіўся да планетоіда 90377 Седна з SLSBT — Супервялікім бінакулярным субміліметровым тэлескопам на борце. Тэлескоп прызначаўся для назірання за воблакам Аорта — вобласцю Сонечнай сістэмы, якая служыла крыніцай доўгаперыядычных камет. Навуковай праграмай місіі прадугледжваўся шэраг прыпынкаў, для чаго судна было абсталявана скачковым рухавіком.

Сувязь з «Эрнстам Юліусам Эпікам» знікла дваццаць пяць гадзін таму. Спробы яе аднаўлення ні да чаго не прывялі. Інспектар павінен быў знайсці прычыну маўчання.

Гэтым разам дабірацца да месца расследавання трэба было на памежным крэйсеры «Агесілай II». Забіралі Сарву малым дапаможным катарам, які стыкаваўся са станцыяй.

У шлюзавай камеры інспектара чакаў малады афіцэр.

— Прывітанне, спадар Сарва! Лейтэнант Кгеўкгоўд Ішора. Прызначаны вас суправаджаць!.. Сардэчна запрашаю на борт!.. Дазвольце, я дапамагу вам зняць скафандр!

Варта было афіцэру пацвердзіць прыбыццё інспектара, як запрацавалі абодва маршавыя рухавікі, і Уран у абрамленні чатырнаццаці кольцаў пачаў адыходзіць з хуткасцю, якая ўвесь час набірала абароты.

Унутраная аздоба «Агесілая II» адрознівалася максімальнай прагматычнасцю і спартанскім мінімалізмам. Сарва злавіў сябе на тым, што канструктары нездарма вырашылі назваць карабель у гонар цара Лакедэмоніі з роду Еўрыпантыдаў. У параўнанні з крэйсерам любое паліцэйскае судна выглядала раскошнай яхтай.

Інспектару выдзелілі ложак у лазарэце, паколькі свабодных кубрыкаў не мелася: «Агесілай II» перавозіў каланістаў на Трытон. Восем з чвэрцю астранамічных адзінак паміж арбітай Урана і «Эрнстам Юліусам Эпікам» крэйсер пераадолеў за дваццаць адну гадзіну, палова з якіх сышла на разлік каардынат выхаду.

Пояс Койпера. Сарву ніколі раней не даводзілася залазіць далей за Плутон. Думка пра маштабы выклікала трапятанне, а гэта ж толькі нязначная частка Млечнага шляху! «Агесілай II» мог не баяцца сутыкнення з астэроідамі — верагоднасць такога варыянту была блізкай да нуля.

Сканеры крэйсера выявілі навукова-даследчае судна адразу ж на выхадзе з гіперпрасторы. «Эрнст Юліус Эпік» павольна плыў на адлегласці мільёна кіламетраў ад «Агесілая II».

— Хуткасць гаворыць пра тое, што рухавікі судна альбо адключаны, альбо выйшлі са строю! — для інспектара зрабілі выключэнне: прысутнасць старонніх на капітанскім мосціку была строга забаронена.

«Эрнст Юліус Эпік» рухаўся па інерцыі, якая слабела па меры праходжання праз гравітацыйныя палі к’юбівана, плуціна і рассеяных аб’ектаў.

— Сярэдні наперад! — загадаў палкоўнік Вештарт Мармылёў, капітан крэйсера. — Трансфакатарын — на максімальнае набліжэнне!

Карцінка пачала імкліва павялічвацца памерамі, пакуль не заняла ўвесь цэнтральны дысплей. Любыя сляды пашкоджанняў на корпусе адсутнічалі.

— Паспрабуйце выйсці з імі на сувязь!

— Так, спадар палкоўнік! — усе спробы пацярпелі фіяска: на ніводнай з частот «Эрнст Юліус Эпік» не адказваў. Маўчанне было адказам і на светлавыя сігналы, якія не заўважыць было немагчыма.

— Выпускайце боты!

У камплект абсталявання апаратаў далёкага пошуку ўваходзілі магутныя лічбавыя відэакамеры. Аператар падвёў боты практычна ўшчыльную да судна, і тэлеметрыя пацвердзіла герметычнасць корпуса «Эрнста Юліуса Эпіка». Асаблівая ўвага была ўдзеленая эвакуацыйным люкам.

— Ніводзін з аварыйна-выратавальных модуляў карабель не пакінуў! — рэзюмаваў Сарва, выцягнуў свой камп’ютар і пачаў уводзіць у яго даныя. Версіі аб сутыкненні, тэхнагеннай аварыі і абардажы інспектар адкінуў.

— Што б там ні адбылося, людзі па-ранейшаму застаюцца на борце!.. Пошукавай камандзе падрыхтавацца да высадкі! — збліжэнне двух велізарных суднаў патрабавала тонкага манеўру, таму Мармылёў вырашыў скарыстацца ўсё тым жа малым дапаможным катарам.

Памежнікі і Сарва апранулі скафандры і занялі месцы ў катары, пасля чаго Ішора здзейсніў майстарскую стыкоўку з «Эрнстам Юліусам Эпікам». З механічнымі засаўкамі знешніх створак шлюзавай камеры справіліся з дапамогай накіраванага выбуху, папярэдне адстукаўшы па корпусе паведамленне азбукай Морзэ.

Генератар штучнай гравітацыі не працаваў: па шлюзавай камеры плавалі незамацаваныя прадметы. Вельмі дарэчы прыйшліся чаравікі на магнітнай падэшве. Ні асноўнага, ні дзяжурнага асвятлення не было, і каманда запаліла нашлемныя ліхтары. Каб аднавіць герметычнасць, падначаленыя лейтэнанта выкарыстоўвалі вязкацякучую кампазіцыю на аснове палімераў і ліставую накладку з эластычнага матэрыялу.

— Запускайце помпы! — праз пяць хвілін шлюзавая камера напоўнілася паветрам. З праходам унутр судна праблем не паўстала — пераборку замыкала крэмальерная засаўка. — Уваходзім!.. Што з паветрам?

— Газааналізатар паказвае норму! — адгукнуўся сяржант Кайна, зірнуўшы на прыбор, які вісеў у яго на грудзях. — Звычайнае стэрыльнае паветра, якое прайшло шматразовы рэцыкл!

Тым не менш, зняць шлемы Ішора не дазволіў.

Інспектар зрабіў чарговую памету: нічога, што магло б дапамагчы знайсці адказ. Усе скафандры аказаліся на месцы.

— Цікава, чаму нас ніхто не сустракае?.. Яны не маглі не заўважыць крэйсер!

— Не маю ніякага ўяўлення! — Сарва вывеў на дысплэй камп’ютара трохмерны план «Эрнста Юліуса Эпіка», хоць мог прайсці па судне з заплюшчанымі вачыма: часу на вывучэнне было дастаткова. — Мабыць, нам лепш пачаць з рубкі кіравання!

Лейтэнант перашыхтаваў салдат, і калона пакрочыла па калідоры. Першым прыпынкам стала першая ж пераборка.

— Электрычнасці няма! — паведаміў Кайна, агаліўшы нутро панэлі доступу.

— Падымайце ўручную!

Узброіўшыся загадзя падрыхтаванымі ламамі, салдаты ўзяліся за справу. Праз некалькі хвілін праход быў свабодны.

— Сяржант! — лейтэнант не хацеў рызыкаваць: калона працягнула рух толькі пасля таго, як Кайна праверыў адсек. Магутныя ліхтары давалі дастаткова святла, што дазволіла інспектару праводзіць пільны агляд. Пакуль нічога цікавага не сустракалася.

