Вы тут

Чэмпіён Еўропы Уладзіслаў Ганчароў раскрывае сакрэты батутнага спорту


У пачатку красавіка беларусы сталі трыумфатарамі кантынентальнага першынства па скачках на батуце ў іспанскім Вальядалідзе — нашы спартсмены заваявалі там 10 медалёў. Галоўным героем і ўладальнікам дзвюх залатых узнагарод стаў Уладзіслаў Ганчароў. Ён перамог у індывідуальным выступленні, а ў пары з Мікалаем Казаком выйграў спаборніцтвы ў сінхронных скачках.


Улад Ганчароў і яго сяброўка Ганна Гарчанок.

Раней Уладзіслаў Ганчароў заваяваў алімпійскую ліцэнзію, а цяпер адправіўся ў Бразілію, каб апрабаваць алімпійскі батут за некалькі месяцаў да адказнага старту ў Рыа-дэ-Жанэйра. Перад ад'ездам спартсмен пагутарыў з карэспандэнтам «Звязды» і расказаў пра тое, чаго баяцца майстры скачкоў, якія жаданні загадаў бы залатой рыбцы і пра свае рамантычныя адносіны з сяброўкай па камандзе.

— Уладзіслаў, як праходзіць час да Алімпіяды?

— Ліцэнзію ў Бразілію я заваяваў яшчэ на чэмпіянаце свету, там для гэтага трэба было ўвайсці ў фінальную васьмёрку, потым паспяхова выступіў на чэмпіянаце Еўропы, зараз еду ў Рыа-дэ-Жанэйра на алімпійскія тэсты. Там у мяне будзе магчымасць ацаніць абстаноўку, апрабаваць месца, дзе ў жніўні будуць праходзіць спаборніцтвы. У Бразіліі ні разу не быў, таму цікава, асабліва ў святле таго, што пішуць у СМІ — нібыта краіна не гатовая для прыёму Алімпіяды — будзе магчымасць убачыць усё на свае вочы.

— Напярэдадні Алімпіяды адчуваеце псіхалагічны ціск?

— Калі толькі заваяваў ліцэнзію, адразу, напэўна, гэта не зразумеў, таму што спаборніцтвы працягваліся і выяўляць эмоцыі не было часу. Потым, вядома, быў вельмі рады, а цяпер ужо адчуваю адказнасць, усё ж гэта самыя прэстыжныя спаборніцтвы планеты, там ты выступаеш хутчэй не для сябе, а для сваёй краіны. Думаю, бліжэй да старту хвалявання і ціску будзе ўсё больш.

— У камандзе ёсць псіхолаг, звяртаецеся да яго па дапамогу?

— Так, было некалькі разоў. Такі спецыяліст патрэбен спартсменам, каб атрымаць параду, падказку, супакоіцца, накіраваць сваё хваляванне і мандраж у патрэбнае рэчышча. Але калі шчыра, я, напэўна, радзей за іншых звяртаюся да псіхолага, неяк атрымліваецца спраўляцца самому. Калі казаць пра тое, ад чаго больш стамляешся: ад фізічнай нагрузкі або псіхалагічнай, то тут адказ адназначны. Фізічна арганізм прывыкае да нагрузак і хутка аднаўляецца, а вось псіхалагічна перасіліць сябе ў нейкія моманты бывае нашмат больш складана. У мяне ў кар'еры нават быў перыяд, калі хацелася скончыць са спортам, і гэта ўсё ад псіхалагічнай стомленасці.

На сёння спартсмены зборнай Беларусі па скачках на батуце маюць тры алімпійскія ліцэнзіі. На гульні ў Бразілію адправяцца Уладзіслаў Ганчароў, Ганна Гарчанок і Таццяна Пятрэня.

— З кім давядзецца пазмагацца за прызавыя месцы на Алімпійскіх гульнях?

— Сёння адны з галоўных сапернікаў для нас — кітайцы, расійскія хлопцы таксама вельмі моцныя, японскія спартсмены складаюць прыстойную канкурэнцыю, астатнія трошкі ніжэй узроўнем. У адрозненне ад іншых відаў спорту мы загадзя не глядзім праграмы сапернікаў, не вывучаем іх, прыязджаем і па факце на памосце бачым, што яны ўмеюць, таму складана сказаць, у каго якія праграмы будуць на Гульнях.

— У нацыянальнай камандзе 8 з 10 чалавек віцябляне. У чым прычына?

