Вы тут

Як запальваюць «тыя, каму за...»


Існуе стэрэатып, што адпачнуўшых за зіму пенсіянераў увесну цікавіць толькі агарод. А вось для іх саміх сярэдзіна красавіка — гэта гарачая пара пачатку не толькі дачнага сезону, але і танцавальнага. У сталічным парку Чалюскінцаў аднавіла працу адзіная ў горадзе адкрытая танцпляцоўка для сталых людзей.


Людмілу Міхайлаўну вылечылі танцы.

На вуліцы крыху больш за дзесяць градусаў цяпла, але пераносіць адкрыццё культавай пляцоўкі ніхто не збіраецца: гэтай падзеі чакаюць з нецярпеннем. За паўгадзіны да старту новага сезону мы сустрэліся з начальнікам сектара культурна-масавай і спартыўнай работы Мінскзелянбуда Лідзіяй Вежнавец.

«Хто плаціць, той і заказвае музыку»

— Тут музыка пачала яшчэ ўчора гучаць: гэта мы апаратуру наладжвалі, за зіму яна трохі адсырэла, — усміхаецца Лідзія Георгіеўна. — А так месца цалкам гатова прыняць першых наведвальнікаў, ніякіх істотных новаўвядзенняў няма. Нават цана засталася ранейшай — 15 тысяч рублёў. У нас ёсць трывалы касцяк аматараў танцаў, якія прыходзяць на вечарыны ўвесь час, з года ў год. Сярод іх вылучаецца некалькі актывістаў, так званы голас народа, з імі мы раімся па ўсіх ключавых пытаннях. Гэта яны сказалі, што, калі кошт будзе больш чым 20 тысяч, на танцы ніхто не пойдзе. А ў нас такі прынцып работы: «Хто плаціць, той і заказвае музыку». Ва ўсіх сэнсах гэтага выразу.

Тым часам за «перыметрам» ужо збіраюцца першыя госці танцпляцоўкі. Адметная рыса старэйшага пакалення — павышаны ўзровень адказнасці. Нават на дыскатэку многія прыходзяць загадзя, каб у спакойнай абстаноўцы паспець набыць квіткі. Па адным заходзіць саромеюцца, чакаюць каго-небудзь з сяброў для ўпэўненасці. За 15 хвілін да прызначанага часу збіраецца больш за 20 чалавек, з калонак пачынае гучаць голас «любімца ўсіх жанчын» — сезон можна лічыць афіцыйна адкрытым.

— У нас існуе вусная дамоўленасць, што дыскатэку мы праводзім, калі збярэцца не менш за 10 чалавек, — расказвае Лідзія Георгіеўна. — Але такія пытанні ўзнікаюць толькі позняй восенню, мы звычайна працуем да 7 лістапада. Калі добрае надвор'е, то па суботах на танцы прыходзіць па 300, а па нядзелях па 400 чалавек. Увогуле, чым менш людзей на пляцоўцы, тым больш скаванымі яны сябе адчуваюць. Неабходна падтрымка, энергетыка натоўпу!..

Лі­дзія Веж­на­вец.

«Нам адной дыскатэкі мала»

Пляцоўка хутка запаўняецца людзьмі. Ужо а палове пятай на дыскатэцы каля сотні чалавек. Мужчыны, якіх значна менш, з камфортам уладкоўваюцца на лавачках, расстаўленых уздоўж агароджы, і адтуль назіраюць за ўсё больш актыўнымі танцамі. Жанчыны ўтвараюць невялікія колы: у некаторых свае ўстойлівыя кампаніі. Многія шукаюць, дзе прыстроіць сумачку, якая перашкаджае рабіць прыгожыя па. З-за прахалоднага надвор'я часцей гучаць хуткія кампазіцыі.

— Звычайна ў нас такі парадак: 3 хуткія мелодыі, 1—2 — павольныя. Нельга забываць аб узросце. Але я хачу адзначыць, што публіка амаладзілася. У нас ёсць умоўныя рамкі 45+, але зразумела, што людзі такога маладога ўзросту — гэта не асноўная мэтавая аўдыторыя. Пераважна прыходзяць тыя, каму за 60. Шмат стала, як мы іх называем, маладых пенсіянераў: людзей, якія толькі развіталіся з працай і пакуль не могуць знайсці сваё месца ў новым укладзе жыцця.

Мой позірк прыцягваюць дзве жанчыны, прыбраныя ў святочныя касцюмы, з вячэрнімі прычоскамі і яркім макіяжам: яны паспяваюць не толькі танцаваць, але і весела абмяркоўваць усё вакол.