Пераборкі былі тоўстымі, і выкарыстоўваць цеплавізар не мела сэнсу. Сілы прыцягнення адсутнічалі, і таму ранцы сістэмы жыццезабеспячэння не важылі амаль нічога. Значна спрашчаўся і пошук доказаў. Важна было толькі ўважліва сачыць за тым, што плавала перад вачыма.

У наступным адсеку, адкрываць які таксама давялося ўручную, размяшчаўся галоўны размеркавальны шчыт. Нягледзячы на тое, што апаратура была спраўнай, аднавіць падачу электрычнасці не атрымалася: індыкатар напружання паказваў нуль.

— Не разумею, — нахмурыўся Кайна. — Нават пры спыненым рэактары ток у ланцугу прысутнічаць павінен: ёсць жа яшчэ аварыйныя акумулятарныя батарэі!

Шлях да рубкі кіравання пралягаў міма лабараторных боксаў. Яны ўсе да аднаго аказаліся пустымі. Унутры панаваў хаос, што не давала зрабіць адназначную выснову пра тое, ці здарылася на борце нешта экстраардынарнае. У кают-кампаніі пошукавая каманда таксама нікога не выявіла. Не наканавана было спраўдзіцца і надзеям заспець каго-небудзь з членаў экіпажа ў рубцы кіравання.

— Ні жывых, ні мёртвых!.. Усё гэта вельмі дзіўна! — сяржант перахрысціўся. Сарва вырашыў не каментаваць словы Кайны: у практыцы інспектара не было ніводнага выпадку сустрэчы са звышнатуральным.

— Куды цяпер, спадар інспектар?

— Праверым жылыя блокі і тэхнічныя модулі. Калі і там нікога — рэактарны адсек і грузавыя модулі. Дваццаць дзевяць членаў экіпажа не маглі знікнуць бясследна!

Лейтэнант аддаў новы загад:

— Сяржант, перадайце газааналізатар і займіцеся бартавым журналам!.. Каманда — наперад!

Салдаты перавярнулі жылыя блокі дагары нагамі і ўсё адно нікога не адшукалі. Ва ўсіх тэхнічных модулях было пуста. Дубль-скафандры таксама аказаліся на месцы.

Да рэактарнага адсека набліжаліся з асцярогай, аднак ні перад сцяной, ні ў самім адсеку стрэлка лічыльніка Гейгера-Мюлера не ссунулася ні на міліметр. Фон не быў павышаны і побач з ядзерным рэактарам.

Ніводзін з кантрольных прыбораў не працаваў, і Сарву з Ішорам давялося залазіць на рэактар і абследаваць яго візуальна. Усё аказалася некранутым, а вось паліўных стрыжняў бракавала.

— Як яны іх выцягнулі? — здзівіўся лейтэнант. — Калі контур замкнёны, падобная аперацыя немагчымая фізічна!

Здзіўленне інспектара было не меншым. Спускацца ўнутр ён не стаў, а зрабіў некалькі фотаздымкаў з розных ракурсаў, пакінуўшы права разбірацца з загадкай спецыялістам.

— Спадар лейтэнант? — дзякуючы таму, што перагаворныя прылады скафандраў былі настроеныя на адзін канал, Сарва меў магчымасць чуць перамовы і іншых членаў каманды.

— Што ў вас, Кайна?.. Разабраліся з бартавым журналам?

— На ніводным з трох носьбітаў даных нічога няма! — у голасе сяржанта чулася разгубленасць. — Ні біта інфармацыі!..

Словы сяржанта прымусілі інспектара напружыцца: нават у выніку самых жудасных аварый, якія цягнулі за сабой разбурэнне носьбіта на дзевяноста дзевяць працэнтаў, нейкая інфармацыя на ім усё адно заставалася.

— Стан экранавання? — дастаткова было афіцэру кіўнуць у бок акумулятарных батарэй, як памежнікі ўзяліся за іх агляд.

— Цэласнасць абодвух слаёў не парушаная, спадар лейтэнант! Ніякага вонкавага выпраменьвання...

— Яны не маглі падаць каманду на знішчэнне даных?

Замест Кайны адказаў Ішора:

— Які ў гэтым сэнс?.. Судна — грамадзянскае, экіпаж — міжнародны. Ніякіх сакрэтаў!.. Хіба што масавае вар’яцтва!

— Мне б хоць дзесяць мегабайт інфармацыі для аналізу рэестра! — сяржант цяжка ўздыхнуў. Разгубленасць змянілася бездапаможнасцю.

— Вяртайцеся да каманды, сяржант!

— Слухаюся! — млява адгукнуўся Кайна.

— Акумулятарныя батарэі цалкам разраджаныя, запасных паліўных стрыжняў няма! — паведаміў адзін з салдат.

— І што цяпер загадаеце думаць, спадар інспектар? Каб адкрыць сховішча, трэба сінхронна павярнуць тры ключы. Вар’ятам такое не па сіле.

— Давайце скончым пошук людзей!

Нягледзячы на тое, што шукалі зусім не іголку ў стозе сена, агляд зацягнуўся: «Эрнст Юліус Эпік» адрозніваўся каласальнымі памерамі. З кожным правераным адсекам і модулем надзея знайсці членаў экіпажа раставала. Затое расло здзіўленне: куды маглі падзецца навукоўцы?

— Аварыйна-выратавальныя модулі ў боксах, ніводзін са скафандраў не крануты, люкі шлюзавых камер задраены знутры... Не разумею!

У адрозненні ад лейтэнанта, інспектар не спяшаўся дзяліцца сваімі меркаваннямі — да таго часу, пакуль не будуць адпрацаваны ўсе версіі, нават самыя дзівацкія. Служба ў паліцыі прывучыла рабіць высновы выключна на падставе фактаў.

У трэцім тэхнічным модулі, дзе захоўваліся лінзы SLSBT, адбылося здарэнне. Сяржант Кайна, які рухаўся на чале калоны, нечакана знік проста пасярод адсека, чым выклікаў сапраўдны перапалох. Зрэшты, знайшоўся памежнік праз некалькі хвілін, але ўжо ў дзявятым тэхнічным.

— Вы куды зніклі, сяржант? — ні дзірак у палубе, ні лакун пад ёй не мелася.

— Я нікуды не знікаў, спадар лейтэнант! Проста зрабіў крок... — Кайна зноў перахрысціўся і пачаў шаптаць «Pater noster».

Сарва наблізіўся да месца знікнення Кайны і ўключыў газавы храматограф, з дапамогай якога неаднаразова разблытваў нават самыя складаныя злачынствы. Задачу ўскладняла тое, што інспектар зусім не ўяўляў, што шукае.

— Нічога... — рэзюмаваў Сарва, усвядоміўшы, што дарма губляе час. — Прыборы што-небудзь паказваюць?

Сяржант толькі адмоўна хітнуў галавой.

— Спадар Кайна, не падкажаце, якая цяпер гадзіна? — шчокі сяржанта пакрывала трохдзённае шчацінне. Перад пачаткам маршу Кайна быў гладка паголены.

— Што за д’ябал?.. Стрэлкі паказваюць нейкую ахінею! — і час, і дата былі няправільнымі, што для армейскіх хранометраў з’яўлялася нетыповым.

Інспектар акуратна зафіксаваў дэталі.

Яшчэ праз дзве гадзіны стала канчаткова зразумела, што на караблі няма ні жывых, ні мёртвых. Пошукавая каманда вярнулася ў рубку кіравання.

— Што далей? — пацікавіўся Ішора. Погляды памежнікаў спыніліся на Сарву.

