Вы тут

Дадатковая вартасць дыпламатыі


Яе прыўносіць дзейнасць народных абраннікаў.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, узяў удзел у першай нарадзе спікераў парламентаў краін Еўразіі, якая адбылася ўчора ў Маскве. У форуме ўдзельнічалі амаль два дзясяткі старшынь ніжніх палат парламентаў краін кантынента, у тым ліку Еўразійскага эканамічнага саюза, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі.


— Парламенцкая дыпламатыя прыўносіць сур'ёзную дадатковую вартасць у агульныя дыпламатычныя намаганні. І з гэтага пункту гледжання значнасць нашай агульнай працы цяжка пераацаніць, — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Уладзімір Андрэйчанка. — Стварэнне эфектыўнай дыялогавай платформы, якая аб'ядноўвае парламенцкіх лідараў розных рэгіёнаў, — гэта рэальная магчымасць абмеркаваць існуючыя праблемы, выявіць выклікі і пагрозы, шляхі іх вырашэння.

Спікер ніжняй палаты беларускага парламента адзначыў, што, на жаль, адной з асаблівасцяў сённяшняга свету з'яўляецца нестабільнасць, рост напружанасці ў свеце і рэгіянальныя канфлікты, такія як сітуацыя на Данбасе, праблема тэрарызму, ваенныя дзеянні ў Сірыі, дэстабілізацыя ў Афганістане, патокі мігрантаў, якія захліснулі Еўропу. «Гэта не поўны пералік. Нядаўнія падзеі ў Нагорным Карабаху паказалі, як хутка замарожаны канфлікт можа перайсці ў гарачую фазу», — адзначыў беларускі парламентарый. На яго думку, пэўную ролю ў гэтым адыграла і недастатковая здольнасць сусветнай супольнасці своечасова рабіць эфектыўныя крокі па ўрэгуляванні канфліктаў.

«Беларусь, якая нязменна выступае за ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне і свеце і робіць дзеля гэтага ўсё, што ад яе залежыць, гатова да партнёрства ў гэтай сферы ў самых розных фарматах, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. — Я маю на ўвазе АДКБ, АБСЕ, ШАС, нараду па ўзаемадзеянні мер даверу ў Азіі. Не валодаючы глабальнымі геапалітычнымі амбіцыямі, Рэспубліка Беларусь падпарадкавала сваю знешнюю палітыку прагматычным і зразумелым мэтам, галоўная з якіх — павышэнне якасці жыцця нашых грамадзян. Таму шматвектарнасць стала стратэгічнай асновай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь».

Па словах спікера Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, гэта азначае, што наша краіна гатовая да збалансаваных адносін з самымі рознымі дзяржавамі рэгіёнаў свету. Гэта адзін з галоўных рычагоў павышэння эканамічнай устойлівасці Беларусі. Менавіта таму наша краіна актыўна прасоўвае праект Еўразійскага эканамічнага саюза.

— Мы заклікаем нацыянальныя парламенты браць на сябе больш адказнасці ў вобласці еўразійскага супрацоўніцтва, — заявіў падчас адкрыцця нарады Сяргей Нарышкін, старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. — Парламентарызм мусіць застацца ў ліку ключавых фактараў жыцця сучаснага грамадства і традыцыйных інстытутаў дзяржаўнай улады. Еўразійскія парламенты могуць паказаць тут прыклад палітычнай культуры і ўсю каштоўнасць канструктыўнага парадку дня. Упэўнены, што наша першая Нарада і вынесеныя на абмеркаванне яе выніковы дакумент дадуць вагі прадстаўнічай уладзе, і ў чарговы раз пакажуць, што яе вопыт і патэнцыял у стуль цяжкі для свету час не проста каштоўныя, але не могуць быць заменены ніякімі хітрымі канструкцыямі, не заснаванымі на волевыяўленні народаў.

pustavit@zviazda.by

г. Масква

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».