— Чаму не адказаць на некалькі пытанняў? Вядома, можам, — з радасцю адклікаецца Валянціна Фёдараўна. — Я на танцы пачала хадзіць у 2009 годзе. Спачатку не хацела ісці, мяне мае дзяўчаты выцягнулі. Ну як дзяўчаты — сяброўкі (усміхаецца). — А потым сапраўды захапілася. Я пакуль працягваю працаваць, а гэта вельмі добры спосаб расслабіцца пасля цяжкага тыдня. Такі зарад бадзёрасці!

— Мы пасля збіраемся яшчэ на танцы ў ДК Трактарнага завода, там яны пазней пачынаюцца. Але ў парку, на свежым паветры, нашмат прыемней, — дадае Валянціна Паўлаўна. — Таму мы і прыйшлі ўжо сёння, вельмі чакалі пачатку сезона. Мы і заўтра наведаемся, але ў пашыраным складзе. У нядзелю многія спецыяльна раней з лецішчаў вяртаюцца, каб на танцы паспець, таму народу процьма. Мы шмат з кім ужо тут перазнаёміліся, а па выглядзе дык амаль усіх ведаем.

Якія на­шы га­ды́?!

Танцы як тэрапія

Пакуль жыццярадасныя сяброўкі дзеляцца ўражаннямі, да мяне незаўважна падыходзіць мужчына:

— Сфатаграфуйце мяне, калі ласка, з маёй партнёршай. Нельга ўпусціць шанц мець фотаздымак з такой шыкоўнай жанчынай. Я нічога расказваць не буду, вы лепш яе гісторыю паслухайце.

Людміла Міхайлаўна пачынае расказваць: «Я вельмі рана стала ўдавой. Страшна падумаць — на такія танцы хаджу больш за 20 гадоў! Тут і са сваім кавалерам пазнаёмілася, — кажа яна, з пяшчотай гледзячы на партнёра. — А некалькі гадоў таму я перажыла самую страшную хваробу. І танцы сапраўды дапамаглі мне яе пераадолець. Замест таго, каб ляжаць дома і стагнаць, я ішла сюды, каб пабыць сярод людзей, у якіх такое моцнае жаданне жыць».

Я не паспяваю ўразіцца гэтай дзіўнай гісторыяй, як пагутарыць са мной імкнецца наступны чалавек.

— У вас жа як у журналіста, напэўна, ёсць уплыў: пагаварыце з арганізатарамі наконт музыкі. Адны і тыя ж песні кожны год, а мы хочам сучасныя! Няўжо так складана ўключыць тое, што гучыць хоць бы па радыё? Я проста патрабую абнаўлення рэпертуару! — абураецца Таісія Дзмітрыеўна.

Некалькі чалавек прыслухоўваюцца да нашай размовы: «І пра пляцоўку скажы! Калі ўжо вернуць нам старую?»

Чакаем спаткання з «Сустрэчай»

Каб разабрацца з гэтымі пытаннямі, я зноў звяртаюся да Лідзіі Вежнавец:

— Музыка ў нас абнаўляецца кожны год, — тлумачыць яна. — Ёсць пэўная колькасць песень, якія часта паўтараюцца, але гэта таму, што яны любімыя. Дарэчы, заказаць адну песню разам з віншаваннем каштуе 5 тысяч. Мы неяк паспрабавалі запрасіць духавы аркестр вельмі высокага ўзроўню, але поспеху гэта ініцыятыва не мела. На святы (1 Мая, 9 Мая) у нас праходзяць тэматычныя бясплатныя вечарыны. Напрыклад, на Дзень Перамогі мы стараемся ўключыць у праграму больш ваенных песень, вальсаў. Але ў цэлым акрамя свят такі фармат незапатрабаваны. Нашы наведвальнікі так і гавораць: мы хочам дыскатэку!

Што датычыцца самой танцпляцоўкі, то, сапраўды, яе памеру не хапае, каб з камфортам змясціць усіх ахвотных. Да нас на танцы людзі прыязджаюць з усяго горада і нават з Мінскага раёна. На тэрыторыі парка Чалюскінцаў таксама знаходзіцца пляцоўка «Сустрэча», якая пакуль зачынена на рэканструкцыю. Сапраўды, некалькі гадоў работы на ёй не вяліся, але цяпер з бюджэту выдзелены сродкі на яе аднаўленне. Усе пажаданні наведвальнікаў па магчымасці будуць улічаны. У першую чаргу, гэта датычыцца змены насцілу, пашырэння купалу і ўстанаўлення непразрыстай агароджы. Адкрыццё абноўленай пляцоўкі запланавана на наступны год.

А пакуль ні дрэннае надвор'е, ні вялікі натоўп, ні дакучлівая музыка не адпужваюць энергічных і прагных да ўражанняў людзей, якіх нават язык не паварочваецца назваць старымі.

Дар'я Каско

Загаловак у газеце: «Усё для цябе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».