— Тэарэтычна, задачу мы выканалі — сувязь перарвалася ў выніку знікнення экіпажа. Фактычна... — інспектару была патрэбная хоць якая-небудзь зачэпка. Любая дробязь, прыдатная ў якасці ніткі Арыядны. — Лейтэнант, мне трэба пагаварыць з Мармылёвым!

— Добра! — у слухаўках Сарвы нягучна пстрыкнула.

— Спадар палкоўнік, наколькі далёка могуць дабрацца вашы боты?

— У рэжыме вяртання запасу паліва хопіць на дзве астранамічныя адзінкі туды і назад, у рэжыме вольнага палёту межаў не існуе... Толькі магутнасці перадатчыка не хопіць, каб прымаць сігнал!

Інспектар у думках прыкінуў адлегласць. Занадта вялікая для таго, каб перадаць кіраванне ботам іншаму аператару.

— Што ж, хай будуць чатыры астранамічныя адзінкі!

— Што вы задумалі, спадар інспектар?

— Хачу пусціць бот па траекторыі руху «Эрнста Юліуса Эпіка».

— Што гэта дасць?

— Магчыма, нічога, а магчыма...

Мармылёў тлумачэнняў не запатрабаваў, і навігатары прыступілі да разлікаў. Праз гадзіну бот стартаваў. Тэлеметрыю забяспечвала тры відэакамеры. Інфармацыя паступала на цэнтральны дысплэй капітанскага мосціка крэйсера.

Сарва і сам не мог дакладна сказаць, што ён чакае знайсці. Хутчэй за ўсё, за адпраўкай бота стаяла жаданне пазбегнуць пакут сумлення, што напэўна здарыцца, калі інспектар не адпрацуе ўсе версіі.

Адсутнасць чалавека на борце дазваляла робату рухацца з хуткасцю, блізкай да хуткасці святла. Аператару нават не трэба было карэктаваць траекторыю палёту — гэтую функцыю ўзяў на сябе камп’ютар «Агесілая II».

Пяцьдзясят мільёнаў кіламетраў. Сто мільёнаў. Дзвесце... Лічбы на індыкатары спідометра змяняліся з ашаламляльнай хуткасцю. Ніякіх адхіленняў у рабоце прыбораў не адзначалася.

На мяжы поўнага згасання сігналу, калі інспектар ужо быў гатовы прызнаць сваё паражэнне, прыборы нібы звар’яцелі. Камп’ютары літаральна захліснуў паток інфармацыі.

— Квантавая чорная дзірка! — ахнуў Ішора.

Неўзабаве высветлілася, што лейтэнант паспяшаўся з высновамі. Бот праскочыў фатонную сферу, гарызонт падзей, сінгулярнасць, і не трапіў пад уздзеянне ніводнага з фактараў, абавязковых для сустрэчы з касмічным целам, здольным прыцягваць святло сілай гравітацыі: ні спагетыфікацыі, ні скрыўлення прасторы, ні запаволення часу, ні гравітацыйных канвульсій.

— Стоп! — крыкнуў Сарва, перш чым Мармылёў аддаў аналагічны загад. Робату спатрэбіўся час на атрыманне сігналу і манеўр тармажэння. — Цяпер развярніце бот і на мінімальнай хуткасці — наперад!

Апарат далёкага пошуку павольна падплыў да дзіркі. Як толькі робат апынуўся ў зоне гравітацыйнага прыцягнення, яго неадкладна засмактала ўнутр. Аператар нават не спрабаваў вярнуць бот, паколькі найменшы рух апарата няўхільна вабіў бот да кропкі сінгулярнасці, паблізу якой сіла прыцягнення імкнулася да бясконцасці. Час і прастора памяняліся месцамі.

— Сігналу няма...

Аднак праз чвэрць гадзіны бот зноў вынырнуў — праўда, ужо ў выглядзе кучы металалому і за сто тысяч кіламетраў правей.

— Максімальнае набліжэнне! — загадаў палкоўнік.

Бот зрушыўся не толькі ў прасторы, але і ў часе. Цяпер ён выглядаў так, як быццам падарожнічаў у адкрытым космасе не адну сотню гадоў.

— Ахоўная мембранная тканіна...

— Прабачце, спадар інспектар?

— Спадар палкоўнік, трэба вярнуць бот на борт крэйсера! Мне здаецца, я знайшоў адказ!

— Выконваць! — кіўнуў Мармылёў, і да апарата накіраваліся двое новых. Палкоўнік таксама загадаў праверыць касмічную прастору на сто тысяч кіламетраў у чатыры бакі, аднак ніякіх новых дзірак выяўлена не было. Сарва не прамовіў ні слова, пакуль асабіста не даследаваў з дапамогай газавага храматографа шар метровага дыяметра, які пабываў у анамаліі.

— Гэта не чорная дзірка ў класічным разуменні, а своеасаблівы фільтр, які не дазваляе інфармацыі, арганічнай тканіне і ядзернаму паліву перасекчы мяжу. І гэты фільтр, нягледзячы на тое, што працуе паводле прынцыпу класічнай чорнай дзіркі, мае ярка выражаны тэхнагенны характар. Прычым фільтр спыняе толькі тыя караблі, якія накіроўваюцца да воблака Аорта.

— Атрымліваецца, чалавецтва не самотнае ў Сусвеце?

— Цяпер ужо так, спадар Ішора!

— Дазвольце пацікавіцца, спадар інспектар, на падставе чаго вы зрабілі гэтую смелую выснову? — словы палкоўніка прымусілі ўсіх прысутных павярнуцца да Сарвы.

— Вы ж не будзеце спрачацца, што інфармацыя — прыкмета разумнага жыцця, спадар палкоўнік?.. Роўна як і кантроль над тэрмаядзернымі рэакцыямі.

— А ці не больш надзейна было б проста анігіляваць караблі разам з экіпажамі?

— Логіка іншапланецян можа ў корані адрознівацца ад чалавечай, спадар палкоўнік. Па адказ вам варта было б звярнуцца да ксенапсіхолагаў. Хто пабудаваў бар’ер і для абароны чаго ён служыў, яшчэ трэба будзе разабрацца спецыялістам.

— Адзін фільтр на сто тысяч кубічных кіламетраў... Ці не занадта буйныя вочкі для невада, спадар інспектар?

— Выяўленая намі псеўдадзірка можа з’яўляцца ўсяго толькі адной з мноства вочак, спадар Ішора. І не факт, што невад цэлы. Пра час яго вырабу мы можам толькі здагадвацца!

— Хай так, спадар інспектар! Не буду спрачацца!.. Аднак куды ўсё ж такі знік экіпаж «Эрнста Юліуса Эпіка»?

— Я думаю, яны ўсе былі мёртвыя задоўга да таго, як перасеклі гарызонт падзей, спадар палкоўнік. І адбылося гэта з прычыны скрыўлення прасторы і часу. У якасці прыклада я прывяду выпадак з сяржантам Кайнам. Для пошукавай каманды ён знік на некалькі хвілін. Для самога сяржанта не прайшло і некалькіх секунд. Насамрэч ён адсутнічаў не менш за двое сутак — шчацінне так хутка не адрастае!.. Верагоднасць таго, што «Эрнст Юліус Эпік» патрапіць дакладна ў псеўдадзірку, была мінімальнай, аднак гэта ўсё ж такі здарылася... Рэкамендую выставіць вакол псеўдадзіркі ахову і як мага хутчэй выклікаць навукоўцаў!


