Вы тут

Як спагнаць аліменты?


Спагнаць грошы на дзіця можна ў шлюбе, пасля яго і без яго.

Жыць у шлюбе ў адной кватэры і атрымліваць аліменты на дзіця ад сваёй другой паловы — пэўна, адна з самых непрывабных замалёвак сямейнага жыцця, але здараецца і такое. Прычым плацяць грошы не толькі таты, але і мамы, якія не хочуць займацца гадаваннем уласных малых. Хоць часцей за ўсё аліментшчык знаходзіцца з дзіцем не пад адным дахам і нават не ў адной краіне. Спагнаць з яго грошы можна і ў такім выпадку.


Атрыманне аліментаў ад асоб, якія знаходзяцца ў іншых краінах, прадугледжана міжнароднымі дагаворамі аб прававой дапамозе, якія рэгулююць адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. Дагаворы могуць быць двухбаковыя. Беларусь звязана такімі адносінамі з Літвой, Латвіяй, Польшчай, Кітаем, В'етнамам, Балгарыяй, Кубай, Італіяй, Сербіяй, Чэхіяй і іншымі краінамі. Шматбаковыя дагаворы заключаны з краінамі СНД шляхам дзвюх Канвенцый (1993 г. і 2002 г.).

Гэтыя дакументы гарантуюць, што рашэнне айчыннага суда будзе прымусова выконвацца на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Падаць хадайніцтва аб прызнанні і выкананні рашэння суда з далейшым накіраваннем яго ў суд замежнай дзяржавы патрабавальнік аліментаў можа ў айчынную судовую ўстанову, якая прыняла рашэнне, або непасрэдна ў суд замежнай краіны.

— Супрацоўніцтва па спагнанні аліментаў з краінамі, з якімі ў Беларусі няма дагавораў, вядзецца згодна з Канвенцыяй аб спагнанні за мяжой аліментаў, прынятая ў рамках ААН у 1956 годзе, — распавяла Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі. — Гэтым дакументам кіруецца больш за 60 дзяржаў. Канвенцыя ААН не прадугледжвае прамога прызнання і прымусовага выканання рашэння суда іншай дзяржавы. Аднак кожная краіна разглядае просьбу аб спагнанні аліментаў згодна са сваім заканадаўствам. На практыцы ёсць выпадкі, што дзяржавы прызнаюць рашэнне замежнага суда і выконваюць яго пастанову ў адпаведнасці са сваім законам.

Вельмі добра наладжана праца Беларусі з Германіяй. Адозва грамадзяніна нашай краіны на атрыманне аліментаў накіроўваецца ў Федэральнае ведамства юстыцыі, якое з'яўляецца цэнтральным органам па гэтых справах згодна з Канвенцыяй ААН. Супрацоўнікі ведамства, кіруючыся сваім заканадаўствам, у добраахвотным парадку вырашаюць пытанне з асобай, якая мусіць выплачваць аліменты. Калі ўзнікае патрэба, яны дапамагаюць нават пры ўстанаўленні бацькоўства. Сума аліментаў вызначаецца згодна з заканадаўствам Германіі і складаецца, зыходзячы з узросту дзіцяці, яго патрэбнасцяў і даходаў даўжніка.

З замежнага пенсіянера грошай не спагнаць?

Найбольшая колькасць заяў на атрыманне аліментаў прыпадае на краіны, з якімі мяжуе Беларусь. Перш за ўсё гэта Расійская Федэрацыя.

31 снежня 2015 года паміж Беларуссю і Расіяй заключана пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў. Дамова спрашчае працэдуру праходжання рашэння суда праз яго прызнанне і выкананне. На падставе пагаднення выканаўчы дакумент, выдадзены беларускім судом, накіроўваецца непасрэдна ў службу прымусовага выканання Расіі, і яна кіруецца ім як рашэннем, прынятым на тэрыторыі федэрацыі. Дзякуючы гэтаму, тэрмін праходжання дакументальных працэдур скараціўся да 1-1,5 месяца замест 5-6 месяцаў.

— Такая дамова сталася магчымай, таму што ў Беларусі і Расіі вельмі падобнае заканадаўства ў гэтай сферы, а таксама найбольшая колькасць запытаў аб спагнанні аліментаў. У Расіі зараз знаходзіцца каля 5000 даўжнікоў-беларусаў, — адзначыла Марына ЖАНДАРАВА— На долю Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны прыпадае не так шмат адозваў — па 10-20 заяў у год. Ёсць таксама адзінкавы выпадак накіравання адозвы ў Нідэрланды.

