25 Верасень, аўторак

Вы тут

Дырэктар Інстытута філасофіі пра сучасную ролю «навукі мудрасці»


Дырэктар Інстытута філасофіі пра ролю «навукі мудрасці» ў ХХІ стагоддзі.

Пры слове «філасофія» нам адразу ўяўляюцца старажытныя грэкі Сакрат, Платон, Арыстоцель, якія імкнуліся асэнсаваць свет і месца чалавека ў ім. Прайшлі тысячагоддзі, а гэтыя пытанні па-ранейшаму актуальныя. Праўда, сённяшнія філосафы імкнуцца не толькі знайсці адказы на спрадвечныя пытанні, але і стаць бліжэй да людзей, іх патрэб.


Сёлета Інстытуту філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук спаўняецца 85 гадоў. Яго дырэктар Анатоль ЛАЗАРЭВІЧ адказаў на пытанні «Звязды» пра тое, якую ролю адыгрывае філасофія ў сучасным грамадстве.

— Недзе я прачытала, што гісторыя вашага інстытута блізкая да гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці. У чым гэта праяўляецца?

— Фактычна днём утварэння інстытута з'яўляецца 19 сакавіка 1931 года. Сёлета мы трошкі змясцілі ўсе ўрачыстыя мерапрыемствы, будзем святкаваць 21 красавіка. Інстытут філасофіі з'яўляецца амаль равеснікам Нацыянальнай акадэміі навук, гэта найстарэйшы інстытут гуманітарнага профілю ў яе сістэме.

Філасофія ўвогуле адной са сваіх задач бачыць асэнсаванне пытанняў станаўлення і эвалюцыі грамадства, адпаведна беларуская філасофія накіравана на асэнсаванне ў першую чаргу шляхоў развіцця беларускага грамадства, станаўлення беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай культуры. Гэта ў прынцыпе прыярытэтная задача беларускай сацыяльна-гуманітарнай навукі, а філасофіі — асабліва.

У інстытута дастаткова складаная, але пры гэтым багатая гісторыя — з узлётамі, падзеннямі. Былі нялёгкія перыяды — перадваенныя, пасляваенныя гады, а перыяд росквіту прыпадае на 60-я гады мінулага стагоддзя. Трэба сказаць, што ў навейшай гісторыі нашай краіны інстытут атрымаў магутны імпульс для развіцця: па-першае, мы вызваліліся ад ідэалагічных догмаў. У савецкія гады філасофія лічылася элітарнай партыйнай наменклатурнай навукай. З аднаго боку, гэта давала ёй добры шанц для існавання. З іншага — былі жорсткія рамкі для творчага развіцця. Натуральна, з многімі забаронамі кан'юнктурнага ідэалагічнага характару мы развіталіся. Цяпер беларуская філасофія, у прыватнасці Інстытут філасофіі, цалкам вольная ў выбары шляхоў развіцця, кірункаў і тэм для даследавання. Зразумела, гэта станоўча паўплывала на характар і якасць беларускай філасофскай навукі.

— Якая роля філасофіі, філосафа ў наш час?

— Філосаф — гэта неардынарны чалавек. Ён павінен выдзяляцца са звычайнага асяроддзя. Хоць бы тым, што валодае здольнасцю здзіўляцца таму, што яго акружае, узнімацца над штодзённасцю. Гэта тое, што называецца філасофскай рэфлексіяй і праяўляецца ў фармуляванні найбольш агульных пытанняў існавання прыроды, грамадства і чалавека.

ХХІ стагоддзе кардынальна адрозніваецца, напрыклад, ад Антычнасці, Сярэднявечча і нават сярэдзіны ХХ стагоддзя. Навука і тэхніка ступілі настолькі далёка, што звычайны чалавек адстае ад цывілізацыйнага прагрэсу і па сваіх фізічных якасцях, і па інтэлектуальных. З іншага боку, мы не можам адмовіцца ад выгод і вярнуцца ў пячору. Таму ўзнікае задача гарманізацыі натуральнабіялагічных асаблівасцяў чалавека і ноу-хау, якія дае нам сучасная навука.