Чарвяк


Малы дапаможны катар, прыпісаны да пагранічнага крэйсера «Агесілай II», мякка дакрануўся падобнымі на ногі коніка апорамі керамічнага бетону да ўзлётна-пасадачнай пляцоўкі. Пілот вырашыў не заглушаць рухавікі дзеля высадкі адзінага пасажыра, няхай ён і належаў да Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў.

— Прыемна было папрацаваць з вамі, спадар Ішора!

— Аналагічна, спадар Сарва! — лейтэнант аддаў чэсць, пасля чаго паціснуў інспектару руку. — Бывайце здаровы!

— Удачы вам у дарозе! — падхапіўшы свае рэчы, Сарва спусціўся па складным бартавым трапе і паспяшаўся да краю пляцоўкі, дзе турбулентнасць была не такой моцнай, бо прымяняліся вязкапругкія гасільнікі. Катар стартаваў, як толькі інспектар адышоў на бяспечную адлегласць. Час пасадкі быў абраны з улікам надзвычай дынамічнай сістэмы штормаў Нептуна — вятры на паверхні ледзянога гіганта маглі дасягаць звышгукавых хуткасцяў.

Паглынанне чырвонага святла метанам надавала атмасферы Нептуна, якая складалася з вадароду з прымешкам гелію і метану, сіняе адценне. Яркі блакіт Нептуна адрозніваўся ад больш умеранага аквамарынавага колеру Урана. Але Сарва менш за ўсё жадаў любавацца фарбамі: тэрмометр паказваў мінус дзвесце трыццаць восем градусаў па Цэльсію.

Паверхневы слой ледзянога гіганта ўяўляў сабой газавадкую абалонку, пад якой знаходзілася ледзяная мантыя з воднага, аміячнага і метанавага лёду, таму мясцовыя калоніі ўяўлялі сабой рухомыя выспы, што дрэйфавалі ў залежнасці ад ружы вятроў. Вюртцытны нітрыд бору, які пакрываў сцены станцыі, быў нанесены ў два слаі і нівеліраваў наступствы доўгага знаходжання ў агрэсіўным асяроддзі.

У адным з купалаў адкрыўся люк, і апранутая ў скафандр павышанай абароны фігура запрашальна памахала інспектару рукой. Трымаючыся за абледзянелы лінь, Сарва дасягнуў модуля, адчуваючы, як пацяжэў ранец сістэмы жыццезабеспячэння і рэчы. Сіла цяжару складала адну цэлую чатырнаццаць сотых ад зямной.

— Вітаю вас, спадар Сарва! Мяне завуць Фрыдрых Дароўскі. Я — інжынер па тэхніцы бяспекі «Іагана Готфрыда Гале».

Шлюзавая камера была абсталявана магутнымі цеплавымі нагнятальнікамі, якія хутка паднялі тэмпературу да прымальнага ўзроўню. Да камеры прымыкаў гардэроб, дзе Сарва і Дароўскі пакінулі скафандры.

— Прабачце, спадар Сарва, што вам давялося прарабіць доўгі шлях — так ужо атрымалася, што вы аказаліся адзіным паліцэйскім на дзесяць астранамічных адзінак!

— Нічога страшнага! З вынаходствам гіперпрывода зоркі перасталі палохаць людзей жахлівымі адлегласцямі... Дык што ў вас здарылася?

— Эрык Кабат, інжынер-геакрыёлаг, здзейсніў самагубства! — калідор скончыўся герметычнымі дзвярыма, якія замыкаліся на крэмальерную засаўку. — Ён разбіў сабе галаву айсбалем.

— Не самы лепшы спосаб скончыць жыццё! Гэта да якога ж стану трэба дайсці, каб праламаць сабе чэрап малатком?!

— Можаце мне паверыць, спадар Сарва, Кабат не мог забіць сябе! — модулі былі падобныя на адсекі касмічнага карабля пачатку эпохі зорнай экспансіі.

— Дазвольце пацікавіцца, на чым заснаванае ваша сцвярджэнне? — інспектар пакінуў рэчы ў выдзеленай яму жылой ячэйцы і прыхапіў з сабой толькі чамаданчык з інструментамі. Расследаванне Сарва вырашыў пачаць з агляду тэхнічнага модуля, дзе пакончыў з сабой інжынер-геакрыёлаг.

— Мы сябравалі з ранняга дзяцінства — я ведаў Эрыка лепш за яго самога!.. Кабат занадта моцна любіў жыццё, каб добраахвотна ад яго адмовіцца!

— Жыццё, спадар Дароўскі, часам нават закаранелых аптымістаў ператварае ў безнадзейных песімістаў!

— Толькі не ў выпадку з Эрыкам! — з запалам запэўніў інжынер. — Паўгода таму Кабат атрымаў ступень доктара навук, з’яўляўся заснавальнікам навуковай школы, быў паважаны кіраўніцтвам, карыстаўся аўтарытэтам у калег, меў мноства сяброў і рыхтаваўся стаць дзедам!

— Спіс вялікі! — кіўнуў інспектар. — Аднак ні ў сукупнасці, ні паасобку пералічаныя вамі пункты гарантыі таго, што чалавек не скончыць жыццё самагубствам, не даюць! Ведалі б вы, якімі дзіўнымі часам бываюць матывы самагубцаў!.. Гэта тут?

— Так, — Дароўскі скарыстаўся ключом і адступіў, прапускаючы Сарву.

— Цёмна, змрочна і далёка ад людзей... Кабат відавочна не хацеў, каб яму перашкодзілі, а гэта азначае, што праблема, з якой ён сутыкнуўся, была занадта сур’ёзнай. Або Кабат падсвядома ўспрымаў яе менавіта так... Ён пакінуў перадсмяротную запіску?

— Вось! — інспектару ў рукі трапіў няроўна вырваны з нататніка аркуш з россыпам напісаных алоўкам літар. — Эрык заўсёды карыстаўся чырвоным, калі хацеў падкрэсліць значнасць таго ці іншага месца ў тэксце.

— Чарвяк згрызае мяне... Што б гэта магло азначаць? — Сарва ўзброіўся вялікай лупай. Узоры казалі пра тое, што папера пабывала ў руках як мінімум трох чалавек. — Звычайна самазабойцы да апошняга моманту жадаюць, каб іх выратавалі.

— Не маю ніякага ўяўлення!

— Гэта почырк Кабата? — інспектар сунуў запіску ў пакет для доказаў.

— Так.

— Мне спатрэбіцца ўзор яго почырку для графалагічнай экспертызы... Размяшчэнне пырскаў крыві дазваляе зрабіць выснову, што Кабат сеў, упёрся спінай у сцяну, і нанёс сабе некалькі моцных удараў, частка з якіх прыйшлася на правую скронь...

— Вы ж не бачылі цела! — здзівіўся інжынер і міжволі адхіснуўся.

— Кожная кропля крыві пакідае эліптычны след, які дазваляе лакалізаваць крыніцу кроплі. Па форме эліпса даволі лёгка вызначыць кірунак палёту кожнай з іх. Злучыўшы кірунак, атрымліваем месца, дзе знаходзіцца вертыкальная вось пункту размяшчэння раны... — Сарва зрабіў некалькі фотаздымкаў. — Сцены тоўстыя, таму пачуць крыкі Кабата ніхто не мог... Як доўга цела праляжала тут?

— Труп знайшлі на пачатку дзясятай, калі Эрык не з’явіўся да начальніка станцыі са справаздачай за мінулы месяц. «Іаган Готфрыд Гале» памерамі пахваліцца не можа.

Аглядаць было няма чаго, тым не менш, інспектар скрупулёзна даследаваў кожны сантыметр падлогі і сцены. На жаль, новых даных гэта не дала.

— Я хацеў бы пагутарыць з доктарам, які аглядаў цела.