Пры спагнанні аліментаў з асоб, якія пражываюць у Літве, ёсць цікавая асаблівасць. Служба прымусовага выканання там — прыватная структура. Калі рашэнне беларускага суда ўжо прынятае і дазволена да выканання на тэрыторыі Літвы, тамтэйшы суд накіроўвае заяўніку-беларусу выканаўчы ліст, які чалавек сам павінен прад'явіць у службу прымусовага выканання Літвы.

Да айчынных аліментшчыкаў таксама найчасцей звяртаюцца з Расіі і значна менш — з астатніх краін, што мяжуюць з Беларуссю. Пры гэтым іх колькасць у параўнанні з лічбай адозваў заяўнікаў-беларусаў вылічаецца ледзьве не дзясяткам у год. Адзінкавыя выпадкі паступалі з Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхіі. Дзеля спагнання аліментаў звяртаюцца не толькі жанчыны, але і мужчыны, аднак такіх выпадкаў у Мінюсце фіксуецца літаральна адзін-два ў тры гады ў абодвух напрамках.

У Беларусі аліменты спаганяюць з усіх відаў даходаў і заробку, у тым ліку са стыпендый і пенсій. За мяжою з сацыяльных датацый даўжніка аліменты не ўтрымліваюцца.

— Калі няма магчымасці спагнаць аліменты з такога чалавека, а даход маці нязначны, то яна можа звярнуцца па прызначэнне ёй пэўных выплат у Беларусі згодна з законам «Аб дзяржаўных выплатах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», — патлумачыла спецыяліст. — Тым не менш праца з даўжнікамі за мяжой на гэтым не спыняецца. Калі мы атрымліваем з-за мяжы адказ, што на дадзены момант матэрыяльнае становішча даўжніка не дазваляе спагнаць з яго грошы, гэта не значыць, што яно не зменіцца ў будучыні. Як толькі ў асобы з'явіцца крыніца даходу, з якой дазволена налічыць аліменты, пра гэта будзе паведамлена нам, і выплата прыйдзе заяўніку.

Выплаты ў шлюбе, дадатковыя і «палюбоўныя»

Выплаты на адно дзіця ў Беларусі складаюць 25%, на дваіх — 33%, на траіх і больш — 50%. Калі хтосьці з бацькоў ухіляецца ад клопату пра дзіця, падаць адозву на атрыманне аліментаў можна як пасля скасавання шлюбу, так і знаходзячыся ў ім і нават не пабраўшыся шлюбам. Галоўнае, каб інфармацыя пра абодвух бацькоў была запісана ў пасведчанні аб нараджэнні немаўляці. Даказваць, што ты не «ўхіленец» і ўтрымліваеш малога як след, асоба, з якой патрабуюць грошы, будзе ў судзе.

Здараецца, што пра грошы бацьку і маці ўдаецца дамовіцца палюбоўна, і замест аліментаў тата сапраўды забяспечвае дзіця ўсім неабходным. Аднак каб раптам не праславіцца даўжніком, лепш усё ж такі мець дакументальнае пацвярджэнне матэрыяльнага ўтрымання дзіцяці.

— Як варыянт, можна падпісаць і натарыяльна заверыць пагадненне бакоў аб аліментах, дзе прапісаць суму не ва ўстаноўленых працэнтах, а большую, — адзначыла Марына Іванаўна. — Аднак калі асоба раптам пачне ўхіляцца ад абяцаных выплат, спаганяць будуць менавіта тую суму, што ўказана ў пагадненні.

У пэўных выпадках магчымы дадатковыя выплаты на дзяцей, у тым ліку і пасля дасягнення 18 гадоў. Калі ў паўналетняга раптам узнікае патрэба ў сродках (цяжкая хвароба, калецтва), асоба, якая атрымлівала аліменты, можа звярнуцца ў суд дзеля прызначэння дадатковых выплат на час, пакуль паўналетні мае патрэбу ў грашах і дапамозе, а пры атрыманні ім інваліднасці — на ўсё жыццё.

Калі дадатковая дапамога праз хваробу ці калецтва патрабуецца непаўналетняму, атрымальнік аліментаў можа ў судовым парадку звярнуцца па павелічэнне сумы выплат, калі іх недастаткова. Рашэнне пры гэтым будзе вынесена, зыходзячы з заробку абодвух бакоў. Калі прыбытак заяўніка перавышае даходы плацельшчыка аліментаў, апошні можа аргументаваць сваю адмову ад павышэння сумы, кіруючыся тым, што ён плаціць зацверджаныя дзяржавай працэнты, а дадатковыя сумы павінны брацца з даходу боку, які больш зарабляе.

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Як ні бяжы, аліменты аддай і з-за мяжы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.