Вы тут

Задачы для электроннага ўрада


Выстаўка "ТІБО-2016" будзе праходзіць у Мінску 19-22 красавіка.


Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Калінін 18 узяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднага спецыялізаванага форума па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2016».

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што за папярэднюю пяцігодку дасягнуты значныя поспехі ў развіцці нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры, стварэнні дзяржаўных інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, паведамілі ў прэс-службе ўрада. Значная частка міжведамаснага дакументаабароту пераведзена ў электронную форму. Завершана рэалізацыя праграмы паскоранага развіцця паслуг у сферы ІКТ. У рамках яе мерапрыемстваў сфарміраваны базавыя кампаненты электроннага ўрада, аўтаматызавана прадастаўленне статыстычных, ведамасных і падатковых дзяржаўных справаздачнасцей, створаны ўмовы для электроннага ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу.

"Планы на будучыя пяць гадоў адлюстраваны ў Дзяржаўнай праграме развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016-2020 гады. Зроблены акцэнт на развіццё міжведамаснага ўзаемадзеяння і павышэнне эфектыўнасці лічбавай трансфармацыі асноўных галін народнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, сектара дзяржаўнага кіравання", - адзначыў Анатоль Калінін. Асноўнымі інструментамі для выканання гэтых мэт стануць стварэнне беларускай інтэграванай сэрвіснай разліковай сістэмы, нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю, развіццё дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу і іншыя мерапрыемствы.

Паводле яго слоў, з 1994 года форум "ТІБО" ўносіць істотны ўклад у развіццё інфармацыйнай сферы і станаўленне інфармацыйнага грамадства ў Беларусі. На форуме традыцыйна прадстаўляюцца тэхналагічныя навінкі і абмяркоўваюцца найбольш актуальныя праблемы развіцця інфармацыйнага грамадства ў Беларусі і за яе межамі.

Асаблівая ўвага ўдзелена ўдасканаленню нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры, развіццю адзінай сеткі перадачы даных, цэнтра апрацоўкі даных рэспубліканскай платформы, дзеючай на аснове тэхналогій воблачных вылічэнняў, пераходу да сотавых сетак пакалення 4G і вышэй.

Тэматыка форуму пераклікаецца з сусветнымі тэндэнцыямі і актуальнымі праблемамі лічбавай трансфармацыі, у тым ліку ў індустрыяльным сектары, у сферы адукацыі, у сектары распрацовак, лічбавым банкінгу, электронным гандлі.

"Перакананы, што правядзенне чарговага форуму "ТІБО" ўнясе значны ўклад у далейшае развіццё інфармацыйнага грамадства ў Беларусі і будзе садзейнічаць яе інтэграцыі ў сусветную інфармацыйную прастору", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.

Выстаўка "ТІБО-2016" будзе праходзіць у Мінску 19-22 красавіка. Удзел у ёй плануюць прыняць больш за 100 кампаній з 18 краін свету (Беларусь, Расія, Украіна, Казахстан, Азербайджан, Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Германія, Фінляндыя, Швецыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Кітай, Рэспубліка Карэя, Японія, ЗША). Цэнтральнае месца ў экспазіцыі выстаўкі зойме стэнд Мінсувязі "Лічбавая трансфармацыя ў Рэспубліцы Беларусь - стан і перспектывы", дзе будуць прадстаўлены экспазіцыі і іншых міністэрстваў і ведамстваў.

Сярод удзельнікаў выстаўкі вядучыя аператары фіксаванай і мабільнай сувязі - РУП "Белтэлекам", СТАА "Мабільныя ТэлеСістэмы", ЗП "Вэлком", СТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі", кабельныя аператары СП "Космас-ТБ" і ААТ "МТІС", аператар паштовай сувязі РУП "Белпошта". На выстаўцы таксама будуць прадстаўлены сусветныя брэнды Huawei, ZTE, Nokia Networks, Canon, Epson, Samsung, SAP, Dell, EMC, Motorola, Tamron, Eaton.

Дзелавая праграма "ТІБО-2016" прадугледжвае 25 мерапрыемстваў, у тым ліку форумы, канферэнцыі, круглыя сталы, семінары-прэзентацыі, на якіх айчынныя і замежныя эксперты прадставяць сучасныя рашэнні ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».