— Калі ласка, за мной!

Медыцынскі бокс размяшчаўся ў процілеглым канцы станцыі. Перш чым трапіць на прыём да Звірбуля, давялося чакаць заканчэння медыцынскага агляду.

— Чым я магу растлумачыць учынак Кабата? — Звірбуль на імгненне задумаўся. — Няйначай, як вар’яцтвам, а дакладней — экзагенным вострым псіхозам. У Кабата не было ні дэпрэсіўнага расстройства, ні кагнітыўнай рыгіднасці. Ён не злоўжываў алкаголем і псіхатропнымі прэпаратамі, не меў схільнасці да суіцыднага мыслення. Ніякіх праблем у шлюбе і сямейнай паталогіі. Стрэсавыя фактары на яго не ўздзейнічалі...

— Гэта значыць, ён проста страціў над сабой кантроль?

— Не зусім карэктнае сцвярджэнне, спадар Сарва, аднак сутнасць адлюстроўвае дакладна. Ніводзін з тэстаў ніякай дэвіяцыі і псіхічнага расстройства ў Кабата не выявіў.

— Наколькі дакладныя вынікі тэстаў псіхічнага здароўя? — адным рухам стыла інспектар рабіў паметы ў сваім камп’ютары.

— Мы выкарыстоўваем шкалу дэпрэсіі Бека, шкалу Занга для самаацэнкі трывогі, тэст Сандзі, апытальнік структуры актуальных страхаў асобы, Я-структурны тэст Амона, шкалу самаацэнкі рэактыўнай трывожнасці па Спілбергеру, тэст Роршаха і мноства іншых методык! Кабат быў цалкам здаровы, калі не лічыць прыступаў гемікраніі.

— І як часта Кабата адольвала мігрэнь?

— Ён звяртаўся да мяне чатыры разы за мінулы месяц і тры — за дзве дэкады гэтага. У ніводным з выпадкаў прыступы не суправаджаліся ні фотафобіяй, ні фонафобіяй, ні гіперакузіяй, ні дысфарыяй, ні гіперасміяй. Толькі млоснасць, часам ваніты і агульная слабасць арганізму. Працягласць прыступаў — не даўжэйшая за чатыры гадзіны. Прапісаны дыгідраэргатамін.

— Вы не спрабавалі высветліць прычыны псіхозу, спадар Звірбуль?

— Натуральна, я прыняў усе меры для высвятлення матываў учынку Кабата, але адназначнага адказу так і не атрымаў.

— А чым займаўся Кабат?

— Крыягеніка, — адказаў Дароўскі, які ўвесь гэты час моўчкі мераў крокамі кабінет. — Ворагаў у Эрыка не было, калі што.

— Спадар Звірбуль, што паказаў аналіз ежы і вады?

— Слядоў іншародных рэчываў у крыві Кабата не выяўлена. Якой бы ні аказалася прычына, гэта дакладна не атручванне!

— Давайце зірнем на цела!

У якасці морга на станцыі выкарыстоўвалася адна з лабараторый, тэмпература ў якой падтрымлівалася на ўзроўні плюс два градусы па Цэльсію.

Твар інжынера-геакрыёлага нагадваў выродлівую гумовую маску з увагнутасцямі ў раёне лба і правай скроні. Іх глыбіня выдавала сілу ўдараў. Інспектар прысеў над целам і ўважліва агледзеў скурнае покрыва на руках Кабата.

— Гематомы адсутнічаюць... на шыі таксама ніякіх слядоў прымянення сілы... Кабат быў праўшой?

— Так, — разам адказалі Дароўскі і Звірбуль.

— Дзе айсбаль? — скрываўленая прылада самагубства была загорнутая ў плёнку з поліпрапілену. Агляд, зняцце адбіткаў пальцаў і следчы эксперымент занялі ў Сарвы гадзіну. Параўнанне адбіткаў пальцаў з айсбаля і перадсмяротнай запіскі паказала, што яны належаць аднаму чалавеку. Інжынеру-геакрыёлагу — як высветлілася з базы даных медыцынскага пункта. — Адназначна самагубства!

— Гэта было відавочна з самага пачатку! — сказаў Звірбуль, а Дароўскі прыгнечана паківаў галавой. І без слоў было ясна, што ён да апошняга не верыў у тое, што таварышу хапіла духу.

— Пакажыце мне жылую ячэйку Кабата! — ролю гіда ўзяў на сябе інжынер.

Статус вучонага з сусветным імем меў свае перавагі — пакой інжынера-геакрыёлага адрозніваўся ад жылой ячэйкі, выдзеленай інспектару, у лепшы бок. Сарва вырашыў пачаць з агляду асабістых рэчаў Кабата: вельмі часта разгадку трэба было шукаць менавіта ў дарагіх чалавеку прадметах.

Фатаграфій — сям’я, родныя, калегі — было шмат: інжынер-геакрыёлаг захоўваў два альбомы. Кожны са здымкаў быў забяспечаны кароткім тлумачальным подпісам. Яны дапамаглі інспектару скласці псіхалагічны партрэт Кабата. Да канца прагляду ў Сарвы больш не заставалася сумненняў у тым, што разгадку варта шукаць у мінулым.

Почыркі на налепках у альбомах і ў перадсмяротнай запісцы былі ідэнтычнымі, з улікам, безумоўна, стрэсавага стану інжынера-геакрыёлага перад самагубствам.

Пасля альбомаў інспектар зірнуў на ноўтбук. Адсутнасць інвентарнага нумара пераканала Сарву ў тым, што камп’ютар належыць Кабату.

— Акумулятарная батарэя цалкам разраджаная... — інспектар пачаў высоўваць шуфляды пісьмовага стала і неўзабаве выявіў сеткавы адаптар, машынальна адзначыўшы прысутнасць у шуфлядах толькі канцылярскіх прылад і паперы. — Паглядзім, што ў нас тут!

З ноўтбукам Сарва звязваў пэўныя надзеі. Сістэма загрузілася адразу — пароль для ўваходу адсутнічаў. Двайной пстрычкай па працоўным стале інспектар выклікаў файлавы менеджар і пачаў корпацца ў інтэрфейсе.

— Вось табе і маеш!

— Што такое? — страпянуўся інжынер, які стаяў у дзвярным праёме.

— З аператыўнай запамінальнай прылады выдалена ўся інфармацыя... Падобна на тое, што нехта вельмі не хацеў, каб звесткі сталі агульнадаступныя... Ці ў парыве шаленства Кабат выдаліў іх сам!.. Ёсць толькі адзін спосаб праверыць! — Сарва дастаў з чамаданчыка USB-флэш-назапашвальнік і сунуў канектар у гняздо на бакавой панэлі ноўтбука, а затым вывеў на экран меню. Засталося толькі запусціць спецыяльна распрацаваную для паліцыі праграму аднаўлення для выдаленых файлаў.

Аперацыя прайшла надзіва паспяхова, хоць і зацягнулася на гадзіну. Амаль у тры разы больш часу заняла знаёмства з інфармацыяй на шасці дысках ноўтбука. Дароўскі двойчы прыносіў гарбату з печывам — Сарва не хацеў губляць часу.

Файл пад назвай «Дзённік» інспектар свядома пакінуў «на дэсерт». Чым больш Сарва чытаў, тым больш зразумелай рабілася карціна здарэння, пакуль не стала відавочнай.

— Спадар Дароўскі, а колькі каштуюць вашы сакрэты?

— Прабачце? — здзівіўся інжынер.