— Не магу дакладна адказаць на гэтае пытанне, але справа тут, хутчэй за ўсё, у дзіцячых трэнерах і добрай школе батута ў Віцебску. Мяне, напрыклад, мой трэнер — Уласава Вольга Анатолеўна — знайшла ў школе, і ўжо 14 гадоў мы трэніруемся разам.

— Якімі якасцямі важна валодаць батутысту?

— Галоўнае мець добры вестыбулярны апарат, таму што ў паветры круціцца вельмі складана для простага чалавека. А так, асаблівасцяў менавіта для нашага віду спорту, мне здаецца, няма. Калі казаць пра якасці характару, то, як і для любога спартсмена, галоўнае — упартасць, мэтанакіраванасць, устойлівасць і працавітасць, бо з гэтымі рысамі нават пры адсутнасці таленту можна дамагчыся поспеху.

— Колькі доўжыцца выступленне спартсмена на батуце?

— Даецца хвіліна, каб ты паказаў рукі суддзям і 20 секунд непасрэдна скачкоў. Калі вам здаецца, што гэта мала часу, то для мяне гэта цэлая вечнасць. За гэты час паспяваеш падумаць так шмат, што ўявіць складана. Элемент доўжыцца дзесьці паўхвіліны, ты яго заканчваеш і яшчэ паспяваеш падумаць, як табе трэба паставіць рукі, як павярнуць корпус, куды адвесці плечы, каб усё атрымалася.

— Здаралася прызямляцца міма батута?

— Так, было і не раз. Гэта балюча, лепш прызямляцца, вядома, на батут і на ногі. Гэтаму нават не вучаць у дзяцінстве, мне здаецца, інстынкт самазахавання падказвае, што прызямляцца неабходна ў вертыкальнае становішча. На шчасце, сур'ёзных траўмаў у мяне не было, дробныя працоўныя моманты, тыпу расцяжэння, даводзілася перажываць, але гэта выпраўляецца літаральна за 2-3 дні.

— Страх вышыні ў вас ёсць?

— Так, вядома, мы ўзлятаем на 8 метраў, дзяўчаты на 6, робім гэта кожны дзень, але страх вышыні, страх упасці з гадамі ўсё роўна не сыходзіць. А калі казаць пра звычайнае жыццё, то там, мабыць, больш за ўсё я баюся розных не вельмі прыемных насякомых.

— Многія спартсмены вераць у прыкметы, вы з іх ліку?

— У нас у камандзе ёсць хлопец, у якога, напрыклад, перад выступленнем тэпцікі павінны стаяць у патрэбным месцы, ручнік павінен быць закручаны пэўным чынам. У мяне такога няма, можа быць прысутнічаюць нейкія дробязі, але я іх выдаваць не буду.

Развіццё скачкоў на батуце як віду спорту бярэ свой пачатак у 1930-х гадах, калі амерыканец Джордж Нісэн вынайшаў гэты акрабатычны снарад. Але першы чэмпіянат свету адбыўся толькі ў 1964 годзе.

— Скачкі на батуце — суб'ектыўны спорт. Ці даводзілася вам сутыкацца з прадузятасцю суддзяў?

— Відавочнай прадузятасці да пэўных спартсменаў у нас не назіраецца, бывае такое, што кагосьці судзяць больш жорстка, гэта ўсё залежыць ад узроўню спартсмена. Кітайскіх скакуноў, напрыклад, зараз сталі судзіць крыху больш строга, чым раней. Калі толькі яны пачалі сваё лідарства ў свеце, гэта дзесьці 2007-2008 год, тады здаваліся багамі батута, іх судзілі настолькі лаяльна, што 9 балаў кітайцы атрымлівалі ў любым выпадку. Цяпер стаўленне суддзяў змянілася, і часам іх судзяць больш строга, чым усіх астатніх. Максімальная адзнака ў нас 10 балаў, і калісьці яе атрымлівалі нават беларусы, праўда, гэта было даўно. Марозаў і Марозаў, два браты скакалі.

Дарэчы, суддзі сочаць не толькі за складанасцю праграмы і чысцінёй выканання элементаў, але і за знешнім выглядам спартсмена. Напрыклад, шкарпэткі, у якіх мы выступаем, павінны быць белага колеру і не павінны закрываць костачку на назе, майка не павінна боўтацца, спартсмен не павінен мець на сабе пярсцёнкаў, ланцужкоў, завушніц і гэтак далей — усё прапісана ў рэгламенце.