ХХІ стагоддзе — гэта час інфармацыйных, нана- і біятэхналогій, вельмі інтэнсіўных камунікацый, сацыяльных сетак, залежнасці ад гаджэтаў. Гэта таксама з'яўляецца тэмай філасофскага асэнсавання. Новай праблемай сённяшняга часу з'яўляецца глабалізацыя. З аднаго боку — гэта абмен культур, з іншага — паўстае пытанне аб захаванні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці — калі малыя дзяржавы, традыцыйныя культуры пакутуюць ад экспансіі так званай масавай культуры.

— Сёння ўжо можна гаварыць пра беларускую філасофію, адрозную ад рускай, украінскай. Што можна сказаць пра яе ўзровень?

— Хачу сказаць, што, вядома, філасофію можна асэнсоўваць у двух ракурсах. Гэта сусветны ракурс — у гэтым сэнсе філасофія ёсць выток самасвядомасці сусветнай культуры, універсальны агульначалавечы падмурак інтэлектуальнай творчасці, крытычнага мыслення, якія маюць сваю гісторыю, этапы развіцця.

У іншым ракурсе філасофія — гэта нацыянальна-культурная з'ява, навука аб светапоглядзе, каштоўнасцях і асаблівасцях развіцця канкрэтнага грамадства. Іншымі словамі, самасвядомасці народа, нацыянальнай культуры. Няма абстрактнай філасофіі, яна заўсёды канкрэтная, у яе ёсць носьбіты, якія заўсёды ўвасабляюць пэўныя нацыянальна-культурныя каштоўнасці і шлях развіцця. Так было і з беларускімі мыслярамі — пачынаючы ад Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, Сымона Буднага і заканчваючы сучаснымі філосафамі. Можна з упэўненасцю сказаць, што беларуская філасофія таксама заявіла пра сябе ў сусветнай філасофскай культуры. Вялікую ролю тут іграе праект нашага інстытута па даследаванні нацыянальнага філасофскага працэсу, які ўвасабляецца ў стварэнні шасцітомнай «Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі». Тры тамы мы выдалі, рыхтуецца да выхаду чацвёрты.

— А вы самі як сталі філосафам?

— У мяне свой шлях да філасофіі. Увогуле, да яе ёсць дзве «дарогі»: фармальная і нефармальная.

Першая звязана з тым, што трэба скончыць школу, мэтанакіравана паступіць на філасофскі факультэт, потым у магістратуру, аспірантуру — і стаць даследчыкам. Ідучы па другой «дарозе», чалавек прыходзіць у філасофію, можна сказаць, па «незапланаваным прызванні». Мой шлях — менавіта такі і звязаны ён з тым, што я ў свой час вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта. Мне падабалася філасофія і, трэба сказаць, пашанцавала з выкладчыкам філасофіі, які працуе і цяпер, — гэта Міхаіл Аляксандравіч Слямнёў, доктар філасофскіх навук, прафесар. Гэта ён заўважыў у мяне здольнасці да філасофскіх разважанняў і парэкамендаваў паступіць у аспірантуру Інстытута філасофіі. Я яе скончыў, датэрмінова абараніў дысертацыю. Пасля прайшоў усе прыступкі навукова-даследчыцкай дзейнасці — пачынаючы ад малодшага навуковага супрацоўніка і заканчваючы дырэктарам інстытута.

— Не шкадуеце, што змянілі свой фізіка-матэматычны профіль на філасофскі?

— Не. Вельмі важна мець нейкую базу, каб займацца філасофіяй. Фізіка і матэматыка — асноўны інструмент пазнання і разумення фундаментальных законаў быцця. У гэтым сэнсе, калі ўспомніць біяграфіі сусветна вядомых філосафаў, то, як правіла, мы ўбачым, што гэтыя людзі мелі пэўную прыродазнаўчую адукацыю. Гэта дапамагае мысліць прадметна, больш дакладна і грунтоўна.

— Што можна сказаць пра філасофію беларуса?

— На гэтае пытанне не так проста даць адказ. Мы жывём у век дыялогу культур, калі жыццё наша ўніверсалізуецца, незалежна ад таго, з'яўляецца чалавек беларусам, ці рускім, ці немцам. Сёння, па сутнасці, мы жывём у аднолькавай глабальнай культуры і маем падобную манеру паводзін, падбору адзення, харчавання і нават светаўспрымання. Мы жывём у нейкім уніфікаваным сацыя-асяроддзі.