— Колькі гатовыя заплаціць транснацыянальныя карпарацыі за тое, каб даведацца аб распрацоўках «Іагана Готфрыда Гале»? Крыягеніка — вельмі перспектыўная галіна навукі.

— Вось вы пра што! — слаба ўсміхнуўся Дароўскі. — Шмат! Вельмі шмат!.. Станцыя — лакаматыў фізікі нізкіх тэмператур: тут сабраныя вядучыя навукоўцы ў гэтай галіне... Але персанал «Іагана Готфрыда Гале» не прадаецца!

— Навука важнейшая за матэрыяльныя выгоды? — у Сарвы і ў думках не было іранізаваць.

— Так... А чаму вы задалі гэтае пытанне, спадар Сарва?.. Вы падазраяце...

— Прамысловы шпіянаж.

— Запэўніваю вас, спадар Сарва, гэта — немагчыма! Кандыдаты праходзяць жорсткі адбор! Шпіёну на «Іаган Готфрыд Гале» не патрапіць!

— А вось «траянскаму каню»...

— Хопіць казаць загадкамі!

— Прашу прабачэння!.. Шпіёну на станцыю не пракрасціся, але ж маецца яшчэ і іншы спосаб — псіхалагічнае праграмаванне. З дапамогай спецыяльных методык, у прыватнасці — акустычнай карэкцыі псіхікі, чалавека можна накіраваць на выкананне чужых загадаў. Такога кшталту ўздзеянне можа адбывацца прамым, імператыўным гіпнозам альбо завуаляваным, ускосным, калі ў словы гіпнолага ўстаўляюцца ключавыя словы або кодавыя фразы, якія адкладаюцца ў падсвядомасці і пазней могуць аказваць уплыў на свядомасць.

Дароўскі нахмурыўся. Сказанае Сарвам яму не падабалася.

— Псіхалагічнае праграмаванне адбываецца за кошт стварэння ў кары галаўнога мозгу ўстойлівага дамінантнага ачага ўзрушанасці або тармажэння. Ачаг бярэ на сябе аўтаматычную функцыю кіравання арганізмам і выклікае спецыфічныя фізіялагічныя рэакцыі-зрухі ў катэгарычнай адпаведнасці з закладзенай праграмай-кодам. Кадаванне дазваляе запраграмаваць мозг аб’екта такім чынам, што ён будзе выконваць любую дырэктыву, закладзеную ў яго падсвядомасць. Аб’ект, які патрапіў пад псіхалагічнае праграмаванне, будзе нават не ў курсе таго, што яго псіхіку гвалтоўна карэкціравалі. Ён можа пражыць пяць, дзесяць, дваццаць гадоў, перш чым атрымае код актывацыі.

— Калі я вас правільна зразумеў, спадар Сарва, Эрыка ператварылі ў зомбі?

— Можна сказаць і так, спадар Дароўскі!.. Мяркуючы па ўсім, пры псіхалагічным праграмаванні паслядоўнасць кадзіроўкі з нейкай прычыны была парушаная.

— Таму ў Эрыка і пачаўся галаўны боль?

— Так. Кабат моцна пакутаваў ад накладання матрыц, але яшчэ горш яму стала ад усведамлення здрады... Каму і якія сакрэты ён выдаў, яшчэ трэба высветліць. Але ўжо цяпер зразумела адно: пакуты сумлення аказаліся для Кабата невыноснымі, і ён не знайшоў іншага выйсця, акрамя як здзейсніць самагубства.

— А навошта ён выдаліў даныя з камп’ютара? — пасля паўзы спытаў інжынер.

— Хутчэй за ўсё, гэта было выклікана імператывам кадзіравання, які патрабаваў ад аб’екта замятаць сляды... Звірбулю трэба правесці праверку ўсяго персаналу «Іагана Готфрыда Гале» — магчыма, чарвяк сядзіць у кімсьці яшчэ!


Кайданы Марока


Расследаванне на Нептуне было скончана, і Ратаўт Сарва атрымаў загад вярнуцца на Зямлю. Нават з улікам пагружэння ў гіперпрастору пералёт меўся быць доўгі, і перад Сарвам паўстала пытанне, чым заняць вольны час. Мозг інспектара патрабаваў пастаяннага напружання.

— Мабыць, варта пачаць з гексаганальных шахматаў! — выпадкова Сарва сустрэўся з Таіцынам Уснічам, капітанам грузапасажырскага судна «Эўдокс Кнідскі». Школьны таварыш не менш за інспектара любіў гульню. — Працягну знаёмствам з Усеагульнай энцыклапедыяй, а на дэсерт — лагічныя задачы!

Сарва пацёр рукі ў прадчуванні задавальнення і сабраўся выйсці на сувязь з Уснічам, як раптам паступіў сігнал выкліку ад капітана.

— Ратаўт, калі ласка, зайдзі да мяне! Толькі што паступіла радыёграма з Зямлі — мы мяняем курс!

— Што здарылася? — інспектар не на жарт устрывожыўся.

— Забойства. Цябе камандзіруюць на Плутон для правядзення расследавання!

Радыёграма з подпісам камісара Айнбунда змяшчала ў сабе мінімум інфармацыі: далёкая касмічная сувязь ускладнялася эфектам Доплера, значным паслабленнем сігналу за кошт рассейвання ў прасторы і вялікімі затрымкамі, якія выклікала канчатковая хуткасць распаўсюджвання радыёхваль. На адлегласці дваццаці дзевяці астранамічных адзінак не дапамагалі нават спадарожнікі-рэтранслятары.

— Столькі гадоў не бачыліся і зноў расстаёмся! — прыгнечана паківаў галавой Усніч.

— Нічога не паробіш — служба! — за доўгія гады Сарва навучыўся ставіцца да ўсяго па-філасофску. Гэта дапамагала не толькі прыняць рэальнасць, але і захаваць душэўную раўнавагу.

Нябесныя целы ніколі не збліжаліся менш чым на сямнаццаць астранамічных адзінак. Разлік каардынат моцна ўскладняўся тым, што Плутон знаходзіўся ў поясе Койпера — зоне Сонечнай сістэмы, якая складалася з астэроідаў, к’юбівану, плуціну і аб’ектаў рассеянага дыска. З трыццаці гадзін у капітана атрымалася аддаць таварышу толькі дзве.

Сам гіперпераход нічым адметным не запомніўся: чатырнаццаць гадзін практычна поўнай нерухомасці ў супрацьперагрузачным кокане. «Эўдокс Кнідскі» выйшаў з гіперпрасторы за дзвесце тысяч кіламетраў ад Плутона. Карлікавая планета, якая складалася з замерзлага азоту, вадзянога лёду і сілікатаў, мела светла-карычневы са слабым адценнем жоўтага колер.

— Табе там не спадабаецца, Ратаўт! — упэўнена заявіў Усніч.

Касмадрома на Плутоне не было, таму спускацца давялося ў аварыйна-выратавальным модулі. Назваць тонкую абалонку з азоту, метану і монааксіду вугляроду, якія выпараліся з паверхневага лёду, атмасферай не паварочваўся язык, але яна дапамагла пагасіць хуткасць.

— Вось ты які, Ніфльхейм! — першае ўражанне ад Плутона ў капітана «Эўдокса Кнідскага» было правільным — суцэльны лёд і камень. — Мінус дзвесце дваццаць пяць градусаў па Цэльсію!

Сарва адчуў лёгкія дрыжыкі, хоць тэрмарэгулятар працаваў на максімальных абаротах.