— Скачкі на батуце — не папулярны спорт у Беларусі. Ці можна ім зарабляць грошы?

— Так, на вуліцах нас не пазнаюць, у сацыяльных сетках прыхільнікі не даймаюць (смяецца). Зарабляць можна, калі прымаць удзел у розных цыркавых шоу, мы гэта, уласна кажучы, і робім. Яны звычайна доўжацца ўсяго пару дзён, не перашкаджаюць трэніроўкам, таму настаўнікі не супраць.

— Разглядаеце цырк як працяг кар'еры?

— Невядома, колькі я буду выступаць у прафесійным спорце, гэта залежыць толькі ад здароўя, у нас няма якіх-небудзь узроставых абмежаванняў. Мікалаю Казаку, напрыклад, — 38, ён працягвае выступаць. Скакуны, як і гімнасты часта пасля спорту сыходзяць у цырк, я не выключаю, што такі шлях будзе і ў мяне. Цяпер шмат беларусаў выступае ў шоу па Германіі, ЗША, Бельгіі, Францыі. Я таксама ўдзельнічаю ўжо ў некаторых з іх, можна сказаць, што гэта такая невялікая «халтура».

— Апішыце свой звычайны дзень?

— Калі мы на зборах, то а 8-й раніцы — зарадка, у 8.30 — сняданак, у 10 — трэніроўка, у гадзіну — абед, потым асабісты час, невялікі адпачынак, у 16.30 — другая трэніроўка, у 19.30 — вячэра, у 22.00 — адбой. А ідэальны дзень для мяне можа быць у родным Віцебску, я люблю пабыць дома з сям'ёй, сябрамі, але апошнім часам такая магчымасць з'яўляецца вельмі рэдка. Бывае, што зборы праходзяць у Віцебску, і гэта ўжо шчасце. А калі выхадны ў Мінску, то звычайна праводжу яго ва ўніверсітэце. Дарэчы, нядаўна мне патэлефанавалі з дэканата і сказалі, што я прызнаны студэнтам года.

— У 2014 годзе вы былі намінантам прэстыжнай прэміі «Трыумф. Героям спорту». Як ставіцеся да падобных званняў?

— Вельмі спакойна, хоць такія рэчы заўсёды нечаканыя і прыемныя, яны з'яўляюцца для мяне нейкім бонусам.

— Вас задавальняе падобнае жыццё: складаны графік на зборах і пастаянныя пераезды?

— Можна сказаць, што другі год я ўжо не належу сабе, але што рабіць, іншага жыцця пакуль я не ўяўляю. Ды і потым, я не здатны працаваць у офісе з 9 да 6 гадзін.

— Ведаю, што батут падарыў вам не толькі медалі, званні чэмпіёна, але і каханне ...

— Так, сапраўды. З Ганнай Гарчанок (член нацыянальнай зборнай па скачках на батуце, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянату свету, чэмпіёнка Еўропы, бронзавы прызёр Еўрапейскіх гульняў. — Аўт.) мы пазнаёміліся ў зале, доўгі час проста сябравалі, а потым усё гэта перарасло ў сур'ёзныя адносіны. Разам мы ўжо больш за 4 гады.

— Адносіны не перашкаджаюць спорту?

— Не, думаю, нават наадварот, дапамагаюць. Мы абое ведаем наша жыццё, можам падтрымаць адзін аднаго ў патрэбны момант, знайсці словы падтрымкі, разумеем і прымаем лад жыцця спартсмена. Сочым за выступленнямі, хварэем адзін за аднаго.

— Можа паўстаць саперніцтва паміж вамі?

— Заслугамі не мераемся, але медалі часам лічым (смяецца).

— Калі б вы злавілі залатую рыбку, што б папрасілі ў яе?

— Грошай, алімпійскі медаль і здароўя сабе і ўсім блізкім.

Візітная картка

Уладзіслаў Ганчароў нарадзіўся ў Віцебску, скачкамі на батуце пачаў займацца ў школе. Першы трэнер — Уласава Вольга Анатолеўна. Сёння Уладзіслаў трохразовы сярэбраны і двухразовы бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету. Трохразовы чэмпіён Еўропы, сярэбраны медаліст Еўрапейскіх гульняў у Баку.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яго стыхія — паветра

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.