20 Верасень, чацвер

Вы тут

Як індывідуальныя прадпрымальнікі дапамагаюць буйному бізнесу


Каб на свае вочы пабачыць, у якім стане знаходзяцца беларускія прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, карэспандэнт «Звязды» наведала Салігорск — горад не толькі шахцёраў, але вязальшчыц і швачак. Тут знаходзяцца адкрытае акцыянернае таварыства «Купалінка» і закрытае акцыянернае таварыства «Калінка».


— Не пагаджуся з думкай, што ў пакупнікоў наш трыкатаж не карыстаецца попытам, — сустрэла мяне дырэктар «Купалінкі» Таццяна Ярота. — Летась яго спажыванне на беларускім рынку павялічылася на 30%. Быў перыяд, калі частка нашых партнёраў з Расіі пераарыентавалася на больш танны кітайскі трыкатаж. Але яны сутыкнуліся з праблемай якасці. Як бы цяжка ні было, мы ніколі не эканомілі на сыравіне, ад якой залежаць спажывецкія ўласцівасці канчатковага прадукту. Цяпер традыцыйныя рынкі вяртаем назад, у першым квартале сёлета павялічылі экспарт. Працуем па дыверсіфікацыі рынкаў збыту. На стадыі заключэння першы кантракт з Украінай. Дзякуючы дапамозе Міністэрства замежных спраў спрабуем замацавацца на літоўскім рынку.

На фабрыцы прыцягваюць да супрацоўніцтва і прыватных бізнесменаў. Летась тут набывалі прадукцыю 140 індывідуальных прадпрымальнікаў, сёлета з'явіліся яшчэ 60.

Як адзначыла Таццяна Мікалаеўна, партнёры зразумелі, што выгадней набыць якасны тавар без дадатковых расходаў на лагістыку. У сваю чаргу, на прадпрыемстве імкнуцца стварыць спрыяльныя ўмовы для «іпэшнікаў». Напрыклад, гатовы вылучыць асобную лінію для шыцця невялікай колькасці адзінак тавару. Разам з тым, чым большая партыя, тым меншыя затраты.

— Мы прапаноўваем скааперавацца некалькім прадпрымальнікам, гатовы прадаставіць ім сваю сыравіну, мадэльны рад, каб выбралі тое, што іх задавальняе, — адзначае дырэктар. — Выдаём таксама ўсе дакументы на прадукцыю ў адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза.

На фабрыцы няма значных запасаў складской прадукцыі. «Купалінка» выпускае ад 700 да 1,5 тыс. найменняў адной мадэлі: для краіны гэта няшмат. Калекцыі пастаянна абнаўляюцца, пашыраецца асартымент, выкарыстоўваюцца такія натуральныя матэрыялы, як лён і бавоўна.

Другое салігорскае прадпрыемства — ЗАТ «Калінка» — каля 15 гадоў працуе на беларуска-расійскі рынак. Апошнім часам тут адышлі ад мужчынскага асартыменту. Вялікую частку займае выпуск школьнай формы, у асноўным для дзяўчатак. Сёння калекцыя школьнага адзення гэтай фабрыкі лічыцца адной з лепшых у краіне. Гады два таму пачалі эксперыментаваць з хлапчуковым адзеннем. Канкурэнцыя вялікая, але на фабрыцы знайшлі спосаб зрабіць свае вырабы адметнымі: вырабляюць джэмперы ў спалучэнні трыкатажу з тканінай. Яшчэ адно новаўвядзенне — вытворчасць штаноў для хлопчыкаў з чыстай бавоўны.

— Апошнія гады мы працуем прыбыткова. Летась вытворчасць не прастойвала ніводнага дня. Гэты год таксама пачаўся стабільна, — расказала дырэктар Галіна Каліценя. — Каб паспець сшыць новую летнюю калекцыю, мы нават размяшчаем свае заказы на іншых прадпрыемствах.

Але, як прызналася Галіна Каліценя, галаўны боль — дэвальвацыя.

— Мы набываем матэрыялы за валюту. Нам даюць іх у доўг: партнёры нам вераць. Калі надыходзіць час разліку, то курс долара ўжо іншы. Гэта моцна ўплывае на эканоміку фабрыкі. У сувязі з гэтым не хапае абаротных сродкаў. І яшчэ: хочацца, каб і наш беларускі гандаль разлічваўся з намі своечасова. Я 21 год працую кіраўніком. І ўпершыню ў канцы мінулага — пачатку гэтага года мы звярнуліся ў суд з іскам па вяртанні даўгоў. Менавіта затрымка з узаемаразлікамі стрымлівае далейшае развіццё.

У 2014 годзе «Калінка» паставіла ў Расію больш як 40% уласнай прадукцыі. Летась, так бы мовіць, крыху «праселі»: многія расійскія кампаніі абанкруціліся. Праўда, яны разлічыліся з фабрыкай, і яна не панесла страт. Гэты год пачаўся значна лепш. У першым квартале выканалі даведзеныя заданні па экспарце, з'явіліся новыя пакупнікі.

Нягледзячы на дэвальвацыйныя працэсы, што адбываюцца ў Расійскай Федэрацыі, цэны на прадукцыю выраслі там не на шмат. Самае галоўнае для беларускіх вытворцаў — узгадніць кошт з расійскімі пакупнікамі. Кіраўнік упэўнена: цана — справа перамоў, кампраміс можна знайсці заўсёды. Для змяншэння сабекошту канчатковага прадукту можна спрасціць мадэлі, памяняць тканіны.

Згодна са статыстыкай, на фабрыцы назапашана шмат гатовай прадукцыі. Але за гэтымі лічбамі не толькі склады фабрыкі, але і паліцы 16 фірменных магазінаў. На складах жа захоўваецца месячны запас прадукцыі, які разыходзіцца за кошт папаўнення раскупленага ў гандлёвых сетках.

— Індывідуальным прадпрымальнікам, якіх мы не ведаем, даём прадукцыю толькі па факце папярэдняй аплаты, прапаноўваем розныя зніжкі, шукаем варыянты супрацоўніцтва, якія задавальнялі б абодва бакі. Нам не надта цікавая разавая закупка. Нам трэба адсочваць мадэлі, якія пастаянна мяняюцца. У нас ёсць індывідуальныя прадпрымальнікі, з якімі працуем не адзін год. Напрыклад, адно прыватнае прадпрыемства, што арандуе плошчы ў гандлёвым цэнтры «Сталіца», бярэ ў нас тавар на працягу 6-7 гадоў. У мінулым годзе з'явіліся яшчэ два прадпрымальнікі — у Астраўцы і Барысаве, якія працуюць толькі з нашым асартыментам, — канстатуе Галіна Каліценя.

— Мы не баімся канкурэнцыі, — кажа дырэктар «Калінкі». — шмат гадоў працавалі з індывідуальнымі прадпрымальнікамі паралельна і кожны знаходзіў сваю нішу і пакупніка.

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лавіся, ніша, вялікая і маленькая

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.