— І дзе хто? — як кінуць вокам, цягнулася безжыццёвая раўніна, а інспектара павінны былі сустрэць: Усніч папярэдзіў начальніка міжнароднай навукова-даследчай станцыі «Венецыя Берні» яшчэ на пачатку манеўра тармажэння. Ніякага руху — ні праз пяць, ні праз дзесяць, ні праз пятнаццаць хвілін.

Праз паўгадзіны інспектар пачаў хвалявацца: акумулятарныя батарэі скафандра нявечныя, варта скончыцца энергіі — і пішы прапала. Сітуацыю пагаршала тое, што Сарва быў не ў стане самастойна вярнуцца на борт «Эўдокса Кнідскага», бо ў модулі адсутнічаў радыёперадатчык, а паводле загаду Усніча з апарата знялі ўсё, што магло яшчэ спатрэбіцца.

На шчасце, да сур’ёзнай праблемы не дайшло: праз трыццаць пяць хвілін чакання на гарызонце з’явілася аранжавая кропка, якая ў хуткім часе ператварылася ў васьміколавы ўсюдыход. З машыны выбраўся чалавек з нязвыкла велізарным ранцам за спінай. Паніжаная сіла прыцягнення дазваляла перацягваць і большы груз.

— Добры дзень, спадар інспектар! Намеснік начальніка станцыі Гірдут Сім. Выбачаюся за спазненне: умовы на Плутоне такія, што тэхніка не вытрымлівае! — калі прыгледзецца, можна было адрозніць свежыя сляды зваркі на корпусе. — Імкнемся не пакідаць станцыю без вострай неабходнасці!.. Залазьце, хутка стане яшчэ халадней!

— Ды куды ўжо больш?

— Часам слупок апускаецца да двух кельвінаў!

— Як вы тут толькі працуеце? — жахнуўся Сарва, у думках перавёўшы тэмпературу ў градусы Цэльсія.

Каб патрапіць унутр усюдыхода, давялося прайсці праз своеасаблівы шлюз — невялікую камеру з цеплавымі нагнятальнікамі. У салоне было цёпла, і тэрмарэгулятар скафандра аўтаматычна знізіў энергаспажыванне.

— Тут недалёка! — усюдыход жвава крануўся з месца і на вялікай хуткасці рушыў наперад. Праца рухавіка і паказанні прыбораў не выклікалі боязі. Кіроўца з Сіма аказаўся нядрэнны. А вось суразмоўца...

— Вы не маглі б увесці мяне ў курс справы? — спытаў Сарва праз некалькі хвілін. Сім нават не зрабіў спробы завесці гутарку, хоць начальнік станцыі напэўна аддаў распараджэнне падзяліцца з інспектарам інфармацыяй.

— Распавядаць асабліва і няма пра што — забойства адбылося чацвёра сутак таму, уначы. Дарнал Сабута і Станка Кавецкі нешта не падзялілі і ўчынілі бойку, якая скончылася ўзаемным забойствам. Зменшчыкі знайшлі целы раніцай... Не разумею, навошта было выклікаць паліцэйскага інспектара, калі ўсё відавочна?

— Для афіцыйнага засведчання. Такі парадак!.. Скажыце, якімі былі адносіны паміж Сабутам і Кавецкім?

— Ніводзін з іх не меў матыву для забойства! — інтанацыя сведчыла пра абсалютную перакананасць ва ўласнай праваце. З гэтай прычыны Сарва не мог не спытаць:

— І на чым заснаваныя вашы словы?

— Сабута і Кавецкі былі сябрамі. Вельмі добрымі сябрамі! — Сім дадаў хуткасці. Выснова пра душэўны стан намесніка начальніка станцыі напрошвалася сама сабой — для гэтага не быў патрэбны і дыплом фізіягнаміста. Інспектар вырашыў вярнуцца да апытання пазней.

Астатак дарогі праехалі ў маўчанні.

Станцыя «Венецыя Берні» ўяўляла сабой россып укапаных у грунт паўсфер рознага дыяметру, вакол якіх пад вуглом у трыццаць пяць-сорак градусаў высілася мноства сонечных батарэй. Наколькі ведаў Сарва з даведкі, атрыманай на борце «Эўдокса Кнідскага», меўся ў навуковага персаналу і тэрмаядзерны рэактар.

Усюдыход заехаў у шлюзавую камеру: на станцыі клапаціліся пра захаванне цяпла, неабходнага дзеля таго, каб выжыць. Шлюзаванне не заняло шмат часу. У ангары інспектар зняў скафандр. І адразу адбілася штучная гравітацыя.

— Я пакажу вам жылы блок і праводжу да начальніка станцыі! — Сім павёў Сарву за сабой. Добразычлівасці ў намесніку не дадалося. Сіма відавочна раздражнялі зносіны з паліцэйскім.

Жылы блок не зрабіў уражання ні памерамі, ні аздобай. Інспектар злавіў сябе на думцы пра тое, што доўгае знаходжанне ў такім памяшканні можа негатыўным чынам адбіцца на псіхічным здароўі. Асабліва, улічваючы ледзяное пекла за сценамі «Венецыі Берні».

У адрозненні ад падначаленага, Крыштаф Неруш аказаўся куды больш камунікабельным.

— Згодна з заключэннем Якуба Даксы, нашага штатнага медыка, які праводзіў ускрыццё, смерць інжынера-геакрыёлага і біёлага наступіла з прычыны механічнай асфіксіі, якая суправаджалася комплексам з’яў, што пагражалі жыццю: шматлікімі ўдарамі ўнутраных органаў, пераломамі і пашкоджаннямі буйных крывяносных сасудаў.

— Гэта значыць, з такім наборам смяротных траўмаў яны задушылі адзін аднаго? — стыло шпацыравала па сэнсарным экране камп’ютара.

— Не ведаю, чаго Сабута і Кавецкі маглі не падзяліць, аднак іх нянавісць была моцнай. Бачылі б вы целы, спадар інспектар, на іх жывога месца няма!.. Жах!

— І ніхто не чуў, як яны біліся?

— З вашага дазволу я закуру!.. Пераборкі ва ўсіх памяшканнях тоўстыя, а дзверы зачыняюцца герметычна. Да таго ж лабараторыі падзеленыя.

— А відэакамеры?

— Колькасць персаналу невялікая, таму ўласнай службы бяспекі на станцыі няма. За парадак адказвае Сім — у яго кабінеце усталяваны дысплей, з якога ён можа сачыць за ўсім, што адбываецца на «Венецыі Берні».

— А ў момант забойства Сім дзе знаходзіўся?

— Спаў, вядома. Што яшчэ рабіць звычайнаму чалавеку ў тры гадзіны ночы?

— Хто-небудзь можа гэта пацвердзіць?

— Не думаю... А прычым тут мой намеснік?.. Ці не думаеце ж вы, спадар інспектар, што Сім мае нейкае дачыненне да забойства?

— Мой абавязак — праверыць усе версіі!.. Сім заўсёды такі нелюдзімы?

— Зусім не! Душа кампаніі! Проста ён вельмі цяжка перажывае смерць Кавецкага — Сім жанаты з сястрой біёлага.

У камп’ютар была ўнесена чарговая памета. У свой час Сарва склаў адмысловую табліцу, якая дазваляла хутка і дакладна намаляваць псіхалагічны партрэт любога чалавека. Дапамагала эканоміць час і дазваляла лёгка арыентавацца ў тыпах асобы.

— Скажыце, спадар Неруш, у вас ёсць версіі наконт таго, што магло заахвоціць Сабута і Кавецкага забіць адзін аднаго?.. Прашу вас, падумайце добра!

— Тут і думаць няма чаго: такіх сяброў яшчэ пашукаць трэба! — адмахнуўся начальнік станцыі, прыкурваючы новую цыгарэту ад недакурка.