Вядома, кожны народ па сваіх спрадвечных каштоўнасцях адрозніваецца. Што да беларусаў, то, на маю думку, вельмі выразная рыса нашага характару — гэта талерантнасць, як ні банальна гэта гучыць. Мы ўраўнаважаныя, спакойныя, сем разоў адмераем, адзін раз адрэжам. Чаму? Таму што спакон вякоў мы знаходзіліся на памежжы двух магутных культурных цэнтраў: заходняга і ўсходняга. Нам заўсёды даводзілася нешта карыснае браць з адной культуры, нешта — з другой. Тым не менш мы здолелі захаваць сваё аблічча, мову. Гэта вельмі важна.

Ёсць у беларусаў і свая філасофская культура і традыцыя. Яна заключаецца ў непаўторным этнанацыянальным успрыманні прыроды, развіцця грамадства і месца чалавека ў гэтым грамадстве. У цэлым гэта філасофія гуманістычная, рацыянальнага светаўспрымання і пазнання, што знайшло сваё ўвасабленне ў грунтоўнай інтэлектуальнай і культурнай традыцыі беларускага народа, дало моцны штуршок развіццю навукі, тэхнікі, мастацтва.

— Чым сёння займаецца інстытут?

— Ёсць стэрэатып, што філосафы — гэта нейкія мудрацы, якія глядзяць на зоры і ствараюць пэўныя канцэпцыі. Адпаведна ўзнікае пытанне: а каму гэта патрэбна? У нашым інстытуце распрацаваны канкрэтныя методыкі, якія накіраваны на сувязь філасофскіх даследаванняў з практычным жыццём. Гэта да таго, наколькі запатрабавана філасофія ў нашым грамадстве, якую практычную ролю яна выконвае.

Сёння асаблівая ўвага надаецца менавіта практычнаму значэнню філасофскіх ведаў. Летась на базе нашага інстытута быў створаны Рэспубліканскі цэнтр фундаментальнай і практычнай філасофіі. Яго задача — аб'яднаць у межах аднаго цэлага філасофскую навуку, адукацыю і практыку.

Дзейнасць нашага інстытута спрыяе адукацыйнай функцыі філасофіі — гэта падрыхтоўка падручнікаў, шматлікіх спецкурсаў для ВНУ. Пры інстытуце функцыянуе тры філіялы кафедраў: гэта кафедра філасофіі і метадалогіі навукі і кафедра паліталогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, таксама ў нас ёсць філіял кафедры сацыяльна-гуманітарных ведаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Прапрацоўваем пытанне аб стварэнні філіяла кафедры з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Інстытут супрацоўнічае з рознымі міністэрствамі і ведамствамі. Напрыклад, з Міністэрствам гандлю. Часам яно звяртаецца да нас з просьбай ацаніць этычны бок рэкламы, якая ідзе па тэлебачанні, радыё. У філасофіі ёсць такі кірунак, як этыка, эстэтыка. Па пэўных методыках мы даём ацэнку гэтай рэкламнай прадукцыі. Цеснае супрацоўніцтва ў нас і з міністэрствамі адукацыі, культуры, інфармацыі.

Мы імкнёмся сацыялізаваць філасофскія веды. Так, супрацоўнікі Інстытута філасофіі, калі ёсць зварот з прадпрыемства, установы, праводзяць ацэнку маральна-псіхалагічнага клімату на прадпрыемстве, прапаноўваюць аптымальны варыянт кіравання ведамі і кампетэнцыямі спецыялістаў. Гэтай паслугай, дарэчы, ужо скарысталіся Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка, нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», акцыянернае таварыства «Боркі-агра», іншыя прадпрыемствы. Акрамя гэтага, інстытут прапануе прадпрыемствам павысіць сваю інвестыцыйную прывабнасць праз удасканаленне сістэмы кіравання інтэлектуальным капіталам. Цікавай распрацоўкай вучоных нашага інстытута з'яўляецца праект па рэсацыялізацыі пажылых людзей праз сродкі практычнай філасофіі.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Людзі, якія ўмеюць здзіўляцца штодзённасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.