— І ўсё ж такі?

— Не маглі яны пайсці на забойства! Выдатныя спецыялісты, добрыя таварышы! Ніякіх праблем з роднымі і блізкімі, ніякіх захворванняў.

— Стрэс?

— На «Венецыю Берні» набіраюць выключна стрэсаўстойлівых людзей. Іншым проста не прайсці тэсты!.. Запэўніваю вас, спадар інспектар: ні ў Сабута, ні ў Кавецкага не было прычын для забойства!

— Але яно здарылася!.. Магу я паглядзець запіс з камеры відэаназірання?

— Калі ласка! — начальнік станцыі павярнуў манітор да інспектара. — Я забраў запіс!

Відэазапіс святла не праліў — у нейкі момант інжынер-геакрыёлаг і біёлаг проста накінуліся адзін на аднаго. Біліся апантана, як быццам сышліся ў рукапашнай сутычцы з ворагам. З цяжкасцю верылася ў тое, што паміж мужчынамі існавала моцная сяброўская сувязь.

— Нібы разам звар’яцелі... Хто бачыў Сабута і Кавецкага апошнім?

— Я. Яны заходзілі ўзгадніць план працы на наступны месяц.

— А хіба план не быў зацверджаны на Зямлі? — здзівіўся інспектар, які быў у курсе таго, наколькі старанна рыхтуецца касмічная навуковая праграма.

— У нас тут свае нюансы. Час ад часу мы вымушаныя ўносіць карэктывы... Абодва знаходзіліся ў добрым настроі.

— Забойства не магло быць рытуальным?

Неруш папярхнуўся дымам і, здзіўлена ўтаропіўшыся на інспектара, спытаў:

— Вы сур’ёзна?

— Прафесія паліцэйскага мала падыходзіць да жартаў, спадар Неруш!.. Так ці не?

— Сапраўдныя навукоўцы — атэісты да мозгу касцей! Цалкам выключана!

— Што ж, давайце зірнем на целы!

Яны захоўваліся ў адным з тэхнічных боксаў пры тэмпературы, якая не дазваляла пачацца працэсу гніення. Інспектару хапіла ўсяго аднаго погляду для таго, каб зразумець, што станцыйны медык свой хлеб есць недарма.

— Занадта шмат курыце, спадар Неруш! — ад погляду Сарвы не схавалася дрыжанне пальцаў начальніка станцыі.

— Дрэнная звычка — паўтара-два пачкі ў дзень. Цяпер, самі разумееце, больш... Што я? Нават Сім, які ніколі не браў у рот цыгарэты, і той закурыў!

Інспектар унёс новую інфармацыю ў памяць камп’ютара і папрасіў правесці яго на месца злачынства. Ісці давялося ў супрацьлеглы канец станцыі.

Дзверы былі апячатаныя, але Сарва не дазволіў Нерушу сарваць пластыкавую стужку.

— Адну хвіліну, спадар Неруш! Der Teufel steckt im Detail!

— Што, прабачце?

— Д’ябал хаваецца ў дэталях!.. Я павінен агледзець замок! — інспектар дастаў са свайго чамаданчыка вялікую лупу і ўзяўся за справу. — Хм... Нехта спрабаваў патрапіць у памяшканне!

— Адразу пасля забойства я загадаў здаць ключы.

— У каго яны меліся? — памылкі не было: замок сапраўды спрабавалі адамкнуць. Прычым рабіў гэта дылетант.

— У дзяжурнага па станцыі, прыбіральшчыка і Сіма, — Неруш зноў закурыў.

Сарва зрабіў некалькі здымкаў замка, пасля чаго апырскаў дзвярное палатно дактыласкапічным спрэем.

— Нічога! — знайсці адбіткі пальцаў не ўдалося. Кім бы ні з’яўляўся злачынец, пра ўласную бяспеку ён паклапаціўся. — Што ж, давядзецца ўсё агледзець!.. Працэс зацягнецца, так што вы, спадар Неруш, можаце вярнуцца да сваіх абавязкаў!

Начальнік станцыі кіўнуў, задыміў цыгарэтай і пайшоў, а інспектар пачаў абследаваць памяшканне. Сарва зусім не ўяўляў, што хоча знайсці.

Гадзіна за гадзінай — ад падлогі да столі.

Моцна стаміўшыся, інспектар апусціўся ў свабоднае крэсла. Аб прычынах забойства заставалася толькі здагадвацца. Позірк Сарвы блукаў па паліцах і сталах да таго часу, пакуль не наткнуўся на цыгарэтны пачак, які ляжаў за адной з камп’ютарных калонак. Штосьці на ўзроўні падсвядомасці прымусіла інспектара адкрыць пачак, выцягнуць адтуль цыгарэту і дакрануцца да яе сілікагелевым алоўкам.

У наступнае імгненне Сарва ўскочыў, ледзь не паваліўшы крэсла.

— Псілацын!

Адна за адной былі прааналізаваны і астатнія цыгарэты. Усе яны змяшчалі ў сабе псіхаактыўнае рэчыва-алкалоід 4-HO-DMT з сямейства трыптамінаў. Атрымаўшы магутны імпульс, мозг інспектара запрацаваў з падвоенай сілай. Псілацын, які атрымлівалі з галюцынагенных грыбоў, уплываў на норадрэналінавыя рэцэптары і выклікаў псіхатропнае атручэнне.

Сарва акуратна зняў з пачка адбіткі пальцаў і праз камунікатар адправіў іх у лабараторыю Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў з пазнакай «Вельмі тэрмінова!»

Час паміж адпраўленнем інфармацыйнага пакета і атрыманнем адказа на запыт інспектар правёў за апытаннем персаналу «Венецыі Берні».

— Сабута, Кавецкі, Неруш і Сім... Калі першых двух можна смела выкрасліць, то начальнік станцыі і яго намеснік... — Сарва скарыстаўся інтэркомам і выклікаў абодвух. — Спадары, я паклікаў вас для таго, каб паведаміць: у справу замяшана трэцяя асоба!

Рэакцыя Неруша і Сіма аказалася аднолькавай — здзіўленне.

— Аповед мой будзе доўгім, так што набярыцеся цярпення. Можаце закурыць!.. А дазвольце мне пачаставаць вас! — інспектар узяў злашчасны пачак са стала і працягнуў яго мужчынам, уважліва назіраючы за іх рэакцыяй.

Начальнік станцыі пацягнуўся да цыгарэт, а намеснік збялеў.

— Курэнне забівае! Асабліва, калі шматкроць перавысіць дозу. Ці не так, спадар Сім?

— Не разумею, пра што вы кажаце!

— Вы ж спецыяльна закурылі, каб мець легальную магчымасць падзяліцца цыгарэтамі са спадаром Нерушам!

— Што за трызненне?

— Вы не ў тым узросце, каб пачынаць курыць праз моду або для таго, каб не выбівацца з калектыву... Сабута і Кавецкі аказаліся выпадковымі ахвярамі. Забіць вы планавалі Неруша!.. Хочаце заняць месца начальніка станцыі?

— Ды вы звар’яцелі, спадар Сарва? Што вы такое кажаце?

— Psilocybe semilanceata — атрутны грыб. Ужыванне можа выклікаць галюцынацыі, наркатычнае трызненне і востры псіхоз з цягай да забойства або самагубства!

— Чортаў сышчык!

Сарва лёгка ўхіліўся ад хука справа і ўдарам у сківіцу збіў намесніка з ног. Астатняе было справай тэхнікі…


(працяг у будучых нумарах)


Сяргей Белаяр


 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.